Мы працягваем цыкл публікацый аб побытавай гісторыі беларусаў. Напярэдадні Міжнароднага дня жанчын цікавімся, як раней жылі беларускі. Калі яны атрымалі магчымасць вучыцца і працаваць? Ці адрознівалася заканадаўства для мужчын і жанчын? Пра гэта і не толькі гаворым у сённяшняй публікацыі.
Прааналізаваць становішча нашых продкаў-жанчын у грамадстве ды распавесці аб іх цяжкасцях і поспехах нам дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.
Напачатку — антрапалагічныя гендарныя вытокі. Ці спакон вякоў жанчына лічылася захавальніцай сямейнага ачага, а мужчына — здабытчыкам?
— Калі людзі жылі збіральніцтвам (што знайшлі, тое і з’елі) і не было асаблівай патрэбы ў грубай мужчынскай сіле, ніякіх адрозненняў паводле гендарнай прыкметы паміж мужчынамі і жанчынамі не было. Ніхто з іх не мог лепей пабачыць грыбы ў імху — усе былі абсалютна роўнымі, існавала гармонія. Але пасля завяршэння каменнага веку — з пачаткам выплаўкі і апрацоўкі бронзы ды іншых металаў — мужчыны займелі дамінантнае становішча ў грамадстве, — пачынае Дар'я.
Калі ў тыя часы ў сям’і нараджаўся хлопчык, гэта была вялікая радасць, бо вырасце памочнік, калі ж дзяўчынка — трошкі не пашчасціла. Адпаведна, становішча жанчын у грамадстве пагаршалася.
— Акрамя таго, у сувязі з удасканаленнем прылад працы пачалася і маёмасная няроўнасць. У каго лепшыя інструменты, той мог атрымаць больш збожжа. У каго больш збожжа, той багацейшы. У сувязі з гэтым з’явіліся войны. Логіка была такой: навошта мне вырошчваць збожжа, калі я магу адабраць яго ў іншага? Мужчыны і пачалі ваяваць, таму што фізічна яны мацнейшыя. Жанчыны займалі ўсё больш і больш зняважлівае становішча ў соцыуме, хаця яны працавалі не менш. Не было такога: раз ты прыгожая, пасядзі адпачні. Абавязкаў у іх станавілася больш, чым правоў.
Па заканадаўчае рэгуляванне звяртаемся да зборніка «Русская правда» XI стагоддзя. Трэба разумець, што зборнік не быў аналагам сучаснага Крымінальнага кодэкса: у Кіеўскай Русі прадпісанні не дзейнічалі бясспрэчна, дакумент выконваў у асноўным функцыю арыенціра — тлумачыў, што можна рабіць, а што нельга. Сучасных пяць гадоў «страгача» звычайна ніхто не атрымліваў.
— Трэба адзначыць, што на той час раздзяленне было часцей класавым, чым гендарным. Напрыклад, у нейкага феадала ёсць два слугі — рамеснік і рамесніца. Забойства як аднаго, так і другой каралася аднолькава сурова — штрафам. Калі хтосьці забіваў слугу, павінен быў выплаціць яго феадалу некаторую даніну.
Гендарныя адрозненні больш яскрава сталі праяўляцца бліжэй да часоў Вялікага Княства Літоўскага. Тыя ж рамеснікі ў XIV стагоддзі пачалі аб’ядноўвацца ў цэхі, але ж туды прымалі толькі мужчын. Гэта прадпісвалася заканадаўствам, але ж на практыцы цэхі існавалі трошкі інакш.
— Туды мог уступіць мужчына, але ж здараліся выпадкі, калі жанчына працавала за яго. Напрыклад, калі муж захварэў альбо з-за нейкіх іншых прычын не мог прымаць удзел у вытворчасці. Таксама жанчыны часта дапамагалі сваім сужэнцам ці бацькам, плюс на іх ускладалася праца па гаспадарцы.
