Жонка нарадзіла — і памерла ад COVID, застаўся з трыма дзецьмі. Гісторыя зруйнаванага жыцця

2264
09 февраля 2022 в 17:33
Источник: Дзмiтрый Корсак. Фото: Аляксандр Ружачка

Жонка нарадзіла — і памерла ад COVID, застаўся з трыма дзецьмі. Гісторыя зруйнаванага жыцця

Источник: Дзмiтрый Корсак. Фото: Аляксандр Ружачка

Ні ў якой статыстыцы па смяротнасці ад каранавіруса не адаб’юцца рэальныя маштабы трагедыі, што хаваюцца за кожным канкрэтным выпадкам. Вось за дзень паказчык узрос на 15 — на фоне мільёнаў жыхароў краіны колькасць невялікая. Але калі змяніць ракурс: была шчаслівая сям’я, трое дзяцей, муж і жонка. І раптам адным паменшала... Гучыць зусім інакш, пагадзіцеся.

Сёння распавядзём невыносна сумную гісторыю. І перад аповедам надзвычай важна давесці, для чаго асобнае гора мы вырашылі адкрыць усёй краіне. Па-першае, усім варта памятаць: статыстыка — гэта рэальныя людзі. Па-другое, нельга не засведчыць, што ўзроставыя «чырвоныя лініі», за якія заступае каранавірус, на жаль, вельмі размытыя, часам ён забірае і маладых, і гэта адбываецца рэгулярна. Нарэшце, па-трэцяе, чарговы раз варта нагадаць: прышчэпка можа выратаваць жыццё. Калі адкладзяце рашэнне на тыдзень-другі, потым можа быць занадта позна.

Герой гэтага сюжэта — Максім. Усмешлівы, прыемны мужчына, які цэлымі днямі раз’язджае па дарогах сталіцы на легкавіку, зарабляючы сям’і на жыццё. Яшчэ год таму Максім быў дальнабойшчыкам, яго турбавалі закрытыя праз пандэмію межы, бо жонка рыхтавалася да нараджэння трэцяга дзіцяці, а гэта новыя фінансавыя клопаты. Але калі чакаеш папаўнення сям’і, ніякія турботы не могуць азмрочыць гэтую радасць.

Чатыры месяцы таму нарадзіўся сын. А ўжо праз некалькі дзён жонка памерла ад наступстваў каранавіруса. Свет перавярнуўся дагары нагамі. Мы сустракаемся з Максімам, калі ў яго надарыўся невялікі перапынак паміж паездкамі. Часу на размовы зараз небагата. Максім стараецца трымацца, падчас гутаркі голас задрыжаў толькі пару разоў.

«Мая жонка, Аня, маладзей за мяне на 12 гадоў, — распачынае гісторыю Максім. — Мне 39, ёй 27. Было 27. Пазнаёміліся мы ў чэрвені 2015-га, я прыехаў на дзень народзінаў да жонкі сябра ў Калодзішчы. Аня была яго пляменніцай. Так што, шчыра кажучы, сваю цешчу я ведаю нашмат даўжэй, чым жонку. У Ані вочы дзіўнага нябесна-блакітнага колеру... Ніякія фотаздымкі яго не адлюструюць. Памятаю, быў зачараваны гэтымі вачыма, зрабіў ёй першы камплімент, калі пабачыў...»

Уздыхае і змаўкае.

Гісторыя знаёмства была імклівай, але з нечаканымі сюжэтнымі паваротамі. Наступны раз Максім і Аня спаткаліся роўна праз тыдзень. Пагулялі, пагутарылі, але далей не задалося. Успамінаючы, Максім усміхаецца, кажа, што яго «класічна пракінулі». Блакітнавокая дзяўчына перастала выходзіць на сувязь, не адказвала на званкі, паведамленні ў сацсетках. Увогуле, зараз гэта назвалі б «ігнорам».

Прайшоў месяц, Максім супакоіўся. Сябар паклікаў на адпачынак у Турцыю, але ў яго ў Мінску заставаўся сабака, якога трэба было камусьці даглядаць. Выгульваць лабрадора і гаспадарыць у доме падахвоцілася Аня. Максіма, які ў мінулым быў кінолагам, папрасілі яе пракансультаваць. Так сышліся трэці раз.

