8230
03 мая 2022 в 8:00
Источник: Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская. Фото: Максім Маліноўскі

Ад масажысткі да бухгалтара. Незвычайныя прафесіі, якія засвоілі знакамітыя беларусы

Источник: Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская. Фото: Максім Маліноўскі

Пра такія цікавосткі нам не расказвалі ў рамках школьнай праграмы, але гэта была сапраўдная рэчаіснасць. Нашы зоркі літаратуры і мастацтва не заўжды пісалі вершы, паэмы ці стваралі партрэты. Многія з іх не паходзілі з заможных сем'яў, і патрэба ў грошах у пэўны момант прымушала іх абіраць самую розную працу (часам вельмі нечаканую), каб хоць неяк зарабіць і пракарміцца.

Разам з музеязнаўцам, вядучым тэлеграм-канала «Куфар старажытнасцяў» Паўлам Каралёвым мы вырашылі разабрацца ў незвычайных прафесіях нашых славутых творцаў і вось аб чым даведаліся.

Янка Купала

Чым запомніўся? Дзіўнае пытанне! Проста топавы беларускі паэт і аўтар неўміручай п'есы «Тутэйшыя»

Якую нетыповую прафесію засвоіў? Працаваў звычайным рабочым на спіртзаводзе

Гэта ў канцы 1930-х наш класік, напрыклад, мог пахваліцца шыкоўным амерыканскім аўтамабілем «Шэўрале», а ў маладосці ён быў даволі сціплым хлопцам, якому прыходзілася працаваць звычайным чорнарабочым на спіртзаводзе. На той момант яму было больш за 20 гадоў.

— Як так здарылася? Рэч у тым, што пасля смерці бацькі ён застаўся фактычна адзіным мужчынам у сям'і, але не надта хацеў працаваць на зямлі — марыў пісаць вершы, — расказвае Павел Каралёў. — І ў нейкі момант Купала нават сышоў з дома: маці не дала яму грошай, ежы. Яна разлічвала, што Янка пабоўтаецца дзесьці і вернецца. Але ён у выніку пайшоў працаваць на панскі спіртзавод. Прычым паспеў папрацаваць не на адным, а як мінімум на трох! У Сёмкаве пад Мінскам, Яхімоўшчыне недалёка ад Маладзечна і ў Дольным Снове, што пад Нясвіжам. Купала мусіў быць памочнікам вінакура, але, як пасля сам узгадваў, прыходзілася выконваць абавязкі звычайнага чорнарабочага: сыпаць зерне і сёе-тое на сабе цягаць. Паэт прыгадваў, што зазнаў там такое пекла, якое нідзе дагэтуль не бачыў. Ён сутыкнуўся там з вельмі цяжкай фізічнай працай.

Пры гэтым на спіртзаводах Купала паспяваў пісаць вершы. У прыватнасці, знакаміты твор «Ворагам беларушчыны», які пачынаецца з моцных і мужных радкоў «Чаго вам хочацца, панове? Які вас выклікаў прымус. Забіць трывогу аб той мове, Якой азваўся беларус?», дакладна быў створаны на вінакурні.

Паэт перастаў рабіць на спіртзаводах у 1908 годзе і пасля пераехаў на працу ў Вільню  у рэдакцыю газеты «Наша Ніва». Праўда, заробак там таксама быў даволі сціплы, і паэту прыходзілася падпрацоўваць бібліятэкарам. Забяспечаным чалавекам ён стаў нашмат пазней.

Цётка

Чым запомнілася? Паэтка, актывістка, стварыла першы буквар на беларускай мове

Якую нетыповую прафесію засвоіла? Масажыстка

Алаізу Пашкевіч, якую ўсе са школьных часоў ведаюць пад псеўданімам Цётка, мы прызвычаіліся бачыць сур'ёзнай і вельмі актыўнай жанчынай у чорным капелюшы, якая займалася дужа важнымі справамі. У першай чвэрці мінулага стагоддзя яна арганізоўвала рэвалюцыйныя гурткі, змагалася за правы жанчын, выступала на мітынгах, пісала вершы, стварыла першы беларускамоўны буквар, а падчас Першай сусветнай вайны была сястрой міласэрнасці і даглядала хворых у Вільні... Карацей, сапраўдны згустак энергіі. Пры гэтым, як расказвае Павел Каралёў, некаторым відавочцам яна запомнілася кволай жанчынай-гімназісткай, якая часам нават страчвала прытомнасць ад недаядання.

— Аднак прайшлі годы і замест малагаваркой і спакойнай асобы нечакана пабачылі жанчыну на мітынгах, дзе яна вяла рэй. Прамаўляла дужа красамоўна, з вялікай сілай, чым здзіўляла прысутных.

