Не кожны з нас ведае, што Уладзімір Караткевіч пісаў не толькі гістарычныя раманы, аповесці, п’есы ды паэмы. Беларускі творца складаў і аповеды для самых маленькіх землякоў. Казкі Караткевіча — такія, як і ён сам: шчырыя, высокамаральныя, любяць звяртацца да гісторыі, жартаў, прыродных і містычных з’яў. Пісьменнік з самага дзяцінства верыў у чысціню чалавечых намераў, з захапленнем вывучаў раслінны і жывёльны свет і вельмі рана стаў прыдумваць уласныя казачкі — такія, што ў дзіцячым лагеры ўсе з захапленнем слухалі шасцігадовага (!) хлапчука. У новым праекце Onliner і A1, прысвечаным лёсу і творчасці выбітнага пісьменніка, мы расказваем, як Уладзімір Караткевіч пачаў ствараць чароўныя і часам містычныя сюжэты для сваіх маленькіх чытачоў.
Як мы ведаем, Уладзімір Караткевіч навучыўся чытаць прыкладна ў трохгадовым узросце. Але перш як з кнігай, аршанскі хлопчык пасябраваў з алоўкам — спачатку расфарбоўваў размалёўкі, а пасля пачаў маляваць маленькіх чалавечкаў. Яго старэйшая сястра Наталля пры жыцці згадвала, што Караткевіч вельмі любіў ілюстраваць казкі, якія яму чыталі ў сям’і.
— Па-першае, ён іх добра запамінаў і да кожнай рабіў свой уласны малюнак. А па-другое, мог яшчэ ўласную казку расказаць, прыдуманую ім самім, — распавядала Наталля Сямёнаўна.
Паводле яе ўспамінаў, настольнай кнігай маленькага Валодзі была «Жизнь животных» нямецкага заолага і падарожніка Альфрэда Брэма. Пасля гэтае захапленне Караткевіча перарасло ў дарослую цікавасць да жывёльнага свету.
— Ён жа цудоўна ведаў «братоў нашых меншых». Хто і як спявае, камар ці камарыха кроў п’е — усё трымалася ў яго галаве. А што катоў і сабак любіў — не пераказаць! — расказвала калісьці яго сястра.
Таксама яна згадвала вельмі шчымлівы выпадак, які надта добра ілюструе стаўленне дзіцёнка-Караткевіча да жывёл і недапушчальнасць у яго галаве трагічных выпадкаў з імі.
— Валодзю споўнілася на той час гады тры ці тры з паловай. Дома засеклі пеўня і паклалі на парозе ў кухні. У такіх хатах раней адзін уваход лічыўся парадным, а другі вёў праз кухню ў двор і сад. Валодзя якраз ішоў з саду ў дом. А тут на парозе певень ляжыць. Хлопчык жа зусім маленькі яшчэ, нават «р» не мог вымаўляць. Спыніўся ён перад гэтым пеўнем і кажа: «Пітусёк, дайце далёгу». А той «петушок» ляжыць сабе! Валодзя зноў: «Пітусёк, дайце далёгу…» Пераступіць птушку ён не здагадаўся, бо і не думаў, што «пітусёк» забіты. Разуменне гэтага для хлопчыка ўвогуле было б трагедыяй… Так ён і стаяў, і прасіўся, пакуль нарэшце маці не падышла да яго і не дала яму тую дарогу… — пра такі выпадак расказвала Наталля Сямёнаўна.
Таксама ў сям’і Караткевіча вельмі любілі святы. Асабліва запамінаўся Вялікдзень, які ў савецкія часы быў забаронены. Тады бацькі маленькага Валодзі фарбавалі яйкі ў лушпінні цыбулі. Хлопчык не мог адарваць ад гэтага працэсу вачэй, а пасля размалёўваў тыя яйкі рознымі фарбамі: наносіў на іх пейзажы і чалавечыя твары.
