«Дзеці ў шостым класе размаўляюць са мной на роднай мове». Адзін дзень з жыцця сучаснай беларускамоўнай дзяўчыны

12 491
21 февраля 2020 в 14:20
Автор: Татьяна Ошуркевич. Видео: Алексей Морозов

«Дзеці ў шостым класе размаўляюць са мной на роднай мове». Адзін дзень з жыцця сучаснай беларускамоўнай дзяўчыны

Автор: Татьяна Ошуркевич. Видео: Алексей Морозов

У Паліны звычайнае жыццё: універ, інтэрнат, сябры ды забавы. Па меркаванні дзяўчыны, сярод іншых яе не вылучае нічога, але хтосьці можа палічыць інакш. Паліне 20, яна размаўляе па-беларуску і ўпэўненая, што камунікаваць з іншымі ёй гэта ніяк не перашкаджае. Гэта толькі здаецца, што ў Беларусі існуюць міфічныя «яны», з кім «нам» даводзіцца шукаць агульную мову. Дзяўчына ж лічыць, такой якраз і з’яўляецца беларуская: нават калі ты рускамоўны, выдатна яе разумееш. Напярэдадні Дня роднай мовы мы прайшліся з Палінай па вуліцах сталіцы, каб даведацца, ці сапраўды двухмоўе перашкаджае камунікацыі, і высветлілі, як гэта — быць маладым беларускамоўным.

Мы сустракаемся на Кастрычніцкай вуліцы: думаем, што гэта ці не адзінае месца, дзе на моўную «іншасць» Паліны не будуць ніяк рэагаваць.

— Гэта добра, бо я інтраверт, мне ўвагі не хочацца, — распавядае дзяўчына, калі прыходзіць да нас з сяброўкай.

Гэта Саша, і з ёй Паліна пазнаёмілася на першым курсе ўніверсітэта.

— Толькі не кажы, што ты адразу не спытала, чаму яна размаўляе па-беларуску, так заўсёды бывае, — звяртаемся да Сашы, пакуль дзяўчаты тыпова абмяркоўваюць штосьці там з універа.

— Вообще нет. Полина, наоборот, вдохновляла меня говорить по-белорусски. Я месяц так общалась. Просто в семье у меня все говорят по-русски, мама вообще белорусский не понимает. Так что я быстро выдохлась. А в нашем с Полиной общении никогда проблем не было: мы спокойно камунікуем. Вот благодаря ей месяц я точно говорила по-белорусски...

— Але не са мной...

— С тобой, ты просто не помнишь!

— Насамрэч, з сябрамі ў мяне ніколі не было праблем, — дапаўняе Паліна. — З Сашай і мовай у мяне звязаны пазітыўныя моманты і жарты. Нават калі мы пазнаёміліся, я пачала ўжываць слова-паразіт «здзек». Цяпер Саша мяне так называе, а я ёй нават падарыла майку з такім надпісам.

Пакуль дзяўчаты спрачаюцца, хто з іх каго натхняе, мы распавядзем гісторыю кахання Паліны і беларускай мовы. Усё пачалося з прадметнай алімпіяды ў дзявятым класе. На абласным этапе ўсе ўдзельнікі (а чаму б і не) дамовіліся тыдзень гутарыць па-беларуску.

— Гэта былі самыя моцныя эмоцыі і лепшае, што здаралася ў жыцці. Калі я вярталася дадому, падумала, а чаму б мне не гутарыць далей. Але да таго, як я пачала размаўляць, прайшло каля паўгода. У межах школы я ўсё роўна гутарыла па-беларуску. Прачыналася кожную раніцу і думала, чаму я ніяк не магу пачаць. І нарэшце пасля 11-га класа цалкам перайшла.

Са сваякамі пытанняў не было. Паліна кажа, яе мама ставілася да рашэння станоўча, як і сястра. Але непаразуменні здараліся з іншымі.

— Мяне прасілі размаўляць «на нармальнай мове». Так аднойчы сказала аднакласніца. І я такая: у сэнсе на нармальнай мове? А потым быў універ, там было штосьці падобнае: я падрыхтавалася да семінара, прыйшла адказваць. «Вы размаўляеце па-беларуску, а я па-руску, гэта непавага», — яна мне сказала. І я такая: окей, ясна. Мне цяпер шкада, што я саступіла, але выкладчыцу тады моцна баялася. Справа ў тым, што ўсе людзі, якія так кажуць, беларусы, і яны разумеюць, што я кажу. Калі яны не разумеюць некалькі слоў, я іх проста перакладаю — гэта ніколі не было праблемай.

Паліна кажа, першапачаткова ёй таксама было нязручна размаўляць на розных мовах. Каб адказаць рускамоўнаму, даводзілася за некалькі секунд усё перакладаць. Праўда, кажа, што раней ёй было складана знаходзіць кантакт з тымі, хто яе не разумеў, а цяпер новыя людзі, з якімі яна знаёміцца, выбачаюцца, што не камунікуюць па-беларуску.

— Магчыма, больш натуральна, калі людзі размаўляюць на адной мове. Але для мяне гутарыць па-беларуску важна, з-за гэтага слабога аргументу я нічога не збіраюся змяняць. Чаму, калі ёсць людзі розных нацыянальнасцей і яны гутараць паміж сабой, пытанняў не ўзнікае, а калі мы жывём у двухмоўнай краіне, яны ёсць? Гэта ж абсалютна нармальна.