Але гэта яшчэ не ўсё. У маладосці, калі Цётка вучылася на адукацыйных курсах Лесгафта пры санкт-пецярбургскай біялагічнай лабараторыі, яна скончыла курсы масажу. І ёсць звесткі, што пасля пераезду ў Львоў у 1905-м Алаіза Пашкевіч была вольнай слухачкай мясцовага ўніверсітэта і зарабляла на жыццё працай масажысткі. Хто ведае, магчыма, за атрыманыя з гэтых практык грошы яна і выдала пад Львовам свае зборнікі вершаў — «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду».

Хаім Суцін

Чым запомніўся? Стаў знакамітым мастаком, сябраваў з Амадэа Мадзільяні

Якую нетыповую прафесію засвоіў? Грузчык на рынку і рабочы завода «Рэно»

Хаім Суцін, яўрэй па паходжанні, беларусам сябе не лічыў, але разам з Маркам Шагалам стаў самым знакамітым мастаком у свеце, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Так склалася, што жыццё Хаіма знітавана з нястачай. Нарадзіўся ў беднай шматдзетнай сям'і, жаданне маляваць бацька не падтрымліваў: хацеў, каб сын стаў краўцом, але ўсё ў выніку выйшла іначай. Суцін спачатку пераехаў у Мінск, потым у Вільню, а пасля з другімі мастакамі наогул апынуўся ў Парыжы, дзе з часам стаў вельмі папулярным. Аднак перад гэтым Хаім жыў у суцэльнай галечы.

Сярод мастакоў, якія кватаравалі ў знакамітай творчай рэзідэнцыі «Вулей», Суцін быў адным з самых гаротных. Выглядаў вельмі неахайна, паводзіў сябе дзіўнавата, з-за чаго многія бачылі ў ім вар'ята. Ежа, як піша французскі пісьменнік Дэн Франк, была для яго галоўным падарункам, які вы маглі для яго зрабіць.

— Безграшоўе і цяжкі стан вымусілі яго пайсці працаваць грузчыкам на парыжскі рынак і рабочым на аўтамабільным заводзе «Рэно», — сцвярджае Павел Каралёў. — Суцін быў незаможным чалавекам. Ён даволі часта сядзеў у кавярні «Ратонда», папулярнай сярод мастакоў, і спадзяваўся на тое, што яго нехта пачастуе кубачкам кавы ці яшчэ нечым. Тая беднасць, на маю думку, добра паказана на ягонай карціне «Нацюрморт з селядцамі». На ёй бачна, як каля рыбы ляжаць відэльцы, што нагадваюць рукі паўгалоднага чалавека.

Палепшыць свой стан Хаіму ўдалося толькі праз 10 гадоў пасля пераезду ў Францыю, калі ягоныя працы актыўна пачаў набываць амерыканскі лекар і калекцыянер Альберт Кумс Барнс. Праўда, грошы ў мастака надоўга не затрымліваліся.

Што цікава, таварыш Суціна Шрага Царфін — яшчэ адзін мастак са Смілавічаў, які пераехаў у Парыж, — сваё французскае жыццё таксама пачынаў з даволі дробнага занятку. Як кажа Павел Каралёў, пэўны час ён зарабляў працай на фабрыцы, дзе размалёўваў ёлачныя цацкі.

Адам Станкевіч

Чым запомніўся? Каталіцкі святар, гісторык, грамадскі дзеяч, які актыўна выступаў за ўвод беларускай мовы ў касцельны асяродак

Якую нетыповую прафесію засвоіў? Работнік пошты

Гэта сёння пачуць беларускую мову можна ў многіх беларускіх касцёлах, а на пачатку мінулага стагоддзя падобная ініцыятыва, што цалкам лагічна, асуджалася і каралася ўладамі. Нягледзячы на гэта, ксёндз Станкевіч, які жыў і працаваў на гістарычнай Віленшчыне, прынцыпова прамаўляў да вернікаў у храмах па-беларуску, праз што спазнаў ганенні з боку польскай касцельнай улады. За нязломную пазіцыю вядомы беларускі філосаф Уладзімір Конан пазней назваў яго «рыцарам беларускага Адраджэння».

Але ж Станкевіч мог і не стаць тым, кім яго ведаюць цяпер. Па словах Паўла Каралёва, пасля вучобы ў Ашмянскай гарадской вучэльні ён паспрабаваў уладкавацца на пошту, але гэтая служба была яму не даспадобы. У выніку ксёндз Адам Лісоўскі пераканаў маладога чалавека паступіць у семінарыю і ўсе іншыя развагі адпалі.

