Мы працягваем цыкл публікацый аб побытавай гісторыі беларусаў. Сёння раскажам пра тое, якое адзенне насілі нашы продкі (моднікі і не толькі). Аказалася, што гэтая гісторыя — не проста пра рэчы, а пра саслоўную няроўнасць. З матэрыялу мы даведаемся, што ў некаторыя часы простым людзям нельга было выкарыстоўваць шаўковыя тканіны і нават пурпурны колер — за гэта давалі штрафы (дзякуй богу, што не забівалі!). Таксама распавядзём, як мянялася мода сярод шляхты і сялян.
Агледзець трэнды нашых продкаў ды распавесці пра іх густы за мінулым часам нам дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.
Пачнём са старажытнасці, калі класавая няроўнасць яшчэ не сфарміравалася, — з часоў балтаў на тэрыторыі Беларусі. Праблема ў тым, што яны спальвалі целы нябожчыкаў замест таго, каб насыпаць курганы і класці побач з памерлымі ўсе іх матэрыяльныя здабыткі. Таму сказаць напэўна, што насіў той ці іншы чалавек пры жыцці, нельга. Але ж мы можам параўнаць з іншымі балцкімі плямёнамі, у якіх традыцыя з курганамі ўжо існавала.
— Вядома, што яны насілі шапкі, аздобленыя кольцамі (такая была знойдзена ў магіле адной жанчыны), шкляныя бурштынавыя каралі, а таксама шпількі, брошкі і падковападобныя фібулы — металічныя засцежкі для адзення. Выкарыстоўвалі і бронзавыя падвескі-лунніцы, якія ўпрыгожвалі зону каля скроняў, — распавядае Дар’я. — Наконт адзення: у іх былі простага крою кашулі-тунікі, штаны, а таксама вопратка, падобная да паліто.
Але ж падрабязнасцей з тых часоў мы не ведаем. Што да колеру, імаверна, адзенне яшчэ не фарбавалі. Выраблялі гэтыя рэчы са скуры жывёл, тканін з мясцовай сыравіны: ільну, канопляў, шэрсці.
— У раннім Сярэднявеччы (IX—XI стагоддзі) — падчас утварэння славянскіх саюзаў плямён (вядомых кожнаму крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў) — адзенне ва ўсіх было прыкладна аднолькавым, але ж упрыгажэнні — рознымі. Менавіта паводле іх мы можам адрозніць крывічанак ад дрыгавічанак, напрыклад, — адзначае Гардзейчык.
Людзі ў той час насілі рэчы шэрага або белага колеру. Якім чынам у той час адбельвалі адзенне, дакладна невядома.
— Таксама ў той час на беларускіх землях з’яўляецца шоўк, які завозілі з Візантыі. Нашыя продкі альбо куплялі яго, або выменьвалі, — сцвярджае суразмоўца. — Гэта было даступна толькі для славянскіх князёў і багатай знаці. Ужо пачынаецца класавае раздзяленне.
Зімой людзі насілі вопратку са шкур бараноў альбо дзікіх жывёл: ваўкоў, мядзведзяў, лісіц, вавёрак і собаляў. Футры вырабляліся не толькі дзеля ўласных патрэб, але ж і для гандлю з іншымі краінамі. Скура буйной рагатай жывёлы выкарыстоўвалася для вырабу абутку, паясных рамянёў ды рукавіц.
— У той час мужчынскае ўбранне складалася з кашулі, штаноў простага крою, а зверху апраналі плашч або кафтан. Кашуля была тунікападобнай, мела доўгія рукавы, якія каля прыдалоння сцягваліся шырокай тасьмою. У вобласці грудной клеткі час ад часу былі вышытыя ўстаўкі, — тлумачыць Дар’я. — Але ж у тыя часы было папулярна ўпрыгожваць адзенне не вышыванкамі, а жалезнымі вырабамі: падвескамі, кольцамі і фібуламі. Кашуля падпярэзвалася тканым паяском-абярэгам. У мужчын быў скураны пояс, каб насіць зброю. У той час вышыўка насіла не ўпрыгожвальны, а менавіта абярэжны сэнс.
Мужчынскія паясы былі з металічнымі спражкамі, а абутак у асноўным быў скураным, з вузкімі насамі і высокім пад’ёмам. Летам славяне выкарыстоўвалі лыкавыя лапці. Таксама нашы продкі насілі шапкі сферычнай формы і з вобадам. Па перыметры яны ўпрыгожваліся футравай стужкай.
— Цікава, што сілуэт мужчынскага і жаночага адзення быў прыкладна аднолькавы. Здалёк не адразу можна было зразумець, якога чалавек полу, — адзначае Гардзейчык.
Можна сказаць, што ў той час была папулярная шматслаёвасць, але ж не паводле трэндаў, а таму, што нашым продкам неяк трэба было сагравацца ў халодную пару года.