Цікавіцца тым, як ствараюцца кніжкі, Уладзімір Караткевіч пачаў яшчэ падчас наведвання дзіцячага садка, а ў шэсць гадоў ён адправіў ліст да Карнея Чукоўскага — так быў уражаны ягонымі казкамі. Напісаў вялікімі друкаванымі літарамі, а пасля бегаў шчаслівы, што атрымаў адказ ад вялікага пісьменніка. Праўда, лісты згарэлі ў вайну — невядома, што тады напісаў маленькаму хлопчыку Чукоўскі.
А яшчэ сястра Караткевіча згадвала, як штогод ездзіла адпачываць у піянерскі лагер і аднойчы — у 1938 годзе — стала піянерважатай над 25 дванаццацігадовымі дзяцьмі. Яны слухаліся дзяўчыну, але справа пайшла яшчэ лепей, калі Наталля прывезла свайго брата Валодзю і пасяліла яго з хлопчыкамі.
— Штовечар пасля адбою ўсе клаліся спаць пад Валодзевы казкі. Ён іх ведаў шмат, але кожны раз расказваў роўна паўгадзіны, а далей святое — сон. Казкі, дарэчы, ніколі не паўтараліся. Я сама заходзіла, слухала. Там, канечне, шмат было сваіх прыдумак, — успамінала Наталля Сямёнаўна.
На той час Уладзіміру Караткевічу не было яшчэ і сямі год…
Маленькі Валодзя вельмі любіў свайго дзеда па матчынай лініі Васіля. Дзед быў моцным фізічна і з багатаю светлаю душой. Сапраўдны беларускі волат. Ён расказваў свайму ўнуку вельмі шмат паданняў і казак. Гэта таксама адбілася на творчасці пісьменніка. У лісце да Максіма Танка ў 1956 годзе Караткевіч пісаў, што мова яго дзеда — «каскад досціпаў, прыказак, яскравых, як вясёлка, жартаў…».
«Ну вось, давай мы з табой сядзем ды паслухаем, што было калісь. Гэта расказаў мне дзед. А майму дзеду — ягоны дзед. А таму дзеду — яшчэ ягоны дзед. А дзеду дзеда нашага дзеда расказалі іншыя разумныя людзі. Так што ўсё гэта праўда...» — так пазней пачне Караткевіч сваю прыгодніцкую казку «Bepaбeй, caвa i птyшыны cyд».
У тым, што Уладзімір Сямёнавіч пабываў у кожным кутку Беларусі, збіраючы для сябе і ўбіраючы ў сябе народныя казкі, легенды і паданні, ніякага сакрэту няма. Але ж цікавасць пісьменніка да складання казачак задакументавана яшчэ ў пачатку 1950-х гадоў — Уладзіміру тады было трошкі больш як 20 год!
Пра тое, што ў Караткевіча да лета 1952 года быў ужо немалы мастацкі набытак, сведчаць ягоныя творы, якія ён адаслаў тады для ацэнкі Якубу Коласу. Гэта былі «Казкі i легенды маёй Радзімы», якія занялі аж 129 старонак агульнага сшытка! Уладзімір адправіў Коласу казкі «Лебядзіны скіт», «Вужыная каралева», «Аўтух-дамоўнік», «Казка пра Пятра-разбойніка», «Надзвычайная котка», «Мужык i дзіва аднавокае», «Рыбі цар», «Пан тванны, шляхціц багняны», «Ноч», «Куцька», «Вераб’ёва цешча», «Старая казка»...
— Усё гэта, за выключэннем казкі «Надзвычайная котка», якая пазней была дапрацавана i атрымала назву «Чортаў скарб», i верша «Машэка», пры жыцці пісьменніка не друкавалася. Вершы на беларускай мове, казкі «Лебядзіны скіт», «Чортаў скарб», апавяданне «Паляшук» увайшлі ў першы i другі тамы ягонага Збору твораў у васьмі тамах (1987—1991), — згадвае ў сваіх працах літаратуразнаўца Анатоль Верабей.
