Алег Хаменка — адзін з самых знакамітых артыстаў часоў росквіту беларускага рока. Без гэтага чалавека немагчыма скласці поўную карціну падзей і намаляваць умоўны партрэт айчыннага рок-героя. У рубрыцы «Старая гвардыя» мы пагаварылі з лідарам гурта «Палац» пра дзяцінства ў Чыжоўцы, трагедыю беларускага народа, часы забаронаў і ролю фальклору ў нашым жыцці.
— Як вашыя справы?
— Незразумелае пытанне. Якія справы?
— Як вы сябе адчуваеце?
— Гм, 170 гадоў.
— Вы нядаўна былі ў Ізраілі. Праца ці адпачынак?
— Канцэрты я не граў — гэта вельмі рэдка так бывае. У некаторым сэнсе гэта было паломніцтва. Я ўпершыню пабачыў усе гэтыя святыя і легендарныя месцы на тэрыторыі Ізраіля, Палестыны, Іарданіі. Гэта вельмі цікава! І я, у прынцыпе, даўно пра гэта марыў, але неяк не выходзіла. А тут раптам выйшла.
— Нятанная краіна...
— Згодны. Для турызму гэта нятанная краіна, нават для людзей з еўрапейскім прыбыткам. Наколькі я памятаю, Ізраіль зараз уваходзіць у дзясятку краін з найбольш высокім узроўнем жыцця, пры тым што ўся краіна па тэрыторыі як Магілёўская вобласць, а палова гэтай тэрыторыі — пустыня, прыгожая, але абсалютна непрыдатная да жыцця.
— Вы наогул шмат падарожнічаеце?
— Я б не сказаў. Але калі мне трэба трошкі выпендрыцца, я кажу, што быў у 40 краінах свету з 240, а гэта ўжо сур’ёзна.
— Якая краіна вас уразіла больш за ўсё?
— Усе, але я б яшчэ раз паехаў у Італію, бо гэта было вельмі даўно і ў мяне засталося вельмі моцнае і яркае ўражанне. Хочацца паглядзець поўнач краіны, бо я ў асноўным бачыў Рым, а гарады ад Бергама да Венецыі не бачыў. Яшчэ хочацца ў Скандынавію.
— Што вы адчуваеце, калі вяртаецеся з падарожжаў?
— Абы не захварэць! Таму што пакуль падарожжа, ты трымаешся на адрэналіне, а потым прыязджаеш дадому, і ўсё, што балела, абвастраецца. Звычайна пакуль адпачываеш і падарожнічаеш, набіраецца стос спраў, і потым хочацца хутчэй гэта неяк распіхаць. Калі вяртаешся, з апошніх высілкаў гэта робіш.
— У вас напружаны працоўны графік?
— Я думаю, так. Але час ад часу я сабе кажу: «А што ты вось зараз робіш? Ты ж проста сядзіш і тупіш». То-бок ёсць час, і багата спраў я не дарабляю і адсоўваю на потым. Значыць, не арганізаваны...
— Вы казалі, што кладзяцеся спаць вельмі позна. Вам так зручней?
— Магчыма, гэта такая асабістая якасць. Я дакладна не жаўранак.
— Апішыце, як выглядае ваш звычайны дзень.
— Падняўся, што-небудзь зрабіў з тварам, каб ён выглядаў яшчэ больш-менш прымальна, і ўсё — панеслася. Звычайна ў мяне дзень распісаны да вечара, але я імкнуся ўсё ж такі з самай раніцы не пачынаць сур’ёзных спраў, таму што тады ўвечары я стамляюся, а так атрымліваецца, што недзе пасля шасці мне нядрэнна было б заставацца ў добрай форме.
— У асноўным гэта выкладчыцкая дзейнасць?
