«Вы чаго тут здымаеце? Міліцыю выклічу!» — «А навошта я міліцыі?..» Я і сапраўды злачынна фатаграфаваў буйную лужыну з бычкамі, што цялёпкаюцца ў ёй. Дагэтуль здымаў жоўты рапс — але яго нібыта можна, ён прыгожы. Лужыну — нельга, яна скажона адлюстроўвае рэчаіснасць... Сёння ў нас чарговая гісторыя пра запэцканых «кароў», якія прыкра корпаюцца ў зморшчынах агульнага дабрабыту. На працягу ўсяго апавядання важна памятаць: гэта нашы з вамі «каровы», якіх мы чамусьці не можам нармальна выкарыстаць. І наша з вамі балота.
Цяпер па парадку. У рэдакцыю прыйшоў ліст: на ферме жудасныя ўмовы, жывёлы пакутуюць. І пара таропка зробленых кадраў. Скаціна на фотаздымках выглядае не надта прыгожа: аблезлая, быццам з нейкай скурнай хваробай. Ну ці гной так адваліўся.
Бычкі стаяць у гразі вакол цюка з сенам. Хадзіць ім цяжкавата.
Дзяўчына, якая зняла ўсё гэта і даслала нам, шчыра перажывае: хіба можна так здзекавацца?! Але яна мінчанка, яны бываюць вельмі ўражлівымі.
— А вы шмат ферм бачылі?
— Ну, бачыла некаторыя... Там не так.
Гараджанам бывае цяжка змірыцца, што жывёлагадоўля выглядае не так, як яна намалявана на шакаладках з румянай каровай. У зваротах яны звычайна напіраюць не столькі на праблемы аграпрама, колькі на пакуты жывёл. Пішуць пра жорсткае абыходжанне з імі (за якое ў нас, наогул, пагражае крымінальны артыкул). Што ж, ідэя зірнуць на сельскую гаспадарку вачыма зоаабаронцы яшчэ занадта нязвыклая для нас — вочы лопнуць.
Але прытрымайце пакуль эмоцыі. Такіх здымкаў можна нарабіць дзе заўгодна і калі заўгодна. Так, буйная рагатая жывёла часам хварэе і пэцкаецца. Усё ж давайце паглядзім на месцы, што там адбываецца насамрэч.
Мы накіроўваемся ў вёску Боркі Петрыкаўскага раёна. Пры пад’ездзе да месца мільгаюць знаёмыя назвы: Капаткевічы, Чалюшчавічы... Трохі збоч — Конкавічы, таксама легендарнае месца. Нейкія занадта дзікія супадзенні. Рэч у тым, што мы пісалі пра кожную з гэтых гаспадарак — там заўжды адбываліся недарэчныя гісторыі. Потым нагадаем. Геапатагенная зона...
Цяпер вось Боркі.
Тутэйшы жывёлагадоўчы комплекс адносіцца да ААТ «Камаровічы» (раней — КСУП, яшчэ раней — саўгас).
Большасці дамоў ужо няма, ва ўсёй вёсцы — прыкладна сем жыхароў. І яны не асабліва вядуць гаворку пра справы фермы, якую бачна з краю. Можа, і правільна: пенсіянерам тут жыць.
Тры кароўнікі (самы стары — часоў Брэжнева, самы малады — Гарбачова) з пэўных ракурсаў падаюцца закінутымі, але ўнутры ёсць жыццё.
Калісьці тут утрымлівалі неблагі дойны статак і цялят. Некалькі гадоў таму нават устанавілі сучасныя даільныя агрэгаты (фінансаванне такой мадэрнізацыі пакінем за дужкамі). Але потым здарылася аптымізацыя, кароў забралі, як і даільныя апараты.
Цяпер тут быкі. Чуваць, як яны равуць у кароўніках.
Большую частку пярэдняга загона займае шырокая лужына з гразкімі берагамі.
