30 825
09 декабря 2021 в 8:00
Автор: Тарас Щирый. Фото: dsh.waw.pl, Archeologiа Fotografii

Старое Палессе, якога вы не бачылі. Паглядзіце на неверагодныя здымкі Соф’і Хамянтоўскай

Автор: Тарас Щирый. Фото: dsh.waw.pl, Archeologiа Fotografii

Наша гістарычнае падарожжа ў межах падкаста «Пашпарт грамадзяніна» працягваецца. Гэтым разам культуролаг, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядзе пра фатографа Соф'ю Хамянтоўскую. Вы наўрад ці чулі пра яе, але менавіта яна стала летапісцам даваеннага Палесся, аўтарам фотакартак, па якіх можна вывучаць гісторыю паўднёва-заходняй Беларусі, якой ужо не ўбачым, Пінска і пасляваеннай Варшавы. Унёсак у справу быў такі сур'ёзны, што ёй нават прысвяцілі ў Беларусі дакументальны фільм, а ў Польшчы і дагэтуль выдаюць яе фотаальбомы. Але не будзем пакуль раскрываць усе карты, раскажам аб усім па парадку.

Слухаць падкаст у Apple Podcasts|«Яндэкс.Музыцы»|Castbox|Google Podcasts


Пачала фатаграфаваць з шасці гадоў

Сярод піянераў айчыннага фотамастацтва было багата таленавітых жанчын, а лёсы некаторых з іх вартыя цэлых раманаў! Гэтым разам мой расповед — пра выбітную фотамастачку, што нарадзілася ў сэрцы Палесся, а скончыла свой няпросты і яркі зямны шлях у далёкай Аргентыне. Соф’я Хамянтоўская, сябра элітарных фатаграфічных таварыстваў міжваеннай Польшчы, была надзвычай актыўнай і яркай постаццю культурнай сцэны 1920-х — 1930-х гадоў.

Яна нарадзілася 8 снежня 1902 года ў невялікім палескім мястэчку Парахонск пад Пінскам. Соф'я паходзіла са старажытных княжацкіх родаў Друцкіх-Любецкіх і Радзівілаў. Яе бацькам быў князь Фелікс Друцкі-Любецкі, а маці — Браніслава Марыя з Бухавецкіх. То-бок Соф’я насамрэч належала да старой заможнай арыстакратыі. Яе бабуляй была Ядзвіга Радзівіл. А яе дзеду, князю Друцкаму-Любецкаму, належалі велізарныя тутэйшыя абшары з палацамі — і ў Пагосце Загародскім, і ў Луніне. Маленства Соф’і прайшло ў атмасферы высокай культуры, бо гасцямі ў бацькоўскім доме былі славутыя мастакі, літаратары, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. І не дзіва, што ў дзяўчынкі вельмі рана выявіліся мастацкія таленты.

Арыстакратычная і заможная сям'я магла дазволіць сабе наняць прафесара з Парыжа, каб той даваў дзіцяці ўрокі па гісторыі мастацтва і жывапісу.

Але так атрымалася, што фотаапаратам Соф'я стала карыстацца раней, чым пэндзлем мастака. Яна пачала фатаграфаваць ужо ва ўзросце шасці гадоў! А першы прафесійны фотаапарат бацька падараваў ёй у 1914 годзе. Захаваўся сямейны здымак, які адлюстраваў момант, калі дзяўчынка і яе бацька разглядаюць новенькі апарат.

Маляўнічы родны край і яго жыхары натхнілі Соф’ю на першыя творы. Яна фатаграфавала гасцей бацькоўскага маёнтка, а таксама паляўнічых, рыбакоў, жанчын, што мылі адзенне ў возеры, — не ствараючы, аднак, стылізаваных вобразаў. Пэўна ж Соф’я магла стаць мастачкай, бо вывучала графіку і малюнак у Пецярбургу, а напярэдадні Першай сусветнай вайны атрымлівала веды аб гісторыі мастацтва і асновах кампазіцыі ў Парыжы. Але ўсё ж менавіта фатаграфія стала яе захапленнем і сапраўднай прафесіяй на ўсё жыццё.

Нечакана рана, у 1919 годзе, Соф’я выйшла замуж за Уладзіслава Чаховіча-Ляхавіцкага герба «Астоя». Гэта было палкае юначае каханне і яркі этап у жыцці дзяўчыны ва ўмовах вайны і змен, што напаткалі наш край.

1920—30-я гады ХХ ст. для Соф'і сталі часам станаўлення як фатографа. Здымкі гэтага перыяду — адлюстраванне навакольнага свету. Яна не абмяжоўвалася фатаграфаваннем сваякоў і сяброў, тагачаснага побыту і забаў нашай арыстакратыі на Палессі. Яна старалася захаваць усё, што было вакол яе: прыгажосць роднага Палесся, вобразы старадаўніх сядзіб, жыццё, побыт, промыслы, абрады, гульні і вобразы людзей, якія жылі на гэтай зямлі. З часам Соф'я змяніла «Кодак» на мабільную па тых часах «Лейку», што дазволіла ёй шмат і паспяхова фатаграфаваць на адкрытай прасторы, ажыццяўляць фактычна рэпартажную здымку. Яна нават напісала артыкул пад назвай «З „Лейкай“ па водах Палесся». Ад самага пачатку ў цэнтры ўвагі Соф'і быў не проста краявід, не проста нацюрморт, не проста партрэт. Фотамастачка цярпліва і мэтанакіравана лавіла моманты жыцця, рабіла не пастановачныя кадры, а самыя натуральныя, але выключныя! Не будзем забываць таксама пра тагачасныя тэхнічныя магчымасці фотасправы, што вымагала немалых ведаў і вялікае практыкі.