— Не. Канешне, выкладчыцкая дзейнасць займае значную частку майго часу, але зараз я ўсё роўна працую на палову стаўкі, хаця стаўлюся да гэтага вельмі адказна. Гаворка перадусім пра мае аўтарскія праграмы для радыёстанцый — яны забіраюць багата часу. Плюс мая грамадская актыўнасць і шэраг абавязкаў. А яшчэ музыка.
— Як часта вы зараз збіраецеся з «Палацам»?
— Цяжка адказаць, таму што бывае, што мы не збіраемся па некалькі тыдняў, а бывае, што збіраемся штодзень на працягу тыдня. Дастаткова часта, калі коратка.
— Гэта рэпетыцыі напярэдадні нейкіх канцэртаў?
— Часцей за ўсё. Канешне, мы імкнёмся да таго, каб збірацца проста пагаварыць, нешта абмеркаваць і прапанаваць. Расказаць, у каго якія планы, ці проста плёткі паганяць. Я люблю пагаварыць у сваёй кампаніі, і хлопцы таксама. Калі ты не маеш сваіх уласных псіхатэрапеўтаў, то, канешне, пасядзець з сябрамі і абмеркаваць з імі, што робіцца ў свеце, вельмі важна.
— У вашых хлопцаў таксама ёсць свае праекты і працы. Складана сабраць усіх разам?
— Бывае, улетку, асабліва ў выхадныя дні, сапраўды цяжка сабрацца. Канешне, калі гэта не запланавана наперад. А вось калі трэба проста пабавіць час разам, то калі адна пятніца ці субота за лета такая бывае, гэта ўжо добра.
— Я ў вас удакладню: апошні альбом «Палаца» выходзіў у 2012 годзе?
— Не, мне здаецца, што пазней. Але больш як пяць гадоў таму. Пасля гэтага з’яўляліся сінглы.
— Чаму такая паўза?
— Гэта не паўза. Так зараз усе робяць, таму што невыгодна працаваць альбомамі: людзі ўвогуле не хочуць іх слухаць. Я час ад часу знаходжу сучасных музыкантаў, якіх я слухаю цалкам, але большасць усё роўна спажываюць адну-дзве песні, і ўсё пераўтвараецца ў кампіляцыі. Можна адкрыць торэнты самых знакамітых гуртоў — усё тое ж самае: альбом раз на 5—7 гадоў, а паміж імі сінглы. Гэта такі сусветны фармат, і мы не можам працаваць па-іншаму.
— Нядаўна сутыкнуўся з іншай праблемай: хацеў паслухаць новы альбом Вайцюшкевіча і не знайшоў яго на папулярных платформах. Як з гэтым у вас?
— Усюды ёсць, наколькі я ведаю. Але мы не кантралюем гэтую справу і аддалі яе другім людзям. Заўважнай манетызацыі не адбываецца, і гэта зразумела, таму што патрэбны сталы менеджмент: для таго каб твой альбом стала пампавалі, трэба рэклама на міжнародным узроўні. Натуральна, што такія рэчы сабе могуць дазволіць толькі адзінкі: у Беларусі калектываў 15—20 максімум з тых, хто робіць нейкія міжнародныя атракцыі, каб прыцягнуць увагу. Час ад часу я сам не разумею, чаму ў гэты тыдзень з’яўляецца такая шалёная ўвага да песні ці альбома, а потым за месяц увогуле тры пампаванні.
— А хто зараз стала займаецца менеджментам гурта?
— Зараз ніхто гэтым стала не займаецца. Ёсць сябры, якія ў гэтым нешта разумеюць і час ад часу дапамагаюць. Гэта носіць спарадычны характар.
— Можна сказаць, што «Палац» — гэта зараз хобі?
— Не, безумоўна. Гэта ўсё роўна асноўны прыбытак. Канешне, зараз гэта трэба мяняць вельмі павольна.
— Колькі «Палац» грае канцэртаў на год?