У праходзе па калена ў гразі стаіць пара магутных чорна-пярэстых прыгажуноў. Але далей не ідуць: праходнасць не дазваляе.
Яшчэ некалькі буксуюць наводдаль. Брухам грунта не кранаюць.
Цюк з сенам вывалены на іншым краі загона, куды змагла падысці машына. Каб дабрацца да сена ад кароўніка, трэба пераадолець гіблы вадаём і дрыгву. Захраснеш паўтоннай тушай — даставаць прыйдзецца па частках. Прыгажуны гэта разумеюць. Зрэшты, у кароўніку пэўна ёсць корм.
Выпраўляюся шукаць людзей, якія б усё гэта растлумачылі.
— Вы што тут шукаеце? — аднекуль з’яўляецца жанчына ў спартыўнай кофце.
— Вас.
Гэта брыгадзір Святлана, і яна ўвогуле не рада староннім. Без прадмоў навальваецца з папрокамі наконт... ды ўсяго. Гэта падобна да крыку душы неабыякавага чалавека:
— Каб вы тут рабілі! У горад пазбягалі, а цяпер ходзіце і нервы вымотваеце! Тут і так за жывёлу перажываеш, калоцішся, як на парахавой бочцы, каб усё нармальна было. Ну і што — лужына! Абы жывыя яны былі...
Я ў разгубленасці. Якое жыццё тут склалася, што ад яго трэба ўцякаць? Як здарылася, што чалавеку даводзіцца праяўляць гераізм і калаціцца? Чым я правініўся?.. Канешне, ведаем, што за жыццё. Шмат разоў пра яго распавядалі.
Перыядычна гэты крык душы перарываецца песняй пра «што было, тое прайшло, тое прайшло» з тэлефона: гэта з інтэрвалам секунд у трыццаць тэлефануе з канторы занепакоенае начальства. Брыгадзір усхвалявана апісвае ў слухаўку трывожную абстаноўку: «Вось ён, побач стаіць, слухае, у першай кашары».
— Дык дайце пагутарыць!
Не, не дасць. Але гэтую плынь ужо не спыніць, хоць я нічога і не пытаўся.
— Паўсюль на фермах лужыны ёсць. Тут яма, зямля, вы зразумейце. Каб яно было зацэментавана... Што я з гэтай лужынай зраблю, знясу яе? Маўляў, яны топяцца па жывот — яны ж не па жывот! Хіба мы хочам усё гэта? Вы ж таксама зразумейце нас правільна: сяло ёсць сяло. Людзей няма, паскарачалі. А мы і кормім, і поім — абы жывыя заставаліся. Прырэзаць — дык нічога б і не было...
Падчас гэтага несправакаванага маналогу я сапраўды пачынаю адчуваць сябе ніякавата. Пакуль мы «пазбягалі» і сядзім у чыстых цёплых офісах, тут няшчасныя быкі, правяраючыя, капеечны заробак і гэтая вечная лужына. Нешта не стасуецца ў гэтай карціне свету. Не ведаю, у чым вінаватая менавіта гэтая жанчына, але прылятае і праўда з большага такім работнікам.
А з дырэктарам усё ж паспрабуем звязацца. Можа, усяму гэтаму ёсць навуковае тлумачэнне.
Пакуль пакінем быкоў, каб звярнуць вашу ўвагу на цікавую акалічнасць. У тутэйшых краях нейкім цудам утварыўся цэлы «куст» блізка пасаджаных гаспадарак, якія нядаўна прызнаны неплацежаздольнымі.
Пра некаторыя мы пісалі. Частка з іх выглядалі нават нядрэнна, а іх дырэктары паводзілі сябе вельмі бадзёра. І раптам згарнуліся. Летась у чэрвені Гомельскі аблвыканкам абнавіў спіс «неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый, якія падлягаюць фінансаваму аздараўленню». У той час туды гуртам патрапілі і ААТ «Камаровічы», і іншыя нашы знаёмыя гаспадаркі з гэтых краёў.