Станкевіч — не адзіны прыклад, калі царкоўны дзеяч адзначыўся і ў цалкам свецкай прафесіі. Праваслаўны святар Аляксандр Коўш, напрыклад, перад тым як пачаў служыць у царкве, працаваў у банках Брэста і польскага Любліна. На жаль, лёс айца Аляксандра, як і ягонага паплечніка Станкевіча, з якім ён разам працаваў у Чырвоным крыжы, склаўся трагічна. Калі ксёндз Адам памёр у Тайшэтлазе пад Іркуцкам пасля вайны, дзе адбываў зняволенне, то Аляксандра Каўша забілі фашысты. Па словах Паўла Каралёва, здарылася гэта праз тое, што ён у Плешчаніцах ратаваў яўрэяў.

Вось яшчэ адна гісторыя. Пры Савецкім Саюзе ў Мінску да 1980-х гадоў усе касцёлы былі зачыненыя. Нягледзячы на гэта, ксёндз Альберт Масальскі таемна выконваў святарскія абавязкі. Пэўны час ён афіцыйна працаваў прадаўцом у газетным кіёску і нават спавядаў там вернікаў.

Алесь Гарун

Чым запомніўся? На думку Змітрака Бядулі, адзін з самых таленавітых беларускіх паэтаў пачатку мінулага стагоддзя

Якую нетыповую прафесію засвоіў? Кур'ер

Алесь Гарун (сапраўднае прозвішча Прушынскі) пражыў усяго 33 гады, але яны змясцілі ў сабе проста невымерную колькасць падзей. Ён займаўся палітычнай дзейнасцю, быў сябрам партыі эсэраў, знаходзіўся ў высылцы, пісаў неверагодныя вершы, а калі б развіў свой празаічны талент, дык, як лічыць літаратурны крытык Людміла Рублеўская, мы б мелі цудоўнага празаіка еўрапейскага ўзроўню.

Праявіў сябе Гарун не толькі ў творчасці і палітыцы. Жыццё вымусіла яго спазнаць даволі нетыповыя для творцы заняткі.

— Ён нарадзіўся ў даволі небагатай сям'і. Маці працавала на сябе прачкай, а Алесь дапамагаў ёй: разносіў заказчыкам чыстую бялізну, — расказвае Павел Каралёў. — Так яшчэ ў дзяцінстве ён засвоіў прафесію, якую сёння называюць кур'ерам. Як пасля расказвалі ягоныя сябры, для Алеся гэтая праца была траўмай. Бо людзі, якія прымалі бялізну, круцілі насамі і выказвалі сваё незадавальненне наўпрост хлопчыку. І ў будучыні ён пачаў выпраўляць гэты прыгнёт простага чалавека і несправядлівасць праз удзел у рэвалюцыі.

У 1908 годзе Гаруна за антыдзяржаўную дзейнасць адправілі ў высылку ў Сібір. Там ён засвоіў шэраг новых прафесій. Спачатку быў сталяром, пасля — вадалівам, а потым — капальнікам золата на рацэ Лена. Але гэта яшчэ не ўсё.

— На маю думку, з Алеся мог бы атрымацца вельмі добры шахматыст, — падкрэслівае суразмоўца. — Ёсць успаміны, што ў высылцы ён гуляў супраць другіх зняволеных з заплюшчанымі вачыма і нават перамагаў іх.

Памёр Гарун у 1920-м пасля лячэння ў Кракаве. Доўгі час ягоныя творы былі пад забаронай у савецкай Беларусі, а магілу паэта на кракаўскіх могілках знайшлі толькі ў 1980-х.

Уладзіслаў Галубок

Чым запомніўся? Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра

Якую нетыповую прафесію засвоіў? Чыгуначнік

Славуты тэатральны дзеяч і драматург Уладзіслаў Галубок нарадзіўся ў 1888-м у Баранавічах. Горад паступова ператвараўся ў буйны чыгуначны вузел, і гэта ў некаторай ступені прадвызначыла лёс сям'і Уладзіслава. На чыгунцы працаваў ягоны бацька Іосіф, а потым там апынуўся і будучы тэатрал.

— Спачатку працаваў грузчыкам на дрывотні, а пасля разгружаў вагоны, — апавядае Павел Каралёў— Галубок з дзяцінства цікавіўся творчасцю. Аднойчы на апошнія заробленыя грошы ён набыў квіток на бельетаж у Мінскі гарадскі тэатр. Невядома, што там паказвалі, але спектакль так уразіў Уладзіслава, што ён вырашыў пачаць тэатральную дзейнасць.

З 1917-га Галубок, які дагэтуль пісаў прозу і вершы, пачынае актыўна супрацоўнічаць з Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі, для якога ў тым жа годзе напісаў шэраг п'ес. З часам арганізаваў свой вандроўны тэатр, які ў 1933-м перарабілі ў Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Уладзіслаў быў там і рэжысёрам, і драматургам, і акцёрам.

У 1937-м Галубка арыштавалі, і на волю ён ужо не выйшаў. Па адной з версій, быў расстраляны, па другой  памёр ад гіпертаніі ў 1942-м.