Прыкладна з XII стагоддзя металічныя ўпрыгожванні пачынаюць губляць сваю папулярнасць, на змену ім прыходзіць вышыўка з выкарыстаннем чырвоных і чорных нітак. У высокім Сярэднявеччы адзенне ўжо афарбоўваюць пры дапамозе розных раслін. Бліжэй да XV стагоддзя фасон ужо становіцца больш складаным, а не проста мехападобным.
— З XIII стагоддзя ў ВКЛ сярод знаці папулярнай вопраткай становіцца охабень. Гэта мехаватае паліто з доўгімі рукавамі, засцежкай на фібулу і завязкай. Пад рукавамі знаходзіліся доўгія проразі прыкладна да вобласці таліі, у якія прасоўвалі рукі, а самі рукавы аказваліся за спінай — так баярства і хадзіла. Чатырохвугольны каўнер мог дасягаць аж сярэдзіны спіны, — гаворыць Дар’я.
З канца XIII і да пачатку XVI стагоддзяў у ВКЛ фарміруецца гатычны касцюм.
— І не таму, што ўсе былі готамі, а таму, што стыль — готыка, — усміхаецца суразмоўца. — З’яўляецца характэрны княжацкі строй, які складаўся з тунікі і вузкіх штаноў. Князі насілі мантыі, кароткія боты з завостранымі насамі. Таксама прыкметамі іх княжацкай улады былі карона і меч. Пра гатычны касцюм мы ведаем дзякуючы бухгалтэрыі каралеўскага двара Ягайлы. Яны замаўлялі шмат замежных тканін: атлас, аксаміт, шоўк і г. д. Таксама завозілі шаўковыя ніткі для шыцця. Такі матэрыял выкарыстоўваўся спачатку толькі для княжацкага адзення, а пасля ўжо і для рэчаў прыдворных.
Менавіта ў гэты перыяд з’яўляюцца характэрныя для шляхты прыкметы заможнасці: шаўковыя тканіны, адзенне пурпурнага колеру, а таксама мяккія туфлі з завостранымі насамі.
— Як апраналіся ў той час менш прывілеяваныя саслоўі? Аснову мужчынскага і жаночага касцюмаў складала белая палатняная кашуля. Паверх яе жанчыны надзявалі саматканую спадніцу, фартух і безрукаўку, на галаве была хустачка альбо чапец. Мужчыны, у адрозненне ад дам, надзявалі штаны, а таксама кашулю, кафтан, пояс і шапку. У зімовую пару і жанчыны, і мужчыны насілі аўчынныя кажухі, абувалі скураныя боты, чаравікі і нешта кшталту валёнкаў. У цёплую пару насілі лыкавыя лапці, — адзначае Гардзейчык.
У Новы час, з XVI стагоддзя, нашы продкі пачалі шырока запазычваць цікавыя рэчы ў прадстаўнікоў іншых народаў. Напрыклад, на Беларусі з’яўляецца даламан (аднабортная куртка са стаячым каўняром і шнурамі), кунтуш (вопратка з проразямі ў рукавах), а таксама армяк (даўгаполая вопратка з грубай шарсцяной тканіны без гузікаў і засцежак).
— Адзенне і так ужо стала адлюстраваннем сацыяльнага статусу, але ж у той час гэта дасягнула неймавернай ступені, — тлумачыць Дар'я. — З тых пор пачынае ўлічвацца не толькі дарагавізна тканін, але і форма адзення. Да таго ж саслоўныя адрозненні замацоўваюцца заканадаўча.
Пастановай сейма Рэчы Паспалітай асобам не шляхецкага паходжання забаранялася насіць адзенне з шоўку, каштоўнага футра і тканін пурпурнага колеру. Апошні лічыўся сімвалам манархічнай улады. За парушэнне забароны — штраф.
У XVIII стагоддзі на беларускіх землях з’яўляюцца першыя суконныя мануфактуры: у Нясвіжы ў Радзівілаў ды ў Ружанах у Сапег. Рэчы, вырабленыя там, рэалізоўваліся ў асноўным у межах Рэчы Паспалітай і практычна не экспартаваліся.
— У дакументах XVI—XVIII стагоддзяў часта згадваецца палатно як неад’емная частка пасагу дзяўчат усіх саслоўяў. То-бок калі ў дзяўчыны былі нейкія бясконцыя метры тканіны, яна лічылася зайздроснай нявестай, — адзначае Дар’я.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Абавязковым элементам адзення мужчын і жанчын усіх саслоўяў былі кашулі, якія надзяваліся на святы і насіліся ў паўсядзённым жыцці. У мяшчан і сялян яны былі даматканыя, а ў вышэйшых класаў — вырабленыя з імпартнага палатна. Час ад часу сяляне выраблялі каўняры і манжэты. Верх адзення мог быць з палатнянай тканіны, а ніз — з грубай ільняной, каб такія рэчы няхутка зношваліся.
— Час ад часу шляхта выкарыстоўвала кашулі ў якасці сподняй бялізны, а часам аздабляла іх золатам ды срэбрам і ў такім выглядзе наведвала свецкія мерапрыемствы, — працягвае Гардзейчык.