«Мы сустрэліся перад самым маім ад’ездам, — працягвае Максім. — Пагаманілі, паелі марозіва ў „Сталіцы“. Аня папрасіла быць на сувязі — калі ўзнікнуць пытанні наконт сабакі. Я пагадзіўся. І так выйшла, што, пакуль я тыдзень быў у Турцыі, мы ўвесь час размаўлялі ў месенджарах. Тое, што спачатку не заладзілася ў афлайне, атрымалася ў выглядзе рамана па перапісцы. Калі я вяртаўся ў Мінск, мы з Аняй ужо былі добрымі знаёмымі. У нас з’явіліся планы на будучыню». 

Пасля гэтага ў жыцці маладзёнаў падзеі сталі чаргавацца, як карцінкі ў калейдаскопе. Ярка, маляўніча, хутка. Скончылася лета, надышла восень, і яны ўжо сталі жыць разам. Наступным годам у чэрвені распісаліся, а ў жніўні — закацілі вяселле.

«З самага пачатку адносін я адчуў, што Аня — мой чалавек, — распавядае Максім. — Яна абудзіла ўва мне рамантыка, пра існаванне якога раней я ніколі нават не падазраваў. Я гатовы быў за яе змагацца з першых дзён, прыклаў усе намаганні, каб заваяваць і не страціць больш ніколі».

Пасля вяселля адпачылі ў Грэцыі, скончыўся мядовы месяц, трэба было зарабляць грошы. Максім паехаў адразу ў адзін рэйс, потым — у другі. Калі сабраўся ў трэці, Аня папрасіла ўзяць яе з сабой. Ён пагадзіўся.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Maksim Chernookiy (@maksimchernookiy)

«Мы дзесяць дзён падарожнічалі па Еўропе, — успамінае Максім. — Пасля такой вандроўкі сталі яшчэ бліжэй. Аня зразумела, наколькі я люблю сваю працу, — з аднаго боку, з другога — убачыла, што яна зусім не лёгкая. А яшчэ, як жартавала жонка, наша першае дзіця ехала ў гэтую камандзіроўку ўва мне, а назад — ужо было ў ёй».

Максім прызнаецца, што марыў пра сына. Праз дзевяць месяцаў былі цяжкія роды. Як толькі Аня нарадзіла і выйшла на сувязь, папрасіў паказаць мужчынскую годнасць дзіцяці, пераканацца, так бы мовіць. Яна адказала: не хвалюйся, усё на месцы, я праверыла — сын. Назвалі Давідам.

«Мы захацелі другое дзіця, цяпер ужо дачку, — працягвае аповед Максім. — Але неяк усё не атрымлівалася. Я цалкам змяніў сваё жыццё, завязаў з курэннем і алкаголем, стаў нармальна харчавацца, хаця ў рэйсе гэта было не так і проста. І вось аднаго дня сядзім мы на кухні і Аня кажа мне, што цяжарная. Адказваю: „Я ведаю, за гэтыя гады мы так добра адзін аднаго навучыліся адчуваць, што ў мяне ўжо не засталося сумневаў“. Калі нарадзілася дачка, назвалі Ясеніяй — імя выбірала жонка».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Аnna Chernookaya (@anna_chernookaya)

Двое дзяцей, маладая сям’я. Канешне, было нялёгка. Аня сядзела з малымі, Максім матаўся па рэйсах. Ён ужо быў задумаўся пра звальненне: як бы праца ні падабалася, баяўся, што яна можа разбурыць шлюб. Але пасля чарговага рэйса Аня сказала: «Максік, у сям’і павінен быць здабытчык, звальняцца не трэба. А я пацярплю — пачакаю цябе». Максім стараўся часцей быць дома: адкатаў рэйс — і адразу да сваіх і як мага даўжэй заставаўся з сям’ёй. Калі ж скарбонка са зберажэннямі пусцела, Аня сама нагадвала: «Час ужо табе ехаць зарабляць».

