«Не тая група і не тая стадыя». Ліквідатар не мог атрымаць пенсію — зусім ніякую

16 068
20 августа 2019 в 8:00
Источник: Таццяна Ашуркевіч. Фото: Марыя Амеліна

«Не тая група і не тая стадыя». Ліквідатар не мог атрымаць пенсію — зусім ніякую

Источник: Таццяна Ашуркевіч. Фото: Марыя Амеліна

Віктар Фёдаравіч сустракае ў дзвярах. Павольна перасоўваецца, ледзь ступаючы з нагі на нагу, і моцна горбіцца, калі трэба абаперціся на кіёк у руках. Кажа, што ўсё гэта — наступствы ад невыносных боляў, якія ён пачаў адчуваць яшчэ два гады таму. Але пра тое, каб кідаць працу, нават не думаў. Так працягвалася, пакуль аднойчы начальнік яму не сказаў: «У такім стане ты нічога рабіць не можаш». І звольніў. Цяпер за плячыма Віктара Фёдаравіча 38 гадоў стажу, калекцыя бальнічных выпісак і бясконцыя спробы знайсці хоць які занятак. Да гэтага ж мужчыне не даюць аніякую пенсію — не ратуе нават пасведчанне ліквідатара ЧАЭС. Райвыканкам кажа, яму не хапае групы па інваліднасці, а без яе спадзявацца на грашовую дапамогу нельга. Віктар Фёдаравіч ледзь уздыхае: «У жонкі 260 рублёў пенсія, на яе і жывём» — і праводзіць нас у кватэру.

Дзесьці на ўскраіне Мазыра, горада з насельніцтвам 111 тысяч чалавек, жыве сям’я Піскун. Іх кватэра знаходзіцца на трэцім паверсе, і калі тут ламаецца ліфт, Віктар Фёдаравіч не можа спусціцца на двор — глядзіць на яго праз вакно.

Калі атрымліваецца выйсці на вуліцу, ён корміць двух катоў і назірае за рухам машын. Часам адзіным адхланнем чалавека, пазбаўленага магчымасці быць, як усе, становіцца тэлевізар. Такі двухгадовы «адпачынак» — апошняе, чым хацеў бы займацца Віктар Фёдаравіч. Знайсці працу ён ужо не спадзяецца. Але і пытанне, дзе ўзяць грошы на жыццё, не вырашаецца.

26.04.1986

Надзеі Уладзіміраўне 57 гадоў, Віктару Фёдаравічу — 58. Абодва яны — з Петрыкаўскага раёна, але розных вёсак. Сумесная гісторыя гэтых людзей пачалася ў далёкім 1982 годзе: ён прыйшоў з арміі ў Мазыр, яна пераехала сюды з бацькамі. Тады яны ўпершыню сустрэліся, праз год ажаніліся.

Гэта кароткія ўводзіны той раніцы 1986 года, якая, на думку Віктара Фёдаравіча, цалкам змяніла яго жыццё. А пятай гадзіне ў дзверы пазванілі. На ЧАЭС аварыя — трэба ратаваць людзей. З 300 кіроўцаў Мазырскага раёна ехаць ніхто не адмовіўся. Наш герой быў у іх ліку.

— Нас скіравалі на Брагін, два тыдні мы працавалі там, — распавядае ён. — Клічам людзей, я тлумачу адной бабулі: сыходзіць трэба. Яна ж адказвае: «Дзеткі, я ўжо тут і памру». Старыя людзі з’язджаць адмаўляліся, іншыя бралі галоўнае — дакументы і грошы, кідалі хаты. Ездзім, людзі плачуць. Хтосьці крычыць у спіну: «Можа, вам сабака патрэбны?» — кідае жывёлу на вуліцу. Калі б са здароўем у мяне ўсё было добра, я б не скардзіўся. Але цяпер нават у туалет схадзіць не магу — проста падаю і паўзу.

Віктар Фёдаравіч распавядае пра ўсё павольна, толькі аднойчы падвышае голас і кажа кудысьці ў вакно:

— Групу мне ніякую не даюць, дасылаюць па ўсіх камісіях, каб там даказалі: я інвалід. Калі таблеткі на ўсё жыццё прапісваюць, то хіба патрэбныя таму нейкія доказы?

У нашу размову ўмешваецца Надзея Уладзіміраўна. «Вам патрэбныя доказы? Я іх пакажу», — кажа яна і хуценька ўздымаецца.