У першай палове 1950-х гадоў Уладзімір Сямёнавіч не толькі збіраў, запісваў i даследаваў народную творчасць, пра што сведчаць ягоныя «Казкі i легенды маёй Радзімы», адасланыя Якубу Коласу, i дыпломная праца па заканчэнні Кіеўскага ўніверсітэта «Казка. Легенда. Паданне», але і плённа выкарыстоўваў набыткі фальклору як у ранніх, так i пазнейшых творах.
Але ж афіцыйны дэбют Караткевіча як дзіцячага аўтара адбыўся ў 1975 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура»: тады выйшлі дзве яго невялічкія кнігі — «Казкі» і «Белавежская пушча». Першая дагэтуль захоўваецца ў архіве Нацыянальнай бібліятэкі, ці ж не цуд?
У 1980 годзе, калі на Беларусі ўжо ведалі Караткевіча-казачніка, пісьменнік і легендарны рэдактар дзіцячай «Вясёлкі» Уладзімір Ліпскі папрасіў свайго цёзку напісаць што-небудзь для маленькіх чытачоў часопіса, хоць і ведаў, што той заўсёды загружаны працай: бачыў на яго пісьмовым стале таўшчэзныя стосы рукапісаў для дарослых.
— А так хацелася, каб літаратурны мудрэц адкрыў залацінкі свайго творчага скарбу самым юным чытачам, якія толькі-толькі пачынаюць спасцігаць родную мову, — згадваў Уладзімір Ліпскі. — Мы надрукавалі ў лістападаўскім нумары казку Уладзіміра Караткевіча «Вясна ўвосень». Для ўсіх вясёлкаўцаў гэта публікацыя стала святам: сам Караткевіч спецыяльна для нашых чытачоў напісаў казку!
Гэтую і іншую казку, напісаную для «Вясёлкі», часопіс перадрукоўваў неаднаразова. Другі дзіцячы твор называецца «Жабкі і Чарапаха».
І тады ж, у 1980-м, знаходзячыся ў санаторыі, сціплы Караткевіч суправаджаў свае рукапісы наступнымі словамі:
«Ох, браткі, каб жа я зараней ведаў, якое цяжкае вы мне далі заданне, я б ніколі не падмеўся пісаць для вашых маленькіх, але вельмі патрабавальных чытачоў».
Сябра Караткевіча Адам Мальдзіс казаў, што такія класікі сусветнай літаратуры, як Франсуа Рабле, Шарль дэ Кастэр, Рамэн Ралан, Міхаіл Булгакаў, безумоўна, былі светлымі настаўнікамі Уладзіміра Сямёнавіча падчас яго творчасці. Але ж больш чым на чужыя ўзоры, Караткевіч арыентаваўся на сваё — на старыя летапісы, легенды, казкі.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Раней мы згадвалі, што Уладзімір Караткевіч выношваў думку стварыць цыкл кніг пра жыццё свайго народа на працягу значнага прамежку часу. У адной з папак хатняга архіва, піша даследчык Анатоль Верабей, пісьменнік захаваў ліст паперы ў лінейку, дзе ён склаў план кніг, якія марыў напісаць і якія маглі б скласці 78 (!) тамоў. 36-ы і 37-ы па задумцы Уладзіміра Сямёнавіча павінны былі сабраць казкі і літаратуру для дзяцей — у стылі Х. К. Андэрсэна.
Хіба можна пісаць казкі, калі ты сам не прасякнуты імі і не застаешся дзіцем у душы? Хіба можна вучыць малых справядлівасці, чалавечнасці і шчырасці, калі ты сам не такі? Хіба можна пісаць, калі ты ўсёй душой не адчуваеш свайго чытача і не імкнешся дасягнуць глыбінь яго душы? У выпадку з Уладзімірам Караткевічам — нельга.
Нягледзячы на шэраг выпрабаванняў у жыцці — ваеннае дзяцінства і непрызнанне таленту, — ён захаваў у сабе дзіцячую шчырасць і дабрыню, якую ўдала і ўмела перадаў як дарослым, так і маленькім чытачам.
