Дыскусіі, ежа і танцы. Як беларусы адзначылі Дзень роднай мовы

14 648
22 февраля 2020 в 22:00
Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: Александр Ружечка

Дыскусіі, ежа і танцы. Як беларусы адзначылі Дзень роднай мовы

Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: Александр Ружечка

Шыльдачка «маленькія беларусікі» засланяе сабой галовы дзяцей. За белым кардонавым плотам для іх стварылі адпаведнае месца: тут яны могуць размаляваць мапу краіны, пакуль іх бацькі слухаюць імпрэзу пра бізнес і беларускую мову. Дарослыя жартуюць, што гэта той самы выпадак, калі ты сто гадоў не бачыў сяброў, прыйшоў сюды і сустрэўся з усімі. Шчыльна спрабуем прайсці ўнутр.

Гэта культурны хаб Ok16. Тут ужо ёсць 50 беларускіх кампаній, ініцыятыў і творчых калектываў. Усе яны сабраліся, каб адзначыць «Мова Фэст», прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. За арганізацыю мерапрыемства адказвае «Арт Сядзіба».

Адкрыццё імпрэзы было запланавана на 13 гадзін, і ўжо з самага пачатку трэба было пастарацца, каб праціснуцца ўнутр. Зрэшты, сітуацыя не моцна адрознівалася ў саміх залах. Вольны ўваход сапраўды спрацаваў: у абодвух пакоях поўна людзей усіх узростаў, а майкі з вышыванкамі тут сапраўды можна было б выкарыстоўваць як уваходны квіток: іх занадта шмат.  І тут насамрэч зазначаюць, што чакалі менш людзей. «Няўжо ў нас усе такія адданыя?» — сумняецца хтосьці.

Мама, а можна мне купіць кніжачку з фарбачкамі? — кажа адно малое і цягне сваю маму за спадніцу.

Гэта першая ўнутраная зала, і яна ўладкаваная для пакупак. Але прайсці хаця б да аднаго стала і разглядзець прапановы вельмі складана. Бацькі абіраюць кніжачкі для сваіх дзяцей, малыя штурхаюць адно другога і спрабуюць высветліць, што ім трэба клянчыць у бацькоў. Дзесяць, дваццаць, трыццаць рублёў — ніякія кошты тут ролі не іграюць, дарослыя забіраюць амаль усе кнігі.

— Тут аддаюць танней? — пытаем.

— Ды проста грошы хочацца патраціць, — тлумачыць чыйсьці шчодры бацька і ўжо імкнецца пачаць святкаванне.

Дарэчы, першы яго этап пачынаецца наўпрост на вуліцы. Калі вы не баіцеся застудзіцца, перад уваходам паставілі фуд-тракі, якія чакаюць людскія гаманцы. Прыводзім сярэдні кошт ежы: за кулёчак бульбы прасілі 5 рублёў, кольца з цыбулі аддавалі за два, а святое блюда — дранікі выстаўлялі за 3,50. Ёсць тут і звычайнае «галоднае меню» — боршч і бургер.

Але вяртаемся ў цёплае памяшканне. У другой, вялікай зале абяцаюць дыскусіі па бізнесе і беларускай мове, праз гадзіну — па нацыянальнай ідэі. Усе збягаюць сюды ці то каб адукавацца і даведацца новае пра Беларусь, ці то ад штурхатні на ўваходзе.

Усё гэта адбываецца пад няўрымслівы гоман дзяцей, якія складаюць тут значную частку натоўпу, размовы беларускамоўных дарослых, якія вядуць спрэчкі па палітыцы, і няспынныя заклікі далучыцца да дыскусій. Астатнія праходзяць «Моўныя квэсты», наведваюць майстар-класы па ілюстрацыі і сустракаюцца з пісьменнікамі. Дарэчы, выбітны баксёр і ўдзельнік гурта Brutto напачатку імпрэзы даваў майстар-клас «Тайскі бокс па-беларуску». А для тых, хто цікавіцца гісторыяй беларускай мовы і каму яе было мала ў дыскусіях, зладзілі круглы стол па абмеркаванні праблем.

Насамрэч жа ўсе чакаюць вечара, калі змогуць разняволіцца пад беларускую музыку. З выканаўцаў абяцаюць гурт Vuraj, Gleboki Smak, Марыю Ермакову, LEAR і VAL, а таксама Ганну Шаркунову, Zrabi, гурт «Мутнаевока», Леру Яскевіч, Пятра Клюева і Akute. Інтрыгу трымаць не будзем: хэдлайнерам выступіць гурт Volski з песнямі Лявона Вольскага.

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!