Паліна кажа, ёй моцна не хапае беларускамоўнай адукацыі.

— Мне даводзіцца самой перакладаць тое, што мы праходзім, на беларускую мову. Падручнікаў для мяне — адзін-два. Яны вельмі старыя і неактуальныя. Вядома, у мяне ёсць магчымасць адказваць па-беларуску, але я б хацела гэтак жа атрымліваць інфармацыю. Гэта датычыцца і інтэрнэту. Калі ты шукаеш па-беларуску, магчымасць штосьці знайсці памяншаецца. А каб гэта змянілася, трэба каб і людзі шукалі па-беларуску. А яны гэтага не робяць, бо не могуць знайсці. Замкнёнае кола. А яшчэ я часта параўноўваю Мінск з Кіевам. Калі ты ідзеш па вуліцы, а там паўсюль украінская мова — у нас такога і блізка няма. Ёсць штосьці ў метро ці чыгунцы, але ж хочацца лепшага.

Пытаемся ў Паліны пра самае відавочнае: чаму ў час глабалізацыі, пра якую так шмат распавядаюць «інтэрнэты», моладзь усё ж вырашае гутарыць па-беларуску?

— Для мяне мова вельмі важная. Гэта ж не толькі спосаб камунікацыі, але і мыслення — я назіраю гэта на ўзроўні сваіх адчуванняў. Я і зараз заўважаю, што мае аднагрупнікі на 3-м курсе звыкліся і лягчэй размаўляюць са мной. Адчуваецца, што людзі з узростам менш адкрытыя да беларускай мовы, маё ж пакаленне ставіцца да яе станоўча. Ведаеце, я зараз пачала працаваць са школьнікамі, дык у шостым класе ўсе дзеткі спрабуюць размаўляць са мной па-беларуску, хаця я казала, што яны могуць гутарыць як хочуць.

Хаця Паліна і пераконвае нас, што ў яе камунікацыі з рускамоўнымі ўсё выдатна, мы вырашаем правесці сацыяльны эксперымент. Зрэшты, проста мадэлюем дзень са звычайнага жыцця маладой асобы. Ідзём у бліжэйшую краму.

— Добры дзень, скажыце, а што ў вас ёсць свежага?

Жанчына за прылаўкам паводзіць сябе як звычайна і адказвае на пытанне:

— Все свежее, у нас продукты приезжают каждый день.

— А што ёсць з курыцы?

— Филе с ананасами, наггетсы, котлеты есть с помидорами, тортилья с куриным фаршем.

— А колькі будзе адна штучка каштаваць?

— Около рубля. Тортилью давать?

— Давайце. Дзякуй.

Пакідаем аддзел з мясам і ідзём да салодкага. Паліна пытае відавочнае:

— А дзе ў вас беларускія цукеркі?

— Белорусские — что?

— Цукеркі.

— Вот все конфеты.

— Можаце мяне правесці, калі ласка?

Здаецца, у краме ў беларускамоўных не павінна ўзнікнуць праблем. Шпацыруем далей — наперадзе запраўка. Ідзём замаўляць гарбату.

Унутры сіплы хлопец за касай паважліва абслугоўвае людзей, і Паліна займае месца ў чарзе. Сачыць са схаванай камерай у нас, канешне, атрымліваецца не вельмі паспяхова, але мы паспрабавалі. Мужчына ўсё ж заўважае нас і высвятляе, чаму мы здымаем. Тлумачым, што мы катуем яго дзеля рэпартажу, Паліне падыгрываюць і нарэшце абслугоўваюць.

— Можна мне, калі ласка, гарбату?

— Можна, чорную ці зялёную? Яна каштуе 1,99.

— Дзякуй!

— Трымайце, калі ласка.

У нас ёсць галоўны вынік: нас зразумелі і гарбату прадалі.

Далей па плане — культурная адукацыя. Падыходзім у касу.

— Добры дзень. Скажыце, а на што ў вас на сёння ёсць квіточкі?

— Вы хотите в театр?

— Так, давайце што-небудзь для моладзі.

— «Лучшая половинка меня», концертный зал «Минск», малый зал.

— А я туды паспею яшчэ?

— В семь часов, конечно, успеете.

— А колькі каштуюць?

— Ад 22 да 32 рублей.

— А ёсць што-небудзь танней?

Паліне раяць яшчэ адзін спектакль, і яна абяцае хутка вярнуцца. Ніякіх цікавасцей больш не адбываецца — Паліну ўсюды разумеюць.

Робім апошнюю спробу і пытаем у людзей на вуліцы тое, што першае можа спатрэбіцца турысту: як прайсці ў шпіталь ці кавярню. Далучаем кнігарню. Паліну відавочна разумеюць і падказваюць усе месцы. Адна дзяўчына пераходзіць з Палінай на беларускую мову.

— Цэнтральная кнігарня? Бачыце вежу? Вось перад ёй на перакрыжаванні будзе кнігарня. Прасцей за ўсё перайсці ў падземным пераходзе.

— Дзякуй вялікі!

Здаецца, у гэтай спрэчцы з Палінай мы прайгралі: у большасці месцаў яе выдатна разумеюць. Даем ёй магчымасць падвесці вынік.

— Я гэтага і чакала. Па-беларуску я размаўляю заўсёды, таму праблем не чакала. Тым больш што беларусы ў сферы абслугоўвання становяцца лаяльнымі. З камунікацыяй, як і заўсёды, усё нармальна.

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!