Увогуле ў той час жанчына не ўспрымалася як асобны суб’ект, без мужчыны: яна ці чыясьці жонка, ці дачка, ці сястра. У некаторых дакументах, дарэчы, пазначаны прозвішчы толькі мужчын, жанчын жа пазначалі паводле прыналежнага прынцыпу — «Янкава жонка».
— Таксама цікавая сітуацыя адбывалася са спадчыннай маёмасцю. Шляхцянкі не маглі атрымаць у спадчыну маёмасць сваіх сужэнцаў-нябожчыкаў, таму што ўсё пераходзіла да старадаўняга роду. То-бок калі ты выйшла замуж за якога-небудзь Радзівіла, то пасля яго смерці сядзібы і маёнткі павінны былі застацца ў Радзівілаў. Калі ў цябе ёсць сын, тады гэтая маёмасць пяройдзе да яго. Калі не нарадзіла хлопчыкаў, усё атрымаюць стрыечныя браты мужа ці нехта іншы, а ты застанешся з тым, з чым прыйшла пад вянец.
Цікава, што ў мяшчан (вольнага гарадскога насельніцтва) усё было інакш: жонка атрымлівала ў спадчыну ўсю маёмасць, якая заставалася пасля памерлага мужа. Здавалася б, становішча мяшчанак было шмат у чым лепшым, чым у шляхцянак. Але ж паўсюль ёсць свае мінусы і плюсы.
— Шляхцянак вучылі грамаце (у адрозненне ад астатніх жанчын), то-бок яны маглі чытаць, пісаць і спрабаваць адстойваць свае правы ў судах. Прынамсі, маглі зразумець, што напісана на тым ці іншым дакуменце. Калі ўзнікалі нейкія маёмасныя ці іншыя судовыя спрэчкі, мяшчанкам патрэбен быў апякун. Як так атрымлівалася? Так, мяшчане — вольныя людзі, але ж не зусім багатыя, і яны наўрад ці будуць марнаваць грошы на навучанне дзяўчынкі. Яны лепей выдаткуюць сродкі на вучобу хлопчыка, які ў перспектыве можа ўступіць у той жа цэх.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Пра сялян мы амаль не вядзём гаворку ў гэтым рэчышчы, таму што да Новага часу яны практычна ўсе былі асабова залежнымі ад сваіх феадалаў і ўвогуле не мелі ніякіх правоў: ні жанчыны, ні мужчыны.
Што да асабістых узаемаадносін, то гвалт у адносінах да жанчын не рэгуляваўся законам. У нашай культуры такое лічылася ў першую чаргу злачынствам супраць мужа: маўляў, як ты мог узяць маю рэч і выкарыстоўваць яе?
Таксама вельмі дрэнна ставіліся да жаночага сексу да шлюбу, а ў мужчын з гэтым праблем не было. Чаму? На гэта ўплываў аспект містыфікаванасці жанчыны і яе прыроды.
— Асацыяцыя наступная. Адкуль бяруцца дзеці? З жанчыны. А гэта азначае, што яны прыходзяць са свету нябожчыкаў і пасля туды ж сыходзяць. То-бок у жанчыне быццам змешчаны гэты свет нябожчыкаў. Такое назіраецца ў фальклоры шмат якіх краін, не толькі Беларусі. Калі дзяўчына пазбавіцца цнатлівасці да шлюбу ці ўвогуле будзе весці незразумелы лад жыцця, тады з яе павыпаўзаюць усялякія чэрці і будуць гуляць па ўсёй вёсцы — наклічуць смерць на кароў і іншую скаціну, сапсуюць ураджай. Здаецца, што тваё цела — твая асабістая справа, але ж не, з-за тваіх распусных дашлюбных паводзін грамадства лічыла цябе небяспечнай.
Такія дзяўчаты цярпелі булінг з боку грамадскасці. Тым не менш, паводле гісторыкаў, адказнасць у будучыні неслі іх бацькі.
