«Аднойчы проста не ўлез у шорты і пайшоў у залу — скінуў 50 кілаграмаў». Як за дзевяць месяцаў таўстун стаў качком

937
16 февраля 2022 в 9:58
Источник: Артцём Бягоўскi. Фото: Ганна Iванова

«Аднойчы проста не ўлез у шорты і пайшоў у залу — скінуў 50 кілаграмаў». Як за дзевяць месяцаў таўстун стаў качком

Источник: Артцём Бягоўскi. Фото: Ганна Iванова

На піку атлусцення цяпер 28-гадовы Максім Бычкоў важыў 135 кілаграмаў. Як прызнаецца хлопец, ад лішняй вагі ён пакутаваў усё жыццё, як вынік — упала самаацэнка, падскочыў ціск, а вера ў тое, што ён зможа калісьці схуднець, і зусім знікла. Аднак варта было яму аднойчы раззлавацца падчас прымеркі, як усё перайначылася. Цяпер цела Максіма нагадвае фігуру Апалона: шэсць кубікаў прэса, аб’ёмны біцэпс і рэльеф, якому шмат хто пазайздросціць. Пра тое, колькі сіл і часу было патрачана на метамарфозы і якія методыкі паказалі сваю эфектыўнасць, чытайце ў аповедзе героя ад першай асобы.

У дзявятым класе важыў 100 кілаграмаў

Нарадзіўся я не зусім здаровым, былі праблемы з нагамі, і праз пэўны час мне зрабілі аперацыю. Аперацыя была сур’ёзная — паўгода я ляжаў у ложку. У школе мне далі спецгрупу, і сяброўства са спортам скончылася, так і не пачаўшыся. Нейкага жорсткага хейту з боку аднагодкаў я не адчуваў: клас быў таварыскі, ніхто за вагу мяне не дражніў. У дзявятым класе маса цела ўзяла 100-кілаграмовы рубеж.

Здавалася б, трэба было штосьці рабіць, але ў Ганцавічах, адкуль я родам, не хапала трэнажорных залаў, басейнаў і коўзанак. У нас і возера не было, праз гэта мая фізічная актыўнасць зводзілася да мінімуму. Бацькі са мной да лекараў не звярталіся — наадварот, імкнуліся смачней пакарміць.

Не сказаць, каб я з’ядаў горы чыпсаў і запіваў іх колай. Збольшага была хатняя ежа накшталт катлетак з пюрэшкай. Сняданак у мяне ўвогуле адсутнічаў, абедаў як прыходзілася, вячэраў аналагічна.

Пасля школы паступіў у Мінск. Варта аддаць належнае, ва ўніверсітэце з фізкультурай было строга: наведвалі ўсе абавязкова. Дзякуючы гэтаму я навучыўся плаваць, а ўзімку нас вадзілі ў трэнажорную залу. Заняткі ж хутчэй нагадвалі свавольства: ніякай сістэмы, ніякай праграмы, убачыў свабодны трэнажор — пацягаў і пайшоў. Але тады вага як мінімум трымалася на адной адзнацы — 110 кіло.

Прыкладна ў гэты ж час пачаліся трывожныя званочкі: стала даймаць дыхавіца, ціск быў 140 — дактары прызначылі кучу аналізаў і прымусілі рабіць УГД сэрца. Тады ў мяне, маладога хлопца, у аптэчцы з’явіўся танометр. І не сказаць, што я нічога не рабіў: прытрымліваўся розных дыет, спрабаваў правільна харчавацца, прыбраў з рацыёну цукар. Вось толькі больш як на месяц маіх сіл не хапала.

Не было ні часу, ні грошай на сябе — прынамсі так я думаў у той момант. Цяпер разумею, што гэта толькі адгаворкі: калі сапраўды хочаш схуднець, усё хутка знаходзіцца.

Універ скончыўся, а басейн застаўся. У адной вадзе мае 135 кілаграмаў растаць ужо не маглі, бо харчаваўся я абы як. Удзень плаваў, а вечерам браў некалькі літраў хмельнага з фісташкамі. Думкі пра залу наведвалі маю галаву часта, але я чакаў панядзелка, наступнага месяца ці вясны. Мозг дакладна ведаў пра хуткія цяжкасці і спрабаваў адкласці гэты стрэс, пакуль аднойчы мне не спатрэбіліся новыя шорты.

Праблемы з дзяўчатамі? У мяне не было гэтых дзяўчат

Купля адзення — гэта, мабыць, самы дыскамфортны пункт для людзей з атлусценнем. Ты набываеш адзенне не па гусце, а тое, у што ўлезеш. У масмаркеце падабраць нешта практычна немагчыма: калі рэчы памеру XXL яшчэ можна было знайсці, то нешта годнае ў XXXL-сегменце — проста фантастыка.

Ці ўзнікалі праблемы з дзяўчатамі? Іх не было, гэтых дзяўчат. Я саромеўся знаёміцца: мала ці яшчэ спалохаю. На вуліцы з’яўляцца не любіў, асабліва ўлетку: робіш пару рухаў — і па целе цякуць ручаі поту. Плюс здаецца, што ад цябе смярдзіць за 3 кіламетры. Я мусіў увесь час насіць з сабой насоўкі, сурвэткі ці сядзець дома.