Дарэчы, сподняй бялізны ў нашым звыклым разуменні ў беларусаў не было. Тыя ж панталоны з’явіліся толькі ў XIX стагоддзі, не кажучы ўжо пра трусы ды станікі.
— Адным з варыянтаў жаночага адзення была сукенка з рукавамі, даволі доўгімі і прасторнымі. У дакументах мы сустракаем абазначэнні «сукня верхняя» і «сподняя» — вырабляліся яны з шоўку, шэрсці і аксаміту, — тлумачыць суразмоўца.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
У XVI—XVIII стагоддзях адным з распаўсюджаных відаў адзення быў саян — аксамітны кафтан, падобны на сарафан. Найбольш папулярным ён быў сярод жанчын і меў падцяжкі для падтрымання сукенкі ў плячах.
— Але ж часам у сельскага насельніцтва саянам называлі не гэты кафтан, а жаночую спадніцу з прышыўным ліфам, — адзначае Дар’я і дадае, што ў XVII стагоддзі і ў мужчынскім, і ў жаночым касцюмах з’яўляюцца безрукаўкі, якія запазычылі з Заходняй Еўропы. Праз стагоддзі такія футравыя рэчы распаўсюдзіліся сярод сялян.
Можна сказаць, што жаночае і мужчынскае адзенне не надта адрознівалася між сабой. Але найбольш важным элементам у гэтым плане для нашых продкаў з’яўляліся галаўныя ўборы. Яны адлюстроўвалі сямейныя і сацыяльныя палажэнні, асабліва ў жанчын.
— Для замужніх жанчын было абавязкова хаваць валасы, а дзяўчаты маглі дазволіць сабе адкрытую макушку. Зноў жа, папулярнымі галаўнымі ўборамі былі хустачкі і чапцы, — заўважае Гардзейчык.
У XVIII стагоддзі з’явіўся беларускі сімвал — слуцкі пояс, які быў вельмі важным аксесуарам свецкай шляхты. Сярод іншага, ім было зручна прытрымліваць шпагі і нажы. Таксама ў гэты час заможныя шляхцічы пачалі пераймаць заходнюю моду на парыкі, мужчынскія ласіны.
— Брутальны нацыянальны шляхецкі касцюм у гэты перыяд суседнічаў з усім гэтым стракатым убранствам. Напрыклад, мы маем два партрэты Мацея Радзівіла: на адным ён такі брутальны дзяцюк з вусамі, апрануты ў традыцыйны шляхецкі касцюм, а на другім — проста хлопчык з белым парыком, жаноцкі і цудоўны. Цікавы дысананс! — гаворыць Дар'я.
У пачатку XIX стагоддзя парыкі выходзяць з моды, але ж амаль усе прадстаўнікі вышэйшага саслоўя як адзін пачынаюць насіць медалі ды ордэны і гучна брынкаць імі ва ўсіх публічных месцах.
Тым часам у сельскай мясцовасці жанчыны пачынаюць выкарыстоўваць у якасці аксесуара шыйныя хустачкі — звычайна іх насілі на святы, паверх кашулі.
— Насамрэч сельскі касцюм — вельмі архаічны. Таму што сяляне апраналіся амаль аднолькава цягам стагоддзяў. Пра вяскоўцаў можна заўсёды сказаць так: штаны, кашуля — падперазаліся ды пайшлі. Гэта ў шляхты былі забабоны кшталту парыкоў ды ласін. Затое сяляне захавалі менавіта нацыянальныя рысы касцюма, не запазычаныя з заходніх краін, — сцвярджае суразмоўца.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Таксама ў XIX стагоддзі новая мода напаткала касцюмы гараджан — трэндавымі сталі камізэлькі і гадзіннікі на залатым або срэбраным ланцужку.
— Усё даволі заўважна змяняецца ў канцы XIX стагоддзя, са з’яўленнем швейных машынак. У сялянскі быт уваходзіць панёва — нясшытая жаночая спадніца з характэрным малюнкам, — гаворыць Дар’я. — А ў халодны перыяд сталі насіць андарак — цёплую шарсцяную святочную спадніцу, якая часам магла ўваходзіць у склад вясельнага касцюма.
Фінал — часы нэпа і СССР. Можна сказаць, што Савецкі Саюз стаў сацыяльным ураўняльнікам. Менавіта ў гэты час з’явілася і тое, што цяпер мы называем мас-маркетам — урэшце адзенне стала даступным для кожнага і не асабліва адрознівалася. Таксама ў часы стварэння СССР жанчыны ўрэшце пачалі насіць штаны, чаго да гэтага часу ўявіць было немагчыма. А далей вы самі ўсё ведаеце.
Крыніцы, выкарыстаныя пры падрыхтоўцы матэрыяла:
Крыніцы фотаздымкаў і графікі: uchebniki.by, valdovurumai.lt, mokslolietuva.lt, vle.lt, kulturologia.ru, narodnazemle.ru, minsk-old-new.com, wikipedia.org, hermann-historica-archiv.de, wikimedia.org, mosfilm.ru.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by