— Калі незамужняя дзяўчына 19—20 гадоў раптам зацяжарвала, абвінавачвалі ў гэтым яе бацькоў: маўляў, як вы маглі такую дарослую дзеўку так доўга не выдаваць замуж?! А на хлопцаў у такіх выпадках увагі ніхто не звяртаў (прывітанне патрыярхальнаму грамадству).
Сітуацыя з абортамі заканадаўча стала рэгулявацца ў часы Расійскай імперыі: такія працэдуры лічыліся крымінальным злачынствам. Нават калі іх праводзілі медработнікі, у турму адпраўлялі і жанчыну, і медыка.
За інтымную здраду таксама была прадугледжана адказнасць — аж да смяротнага пакарання. А калі падмануты муж забіваў палюбоўніка сваёй жонкі, ён вызваляўся ад адказнасці.
— Нягледзячы на тое што закон забараняў жаночыя і мужчынскія здрады, судом часцей разглядаліся першыя. Чаму? Па-першае, з-за патрыярхальнага грамадства. Па-другое, калі жанчына зацяжарыць не ад мужа і народзіць дзіця, тады шляхціцу трэба будзе перадаць тытул і спадчыну камусьці незразумеламу. А чысціня крыві была важнаю. Сярод сялян гэта не было так распаўсюджана: яны былі непісьменнымі, таму асабліва не звярталіся ў суды.
У XIX стагоддзі, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, пачаліся сякія-такія зрухі ў рэчышчы жаночых правоў. Часткова гэта было звязана з працэсамі індустрыялізацыі вытворчасці.
— Калі раней для стварэння прадукцыі часта патрабавалася грубая мужчынская сіла, то пасля механізацыі шматлікіх працэсаў на тым ці іншым прадпрыемстве маглі ўжо працаваць жанчыны і нават дзеці. Да сярэдзіны XIX стагоддзя жанчыны ўжо маглі працаваць на нейкіх панчошна-ткацкіх фабрыках — напэўна, з-за стэрэатыпу, што яны з самага дзяцінства ўжо ўмеюць шыць, ткаць ды вязаць.
У канцы XVIII стагоддзя пачалі адкрывацца навучальныя ўстановы для жанчын, бо да гэтага часу для іх было даступна выключна хатняе навучанне. З’яўляюцца ўстановы кшталту «института благородных девиц» для тых, у каго ёсць грошы і паходжанне. Там дзяўчаты вучыліся весці хатнюю гаспадарку, чытаць і спяваць. Ні пра якую матэматыку ці фізіку гаворкі не ішло.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
— Таксама з’явіліся вышэйшыя жаночыя курсы, пасля заканчэння якіх выпускніцы маглі стаць выкладчыцамі ў інстытутах ці ажыццяўляць прыватную практыку. Толькі ў пачатку XX стагоддзя з'яўляюцца першыя тэхнічныя ўстановы, дзе жанчыны маглі вывучыцца на інжынерак і г. д.
Праблема правоў жанчын наспела разам з рэвалюцыйнымі падзеямі гэтага часу. Напрыклад, дзяячкі Беларускай сацыялістычнай грамады ўдзельнічалі ў з’ездах, спрабавалі заснаваць першыя жаночыя супольнасці, хаця ім не шанцавала.
— Акрамя таго, у пачатку таго ж стагоддзя мінскі старшыня Караль Чапскі ўтварыў Таварыства абароны жанчын, дзе аказвалі юрыдычную дапамогу. У задачы арганізацыі таксама ўваходзіла спрыянне ў атрыманні адукацыі і працаўладкаванні.
З прыходам савецкай улады жанчыны хаця б на паперах былі ўраўнаваны ў правах з мужчынамі: яны атрымалі магчымасць працаваць, вучыцца, а таксама быць расстралянымі. Так, паводле заканадаўства СССР, смяротнае пакаранне здзяйснялася і ў адносінах да жанчын, але толькі не цяжарных.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by