— На самой справе Караткевіч быў вельмі складаным чалавекам. Але па сваёй натуры — добрым і чулым. Характар яго ўскладнілі жыццёвыя абставіны. На пачатку творчасці Валодзя сутыкнуўся з неразуменнем яго таленту, яго жадання паказаць беларусам і ўсяму свету, што Беларусь — старажытная краіна, у якой ёсць і мова, і гісторыя, і культура. Несправядлівасцей увогуле хапала ў яго пісьменніцкім жыцці, што зрабіла характар больш жорсткім, але душа назаўсёды засталася ранейшай: даверлівай і чулай, — распавядала яго сястра Наталля.
Ваенныя гады балюча ўвайшлі ў свядомасць Караткевіча. Бачачы сытую закуску, ён не раз згадваў, як галадаў падчас эвакуацыі, калі разлучыўся з бацькамі. Вайна не палохала яго: наадварот, некалькі разоў з інтэрната ён уцякаў на фронт. А калі знаходзіўся ў Маскве і пачыналася бамбёжка, то не бег разам з іншымі ў сховішча, а зганяў ката са скрыні, дзе ляжалі старыя часопісы, сядаў на яе і чытаў «Вокруг света» — прывязанасць да часопіса, цікавасць да гэтага вялікага і неабсяжнага свету засталася ў яго на ўсё жыццё. Любоў да меншых братоў, уменне ладзіць не толькі з людзьмі, але і з кожным жучком, раслінкай ці коцікам — такім быў наш Караткевіч.
Ужо ў апошнія гады свайго жыцця, калі пісьменнік прыехаў у бацькоўскую хату ў Оршу, ён вельмі дзівіўся, што каты перасталі мурлыкаць, калі іх лашчаць. Звычайна ў Оршы Уладзімір Сямёнавіч узбіраўся на гарышча бярвенчатай пунькі і абавязкова браў з сабой ката, каб той, супакойваючы, мурлыкаў пад бокам. Але ў апошні прыезд Караткевіча ў родны горад каты чамусьці не мурлыкалі: ён іх лашчыў, гладзіў, а яны — нуль рэакцыі. Пісьменнік нават напісаў пра гэта ў лісце да сваёй знаёмай-акіянолага з Масквы:
«Вот Вы не верите, а в Орше действительно завелась такая династия котов, которые не мурлыкают. И ничего нельзя сделать — гены. Я два поколения котят старался воспитать как надо — дудки! Его гладишь, а он в игру с царапаньем, причем всерьез...».
Акрамя таго, Уладзімір Караткевіч вельмі любіў мультфільмы. Драматург Васіль Дранько-Майсюк адзначаў, што ў кватэры тады панавала цішыня — нішто і ніхто не павінны былі замінаць прагляду. З аднолькавай увагай Уладзімір Сямёнавіч глядзеў і «Ну, пачакай!», і тонка-інтэлектуальныя фантазіі Нарштэйна. Мультфільмы стваралі пісьменніку адпаведны творчы настрой. Той настрой, пры якім вельмі добра пішуцца казачныя творы.
«Магчыма, знаныя літаратуразнаўцы і запярэчаць, але, як нам здаецца, ва ўсім напісаным — раманах, аповесцях, апавяданнях, вершах, сцэнарыях — Уладзімір Караткевіч заставаўся перадусім казачнікам. Ён выдумаў сваю казачную Беларусь. У гэтай краіне жылі фізічна і духоўна моцныя беларусы-арыстакраты. Яны былі выдатна адукаваныя, ведалі шмат моваў і ніколі не забывалі пра родную мову, пра традыцыі сваіх продкаў. Іх кахалі самыя прыгожыя жанчыны. Сядзібы і палацы гэтых беларусаў мелі такія калекцыі жывапісу, якім пазайздросцілі б найлепшыя музеі Еўропы. Персанажы яго твораў шмат у чым маюць падобнасць да казачных асілкаў», — пісаў драматург у сваім артыкуле для часопіса «Пачатковая школа» ў лістападзе 2015 года.
