2939
31 декабря 2019 в 10:27
Источник: Дар'я Спевак. Фото: Аляксандр Ружачка. Ілюстрацыя: Вольга Няснова
Спецпроект

«Трэба адразу вызначыцца, для чаго ты ідзеш на тэлебачанне». Аляксандр Дамарацкі — пра ідэалы ў прафесіі, стаўленне да вядомасці і старасці

Источник: Дар'я Спевак. Фото: Аляксандр Ружачка. Ілюстрацыя: Вольга Няснова

Амаль паўстагоддзя на беларускім тэлебачанні — гэта сапраўды сур’ёзны працоўны стаж. Асабліва для чалавека, які ўвогуле не планаваў стаць тэлевізійнікам і насамрэч рандомна патрапіў на журфак. Аляксандр Мікалаевіч Дамарацкі прайшоў прафесійны шлях ад рэпарцёра, пераскочыўшы пасаду гендырэктара Белтэлерадыёкампаніі, і завяршыў па праўдзе скарбніцай дзеячаў айчыннай культуры — праграмай «Святло далёкай зоркі». За 17 гадоў свайго існавання перадача налічыла чатыры сотні выпускаў. Напярэдадні навагодніх і калядных святаў мы пагутарылі з Аляксандрам Мікалаевічам у рамках святочнага праекта «Падказкi» з А1, у якім разам з тэлежурналістам запісалі для дзетак казку «Пра змея». Спадар Дамарацкі распавёў пра свае першыя крокі ў прафесіі, шырокую вядомасць, а таксама пра сучаснае стаўленне да тэлебачання.

Адразу пры сустрэчы Аляксандр Мікалаевіч згадвае, што некалі марыў агучваць казкі для дзяцей — і вось сёлета яго мара здзейснілася. Ён зачытаў казачку «Пра змея», якую маленькія беларусы могуць паслухаць у выкананні тэлевядучага на роднай мове. Спадар Дамарацкі згадвае, як у часы кіравання Белтэлерадыёкампаніяй Генадзь Бураўкін правяраў веданне мовы ў кожнага дыктара і вельмі дбайна сачыў за тым, каб кожны супрацоўнік прафесійна гаварыў па-беларуску.

71-гадовы тэлежурналіст дастае з канверта свае архіўныя здымкі, мы заўважаем, што Аляксандр Мікалаевіч дужа змяніўся. Ён і сам гэта заўважае, гледзячыся ў люстэрка.

— Час ёсць час, ён нікога не шкадуе. Але я з гэтай нагоды валасоў на адным месцы не рву, усё нармальна. Ганна Маньяні (італьянская актрыса XX стагоддзя, уладальніца першага для гэтай краіны «Оскара». — Заўв. Onliner) сказала выдатную фразу: «У жыцці перамагае той, хто ўмее старэць прыгожа». Калі ты ўмееш гэта рабіць, значыць, ты ўпэўнены ў сабе. Мужыкі больш спакойна да гэтага ставяцца, а вось мае калегі-жанчыны шмат пра гэта гавораць і шкадуюць, што жыццё прайшло. Але я ім адказваю: «У вас жа ўсё было, дзяўчаты! Гэта ж не можа працягвацца вечна!»

У Аляксандра Дамарацкага таксама было ўсё: і слава, і пасады, і творчае развіццё. Апошняе для яго — самае важнае, пра сваю вядомасць жа ён згадвае толькі з гумарам. Гаворыць, што да яго і цяпер падыходзяць на вуліцы, заўважаюць фармацэўты ў аптэцы — спадара Дамарацкага здзіўляе, што яго пазнаюць маладыя.

— Калі я прапрацаваў на тэлебачанні гадоў дзесяць, вельмі позна ехаў дадому на трамваі — там сядзеў мужчына на падпітку і вельмі пільна на мяне глядзеў. Я стаяў ля выхаду, і, калі мы даехалі да Якуба Коласа, ён кажа: «Я цябе пазнаў. Ты спартыўны каментатар Уладзімір Навіцкі». Я адказваю: «Так». Але Валодзя, па-першае, вышэйшы за мяне на дзве галавы, па-другое, здаравейшы, а па-трэцяе, тады ён быў чарнявым, — смяецца герой.

У трывожныя 1990-я Аляксандр позна ўвечары ішоў дадому. Вакол — нікога. Раптам насустрач выходзіць хлопец з кароткай стрыжкай, у куртачцы і штанах з лампасамі. Дамарацкаму стала не па сабе.

