«Зразумеў, чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску». Як хлопец з Баранавіч лёгка вывучыў 10 моў

24 438
08 июня 2021 в 8:00
Источник: Воля Івашэнка

«Зразумеў, чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску». Як хлопец з Баранавіч лёгка вывучыў 10 моў

Источник: Воля Івашэнка

Ігар Ганчарук — паліглот. Новую мову хлопец здольны вывучыць за палову года, прытым робіць ён гэта не гартаючы падручнік, а часцей за ўсё падчас падарожжаў. У свае 34 малады чалавек не лічыць сябе прывязаным да нейкай адной краіны, а пры жаданні лёгка можа ўзяць адзін заплечнік і адправіцца ў вандроўку на Усход.

Моўную армію прайшоў у рэстаране

Як распавядае сам Ігар, пачалося ўсё даволі нечакана.

— У родных Баранавічах у школе вучыўся на фізмаце. Усё атрымлівалася, але ў 11-м класе зразумеў, што ісці ў ВНУ па гэтым напрамку мне зусім не хочацца. У 7—8 класах я два гады займаўся на моўных курсах. Але збольшага гэта было хобі, без аніякай мэты. І вось у 11-м класе падумаў: а можа, пайсці ў мовы? Прыйшоў да рэпетытара, зрабіў тэст на валоданне англійскай мовай. Яна паглядзела і кажа: «Будзе табе цяжка». Але ўжо праз некалькі месяцаў заняткаў, калі я зноў зрабіў моўны тэст, тая ж рэпетытар сказала: «А не, цяпер бачу, што ўсё атрымаецца».

Праз некалькі месяцаў Ігар ужо паступіў у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на выкладчыка англійскай і нямецкай мовы. А пазней перавёўся ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне.

— У той момант я яшчэ не разумеў, чаго хачу ў жыцці. Ну, вучыўся і вучыўся. Пасля вучобы трапіў у армію, а далей... Далей было выпрабаванне. Я элементарна не мог уладкавацца на нармалёвую працу, не мог знайсці сваё месца. Былі моманты, што я сам для сябе не разумеў, чым займацца далей. Ведаў толькі: я гатовы вучыцца, мне падабаюцца мовы, і я хачу ісці далей.

Праз некаторы час Ігар трапіў у польскі ўніверсітэт, дзе ён вырашыў вывучыць польскую мову.

— Умовы былі такія: прыяжджаеш, вывучаеш польскую мову з нуля, а пасля ўжо сам выкладаеш яе на курсах ці ў прыватных школах для замежнікаў.

Каб вывучыць мову хутчэй, з польскіх Слубіцаў, дзе хлопец навучаўся ў рускамоўным асяроддзі (разам з ім на занятках у асноўным былі беларусы, украінцы, рускія), на другім курсе Ігар пераехаў у Гданьск.

— Там я за год амаль не сустрэў рускамоўных. У выніку вельмі добра падняў свой узровень польскай мовы.

Каб было на што жыць акрамя невялікай стыпендыі і часцей бываць у польскім асяроддзі, малады чалавек пайшоў працаваць афіцыянтам.

— Ніколі не цураўся гэтай працы. Скажу нават больш: для мяне досвед у рэстаранах быў такім жа самым, як для многіх хлопцаў армія. Мяне, напрыклад, армія не навучыла ні карыснаму, ні добраму. Я трапіў туды не ў 18, а ў 23, то-бок ужо сталым чалавекам.

Паўплываць на мяне армія ўжо не магла. А вось праца ў рэстаране дадала мне самастойнасці, упэўненасці ў сабе. Дарэчы, менавіта там я навучыўся камунікаваць з людзьмі. Да гэтага размаўляць з чужымі я быў амаль няздольны. Калі б мяне запрасілі на інтэрв’ю, напрыклад, у 2011 годзе, яно б дакладна не адбылося, бо я быў вельмі падобны да сацыяфоба. (Смяецца.) Працуючы ў рэстаранах, я навучыўся ім не быць, калі мне гэта трэба. Вельмі развіў камунікатыўны навык. Там жа, у Гданьску, адбылася і мая трансфармацыя — асабовая і моўная.

«Тое, на якой мове я думаю, залежыць выключна ад асяроддзя»

Як успамінае Ігар, з цягам часу ён зразумеў, што на польскай мове пачаў не толькі размаўляць, але і думаць.

— Аднойчы прачнуўся і зразумеў: дык і сны ж мне сняцца па-польску. І ўсё гэта таму, што маё асяроддзе было выключна польскім. Элементарна, але ўсвядоміць гэта для сябе было вельмі крута. У той жа момант для мяне відавочным стаў наш беларускі дыскурс пра тое, чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску.