Казкі Уладзіміра Караткевіча вучаць верыць у свой народ, у сваё каханне, у сваю краіну, вучаць любіць сваіх паэтаў, любіць роднае слова, адзначаў Васіль Дранько-Майсюк.
А літаратуразнаўца Пятро Васючэнка распавядаў, што казачны свет Караткевічавых твораў здзіўляе той лёгкасцю і нязмушанасцю, з якой у яго ўваходзіш. Запрашэнне Казачніка самае простае і лаканічнае: «Давай з табой сядзем і пагаворым». У казку Майстра прыносіў тое, што закладваў і ў кнігу для дарослых. Неверагодна закручаны сюжэт. Сонечных герояў, у чысціню якіх верыш. Выдумку. Жарт. Хітраватую ўсмешку. Шчырасць і даверлівы тон апавядальніка.
— Караткевіч-казачнік не сядзіць каля дзіцячага ложка і не закалыхвае салодкімі гісторыямі. Ён увогуле не любіць соняў: «Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаным бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна — той і проста на падлозе», — заўважаў Васючэнка. — Ягоныя захапленні, што пранёс ён праз сваё дарослае жыццё, зразумелыя і юнаму чытачу: рамантыка далёкіх і блізкіх вандровак, рыбалка, грыбныя паходы, цікавасць да прыроды — да ўсяго, што рухаецца і расце, хай гэта будзе заяц, што знайшоў прытулак каля чалавечага жытла, альбо амяла — дзіўны куст, які расце на дрэве і які яшчэ старажытныя рымляне называлі залатой галінай. Перад маленькім чытачом Караткевіч разгортвае іншы свет, у якім здарэнні выглядаюць яшчэ больш неверагоднымі. Гэта свет казкі.
Уладзімір Сямёнавіч сам пражываў кожны свой твор, сам быў там. І ў казачных расповедах таксама.
«I пайшоў цераз поле як на хадулях. Сумны такі дыбае. А гаспадар даараў поле і — дадому. Раскапалі пад печчу зямлю і сапраўды скрыню золата знайшлі. Ну і гулянка ж была. На што ўжо я, а таксама выпіў. Але ж вы нікому гэтага не кажыце. Сорам!» — так ён завяршаў сваю казку «Надзвычайная котка», якую мы ведаем пад назвай «Чортаў скарб».
Вельмі часта сябры і таварышы Уладзіміра Сямёнавіча апісвалі характар пісьменніка як дзіцячы. Яго блізкі сябра Адам Мальдзіс казаў, што непараўнальна больш, чым ворагаў, было ў Караткевіча сяброў.
«А сярод іх — акадэмікі і леснікі, Васіль Быкаў і невядомы нікому пачатковец, артысты віцебскага тэатра і дняпроўскія рыбакі, зарубежныя паэты-перакладчыкі і калгаснікі з-пад Рагачова... Караткевіч усіх гасцінна прымаў, да ўсіх ставіўся даверліва, часам наіўна — як дзіця», — распавядаў ён у кнізе сваіх успамінаў «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча».
Пісьменнік Віктар Карамазаў неяк апісаў такі выпадак. Караткевіч часта наведваў Старажоўскі рынак, дзе любаваўся рознай жывёлай. Яго ўжо там ведалі — асабліва прадаўцы сабак і птушак.
«І вось аднойчы падыходзіць ён да „галубятніка“ і абураецца тым, што той трымае такіх прыгажуноў у цеснай клетцы. Гандляр здзекліва адказвае: „Калі шкада — то плаці: выпушчу на волю“. — „Колькі?“ — „Па дзясятцы за кожнага!“ Караткевіч аддаў тады ўвесь свой ганарар. Браў кожнага голуба з клеткі і трыумфальна ўзнімаў увысь: ляці! А тыя птахі... вярталіся звычным шляхам да гаспадара, у яго клеткі», — згадваў Карамазаў.