А пасля здарылася пандэмія. Гісторыя з вялікімі перспектывамі імкліва панеслася да страшнага фіналу.

«Спачатку мы не прышчапіліся, бо знайсці вакцыну было няпроста, — успамінае Максім. — Потым неяк адкладалі які час, а пасля Аня зацяжарыла. Тады прышчапляцца пабаялася, вырашылі, што абавязкова зробім гэта па нараджэнні дзіцяці. Але не пранесла. У сярэдзіне верасня „каронай“ захварэла спачатку Аня, а потым я».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Аnna Chernookaya (@anna_chernookaya)

Ані ўсё горшала і горшала — з’явілася задышка. 2 кастрычніка, у суботу, Максім завёз яе ў радзільню. Успамінае гэтыя дні як у тумане: сам хворы, дзеці ў машыне, становішча было вельмі трывожным. Жонцы выклікалі роды, на свет з’явіўся здаровы хлопчык. Яго даволі хутка выпісалі, сказалі, няма чаго рабіць дзіцяці побач з мамай, хворай на каранавірус. Аня гэтую ідэю падтрымала.

«Дзіця забрала цешча, — згадвае Максім. — На сямейнай радзе вырашылі, што зараз з трыма дзецьмі мне будзе зусім не ўправіцца, пакуль жонка ў бальніцы... Аню працягвалі лячыць. На момант, калі нарадзіўся сын, лёгкія ў яе былі пашкоджаны больш як на 50%. Гэтая лічба жудасна павялічвалася і дасягнула 90%.

14 кастрычніка настаў мой дзень народзінаў. Мы купілі торт і адсвяткавалі з дзецьмі. Я атрымаў ад Ані віншаванні, яна ўжо часцей пісала, чым гаварыла: было надзвычай цяжка дыхаць. Апошняе, што яна даслала: „Ты мая апора...“

У 23:18 мне патэлефанавалі і сказалі, што Ані не стала. Яе спрабавалі перавезці з радзільні ў бальніцу, сэрца спынілася па дарозе, запусціць яго зноў не змаглі...»

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Maksim Chernookiy (@maksimchernookiy)

Максім змаўкае. Збіраецца з думкамі. Працягвае роўным, спакойным голасам.

«Першымі днямі было вельмі балюча. Зжыцца з такім, абыцца — невыносна. Цяпер крыху адышоў, прынамсі прыняў, што Ані больш няма і не будзе. Што мушу жыць далей. Старэйшы сын ужо ведае пра смерць маці. Усё гэта давесці яму было складана, але мы здолелі. А вось дачка пакуль не разумее — глядзіць на фотаздымкі, бачыць Аню і адразу радасна: „Мама!“».

На дапамогу шматдзетнаму бацьку прыйшла сям’я, сябар. Нечакана ўважліва, спачувальна да таго, што адбылося, паставіліся калегі. Максім успамінае, што ў першыя часы, калі напісаў: «Памерла жонка», зрабілі самае важнае — не чапалі, далі ачуцца, апрытомнець. Мужчына разумеў, што з дальнабоем давядзецца скончыць, планаваў звальняцца, але ў кампаніі прапанавалі не спяшацца, абнадзеілі: «Мы штосьці прыдумаем». І спраўдзілі абяцанне — знайшлі яму працу ў Мінску.

«Зараз, вядома, мне няпроста, — не хавае Максім. — Давялося ўзяць на сябе ўсе клопаты, якія раней ляжалі на плячах Ані. Вяду хатнюю бухгалтэрыю, кармлю і апранаю дзяцей, ваджу сына да лагапеда, на гурткі... Пераехаў да бацькоў, старэйшы сын ходзіць у садок, дачцэ — два гады. Малодшы сын пакуль жыве ў цешчы.

Раніцай прачынаюся, снедаю, адводжу сына ў садок, сам на працу. Пасля забіраю яго дадому. Кожныя выхадныя наведваем цешчу і малодшага сына. Цяпер удвая ўпаў заробак, але скардзіцца будзе несправядліва — вялікае шчасце, што наогул ёсць праца. У мяне вялікая сям’я, трэба пра ўсіх паклапаціцца».

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by