Пераломны момант

У 2019 годзе я абышоў усе крамы ў раёне ў пошуках шортаў свайго памеру, але на мяне так нічога і не налезла. Давялося ехаць на рынак і ў намёце з гіганцкімі памерамі абіраць сабе нешта. Гэта была тая самая пстрычка, сігнал і трыгер, які прымусіў мяне дзейнічаць. На здзіўленне, і лічбы супалі — у панядзелак, 1 ліпеня 2019 года, я пайшоў у залу. Вядома, мой галоўны матыў — не хуткая купля шортаў, а жаданне стаць прыгажэй, бо я баяўся нават зірнуць у люстэрка.

«Качалку» выбраў бліжэй да дому. Падышоў да дзяжурнага трэнера, пацягаў пры ім 1—2-кілаграмовыя гантэлі, і ён сказаў: «Калі ты хочаш схуднець, адной залы недастаткова, трэба цалкам змяніць лад жыцця». Я пагадзіўся. Трэнер склаў мне рацыён, навучыў правільна выконваць практыкаванні. У залу што тады, што цяпер хаджу 12 разоў на месяц: не варта сябе прымушаць, арганізму важна аднаўляцца.

Посмотреть эту публикацию в InstagramПубликация от Тренер Минск / Е.Маньковский (@emankovski)

Замест двух разоў на дзень я сілкаваўся сем. Снедаў аўсянкай з двума яйкамі, а дзясятай раніцы — перакус яблыкам, апоўдні мог з’есці салату з гародніны ці вараную курыцу. А трэцяй удзень — паўнавартасны абед: вараная курыца (150 грамаў) з грэчкай ці рысам (60 грамаў у сухім выглядзе), а шостай — вечаровы перакус рыбай (100 грамаў) ці арэхамі. Завяршаецца дзень вячэрай: чатыры печаныя яйкі з адным жаўтком. Калі бацькі даведаліся, што я жаўток у сметнік выкідваю, як на ідыёта пачалі глядзець. Дык я адмовіўся яшчэ і ад супу, бульбы і алкаголю. Увогуле, яны былі ў шоку.

Мне спатрэбіўся дзесьці тыдзень, перш чым я змог адвыкнуць ад мінулага рацыёну. Пра шкоднае і смачнае думаў увесь час. Галадаць я не галадаў, але хацелася разнастайнасці. З часам стаў прыдумляць рэцэпты, навучыўся гатаваць «правільныя катлеты» з курыцы і проста прывык да новай ежы. Да таго ж жыву я адзін, пад бокам ніхто не спакушае спантаннай дастаўкай.

Каб не сарвацца, апроч жадання, патрэбна дысцыпліна. У гэтым дапамагаюць дзённікі харчавання. Галоўнае — быць сумленным: з’еў больш за норму — пішы як ёсць, каб потым можна было зразумець, чаму вага стаіць на месцы ці расце. Пераеў сёння — не варта галадаць заўтра, толькі горш зробіце. Арганізм, наадварот, будзе запасіць тлушч, бо знаходзіцца ў стрэсе.

Першых 10 кіло пазбавіўся за месяц. Я зразумеў: чым больш вага, тым хутчэй яна знікае. Але калі стаў важыць сотню, кожны кілаграм даваўся з вялікімі намаганнямі. Здаралася, ніякага прагрэсу на працягу месяца, хоць ты ўсё робіш па інструкцыі. Дапамагаў чытміл — адзін дзень у два-тры тыдні, калі я мог з’есці любы забаронены прадукт, тым самым змяншаючы стрэс для арганізма.

З 135 кілаграмаў да 85 схуднеў за дзевяць месяцаў.

Скура на жываце трохі правісла, прыбраць яе можна толькі хірургічным шляхам, кошт — $2500. Гэтакі шнар з мінулага жыцця.

Ніхто з сяброў і калег не верыў у мяне. Уявіце: прыходзіць таўстун на працу з цэлым партфелем ежы і кажа, што будзе есці і худнець. А цяпер шмат з тых, хто смяяўся, наведваюць са мной залу ці перайшлі на правільнае харчаванне. Нядаўна быў школьны вечар. Дзесяць гадоў з аднакласнікамі не бачыліся, дык мяне ні настаўнікі, ні аднагодкі не пазналі.

Мама ўзяла з мяне прыклад, змяніла рацыён i без залы схуднела на 10 кіло.

Навошта я хаджу ў залу, калі ўжо схуднеў? У мяне фобія, што калі я перастану займацца, то вага вернецца. Можа, гэта не так, але правяраць не хочацца. Цяпер я працую над формамі і сілавымі паказчыкамі.

Часу на серыялы ў мяне больш няма. З’явілася шмат розных варыянтаў актыўнага ладу жыцця, недаступных мне раней: на каньках пакатацца, з дзяўчынай пагуляць ды нават проста на прыроду выбрацца. Лянота знікла і больш да мяне не вяртаецца.

Сказаў бы мне хтосьці, што я з таўстуна ператваруся ў качка, — ніколі ў жыцці не паверыў бы. Нават калі мне паказвалі фатаграфіі такіх прыкладаў «да — пасля», думаў, што гэта фаташоп, а зараз і ў мяне самога ёсць такія фота.

Спадзяюся, мой прыклад зможа кагосьці матываваць. Маё жыццё змянілася ў лепшы бок. Так, трэба было цалкам перагледзець харчаванне і перайначыць лад жыцця, шмат у чым даводзіцца адмаўляць сабе. Але якое ж прыемнае пачуццё, калі ты можаш зайсці ў краму адзення і выбраць любую рэч памеру L! Элементарна стала лягчэй рухацца, знікла задышка, ціск — 110 на 70 (танометр аддаў бацькам), спакойна магу падцягнуцца 19 разоў. А ў гарачыню больш не пакутую, хаваючыся дома ці ў цені.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by