Быў вельмі паказальны момант. Дзяўчына, з якой мы разам працавалі ў рэстаране, заўважала: калі я знаходзіў для сябе нейкае новае польскае слова, я звяртаў на гэта ўвагу і гаварыў: «У вас так, а ў нас так». Пры гэтым пад выразам «у нас» я меў на ўвазе рускую мову. І тая дзяўчына ўвесь час пыталася: «Чаму гэтае „ў нас“ — не пра беларускую, а пра рускую мову?»

А калі тая ж дзяўчына пыталася ў мяне, чаму я ў сваёй краіне не размаўляю па-беларуску, я быў гатовы выдаць ёй усе тыя варыянты, якія я зараз чую ад беларусаў у адказ на тое ж самае пытанне ўжо ад сябе. Ёсць цэлы шэраг такіх адказаў.

Першы: «У нас два государственных языка». Але гэта не адказ. Пытанне ж было «Чаму ты не размаўляеш менавіта па-беларуску?».

Другі: «Я не знаю белорусский язык». Гэта, я лічу, нармальны адказ, бо многія сапраўды не ведаюць беларускую мову. Некаторыя гавораць: «Не хочу разговаривать с ошибками». Гэты адказ я не ўспрымаю. Калі так гавораць, маецца на ўвазе, што па-руску чалавек размаўляе без памылак. Але гэта не так. Пажыўшы ў Расіі, я зразумеў, што па-руску беларусы таксама размаўляюць з вялікай колькасцю памылак. Недастаткова толькі не рэкаць і не цекаць. Гэтага вельмі мала, каб правільна размаўляць па-руску.

Бывае і такі адказ: «Белорусский язык — деревенский». Ну добра, гэта асабісты густ. Прымаю.

Апошні аргумент: «Ну думаете-то вы все равно на русском». Вось яго я шмат часу не мог пабіць. Пакуль я жыў у рускамоўнай Беларусі сярод рускамоўных людзей, я разважаў па-руску. Але як толькі пераехаў у Польшчу і пачаў бачыць сны на польскай мове, зразумеў: тое, на якой мове я думаю, залежыць выключна ад асяроддзя, у якім я жыву. Усё проста: калі б у Беларусі адукацыя і тэлебачанне былі на беларускай мове, то і мы б думалі па-беларуску.

«Замежную мову лягчэй вывучаць праз тое, што ты ведаеш на роднай мове»

Там жа, у Польшчы, чытаючы артыкулы пра Беларусь, каментарыі да іх, Ігар пачаў пісаць выключна па-беларуску. Галоўным трыгерам, са слоў хлопца, для яго сталі крымскія падзеі. Праз нейкі час малады чалавек канчаткова вырашыў для сябе, што з беларусамі ён будзе размаўляць выключна па-беларуску.

На трэцім курсе польскага ўніверсітэта Ігар перавёўся ў Дрэздэн.

— У Германіі я таксама пайшоў працаваць у рэстаран, бо там спрыяльнае асяроддзе для вывучэння моў.

Аднойчы падчас працы ў рэстаране хлопец звярнуў увагу на назву ежы, у складзе якой было італьянскае слова cipollo.

— Як Чыпаліна, а ў перакладзе з італьянскай мовы — «цыбуля». Памятаю, як тады падумаў: блін, гэта ж настолькі падобнае ўсё. Не раз чуў, што італьянская мова не вельмі цяжкая. Так я вырашыў перайсці да раманскай групы моў — італьянскай, іспанскай і французскай. Вывучаў самастойна, і ў мяне атрымалася.

Для вывучэння моў хлопец выпрацаваў сваю методыку. Спачатку ён аналізуе граматыку, а потым пачынае спажываць кантэнт. Чытае і слухае на розных мовах перадачы пра тое, што яму самому цікава ў жыцці.

— Гэта нават не мая прыдумка. Калі я пачаў цікавіцца паліглотамі, зразумеў, што замежную мову лягчэй вывучаць праз тое, што ты ведаеш на роднай мове. Умоўна кажучы, тэкст у Вікіпедыі пра Мінск на англійскай мове ты зразумееш значна лепш, чым тэкст на англійскай мове пра сталіцу нейкай іншай краіны. Канешне, часам гляджу відэа, дзе тлумачыцца граматыка, але вельмі коратка. У сярэднім новую мову на ўзроўні разумення і падтрымкі камунікацыі з мясцовымі магу вывучыць за 3—6 месяцаў. Усё залежыць ад часу, які магу адводзіць на вывучэнне, і рэгулярнасці заняткаў.