38 гадоў стажу, а пенсію не заслужыў. Гэта як?

У тоўстай бальнічнай картцы курсівам прапісаны дыягназы: артрыт і змешчаныя пазванкі. Свае хваробы мужчына наўпрост звязвае з радыяцыяй. Кажа, гэта яна штодня нагадвае пра наступствы невыносным болем.

— Першымі ад яе ўплыву пакутуюць косткі — мяне так папярэджвалі яшчэ ў 86 годзе. Казалі: вам гэтая ліквідацыя аукнецца. Дык я ж малады быў, нічога не адчуваў. А потым нешта рэзка як дало ў калені! Ну падумаеш, баліць — выпіў таблетку, пайшоў. А праз месяц пачало то адно, то другое выстрэльваць. Дайшло да таго, што аднойчы я ўзняўся і ўпаў. Хаджу па лекарах, паказваю пасведчанне ліквідатара і ўсе даведкі — а ўсё адно. Пакуль не ляжыш, цябе будуць лічыць здаровым чалавекам.

— У яго апухаюць суставы, твар робіцца вялікім — у дадатак да захворвання костак ставяць рэўматоідны артрыт і астэахандроз, — дапаўняе мужа Надзея Уладзіміраўна. — Гэта калі адзін пазванок упіваецца ў другі. Адсюль у яго такія моцныя болі. Нам увогуле кажуць: ніхто не можа гарантаваць, ці стане яму лепш. Прапісалі пажыццёвыя таблеткі. Паўтараюць: «Не будзеш прымаць — ляжаш і не ўздымешся».

У працоўнай кніжцы Віктара Фёдаравіча стаіць лічба 38 — столькі гадоў ён прапрацаваў за рулём на Мазырскай аўтабазе. Праз два гады ў мужчыны пачалі балець ногі, потым — спіна, потым яго пазбавілі працы. Але змірыцца з такім прысудам ён не змог — стаў на біржу і штодзень чакаў, калі яму патэлефануюць працадаўцы. Аднак тыя разумелі: нагрузкі пры такой хваробе немагчымыя. Тэлефон чакана маўчаў.

— А каму патрэбны калека? — пытаецца Віктар Фёдаравіч і сам адказвае: — Раней хоць на нешта быў здольны, а цяпер не магу нават рэч патрымаць. Стану на палачку ды стаю. Калі быў на біржы, мне плацілі хаця б 45 рублёў, і гэта ўжо дапамога. А цяпер знялі, то даходу ніякага няма.

Мужчына спадзяецца, што яму прызначаць пенсію па інваліднасці. Да яе павінны даць надбаўку за ліквідацыю наступстваў Чарнобыля. Адно замінае: у бальніцы кажуць, для гэтага ён недастаткова хворы.

— Лекары адказваюць: спадзявацца я магу толькі на III групу інваліднасці, а пры ёй можна працаваць. Толькі як гэта рабіць у маім стане, я не ўяўляю.

Замкнутае кола? Шукаем падказкі ў дакументах.

Хто мае рацыю?

Усе спрэчныя пытанні рэгулююцца нормамі Закона аб ЧАЭС. Разбіраемся ў ім па парадку.

Каб разлічваць на чарнобыльскую пенсію, чалавеку трэба прайсці два этапы:

1) атрымаць інваліднасць;

2) падацца на пенсію з неабходнымі дакументамі.

Пачнем з першага пункта. У бальніцы нам распавялі: каб чалавеку паставілі інваліднасць, ён павінен прайсці шмат аналізаў. У складаных выпадках лекары не заўсёды здольныя адразу паставіць правільны дыягназ, і чалавеку даводзіцца праходзіць праз камісію двойчы. Гэта нармальна.

— Калі чалавек хварэе, участковы ўстанаўлівае яго стан здароўя. Для дакладнага пераканання яго могуць даслаць на абследаванне на УКК (урачэбна-кансультацыйную камісію). Калі і там пацвярджаецца, што падстаў для групы няма, можна настойваць на праходжанні МРЭК. Гэта медыцынская камісія, якая робіць выніковае заключэнне. У той жа дзень яна дае чалавеку пасведчанне інваліда ці канчаткова ў ім адмаўляе, — патлумачылі нам.