— Шчыра сказаць, біцца я не ўмею. Ён так напорыста на мяне ідзе і раптам гаворыць: «Добры дзень! Я вас пазнаў! А можна аўтограф?» А ў мяне з сабой нічога. Ён дастае пачак цыгарэт, я распісваюся на ім, а хлопец кажа: «Я зараз прыеду дадому, пастаўлю яго ў сваю секцыю».

А ў Нясвіжы на «Дажынках» быў «зусім дзікі выпадак». А чацвёртай раніцы, Дамарацкі ў сваім нумары, грук у дзверы. На парозе — міліцыянер, ён пытаецца: «Вы Дамарацкі Аляксандр Мікалаевіч? Можаце прад’явіць дакументы?» Пасля гэтага папрасіў праехаць разам з ім.

— У мяне ўсё абарвалася. Думаю, што ж я зрабіў? Настрой сапсаваны, я апранаюся, выходжу — стаіць гэтая спецыфічная машына, у ёй хлопцы-міліцыянеры. «А вы з намі не пасядзіце?» — пытаюцца. Мы паехалі дадому да гэтага міліцыянера, я ім смажыў мяса, размаўлялі аб жыцці. Новая кватэра, яе гаспадар прыносіць мне вугольчык і кажа: «Распішыцеся ў мяне на сцяне». Я гавару яму, маўляў, ты звар’яцеў, толькі шпалеры паклеіў?! Але ён усё роўна папрасіў распісацца, — згадвае Дамарацкі. — Гэта вельмі цешыць, калі цябе спыняюць на вуліцы, гавораць добрыя словы. Некаторыя калегі кажуць, што стаміліся ад падвышанай увагі, але гэта хлусня. Усё роўна прыемна, толькі калі ў цябе ад гэтага на галаве не вырастае карона.

Аляксандр Дамарацкі сцвярджае, што ў яго такога не было. І выразна тлумачыць чаму:

— Праца тэлевізійніка такая: цябе нафарбуюць, прыгожа апрануць — і што далей? Калі не будзе гукарэжысёра, рэжысёра, аператара, тады што? Гэта калектыўная праца — некаторыя пра гэта забываюць. Без каманды ты нішто. Са сваёй прыгажосцю, са сваім талентам — проста нішто. Мастак стаіць ля мальберта — ён сам стварае свой твор. А ты ў адзіночку нічога не зробіш. Адзін мой калега, пару тыдняў папрацаваўшы ў эфіры, падбег да мяне і сказаў: «Аляксандр Мікалаевіч, ведаеце, а мяне ўжо пазнаюць на вуліцы!» Я яму адказаў, што, калі ўзяць фатаграфію дэбіла і кожныя 30 хвілін усім паказваць, яго таксама пачнуць пазнаваць. Мой калега быў з гумарам: усё зразумеў і не пакрыўдзіўся.

У прафесіі, заўважае Дамарацкі, ён не спрабаваў нічога даказваць, проста працаваў. І ніколі не ставіў мэтай вядомасць — яе хапала, але думаў пра гэта нячаста.

— Зараз гляджу на сваіх маладых калег — ёсць вельмі цікавыя дзяўчынкі і хлопчыкі, ды і сталае пакаленне — многія імкнуцца менавіта да вядомасці. Мне здаецца, трэба для сябе адразу вызначыцца, для чаго ты ідзеш на тэлебачанне: каб стаць знакамітым, зарабіць грошы альбо зрабіць нешта такое, каб быць упэўненым у сваёй справе, мець статус уплывовага і паважанага чалавека ў тэлевізійнай журналістыцы.

Упершыню пытанне стаўлення да вядомасці паўстала перад Аляксандрам Дамарацкім яшчэ ў школе, у канцы 1960-х, калі ён збіраўся ў тэатральны.

— Мне было абсалютна ўсё роўна, куды паступаць. Вучыўся нядрэнна, усё давалася лёгка. І ў школе я не асабліва стараўся, але адзнакі былі добрыя — толькі матэматыку ненавідзеў. З чацвёртага па дзясяты клас ніводнай кантрольнай работы не пісаў сам — мне дапамагала аднакласніца! У нас у сям’і ўсе гуманітарыі — скласці два і два для нас вялікая праблема, а размаўляць пра тэатр, музыку, літаратуру — лёгка і проста. Мой стаж у беларускай культуры — 47 гадоў, гэта маё натуральнае асяроддзе пасялення, — разважае герой і згадвае свой апошні школьны год: — Я ішоў на сярэбраны медаль, але хімію здаў на чацвёрачку — паплакаў трошкі і вырашыў, што пайду ў тэатральна-мастацкі. Але мама сказала: «Саша, ты ўпэўнены, што станеш добрым і вядомым акцёрам?» Натуральна, у 17 гадоў я не мог гэтага пацвердзіць. Яна запытала, а калі атрымаецца так, што я ўсё жыццё буду выходзіць на сцэну з адной і той жа фразай: «Кушать подано»? І я задумаўся. Хацеў пайсці ў Інстытут замежных моў, а потым... Нават не ведаю, чаму я пайшоў на журфак.