Між іншым чыгунка была ў працоўнай біяграфіі не толькі ў Галубка, але, напрыклад, і ў паэта Янкі Лучыны. Пэўны час ён узначальваў чыгуначныя майстэрні ў Тыфлісе. А пасля таго, як захварэў на параліч ног, працягнуў працу ў тэхнічным бюро Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску.

Якуб Колас

Чым запомніўся? Яшчэ адзін топ, без якога наша літаратура была б іншай

Якую нетыповую прафесію засвоіў? Бухгалтар

Коласа, як і Купалу, па працы таксама заносіла ў Сёмкава. Праўда, не на спіртзавод, а на мясцовую ферму, і адбылося гэта ўжо пры савецкай уладзе — у 1922-м.

— Якуб Колас мусіў бы на адпачынак паехаць у родную Мікалаеўшчыну, але яна трапіла пад Польшчу, і пісьменнік выбраўся ў Сёмкава, — расказвае Павел Каралёў. — Там ён уладкаваўся бухгалтарам на вучэбную ферму Інстытута сельскай гаспадаркі, дзе давялося займацца ў тым ліку даволі непрыемнай справай. Рэч у тым, што мясцовыя жыхары нярэдка высякалі лес, які знаходзіўся на тэрыторыі фермы, і пасвілі там сваю жывёлу, што рабіць забаранялася.

І Коласу, як граматнаму чалавеку, прыходзілася складаць для кіраўніцтва лісты з прозвішчамі парушальнікаў, пасля чаго інфармацыя накіроўвалася ў суд.

Рабіць гэта пісьменніку вельмі не падабалася. І ў пэўны момант ён патэлефанаваў начальству, паведаміў, што звальняецца, і вярнуўся ў Мінск. Так скончылася амаль 6-месячная бухгалтарская кар'ера Коласа. Аднак без працы ён не застаўся і неўзабаве ўладкаваўся выкладчыкам у педагагічны тэхнікум, які месціўся ў Мінску ў раёне сённяшняга цырка.

Час, праведзены ў Сёмкаве, пладавіта адбіўся на творчасці пісьменніка. Тут ён напісаў апавяданне «Салавей» і верш «Ноч», завяршаў вядомую паэму «Новая зямля».

Яўстах Севярын Сапега

Чым запомніўся? Выдаў ёмістую кнігу пра гісторыю рода Сапегаў і шанаваў сваё беларускае паходжанне

Якую нетыповую прафесію засвоіў? Арганізаваў сафары ў Кеніі

У якасці бонуса — нечаканая гісторыя далёкага нашчадка знакамітага канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Адметна, што пад канец жыцця гэты чалавек, які жыў у Афрыцы, асаблівым чынам падкрэсліваў сваё беларускае паходжанне.

Яўстах нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Спуша непадалёк ад Скідзеля, у сям'і тагачаснага міністра замежных спраў Польшчы. Пасля пераехаў са сваякамі ў гарадок Пшчына. Рабіў кар'еру ў войску, падчас Другой сусветнай вайны патрапіў у нямецкі лагер для ваеннапалонных... Згубіўшы ўсё, князь апынуўся ў Афрыцы. У Кеніі ён гандляваў драўнінай і металаломам. Хваліўся неяк, што нават разрэзаў цэлы мост праз Ніл і прадаў яго ў Японію. Акрамя таго, разам з кампаньёнам меў шахту па здабычы рубінаў і арганізаваў у Кеніі сафары. А яшчэ выдаў ёмістую кнігу, у якой распавёў пра свой знакаміты род.

Здавалася б, дзе Яўстах, а дзе тая Беларусь. Аднак у 1990-х літаратуразнаўца Міхась Скобла разам з сябрамі даведаўся, што стары Сапега яшчэ жывы, і напісаў яму ліст у далёкую Афрыку.

— І неўзабаве ён адказаў, маўляў, чакайце — еду, — усміхаецца Павел Каралёў— І сапраўды прыехаў. У выніку ён некалькі разоў наведаў Беларусь і, як кажуць, нават паспеў вывучыць беларускую мову.

Хадзілі чуткі, што Яўстах тут хацеў набыць адзін з замкаў Сапегаў дзеля аднаўлення, але гэта так і не атрымалася.

У адным з інтэрв'ю ў Польшчы ён прызнаўся, што адчувае сябе беларусам, і прынцыпова размаўляў з журналістам па-беларуску. У 2004-м Яўстах Севярын памёр у Найробі, пахаваны ў Польшчы. У памяць аб ім у Беларусі выдалі ягоную «Гісторыю Сапегаў».


32" 1920x1080 (Full HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Samsung Tizen), AirPlay, Wi-Fi
43" 3840x2160 (4K UHD), матрица IPS, частота матрицы 60 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR10, AirPlay, Wi-Fi

 Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by