— Па вялікім рахунку нам хапае. У чэрвені будзе восем публічных выступаў, сярод якіх і сольнікі. Гэта цяжкавата і хочацца менш. Рэч у тым, што цяпер такія абставіны ў краіне і ўсюды — працы багата, але яна танная: мы проста не можам сабе дазволіць падняць ганарар, таму што рынак дыктуе ўмовы. Няхай ён кульгавы, але ён ёсць. На жаль, ганарары вельмі сціплыя, і выходзіць, што трэба дабіраць колькасцю.
— А які зараз ганарар у «Палаца»?
— Гэта не публічная інфармацыя.
— Вас зараз часта запрашаюць на карпаратывы?
— Нячаста, але і нярэдка.
— Што гэта за мерапрыемствы?
— Бывала, нават і на вяселлях мы выступалі. Але на вяселлі «Палац» завуць тыя, хто ведае нас асабіста, таму што мы можам і вельмі акустычна, па-сяброўску зрабіць выступ, а можам і ўдарны, яскравы зладзіць. Гэта адпачынак людзей з інтэлектам, якія наслухаліся ўжо ўсякага і хочуць нешта кшталту «Палаца».
— Былі нейкія незвычайныя прапановы?
— Яны ўсе крыху падобныя. Але былі і прыватныя канцэрты ў дзіўных маёнтках ці ў лесе. Гэта ўсё нейкія сяброўскія мерапрыемствы, а калі запрашаюць людзі, якія нас асабіста не ведаюць, гэта ўсё роўна нейкі стандарт.
— Калі адбыўся канфлікт паміж Варашкевічам і Трухановічам, у вас з Сяргеем была нейкая размова?
— Не. Я сказаў, што мы ўсё гэта прагаворым праз нейкі час. І Ігар прыкладна ведае маю пазіцыю, і Сяргей, таму што я блізка з імі сябрую. Я лічу, што гэта творчая праблема. Можа быць, розная сацыяльная хуткасць, але гэта абсалютна нармальна. За выключэннем таго, што такія рэчы робяцца лагодней.
— У «Палацы» падобныя канфлікты калі-небудзь здараліся?
— Канешне.
— Як гэта было?
— Усё значна лагодней і абсалютна па-сяброўску.
— Калі ў «Палацы» быў Вайцюшкевіч, у вас з ім не было ніякіх «лідарскіх» сутыкненняў?
— Не. Магчыма, Дзіма мне саступаў, я тады не заўважаў. Але я заўсёды адчуваў і ведаў, што ў Дзімы вельмі моцны талент. Мы з ім блізка сябруем і цяпер. У мяне трошкі былі канфлікты з Юрам Выдронкам: ён не баяўся ўзмацняць эмоцыі. А Дзіма... Ён вельмі таленавіты музыкант і кампазітар і амаль геніяльны артыст.
— «Палац» шмат страціў, калі Вайцюшкевіч сышоў з гурта?
— Краіна знайшла, а не «Палац» страціў. З самага пачатку ў нас было пазіцыянаванне ў якасці фольк-мадэрн-студыі «Палац», а афіцыйна мы называліся грамадскім аб’яднаннем — хацелі зрабіць такую тусоўку, якая не мае ніякіх абавязкаў, але заўсёды можа зрабіць асяроддзе. Час быў такі, што можна было лёгка пазычыць клавішы ў сяброў ці ўзяць комбік або нейкія аўтэнтычныя інструменты. І вось такі неафіцыйны прафсаюз артыстаў, сяброўскі, і быў мэтай. А калі з яго пайшлі іншыя гурты, дык гэта было запланавана і наканавана. Але, можа быць, не надта лёгка гэта ўсё адбылося. Былі напружаныя моманты, і час быў такі: 1998 год, суцэльнае ламанне каштоўнасцей, расчараванні, рознае бачанне тактычных задач і поўная адсутнасць стратэгіі развіцця.
— Час быў такі, што вы яшчэ і шмат выязджалі ў экспедыцыі.