Аднак да гэтага фінішу людзі часцей за ўсё не даходзяць: лекары на УКК прадбачаць высновы абследавання і пра ўсё паведамляюць. Іншая справа, што яны часта забываюць сказаць наступнае: чалавек мае права на паўторную экспертызу. Яму адмаўляюць — і больш ён ні пра што не пытае. Так было з Віктарам Фёдаравічам.

А што з пенсіямі?

У Міністэрстве працы і сацыяльнай аховы нам распавялі, што ліквідатараў падзяляюць на дзве групы:

1) тыя, хто мае права выйсці на пенсію на 10 гадоў раней;

2) хто можа зрабіць гэта на 5 гадоў раней.

Разгледзім пералічаныя выпадкі паасобку.

10 гадоў. Чалавек трапляе ў гэтую групу, калі мае:

1) пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на ЧАЭС па артыкуле 19 Закона Рэспублікі Беларусь;

2) пацверджанне, што ў 1986 годзе ён хаця б адзін дзень працаваў у 10-кіламетровай зоне адчужэння ці правёў там не менш за 10 сутак у 1987 годзе;

3) калі гэта жанчына, то яна мае не менш за 20 гадоў стажу, а мужчына — не менш за 25;

4) стаж працы з выплатай страхавых унёскаў пэўнай працягласці (у 2019 годзе ён складае 17 гадоў).

5 гадоў. Пад гэтай групай маюцца на ўвазе ліквідатары, што працавалі ў зоне эвакуацыі, але за выключэннем 10-кіламетровай зоны. Тут з’яўляецца важная заўвага:

1) гэта магчыма, толькі калі ў чалавека ёсць інваліднасць;

Таксама важна, каб у яго былі дакументы, што сведчаць пра непасрэдную датычнасць да аварыі — у тую раніцу ён сапраўды працаваў у зоне радыяцыі.

Віктар Фёдаравіч быў кіроўцам аўтобуса, і такія дакументы яму павінны выдаць у Мазырскай аўтабазе. Праблема ў тым, што падчас трагедыі мала хто турбаваўся захаваць важныя паперы. Людзі звяртаюцца па іх, а ім адказваюць: «Дакументаў няма, зніклі». Без іх жа нічога вырашыць нельга — людзям даводзіцца сыходзіць ні з чым.

У Мінпрацы нам растлумачылі, што трэба рабіць у такіх выпадках:

 Калі чалавек не можа дакументальна пацвердзіць, што ў гэты час ён працаваў у зоне эвакуацыі (напрыклад, адсутнічае сувязь з працадаўцам), у яго з’яўляюцца падставы для звароту ў суд. У межах абскарджання рашэння камісіі па прызначэнні пенсій ён можа падаваць хадайніцтва аб устанаўленні факта і перыяду яго працы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у пэўнай зоне. Але і тады патрэбны некаторыя доказы. Напрыклад, дакументы, якія ўскосна сведчаць пра такую працу, паказанні сведкаў. Магчыма, у чалавека ёсць калега, які паспеў аформіць пенсію і падтрымае яго ў судзе.

Калі судовая камісія прыме рашэнне на карысць ліквідатара, яму застанецца толькі паўторна звярнуцца за прызначэннем пенсіі.

— Людзі, якія былі ліквідатарамі і маюць інваліднасць, часта не ведаюць, на якую з пенсій ім лепш пайсці. Ёсць пенсія па інваліднасці, а ёсць па ўзросце. І да адной, і да другой будзе далучацца «чарнобыльская» надбаўка. Можа так здарыцца, што, калі ў чалавека I ці II група інваліднасці, больш выгадна атрымліваць пенсію па групе. Калі III — а яна лічыцца працоўнай — трэба ісці на песнію па ўзросце.

Але ў дадатак да гэтага трэба мець яшчэ і стаж працы. Ён павінен быць не менш за 25 гадоў у мужчын і не менш за 20 — у жанчын.


У выпадку Віктара Фёдаравіча праблема была не ў дакументах: проста ён не ведаў, што трэба рабіць і да каго звяртацца, каб яму растлумачылі. Некалькі дзён таму ён патэлефанаваў нам, каб паведаміць, што прайшоў паўторную працэдуру МРЭК — мужчыну далі III групу інваліднасці. Цяпер ён пайшоў на працоўную пенсію на пяць гадоў раней.

                                         Падпісвайцеся на наш канал у «Яндекс.Дзен», каб не прапусціць цікавыя артыкулы і рэпартажы

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner и пішыце нам у Viber!