Мы працягваем цыкл публікацый аб побытавай гісторыі беларусаў. Сёння раскажам пра тое, калі жыхары нашай краіны сталі святкаваць Новы год і Каляды, а таксама пачалі калядаваць. Ці праўда, што раней новы год пачынаўся не з 1 студзеня? Адкуль з’явілася традыцыя ставіць ёлку? Якія стравы ставілі на стол падчас зімовых свят?
Па сутнасці, для нашых продкаў гэта не было святам. У Еўропе з увядзеннем грыгарыянскага календара год стаў пачынацца менавіта з 1 студзеня. А Граматай Стэфана Баторыя 1583 года такі каляндар уводзiўся на ўсёй тэрыторыi Рэчы Паспалiтай. Але сказаць, што менавіта гэты дзень святкавалі нашы продкі, нельга.
— У каталіцтве на 31 снежня выпадаў дзень святога Сільвестра. У народзе гэта называлася Шчодрым вечарам (у праваслаўных святкуецца 13 студзеня. — Заўв. Onlíner), але гэтае свята ніяк не асацыявалася з пачаткам новага года, — адзначае Дар’я. — Новы год у нас пачалі святкаваць толькі пры савецкай уладзе: менавіта тады з’явіліся звыклыя для нас атрыбуты.
Першапачаткова, з язычніцкіх часоў, заканчэнне старога і пачатак новага года былі звязаны са святам зімняга сонцастаяння.
Не, гэта быў працоўны дзень. Выхадны быў устаноўлены толькі ў СССР указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 23 снежня 1947 года. Таксама афіцыйна зацвярджалася, што 1 студзеня — гэта святочны дзень.
Так склалася, што доўгі час Еўропа жыла паводле грыгарыянскага календара, а Расія — паводле юліянскага.
— Яшчэ на пачатку XX стагоддзя ў Расіі было 1 студзеня, а ў Еўропе — ужо 14-га. Перайсці на грыгарыянскі каляндар вырашылі бальшавікі, пасля чаго даты пасунуліся: людзі заснулі 31 студзеня, а прачнуліся 14 лютага! Раней праваслаўныя таксама адзначалі Каляды 25 снежня, як і цяпер католікі, але паводле юліянскага календара. Праваслаўная царква захавала гэтую традыцыю, і паводле цяперашняга календара — грыгарыянскага — афіцыйна гэты дзень выпадае на 7 студзеня. Таму так і замацавалася на постсавецкай прасторы: спачатку Новы год, а потым ужо Каляды, — тлумачыць Дар’я.
Як з’явіліся гэтыя календары і чаму паміж імі такая вялікая розніца? Нібыта больш як дзве тысячы гадоў таму астраномы недакладна палічылі дні, «згубіўшы» каля двух тыдняў жыцця. Гэта высветлілася падчас праўлення Папы Рымскага Грыгорыя, які загадаў «перагарнуць старонкі» календароў.
Так, падарункі на Каляды дарылі. Гэта быў вялікі святочны перыяд — ад Каляд да Вадохрышча. Усе гэтыя дні сяляне і шляхта не працавалі і адпачывалі як маглі.
— Як адзначалі Каляды? Найперш пад абрус святочнага стала трэба было палажыць сена: яно сімвалізавала тое сена, якое ляжала ў калысцы нованароджанага Ісуса. Таксама гэта звязвалі з багатым ураджаем на наступны земляробчы год. Наконт колькасці страў на святочным стале былі розныя звычаі, таму што не ўсе сяляне маглі дазволіць сабе прыгатаваць менавіта 12 страў, — удакладняе Дар’я.
Але ж абавязковай стравай у кожнай сям’і была куцця — каша з ячных круп. Што цікава, традыцыйна гатаваліся тры куцці: перад Калядамі (у Шчодры вечар), а таксама напярэдадні Новага года і Вадохрышча.
— Першая святочная вячэра адбывалася 24 снежня (пазней у праваслаўных — 6 студзеня) і была поснай, бо яшчэ працягваўся пост. Гатавалі рыбу, аўсяны кісель і да т.п. Дарэчы, шляхта прыдумала спосаб трошкі схітрыць: яны елі мяса бабра, бо гэта як бы і жывёла, але жыве ў вадзе і мае хвост, таму амаль што рыба, — усміхаецца Дар’я.