— Я б не сказаў, што шмат. Спачатку мы ездзілі ўвогуле як на рыбалку. Пасля ўжо пачалі рыхтавацца: ведалі, куды едзем, да каго. А потым ездзілі канкрэтна да чалавека. Цяпер ездзім ужо без падрыхтоўкі: сам не ведаеш, дзе што знойдзеш, а дзе што згубіш. Прыязджаеш, таму што людзі сказалі, што гэта вельмі добра, а там можа нічога не быць. А бывае, што знянацку ловіш проста фантастычны матэрыял, але сам не падрыхтаваны, каб усё гэта якасна запісаць.
— Можаце згадаць апошняе, што ўразіла вас у экспедыцыі?
— Некаторыя легенды, некаторыя размовы. Цяпер, ведаеце, не столькі нейкая песня ўражвае, колькі асэнсаванне таго, чаму так спявалася, што там за словы. Легенда, перадгісторыя, успаміны... Уявіце, 1963 год — у Жыткавічах быў тэракт супраць камуністычнай улады, спалілі выканкам. Не шакуе?
— Шакуе.
— Ужо Гагарын у космас паляцеў, а тут яшчэ людзі змагаліся супраць савецкай улады. Прычым ёсць сведкі. Вось такія рэчы моцна ўражваюць.
— Палессе — наогул асобны свет.
— Я б не сказаў. Калі поўнач Беларусі балта-славянская, то Палессе сапраўды славянскае і чымсьці падобнае на «Великую Моравию».
— Ваш бацька з Палесся...
— Так.
— Як на Палессі ў савецкія часы хлопчык змог атрымаць імя Жорж?
— Гэта 1940 год... Ён быў самы малодшы і ўжо неспадзяваны. Калі дагэтуль дзяцей называў бацька, Жоржыка назвала маці — яна наогул хацела ўсіх сваіх сыноў і дачок зваць не так, як бацька назваў. Імя было французскае, але пры запісе пасля вайны хлопчыка запісалі Георгіем, зразумела. Але ў метрыках было напісана Жорж, і бацька гэта час ад часу падкрэслівае, таму што нейкім цудам маці ў партызанах гэтую метрыку захавала — яна зараз выглядае як гістарычны дакумент, які прайшоў праз вайну, агонь і балота. Напэўна, гэта ўвогуле адзінае, што захавалася з усёй гаспадаркі.
— Але вы ўжо — хлопец гарадскі.
— Так, я нарадзіўся ў Чыжоўцы.
— Што ўяўляла з сябе Чыжоўка ў тыя часы?
— Тады не было такога паняцця, як «мікрараён», і гэта была такая эксперыментальная рэч — па сутнасці, горад у горадзе. І гэта тое, што мы зараз бачым. Што такое Малінаўка? Гэта, па сутнасці, тая ж Чыжоўка.
— Вы казалі, што з тых часоў у вас шрамы на галаве засталіся...
— Так. Яны незашытыя — вось у чым справа. Да доктара мяне не вазілі: як зажыло, так зажыло. Гэта бойкі, гэта камяні, гэта пабітыя бутэлькі ў Чыжоўскім вадасховішчы, ад якіх былі шалёныя шрамы шмат у каго. Білі бутэлькі і кідалі іх у ваду, а ты купаешся і як расшарашыш нагу! Аёечкі!
Мне падаецца, што гэта такое тыповае дзяцінства, але, пэўна, не зусім. Па-першае, Чыжоўка была больш беларуская, чым цэнтр. Галоўным чынам таму, што частка жыхароў Чыжоўкі тых часоў — гэта людзі, якія ўсё ж такі да нейкага моманту ўвогуле не мелі дакументаў. Гэта былі савецкія прыгонныя людзі, у якіх дакументы ляжалі ў калгасах, каб яны не з’ехалі. Яны вырваліся з вёсак і атрымалі магчымасць будаваць свае кааператыўныя клетачкі-дамы. Ніякая дзяржава нікому не дапамагала і ніякага бясплатнага жылля, безумоўна, не было. Як рабы, адпрацавалі ўсё жыццё, каб толькі пабудаваць маленечкую двухпакаёвачку ў Чыжоўцы. І працавалі шалёна! І гэтыя людзі, з аднаго боку, сапраўды былі беларусамі, таму што вырваліся з вёскі, а з іншага — хацелі выглядаць як новыя гараджане. Ой, гэта вялікая трагедыя ўсёй нашай краіны! Я не перабольшваю.