Нагадаем сцісла пра дзве.
• КСУП «Капаткевічы». Работніца расказала пра незвычайную практыку па ўтрыманні кадраў. Паводле яе слоў, былых работнікаў проста нікуды больш не прымалі, калі згоды на тое не даваў дырэктар гаспадаркі.
Зарплата $150: як вырвацца з саўгаса
• КСУП «Чалюшчавічы». Тут класіка: хтосьці выклаў чарговае відэа з бязладдзем на ферме — на в. а. дырэктара (ніхто ўжо і не памятае, якога па ліку за апошнія гады) завялі крымінальную справу за падлог. Пры гэтым жанчына працягвала заставацца на працоўным месцы — хтосьці ж павінен.
Можна працягнуць... Але сам факт існавання слабых прадпрыемстваў не з’яўляецца чымсьці звышнатуральным. І адміністрацыйныя намаганні па іх ратаванні выглядаюць лагічнымі. Для «Камаровічаў» (і іншых) зацвердзілі бізнес-план фінансавага аздараўлення да 2030 года.
Хоць бы гэтае аздараўленне перажылі нашы быкі ў Борках...
Пакуль жа, па даных аблмаёмасці, «Камаровічы» скончылі 2021 год з даўгамі ў 8,9 млн рублёў (пры афіцыйным кошце ўласных актываў 7,8 млн).
Сярэдні заробак, паводле справаздач, складае 616 рублёў (да падаткаў). За якія грошы забіваецца канкрэтна брыгадзір Святлана, яна не сказала.
Тым не менш мы пакуль не ўпэўнены, што загон для жывёлы ў XXI стагоддзі павінен выглядаць так, як на здымках вышэй. Каб даведацца, што сапраўды адбываецца і ці ёсць увогуле праблема, тэлефануем дырэктару ААТ «Камаровічы» Ларысе Талецкай. У гаспадарцы яна больш за 30 гадоў. Пішуць, што прайшла працоўны шлях ад бухгалтара.
Ларыса Адамаўна размаўляць адмаўляецца адразу. Толькі цікавіцца:
— Што вам трэба было ў тых Борках?
— Зараз усё раскажу. Дык будзеце размаўляць?
— З вамі міліцыя будзе размаўляць. Я ўжо напісала заяву.
— А ў чым вінаваціце?
Павесіла слухаўку. Інтрыга.
Зноў флэшбэкі... Выглядае на тое, што такая інтрыгоўная манера размаўляць — нешта накшталт традыцыі ў некаторых мясцовых начальнікаў. Паўтара года таму чароўнае інтэрв’ю нам даў сусед Талецкай, шматгадовы кіраўнік КСУП «Капаткевічы» Пінчук. Прывядзём гэты каментарый цалкам.
«Кажуць, казлоў дояць, — сказаў дырэктар. — Але ж казлоў не дояць, правільна?.. Коз дояць, кароў дояць».
Цяпер там іншы кіраўнік. А гаспадарка, як раптам высветлілася, неплацежаздольная.
Цяпер наш традыцыйны рытуал. Мы ўпарта нагадваем, што Боркі, Конкавічы, Чалюшчавічы не ўнікальныя. Можа, не горш за іншых. І лужыну можна знайсці прыгажэйшую. У той жа час ёсць і выдатныя багатыя гаспадаркі... Але чаму мы псуём нервы выматанаму брыгадзіру? (Насамрэч нават не думалі.) Ды таму, што гэта якая-ніякая, але наша эканоміка. «Камаровічы» — не прыватнае прадпрыемства, якое само расплачваецца за свае хібы: 100% акцый гэтай дрыгвы (у якой патанулі нашы субсідыі) належаць выканкаму (нам). Кожны камяк гразі тут — наша ўласнасць.
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by