Аб тэлевізійнай журналістыцы размовы тады не было. А калі Аляксандр перайшоў на трэці курс, на журфаку стварылі кафедру радыёвяшчання і тэлебачання.

— У нас быў жорсткі адбор. Проста сказаць, што хачу на тэлебачанне, было недастаткова. Нас сабралі, павялі на праслухоўванне. І пасля гэтага размяркоўвалі, каму лепш у газету, а каму — на радыё і ТБ.

Паводле размеркавання Дамарацкі трапіў у рэдакцыю інфармацыі Белтэлерадыёкампаніі. А ў хлопца былі амбіцыі прыйсці і адразу рабіць праграмы пра дзеячаў культуры і мастацтва: жывапісцаў, спевакоў, кампазітараў, паэтаў...

— Гэта быў шок! Што я буду рабіць у раздзеле інфармацыі? Прычым мне сказалі займацца сюжэтамі аб прамысловасці, а пра яе я нічога не ведаў. Залазіў на чацвёрты паверх, сядзеў і плакаў. Але нядоўга. Напэўна, месяц, — раўнадушна гаворыць спадар Аляксандр.

Першы свой рэпартаж Дамарацкі праводзіў у сталеліцейным цэху Мінскага трактарнага завода. Малады журналіст надзеў парадную белую кашулю, светлыя штаны, шыкоўныя імпартныя туфлі, якія кагадзе купіла яму мама.

— Да мяне прымацавалі дасведчанага рэдактара, і, калі я прыйшоў на здымкі, той акінуў мяне позіркам і ўсміхнуўся. А я не разумеў чаму. Я ўзяў усе даныя, мы пайшлі ў цэх, здымалі... Але калі ўжо выйшаў з цэха, туфлі ў мяне былі сапсаваныя мазутам, кашуля стала шэрай, а штаны былі ў плямах. Тады і зразумеў, чаму мой рэдактар усміхаўся.

Балазе асвятляць прамысловасць Аляксандру давялося нядоўга. Аднойчы ён папрасіў адправіць яго на рэпартаж з адкрыцця канферэнцыі літаратараў — і панеслася. У тэлерадыёкампаніі зразумелі, што гэта цікава хлопцу і што ён добра спраўляецца. У выніку Дамарацкі прысвяціў сябе культуры. І так прайшло больш як сорак гадоў... Пачалося ўсё з рэпартажаў і аператыўных інтэрв’ю з дзеячамі культуры ў прамых эфірах з буйных мерапрыемстваў БССР. Пазней пайшлі паўгадзінныя аўтарскія праграмы. Потым, у пачатку 1990-х, Аляксандр Мікалаевіч узначаліў генеральную дырэкцыю праграм на БТ.

— Я, дарэчы, вельмі доўга не згаджаўся — тры месяцы псаваў усім нервы. Не хацелася. Я больш як 20 гадоў прапрацаваў у інфармацыі з калектывам, які ведаў і любіў, там мне было добра. Але з іншага боку, у кампаніі змянілася кіраўніцтва, прыйшлі новыя людзі, пачаліся змены, якія мне не спадабаліся. Нам сказалі, што мы «старыя змакрэлыя чаравікі» і нам няма чаго рабіць у эфіры — у выніку ўсіх знялі, а вярнулі ў эфір толькі мяне. Пасля гэтага адпрацаваў яшчэ 25 гадоў.

Пазней ён сышоў з высокай пасады і пачаў займацца сваімі праектамі. Напрыклад, у 1996 годзе вёў «ток-шоу ў стане зародка», дзе моладзь абмяркоўвала надзённыя праблемы. Але самы галоўны праект Дамарацкага — аўтарская праграма пра дзеячаў беларускай культуры «Святло далёкай зоркі». За сямнаццаць гадоў існавання перадачы выйшла чатырыста выпускаў.