— Хацелі выглядаць як гараджане, але па-ранейшаму хадзілі вёска на вёску?
— Так, біліся раён на раён. Гэта рабская псіхалогія... Гэта немагчымасць прыкласці свой неасэнсаваны пратэст ад пытання «чаму так усё дрэнна?». Тады адбываюцца такія рэчы. Але адбываюцца яны ўсюды: гэта ўвогуле чалавечая асаблівасць. У Расіі выходзілі на лёд мужыкі і білі адзін аднаму морды. З чаго? Такія рысталішчы былі і ў рыцарскія часы. Гэта цікавая, але вельмі доўгая гісторыя.
— Можна сказаць, што вы раслі ў пралетарскай сям’і?
— Я не карыстаюся катэгорыямі «пралетарская», «буржуазная», «інтэлігентная». Лічу, што гэта выкручаная і небяспечная памылка.
— Выпраўляюся. Не ў пралетарскай, а ў працоўнай.
— Тады ўсе былі працоўнымі. Паходжанне маіх бацькоў — высакароднае. Але, канешне, яны пра гэта ніколі не гаварылі і рабілі на самых звычайных і цяжкіх працах.
— Як яны адрэагавалі на вашае жаданне вучыцца музыцы?
— Вельмі добра. Справа ў тым, што гэта не разглядалася як будучая прафесія. Яно, можа, і да гэтага часу так не разглядаецца. Але цяпер, праз шмат гадоў, я магу сабе сказаць, што хацеў быць артыстам. Яшчэ я маляваў, але не пайшло...
А што магло вабіць? Вось гэта і вабіла — нейкая прыгажосць. І мне купілі акардэон (а гэта было дорага), потым — гітару, а затым яшчэ і трамбон, таму што трэба было працягваць навучанне не ў студыях, а ў музычнай школе.
— І гэты трамбон у вас скралі.
— Так, скралі. Можа, дзе на самагонны апарат...
— Яшчэ адна адметнасць савецкага «спальніка» — гэта нейкія дзіўныя канцэрты на казырках шматпавярховак. Як гэта адбывалася?
— Людзі майго ўзросту ўсё гэта добра памятаюць. Была некаторая адліга перад Алімпіядай-80. У той час з’явіліся аматарскія біт-гурты, і калі ў спальным раёне гулялася вяселле ў двухпакаёвай кватэры, людзям, звыклым да вясковых свят, усё роўна хацелася размаху. З двухпакаёўкі выносілі ўсё і накрывалі сталы на 50—70 чалавек, а танцы ладзілі на вуліцы. Канешне, хацелася рабіць усё гэта вельмі сучасна, таму на казырках пад’ездаў гралі гурты, якія бралі электрычнасць з кватэры на першым паверсе, Лупілі так, што гучала на ўсю Чыжоўку. Тады гэта было вельмі крута!
Быў такі гурт «Шторм» — я нават памятаю хлопцаў, якія там гралі. У іх была чэшская гітара, гукаўзмацняльнікі, набытыя ў «Музыцы», жывыя бубны — такі ВІА выстаўляўся на казырочку і граў каверы і на «Клён шумит», і на The Beatles, і на Eagles. Гралі дастаткова прасунутыя рэчы, і я іх ведаў таму, што некалі на вяселлі пачуў кавер-версію.
— Зараз гэта падаецца нечым неверагодным! Чаму гэтая традыцыя не прыжылася?
— Пасля 1980 года ўсё цісканулі, і ВІА-рух каюкнуўся.