Свае творы яна друкавала ў віленскім тыднёвіку Świat і высылала на шматлікія выставы ў Польшчы і за мяжой. Маляўнічыя і недаступныя тэрыторыі, а таксама іх жыхары сталі першым натхненнем для яе твораў.

Нягледзячы на арыстакратычнае паходжанне, Соф'я здолела ўвайсці ў асяроддзе палешукоў і стаць бесстаронняй назіральніцай іх звычаяў.

Але за гэтай бесстароннасцю бачна і любоў, і спагада, і яе шчырая павага да сваіх персанажаў. Для Соф'і гэта і быў яе родны народ, з якім яна адчувала магутную, непарыўную повязь праз усё жыццё.

Разам з тым у фотамастачкі шмат кампазіцыйна пабудаваных здымкаў, звернутых у першую чаргу да эмоцый, што перадаюць атмасферу, настрой чыстае красы. То-бок перадусім нясуць магутны эстэтычны і сэнсавы патэнцыял. Гэта, уласна, і называецца мастацкай фатаграфіяй. Соф'я шмат вучылася, развівала свой метад і ўзбагачала творчыя прыёмы. Яна ў той час сама пісала: «Як аб'ектыў, так і пэндзаль у руках няўмекі не створаць твор мастацтва!»

Дзякуючы зробленым здымкам мы можам акунуцца ў невераемную і экзатычную для сучасных гледачоў атмасферу міжваеннага Пінска, зазірнуць у падтопленыя вёскі, між бяскрайніх палескіх разлогаў, убачыць, як, напрыклад, сушылі адбеленае льняное палатно ды іншыя ўжо забытыя традыцыі.

Ад беларускага перыяду творчасці Соф'і (1925—1939 гады) захавалася больш як тры тысяч здымкаў! Яны сёння маюць не толькі культурную, мастацкую, але і велізарную дакументальную каштоўнасць.

Тым часам, нечакана для ўсіх, Соф'я дамаглася разводу са сваім першым мужам, праз дзесяць гадоў шлюбу… Прычыны так і засталіся невядомымі. Дапускаю, што яна прагнула не проста свабоды, але і пэўнага інтэлектуальнага, творчага росту. Вяртанне на Палессе пасля няўдалага шлюбу, пасля яркага падарожжа па Еўропе адкрыла новы этап у жыцці Соф'і — як у творчасці, так і ў асабістым жыцці. Яна выйшла замуж за яшчэ аднаго арыстакрата — Якуба Хамянтоўскага герба «Ліс». Ды неўзабаве нарадзіла дваіх дзяцей — дзяўчынку і хлопчыка.

Хамянтоўская фатаграфавала ў асноўным тэрыторыі вакол свайго радавога маёнтка — Парахонск, Багданаўку, Гарадзішча, Дабраслаўку, а таксама маёнтак мужа, радзівілаўскія Манькавічы, Пінск, Гродна, маляўнічае возера Хальча, рэкі Бобрык, Піну, Прыпяць. Разам з калегам Янам Булгакам, які бываў госцем у яе сядзібе, у 1938 годзе ўдзельнічала ў супольнай выставе падчас Палескага кірмашу ў Пінску. Некаторыя здымкі Соф'і публікаваліся ў даваеннай польскай прэсе. Але толькі праз многія гады адкрыўся поўны змест так званых палескіх скрынь фотамайстра, у якіх захоўвалася мноства неапублікаваных негатываў, выкананых у асноўным у 1930-я гады. Беларускі архіў складаецца з тысяч негатываў, з выявамі не існуючага ўжо сёння Палесся...

Сярод любімых тэм Хамянтоўскай — кабеты-паляшучкі за працай, пра якіх яна пісала: «На Палессі ўсё трымаецца на бабе».

На яе здымках мы бачым гандлярак на кірмашах, палескіх ткачых і прачак, маладых жнеек з сярпамі і старых удоў, кабет у адметных тамтэйшых традыцыйных строях… Перадусім фотамастачка фіксавала не святы, а паўсядзённасць. Сяляне знятыя ў момант працы на рацэ, каля хаты, у полі і ў лесе…

Хамянтоўская вярталася на Палессе зноў і зноў. Яе добра ведалі і лічылі сваёй, таму і на фотаздымках людзі шчырыя, адкрытыя і часам усмешлівыя. У сваім фатаграфічным летапісе Соф'я стварыла адзін з самых яркіх вобразаў рэгіёна. Ён аўтарскі і суб'ектыўны — уласна, як і мае быць у сапраўдным мастацтве.