— Гэта мая любімая праграма. Я дастаткова цвяроза разважаю і разумею, што не ўсё там шэдэўральна. Ёсць выпускі, якія сёння я б зрабіў па-іншаму. Мала таго, яны зараз выглядаюць... не тое каб састарэлымі, але гэта праграмы з мінулага.

У 2013-ым, напачатку студзеня, Аляксандр Дамарацкі скончыў сваю афіцыйную кар’еру. Згадвае, усё гэта было вельмі сціпла: выклікалі ў аддзел кадраў, аддалі працоўную кніжку.

— Раней думаў, вось пайду на пенсію, як жа я буду жыць? Але апынулася, што так спакойна сышоў... Вядома, было шкада расставацца з людзьмі, але пачалося новае жыццё. Аднак праз два месяцы мне патэлефанаваў дырэктар тэлеканала «Беларусь-3», які яшчэ не быў адкрыты, і запрасіў працаваць. Пачалі мы з маленькіх пяціхвілінак «Галасы з мінулага», потым я быў сувядучым праграмы «Культпрасвет». Акрамя гэтага, запрасілі на канал «Беларусь-24» весці «Скарбніцы Міншчыны» — 12-серыйную перадачу пра старадаўнюю архітэктуру вобласці. Я ніколі ні пра што не прасіў, заўсёды працу прапаноўвалі мне. І я гэтым ганаруся.

Але калектыў, з якім Аляксандр рабіў праграму «Святло далёкай зоркі», стаў для яго сям’ёй. Дамарацкі не хавае, што было ўсялякае: і лаяліся, і радаваліся, але без гэтых людзей журналіст сябе не ўяўляе. Перыяд здымак перадачы стаў вельмі важным у яго жыцці.

— Гэта тое, што я здолеў зрабіць. Можа, скажу занадта гучна, але ж гэта тыпу энцыклапедыі савецкага і беларускага постсавецкага мастацтва. І мне было цікава ствараць «Святло далёкай зоркі», хоць і не заўсёды лёгка. У энцыклапедыі пра героя праграмы — 12 радкоў: нарадзіўся, памёр. Ідзі ў архіў, шукай газеты, шукай людзей, якія ведалі гэтага чалавека, яго сваякоў. Ты едзеш да іх дадому, табе паказваюць нейкія альбомы... Часам было вельмі цяжка знайсці інфармацыю.

Падрыхтоўка аднаго выпуску займала ў каманды менш як два тыдні. У панядзелак пачынаўся збор матэрыялу, у пятніцу ўся інфармацыя структуравалася, у наступны панядзелак — запісвалася праграма. Да пятніцы — мантаж. Выпуск гатовы. Цяпер цяжка ўявіць, як збіраць і перадаваць інфармацыю, не маючы пад рукой хуткаснага інтэрнэту і мабільнай сувязі. Здаецца, раней інфармацыйны сюжэт рыхтаваўся некалькі дзён, калі навіна ўжо пераставала быць навіной.

— Гэта было звыкла, і тады мы не разумелі, што гэта подзвіг, — смяецца спадар Аляксандр. — Вось у мяне а 17-й здымка з адкрыцця выставы ў Палацы мастацтваў. Плёнка негатыўная — выяўляецца прыкладна паўтары гадзіны. Еду, вяртаюся ў рэдакцыю і раблю сюжэт. Да 19—19:30 выходзіць плёнка, бягу ў мантажную, праглядаю плёнку, а яшчэ трэба паспець начытаць тэкст. І ў 23 гадзіны гэты сюжэт выходзіць у эфір. І гэта было нармальна.

Дарэчы, за гэты час інфармацыю паспявала праверыць і цэнзар, якая сядзела ў камітэце тэлебачання. Перад выпускам праграмы ёй прыносілі тэчку з тэкстам, які ішоў у эфір, — скрупулёзна чытала.

— У яе былі спецыяльныя даведнікі і чырвоны аловак, якім яна ўносіла праўкі. Гэта была сістэма, прабачце мяне! Напрыклад, такая вось дробязь. Мы здымалі нейкі сюжэт — і з чыгуначнага моста быў план. Аказваецца, там нельга было здымаць: ваенная тапаграфія.

Паводле слоў Дамарацкага, работа ў аддзеле інфармацыі з цягам часу ператварылася для яго ў дзень сурка — кожны дзень адно і тое ж.

— Я зразумеў, што страшна не люблю вялікай колькасці людзей. Трапляю на вакзал і ўпадаю ў роспач. І не ведаў чаму. А потым зразумеў, што 23 гады быў у гэтым натоўпе. Выставы, фестывалі, конкурсы, канцэрты, дэманстрацыі. Назбіралася. І калі з’явілася магчымасць проста працаваць самому, мне стала добра. Але можа быць, рэч ва ўзросце.