— У гэтым годзе ў апошні раз праводзіцца фестываль «Басовішча». Вы ўпершыню выступілі там у 1992 годзе. Мне падаецца, што тады і зараз — гэта наогул два розныя фестывалі. Як гэта выглядала ў пачатку 1990-х?
— Само мястэчка маленькае, але большая частка Гарадка — гэта беларуская дыяспара, і яны захоўваюць сваю ідэнтычнасць у польскай дзяржаве. І Беларускае аб’яднанне студэнтаў зладзіла фестываль музыкі маладой Беларусі (такі быў рэкламны лозунг), а гэта было штуршком для ўмацавання самастойнай дзяржавы, таму што абвяшчэнне незалежнасці там успрынялі абсалютна святочна. Гэта быў шалёны ўздым! Калі Беларусь паўстала як незалежная краіна, калі паўсталі спрадвечныя сімвалы, калі па-беларуску загаварыла кіраўніцтва краіны, там была сапраўдная эйфарыя. Так і паўстаў гэты фэст. І калі мы прыязджалі з Беларусі, беларускія дзяўчаты Беласточчыны сустракалі нас як герояў — мы ехалі туды як дадому.
Беларуская сучасная музыка тады нараджалася проста выбухова! Але фестывалю з цягам часу стаў патрэбны камерцыйны поспех: усё ж такі прыходзілі спонсары, каб можна было рэкламаваць піва, прадаваць вялікую колькасць ежы і сувеніраў. Так паступова мерапрыемства перайшло да фармату «хэдлайнер-конкурс» і схілілася ў бок цяжкай музыкі, бо якраз такім «Басовішча» бачылі перадусім спонсары. Штогод сцэна станавілася значна лепш, і фэст падняўся да таго ўзроўню, калі там з’явіліся сапраўды культавыя польскія каманды. Але барацьба паміж культурнай з’явай і бізнесам прывяла да таго, што канкурэнцыі з іншымі фэстамі «Басы», Гродэк і сасновы лес не вытрымалі. Я думаю, што фестываль перафарматуецца ў нешта іншае.
— Што да «Басовішча-92», то існуе байка пра тое, як Хаменка коніка прадаваў.
— У 1991—92 гадах каля канцэртнай пляцоўкі ладзіліся стыхійныя кірмашы, таму што шмат хто з музыкантаў прывозіў нейкія дробязі на продаж: тады ў Польшчы можна было набыць рэчы, якіх мы ўвогуле не бачылі ў сваім жыцці. Гэта быў гандлёвы бум, і тады кожны вёз нешта, а ў мяне была драўляная цацка, на якой мой маленькі сын чамусьці не качаўся. Жонка сказала: «Рэч прыгожая, драўляная — завязі ў Польшчу, можа там каму і прадасі». І я прадаў яе імгненна і нятанна! Памятаю, што за гэтага коніка я набыў дзве пачкі якаснага пральнага парашку. Тады якасны парашок, ад якога добра пахне, быў нібы цуд. Бутэлькі пластыкавыя! Жонкі замаўлялі, каб мы прывозілі з «Басовішча» пластыкавыя бутэлькі, таму што яны былі вельмі зручныя, каб хадзіць па разліўны алей.
— Пры гэтым 1990-я — гэта росквіт беларускага рока і гурта «Палац». Мне падаецца, што сутыкненне тысячагоддзяў для вас было вельмі балючым...
— 1998—99 гады сапраўды былі балючыя. Тады канкрэтна змяніўся вектар: прадпрымальнікі сталі нікому не патрэбныя, і на тых, хто працаваў у недзяржаўных установах, пачаўся надзвычайны ціск. У тыя гады я закрыў сваё грамадскае аб’яднанне, а гэта было куды больш цяжка, чым яго адкрыць. Тады людзі ўжо паспрабавалі весці свае ўласныя бізнесы, але ўсё пачало згортвацца. Уся прыватная ініцыятыва пайшла класці свае працоўныя кніжачкі ў дзяржаўныя ўстановы.