Адна з найважнейшых тэм Хамянтоўскай — вада як аснова палескага быцця. Разлітыя рэкі, рыбакі са снасцямі, грэблі пасярод вод… Шмат фатаграфій лодак у зарасніках вербалозу, трыснягу і чароту або ў атачэнні вадзяных лілей. Прырода цікавая ёй як асяроддзе жыцця палешукоў, неад’емная частка побыту. І сялянскі люд ва ўласных аўтэнтычных строях паказаны ёю ў маляўнічым, а часам і экзатычным выглядзе — захавальнікам найстаражытнейшых каранёў нацыі. Соф'я фіксавала імгненні жыцця, якім жыла сама, жыцця блізкага і зразумелага ёй.

Пачала фатаграфаваць тое, што сёння назвалі б гламурам

Яшчэ адно захапленне Хамянтоўскай — старажытны Пінск. Перадусім воды рэк, нібы венецыянскія каналы, па берагах якіх шумяць каларытныя кірмашы. Фотамастачку вабіла разнастайнасць вялікай колькасці людзей і рэчаў і ўзаемаадносіны, што ўзнікаюць на гэтым фоне. З гэтых відаў і вобразаў складаецца спарадкаваная карціна таго далёкага ўжо ад нас свету, што сышоў незваротна ў нябыт, але мы і сёння бачым яго на фотаздымках Соф'і.

З цягам часу Хамянтоўская пачала ўсё часцей бываць у Варшаве, дзе з сярэдзіны 1930-х гадоў засталася жыць. Пераезд змяніў тэматыку яе фота. Яна ўдзельнічала ў розных конкурсах і атрымлівала прызы. Зробленыя Соф'яй здымкі публікаваліся ў Варшаве нароўні з працамі прафесіяналаў; ужо тады яе фатаграфіі лічыліся наватарскімі. Яна фіксуе тое, што сёння назвалі б гламурам. На даваенных здымках паўстае жыццё залатой моладзі тагачаснай Польшчы — у модных строях, з саксафонамі, на бліскучых аўто.

Так атрымалася, што Хамянтоўская, пераехаўшы ў Варшаву літаральна за некалькі гадоў да вайны, змагла ўвекавечыць тую невераемна прыгожую, як сон, сталіцу эпохі яе росквіту. Таксама з цікавасцю яна здымае архітэктуру, перш за ўсё шыкоўныя інтэр’еры палацаў. Міністэрства камунальнай гаспадаркі запрасіла яе працаваць штатным фотакарэспандэнтам. Соф'я ўвесь час была ў раз'ездах па ўсёй Польшчы.

У 1939 годзе яна разводзіцца з Якубам (які неўзабаве пакідае акупаваную нацысцкімі і савецкімі войскамі Польшчу) і застаецца ў знявечанай Варшаве з дачкою Габрыэлай і сынам Пятром… Хамянтоўская шмат здымала ў акупаванай сталіцы, у тым ліку непасрэдна падзеі Варшаўскага паўстання. Тады ж яна выратавала і вынесла з горада не фамільныя каштоўнасці, а бясцэнныя негатывы, што пазней падаравала Гістарычнаму музею Варшавы. У 1945 годзе разам з Тадэвушам Пжыпкоўскім Соф'я ўклала драматычную фотавыставу «Варшава абвінавачвае» — першую паваенную польскую фотавыставу ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, што пасля экспанавалася ў іншых гарадах Польшчы і за мяжой. На ёй Хамянтоўская паказвала здымкі зруйнаванай, колісь ззяючай польскай сталіцы і людзей, якія ў яе вярталіся. Пасля вайны ў гэты ж музей патрапіла каля пяці тысяч яе негатываў за 1923—1939 гады, што прадстаўляюць перадусім даваенную Заходнюю Беларусь, ды варшаўскія хронікі 1945—1947 гадоў.

Нечакана пераехала на сталае жыхарства ў Аргентыну

Сама Соф’я Хамянтоўская разам з дзецьмі пераехала ў 1947 годзе ў Аргентыну. Назаўжды. Падчас доўгага жыцця там (больш за 30 гадоў) яна ўжо не займалася фатаграфіяй. Ніколі. І толькі ў 1971-м наведала Варшаву, але ненадоўга. Яе Варшавы ўжо не існавала… Памерла Соф’я ў Буэнас-Айрэсе ў 1991 годзе, калі на яе Бацькаўшчыне пачыналася зусім іншая гісторыя. Але ў незалежнай новай Беларусі яе згадалі.

Цягам 2011—2012 гадоў у Пінску і Мінску ладзіліся шыкоўныя выставы, былі выдадзены альбом і буклеты, прысвечаныя творчасці выбітнай нашай зямлячцы, шчырай патрыётцы — Соф’і Хамянтоўскай.

А ў 2012 годзе рэжысёр Юрый Гарулёў зняў пра гэтую жанчыну з незвычайным лёсам цэлы фільм «Летапіс у промнях святла». Яго можна зараз вольна паглядзець у сеціве. Зрабіце гэта абавязкова!


Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by