Ён згадвае прамыя эфіры са «Славянскага базару» ў Віцебску — сам фестываль быў такім жа, як і цяпер. З году ў год адно і тое ж. У нейкі момант Дамарацкі сказаў: «Усё, я больш не магу».

— У апошні год маёй працы на фестывалі мы знялі студыю, запрасілі дырэктара музея Марка Шагала, намесніка дырэктара «Славянскага базару» і іншых. Упершыню выпусцілі гэткія інтэрв’ю з Віцебска — цяпер так робяць усе, гэта ўжо нармальна.

Зараз Аляксандр Мікалаевіч амаль не глядзіць тэлевізар, любіць толькі асобныя праграмы. З папраўкай на гэта папярэджвае, што яго меркаванне аб сучасным тэлебачанні не можа быць экспертным, але ж агульнае параўнанне праводзіць.

— Раней казалі, што тэлебачанне павінна інфармаваць, выхоўваць, адукоўваць людзей і забаўляць іх. Цяпер усё зводзіцца толькі да дзвюх функцый — інфармаваць і забаўляць. У асноўным. Тэлебачанне цяпер вельмі яркае і прыгожае, б’е па вачах. Але ж яно стала вельмі агрэсіўным. Тэлешоу ўвогуле не гляджу — мне брыдка. Мяркую, калі чалавек прыходзіць у студыю і выварочвае сваю ніжнюю бялізну за грошы — гэта жудасна. Вось гэта — падзенне. Я не прыхільнік Леры Кудраўцавай, але яна ў адным з інтэрв’ю вельмі добра сказала: «Тэлебачанне сёння засірае мазгі людзям». Тэлебачанне, як і некаторыя тэатры, пайшло за рэйтынгамі. Познер неяк сказаў, што яно павінна прыўздымаць чалавека над самім сабой і рэчаіснасцю, а не запіхваць яго туды. А ў нас у большасці выпадкаў адбываецца наадварот. Калі мы з жонкай глядзім тэлевізар, яна гаворыць, што я ўвесь час незадаволены. Адказваю ёй: «Ала, ты глядзіш як глядач, а я — як прафесіянал. Вось ты чуеш, у дзяўчыны-вядучай дэфект прамовы?» Не. А я чую.

Пра тэлебачанне ёсць кароткі анекдот, калі ў 1990-я дыктар кажа: «Мы скончылі агляд крымінальнай хронікі, а цяпер навіны культуры. У сваім пад’ездзе быў забіты дырэктар філармоніі». Або нядаўна я пачуў ад вядучага нейкай праграмы: «О-о-о, нармальная навіна: муж забіў жонку на кухні. А так — то вайна, то тэракты...» То-бок людзі ўжо прывыклі да такой інфармацыі. І вінаватыя ў гэтым не яны, а тэлебачанне. Але ж не варта забываць, што ёсць канал «Культура» — калі ласка, ёсць Animal Planet, National Geographic — на здароўе.

Аляксандра Дамарацкага здзіўляе, мякка кажучы, правінцыйнасць нашага тэлебачання. У той жа час, кажа ён, не ўсё так дрэнна. Ёсць добрыя вядучыя, сур’ёзныя праекты, але іх становіцца ўсё менш.

— Аднак ёсць выдатная рэч — пульт. Не падабаецца — пераключыў на нешта іншае. Вось ёсць Спірыдовіч, Дудзінскі, Бароўская, Міхайлоўская, Цішкевіч. Яны могуць камусьці падабацца ці не. Але яны прафесіяналы. І я лічу не зусім правільным, калі вялікія кіраўнікі лічаць, што могуць проста ўзяць і рабіць сваю праграму, — кожнаму трэба займацца сваёй справай.

Сёння, мяркуе Дамарацкі, на тэлебачанне можа трапіць кожны. На думку спадара Аляксандра, каб стаць тэлевядучым, неабходна трошкі рамяства і прыемная знешнасць.


«Падказкі» — сумесны святочны праект кампаніі А1 i Onliner, прысвечаны беларускім народным казкам. У яго аснове — пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Казкі для дзяцей па-беларуску агучылі знакамітыя дыктары і акцёры старэйшага пакалення.

Тэксты былі сабраныя ў этнаграфічных экспедыцыях па ўсёй краіне экспертамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Аўдыёзапісы — Радыё Бі-Эй. Музыка — гурт «Стары Ольса».

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by