— І вы таксама паклалі.
— Так.
— Для вас гэта было цяжкае рашэнне?
— Часткова. Было зразумела, што самастойна мы не выцягнем. Па падатках не было пытанняў, але весці бухгалтэрыю падавалася нерэальным: ты проста пераставаў займацца творчасцю і садзіўся за паперкі. Усе пайшлі пад чый-небудзь дах. І тады каласальна абрынулася прыватная ініцыятыва. Тое ж самае адбывалася з намі — мы рухаліся так, як рухалася наша краіна і грамадства.
— Як успрынялі вашае рашэнне калегі?
— Селі, пагаварылі... Як нешта звычайнае.
— Але доўга вашая «дзяржаўная кар’ера» не працягнулася.
— Таму што ўсё роўна мы сябе паводзілі як вольныя людзі, пры тым што падпарадкоўваліся дзяржаўна-прыватнай установе.
— У 2007 годзе вы спрабавалі паехаць ад Беларусі на «Еўрабачанне». Навошта вам гэта было?
— Гэта зусім не так. Была неафіцыйная размова, падчас якой мне паведамілі: ёсць на самым версе ініцыятыва скасаваць забароны на выступы. Напэўна, патрэбны былі новыя крэдыты ці нешта такое. Паўстала пытанне: ці могуць беларускія музыкі сесці за адзін стол з прадстаўнікамі дзяржавы? Я сказаў, што могуць. І для мяне тады было абсалютна зразумела: што б мы ні гаварылі, нам проста абвесцяць пра тое, што з гэтага моманту мы не забароненыя. Але гэта трэба было сказаць неяк афіцыйна, і тут паўстала яшчэ адно пытанне: «Ну вось вы скажаце, а як мы гэта агучым у сродках масавай інфармацыі? Гэта значыць, што вы павінны публічна агучыць, што ўціск быў, а цяпер яго няма». На гэтае пытанне нам доўга не маглі адказаць, і трэба было знайсці нейкую ўніверсальную пазіцыю. Якую? Была ад мяне прапанова, што ў бліжэйшы час мы заявімся на буйныя пляцоўкі — ад фэстаў да праграм на тэлебачанні, і такім чынам усе ўбачаць, што мы не забароненыя, і тады не трэба будзе рабіць афіцыйную абвестку. Тады ўдарную колькасць канцэртаў сыграў Лявон Вольскі, а мы пайшлі больш складаным шляхам: выступілі на буйным дзяржаўным фестывалі, планавалі з’явіцца на тэлебачанні. Але ў якой праграме? Па сутнасці, іх і не было. Самую вялікую аўдыторыю тады меў адбор на «Еўрабачанне». Мы разумелі, што калі заявімся туды, нас убачаць і адразу загавораць пра тое, што забароны знятыя.
Так, мы сапраўды на той момант не зусім былі гатовыя заявіцца, бо твор, з якім мы выйшлі, быў напісаны не ў 2007 годзе, а напрыканцы 2006-га, і быў апублікаваны ў інтэрнэце. Канешне, арганізатары добра ведалі пра гэта, і таму ім было вельмі зручна: калі б мы прайшлі, яны б маглі нас зняць. Наколькі я ведаю, за нас было шалёна вялікае галасаванне па тэлефоне — сама менш мы павінны былі заняць другое месца пасля Аляхно, але нас нейкім чынам пасунулі на трэцюю пазіцыю.
Сваёй мэты мы дасягнулі і за два гады зрабілі ўсё так, каб у 2010-м — калі зноў аднавіліся забароны і ціск — гэта ўжо не змагло разбурыць нашу каманду.
— Вы калі-небудзь думалі пра тое, што было б, калі б не ўсе гэтыя забароны?