«Ведаючы мовы, зусім не прынцыпова, у якой краіне ты жывеш»

З цягам часу Ігар для сябе зразумеў: ведаючы мовы, зусім не прынцыпова, у якой краіне ты жывеш. Калі валодаеш рускай, англійскай, іспанскай мовамі, ты з лёгкасцю можаш камунікаваць амаль з усім светам. Засталася толькі кітайская.

Незадоўга да пачатку пандэміі хлопец вырашыў адправіцца ў падарожжа і з адным заплечнікам на спіне даехаць аўтастопам да Кітая.

— Гэта была самая непадрыхтаваная вандроўка. Паехаў у кастрычніку, але не прадугледзеў, што нават на поўдні ў гэты час ужо можа быць халодна. План быў паехаць на Усход, даехаць да Кітая праз Каўказ, Іран, Турцыю, там папрацаваць з год настаўнікам англійскай мовы, каб зарабіць на наступныя падарожжы, і паехаць далей.

На Каўказ прыйшлося ехаць праз Украіну, Турцыю. А там ужо падумаў: побач цэлыя Балканы, чаму б не паглядзець і іх. Заехаў.

У кожнай краіне Ігар быў па некалькі дзён. Хацеў хутчэй вярнуцца ў Турцыю, пакуль не зробіцца холадна.

— Я быў упэўнены, што там не будзе зімы ў нашым разуменні. Былі пытанні з аўтастопам, бо ў тых краінах сітуацыя з ім не зусім такая, як у нас. Там цяжэй. Наконт іншага праблем не вельмі шмат. На ежу дастаткова і 10 долараў штодзень. Як чалавек, які шмат часу адпрацаваў у рэстаранах, я ведаю сапраўдны кошт ежы і разумею, што есці ў звычайных сталоўках — гэта абсалютна нармалёва і вельмі рацыянальна. У мяне не было палаткі, таму ночыў я або ў хостэлах за 5—15 долараў, або праз каўчсёрфінг. Каўчсёрфінг, дарэчы, гэта самае цікавае. Пазнаёміўся з класнымі людзьмі ў розных краінах.

Краінай, якая падчас вандравання ўразіла хлопца больш за ўсё, стала Боснія. Дакладней, сталіца гэтай краіны — Сараева.

— Гэты горад стаў для мяне адкрыццём у плане архітэктуры. Я адмыслова крочыў у бок Усходу, бо Еўропа для мяне ўжо стала нейкай аднолькавай. Прыгожай і старажытнай, але аднолькавай.

Падарожжа Ігара доўжылася восем тыдняў. Хлопец праехаў Украіну, Малдову, Балгарыю, Сербію, Косава, Чарнагорыю, Албанію, Славенію, Харватыю, Румынію... Праблем з камунікацыяй не было нідзе, а кошт усяго падарожжа не перавысіў нават 500 еўра.

— Але ў Македоніі я зразумеў: мне, як ні дзіўна, не вельмі падабаецца падарожжа. Я не бачыў у гэтым сэнсу. Дарога, дарога... Проста адзначаць для сябе на мапе птушачкі «я тут быў» таксама не вельмі цікава. Ва ўсім павінен быць сэнс.

Там жа маладога чалавека напаткала навіна пра тое, што яго фотапраект упершыню апублiкуюць.

— Перад падарожжам я запісаўся на другі курс фоташколы. Планаваў займацца дыстанцыйна, але ўсё ж вырашыў, што ў дадзены момант падарожжа страціла свой сэнс. Вырашыў вярнуцца ў Беларусь і актыўна павучыцца далей. Рашэнне было правільным. Я зняў новы фотапраект, які заўважылі ўжо за мяжой і які стаў удзельнікам прэстыжнага фотафестывалю.

Зараз Ігар у Беларусі. Думаць пра падарожжы не прыходзіцца. Маўляў, для гэтага патрэбны пэўныя эмоцыі і жаданне. А пакуль не да гэтага. Хлопец займаецца фатаграфіяй, рэпетытарствам і ўжо пачаў вывучаць новыя мовы — арабскую, фінскую, шведскую. На чарзе — прыбалтыйскія мовы.

Ігар упэўнены: кожная мова — не толькі новы пласт лінгвістычных ведаў, але і новы культурны падмурак, які з цягам часу перастае быць звязаным з мовай і назаўсёды трансфармуе чалавека, робячы яго больш вольным у самых розных сэнсах.


Деловые, повседневные и спортивные рюкзаки в Каталоге Onliner

Выбор покупателей
городской, унисекс; 1 отделение
городской, унисекс; 1 отделение
городской, унисекс; 10 л; 1 отделение

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by