У самым буйным універсітэце Іспаніі ўпершыню абаранілі доктарскую па беларускай літаратуры

 
4087
05 сентября 2019 в 15:21
Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: фота з архіва аўтара
Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: фота з архіва аўтара

Пра нашых пісьменнікаў нядаўна пачулі навукоўцы буйнейшага ўніверсітэта Іспаніі: у Мадрыдзе ўпершыню прайшла абарона доктарскай дысертацыі па беларускай літаратуры. Працавала над ёй іспанка Анхела Эспіноса, а сваёй тэмай абрала «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера». На абароне прысутнічаў прадстаўнік пасольства Беларусі ў Іспаніі.

Усё адбылося 4 верасня. Ва ўніверсітэце Камплутэнсе, які лічыцца самым буйным у краіне, іспанка Анхела Эспіноса абараніла доктарскую дысертацыю на філалагічным факультэце.

— Я пачала вывучаць беларускую мову яшчэ сем гадоў таму, — распавядае Анхела. — Была ў ЗША, дзе пазнаёмілася з беларускамоўнымі людзьмі, што звязаныя з літаратурай і музыкай. Потым я трапіла ў Варшаву — там на імпрэзе быў беларускамоўны калектыў. І вырашыла, што калі я цікаўлюся культурай гэтай краіны, то павінна быць у курсе, што ў вас адбываецца. Так пачалася мая вучоба.

Дзяўчына кажа, вывучала любы матэрыял, што трапляўся ў інтэрнэце, а яшчэ чытала мастацкую літаратуру. Праз тры месяцы ўжо магла звяртацца да сяброў з Беларусі на іх роднай мове.

— Што тычыцца абароны, маімі рэцэнзентамі былі прафесар з Магілёва і прафесар з Лондана. Праца абаранялася на дзвюх мовах: на іспанскай і беларускай, пытанні таксама былі білінгвічнымі. Гэта першы выпадак, калі штосьці ў Іспаніі абараняецца па-беларуску, таму на сустрэчу прыехаў нават консул беларускай амбасады. Вядома, усе былі шчаслівымі, бо мы нешта робім для распаўсюду вашай культуры.

Анхела распавядае, выпадак з абаронай яе працы — значная падзея і для ўніверсітэта. Раней у ім было амаль немагчыма выступаць на мове краіны, якая не ўваходзіць у Еўрапейскі саюз. У дзяўчыны таксама ўзнікалі пытанні, але абараняцца ёй усё ж дазволілі.

— Для ўніверсітэта, у якім ёсць даволі буйная кафедра славістыкі, гэта важна. У нас пра Беларусь ведаюць, але спецыялістаў, якія валодаюць беларускай мовай, яшчэ не было. Мы стараемся распаўсюджваць веды пра вашу краіну і культуру. Прынамсі я гэта раблю, таму што гэта мая справа і мне яна падабаецца. Я ў Беларусі размаўляю толькі на вашай роднай мове, і з гэтай нагоды ў мяне здараліся праблемы. Вядома, каб гэта пераадолець, патрэбны ініцыятыва ад народа, але такога імпэту мала. Думаю, калі добрае валоданне мовай стане неабходным, каб паступіць ва ўніверсітэт ці запоўніць афіцыйныя паперы, гэта зробіць вялікі штуршок у плане яе распаўсюду.

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!