Мы абралі цудоўнае месца і маем намер назіраць за ім у розныя сезоны, як бы ні палаў свет навокал. Прапануем усім далучыцца да гэтага дзэну — той, хто бачыць такую прыгажосць, тэхнічна няздольны рабіць гадасці, хлусіць і верыць хлусні, разбураць... Проста не дазваляе сукупнасць хімічных рэакцый, якія ўзнікаюць у арганізме. Сёння вяртаемся ў Нацпарк «Нарачанскі» і глядзім, што там змянілася з мінулага разу.
У красавіку мы былі тут. Тады ўжо цвіла сон-трава — але яшчэ чапляўся за жыццё апошні лёд. Раім успомніць, як гэта выглядала.
А зараз расслабцеся і паспрабуйце знайсці дзесяць адрозненняў.
Важна як мага хутчэй уцячы ад прыкмет чалавечай прысутнасці. З кожным годам гэта ўсё больш складана.
Членістаногія і малюскі з апошніх сіл імкнуцца рабіць выгляд, што нас не існуе.
Амфібіі, якія ў мінулым выпуску былі ў анабіёзе, ужо адгулялі букетна-цукерачны перыяд. І пачалі свой цыкл штогадовай эвалюцыі: ад воднай стадыі да выхаду на сушу. Нам на тое ж самае спатрэбілася некалькі мільярдаў гадоў.
Бязлюдныя лясныя вадаёмы як могуць ствараюць уласныя «малыя архітэктурныя формы». Быў бы чалавек — упрыгожыў бы гэта тазікам або лебедзем з пакрышкі.
Імхі — вельмі ўплывовая супольнасць. Кіруюць ужо мільён гадоў, і нічога вы ім не зробіце.
За тым, што адбываецца, сочыць воўк, але сам не паказваецца.
Пні ды карчы — асаблівы від мастацтва. Выклікайце ЮНЕСКА.
У гэтай экасістэме прадугледжаны розныя завязаныя адзін на адным ландшафты і віды.
У нацпарку патрацілі ўсе ліміты на адценні зялёнага. Склады пустыя.
Левітацыя існуе.
Людзі тут таксама прадугледжаны, але ў правах роўныя з іншымі істотамі — смаўжамі, кветачкамі і карчамі.
Абы не вырашылі захапіць уладу.
Плануем працягваць гэты цыкл, пакуль не скончацца поры года. Або пакуль не скончымся мы. Гледзячы што адбудзецца раней.
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by