На сваім юбілейным вечары ў 1980-м Уладзімір Сямёнавіч быў бадзёры і зусім неафіцыйны, непасрэдны. У час віншавання некалькі разоў хаваўся за кулісы, каб зрабіць пару зацяжак. Галантна цалаваў жаночыя ручкі, перабіваў прамоўцаў дасціпнымі рэплікамі. Паводзіў сябе так, быццам не яго ўшаноўваюць, а кагосьці іншага. Пазней у сваіх успамінах артыст Алесь Лабанок напісаў: «...быў як гарэзлівае, добрае дзіця».
«Часам мне здаецца, што Уладзімір Караткевіч глядзеў на зменлівы свет, на хуткаплыннае жыццё як на велічнае і непаўторнае відовішча. Глядзеў дапытліва і зацікаўлена. Адчуваў сябе ў гэтым відовішчы не толькі гледачом, але і акцёрам, але і рэжысёрам. Ён радасна, неяк па-дзіцячаму ўспрымаў усё тое лепшае, што ёсць у гэтым свеце, — прыгажосць чалавечых твараў і высакароднасць учынкаў, значнасць ідэй і магічную сілу слова, чароўнасць краявідаў і гарманічнасць народнай музыкі», — згадваў Адам Мальдзіс.
А народны паэт Беларусі і сябра Караткевіча Рыгор Барадулін у сваім вершы «Да партрэта Уладзіміра Караткевіча» сказаў наступнае:
Дзіця з вачыма празаўрліўца,
З душой, пакрыўджанай на свет,
Зірне — і будзе фраза ліцца,
Нібыта клёкат праз арліцу,
Як несупыннасць праз Тыбет.
— А гэтыя дзіцячыя цацкі — чые? — спытаў аднойчы ўкраінскі пісьменнік Раман Іванычук у старэйшай сястры Караткевіча, ужо пасля смерці пісьменніка.
— Валодзевы. Ён вельмі любіў дзяцей, а сваіх не меў, — адказала яна.
Але ж гэта не так. Уладзімір Караткевіч меў і дагэтуль мае сваіх дзяцей — маленькіх беларусаў, якія растуць вялікімі беларусамі дзякуючы яго красамоўным, павучальным і ідэалістычным казкам.
«Падказкі Караткевіча» — працяг сумеснага праекта А1 i Onliner, які падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Да 90-гадовага юбілею пісьменніка беларускія майстры тэатральнай сцэны агучылі малавядомы пласт творчасці славутага пісьменніка — казкі для дзяцей. Акрамя таго, напярэдадні Каляд і Новага года А1 выпусціў серыю мастацкіх паштовак з цытатамі з твораў Уладзіміра Караткевіча і малюнкамі мастачкі Нікі Сандрас. Праект носіць назву «ПаштоўкА1» і пашырае кампанію #Караткевіч90.
Сёмую казку — «Жабкі і Чарапаха» — прачытала народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік. Яна з юнацтва захапляецца творчасцю Уладзіміра Караткевіча, у тым ліку яго казкамі. Яе любімы твор пісьменніка — «Чазенія». Таму што пра каханне, пра Беларусь і пра лёс.
— Караткевіч асацыюецца ў мяне з рамантычным рыцарам — не інакш, таму што ён сапраўды самы вялікі казачнік з нашых пісьменнікаў. Я нават думаю, што, можа, гэтыя казкі зусім не для дзетак. Таму што яны насамрэч складаныя. Асабіста я нават не ўсё разгадала ў той казцы, якую чытала, — распавяла народная артыстка. — Мне падаецца, што ніхто з пісьменнікаў так не любіў прыроду, як Уладзімір Караткевіч. Мяркую, што ён нават больш любіў назіраць за прыродай, чым пісаць кнігі. Дзядуля прывучыў яго да ўглядання ў прыроду з самага маленства.
У артыкуле выкарыстаны фотаздымкі з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, новага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах ад выдавецтва «Мастацкая літаратура», аршанскага і рагачоўскага краязнаўчых музеяў, кнігі «Казкі» 1975 года выдання.
Акаўнт Уладзіміра Караткевіча ў Instagram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by