Таксама напярэдадні Каляд было абавязковым ушанаванне памяці продкаў. У Шчодры вечар ставілі асобную пасудзіну ці клалі лыжку з куццёй, а гаспадар дома павінен быў запрасіць продкаў на вячэру.
Да Каляд нашы продкі ўпрыгожвалі хату: над сталом вешалі саламянага павука — выяву ідэальна спарадкаванага свету, традыцыйны абярэг беларусаў.
Не, гэты атрыбут нават у Еўропе распаўсюдзіўся не так даўно. Першапачаткова царква ставілася да ёлкі не вельмі добра, таму што такі звычай мае карані ў язычніцтве — гэтакі працяг культу пакланення дрэвам.
— Да нас з Еўропы традыцыя ставіць ёлку прыйшла толькі ў XIX стагоддзі. Цікава, што заходнія губерні Расійскай імперыі (Польшча, Беларусь і Украіна) — католікі і ўніяты — перанялі «ёлачны звычай» у суседняй Германіі, а ў цэнтральныя губерні гэта прыйшло зверху — ад нямецкіх імператрыц, з якімі тады жаніліся расійскія імператары, — тлумачыць Дар’я.
Аднак сяляне масава такую традыцыю не падтрымлівалі.
— Ёсць шмат легенд, чаму менавіта ёлка. Хутчэй за ўсё, таму, што гэта адзінае зялёнае дрэва ў нашых краях. Насамрэч у свеце якіх дрэў толькі не ставяць! Што можна знайсці зялёнае, тое і ўпрыгожваюць, — сцвярджае Дар’я. — Існуе легенда пра святога Баніфацыя, які ў нейкай нямецкай вёсцы нібыта ссек святы дуб, каля якога людзі заўсёды рабілі ахвярапрынашэнні. А каля гэтага дуба расла маленькая елачка, і быццам святы Баніфацый сказаў, маўляў, вось вам елка, упрыгожвайце яе на Каляды.
Гэта таксама адносна новая з’ява. У той жа Расіі вобраз Дзеда Мароза ўзнікае толькі ў XIX стагоддзі.
— Са святым Мікалаем тая ж гісторыя: у Еўропе вобраз дарыльшчыка замацаваўся за ім прыкладна ў той жа час. Дарэчы, па ўсім свеце такіх персанажаў вельмі шмат, але называюцца яны па-рознаму. Паўнавартасны вобраз Санта-Клаўса сфарміраваўся толькі ў XX стагоддзі, калі хітрыя маркетолагі пачалі афармляць усё гэта. А да таго часу вобраз святога Мікалая азначаў апеку і заступніцтва і выглядаў далёка не як Санта-Клаўс, — адзначае Дар’я.
Дзед Мароз жа ўпершыню быў згаданы ў літаратуры ў 1840 годзе — у зборніку Адоеўскага «Казкі дзядулі Іерэнея», куды была ўключана і казка «Мароз Іванавіч». Але гэта быў далёка не сучасны вобраз Дзеда Мароза. Пасля ён трансфармаваўся і асаблівае распаўсюджанне атрымаў у СССР.
У адрозненне ад большасці звыклых атрыбутаў і лайфстайла падчас Каляд гэта сапраўды старажытная традыцыя. Даследчыкі звязваюць Каляды са старажытнымі культамі, з татэмізмам і ахвярапрынашэннем.
— Кшталту воўк — гэта ахоўнік нашага роду, і нам трэба надзець касцюм ваўка, каб задобрыць гэтую жывёлу, — распавядае Дар’я. — Калядаванне было распаўсюджаным у сялянскім асяроддзі: людзі пераапраналіся ў мядзведзяў/зайцаў/коз або ў дзядоў/цыганоў/салдат і хадзілі збіраць падарункі. Гэта ўсё адбывалася напярэдадні Каляд.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
У кожнай вёсцы былі свае звычаі, у некаторых — вельмі цікавыя і на цяперашні погляд даволі дзіўныя.
— Традыцыя «цягнуць Каляду на дуба» папулярна ў Бярэзінскім раёне. Бралі нейкае кола, упрыгожанае стужачкамі, і вешалі яго на дуб. Фалькларысты мяркуюць, што гэта звязана з сімвалам сонца і зімовага сонцастаяння, — гаворыць Дар’я. — Таксама ў некаторых рэгіёнах існавала традыцыя «ката пячы». Ніводны кот не пацярпеў! Трэба было спячы пірог у форме ката, зрабіўшы яму хвост з каўбасы.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by