— Трэба сказаць, што большасць знакамітых асоб у свеце вядомыя дзякуючы нейкім забаронам або скандалам. Тых жа The Beatles таксама абмяжоўвалі, быццам яны купленыя камуністамі, а камуністы забаранялі, таму што яны нейкія буржуазныя хуліганы. Любую выбітную з’яву ў культуры ўлада мусіць узяць пад уласны кантроль. Гэта ўмоўная небяспека: уявіце, што 20 самых папулярных і вядомых асоб Расіі зараз заявяць што-небудзь рэальна палітычнае. Можна абрынуць каго заўгодна! Прэзідэнт Украіны — артыст. Любімы, паважаны! Вядома, што роля артыстаў на пачатку XXI стагоддзя паўтарае іх ролю на пачатку Адраджэння. Тыя ж самыя скамарохі, блажэнныя, якія гаварылі царам тое, пра што думаў народ. Гэта і артысты, якія насіліся з бубнам і спявалі песні пра казу падчас татальнага хрысціянскага ўціску на грамадства. У некаторым сэнсе гэтая спіраль, моцна змененая, цяпер зноў стала актуальнай. Таму гаварыць, што было б, нерэальна складана.
Гэта вельмі добра для грамадства, але для талентаў і канкрэтных асоб... Лёс Сашы Кулінковіча, лёс Юрыя Базана. Гэта ж трагедыі! Гэта трагедыі неаплаканыя, якія проста немагчыма ўтрымаць. А калі гаварыць у цэлым, то, напэўна, так і будуецца грамадства. Праз пакуты.
— Яшчэ адна трагедыя беларускага рока ў тым, што музыкі не збіраюць тыя пляцоўкі, якія павінны былі б збіраць.
— Гэта ўсё мяняецца імгненна. Пра што размова? Большасць гуртоў, якія былі прыціснутыя, перайшлі з інтэнсіўнага развіцця ў экстэнсіўнае, але не перспектыўнае. Зараз на паверхні, на жаль, не нашыя маладыя гурты, а замежныя. Трэнды дыктуе Расія, якая гэтыя тэхналогіі скрала на Захадзе, а мы ідзём следам за Расіяй, то-бок спажываем другаснае ад крадзенага, Такім чынам, у нас вельмі мала перспектыў у будучым: мы не можам падсілкаваць тых, каму зараз 16. Маладыя музыкі не могуць зарабіць сабе на інструменты, на якаснага гукааператара, на добры запіс, таму што ім трэба канкураваць з такімі ж самымі прадстаўнікамі Усходу і Захаду, а яны неканкурэнтаздольныя па тэхналогіях.
— Але самую буйную пляцоўку ў краіне зараз збірае менавіта беларускі артыст — Макс Корж.
— І што гэта паказвае?
— Яго канкурэнтаздольнасць.
— Макс Корж спяваў па-беларуску, і калі мы ладзілі ягоны канцэрт у «Рэактары», прыйшло восем чалавек. Ён з’ехаў па новыя тэхналогіі і новы менеджмент у Расію. А цяпер збірае грошы з беларускай публікі і куды іх вязе?
— Ён жыве ў Грушаўцы.
— Але грошы куды ён вязе?
— У яго даўно скончыўся кантракт з расійскім лэйблам.
— Магчыма, я не ведаю пазіцыю, але гавару пра тое, што IOWA, Макс Корж і ўсе падобныя знаходзяцца ў сістэме замежнай музычнай індустрыі. Не было б ніякага «Ляпіса», калі б ён не трапіў у Расію, не было б ніякіх «Песняроў», калі б яны не прыцягнуліся да Савецкага Саюза. Айчыннай музычнай сістэмы няма, яна толькі фарміруецца. Таму я так часта абараняю J-Морс.
— Ад чаго?
— Ад прыніжэння іх ролі ў поп-музыцы Беларусі.
— А хто яе прыніжае?
— Ёсць такія людзі, і іх дастаткова. А гурт значную частку сваёй працы рабіў і робіць у Беларусі. Значную частку! Прычым робіць на такім узроўні, што можа канкурыраваць з самымі вядомымі расійскімі поп-рок-гуртамі, прычым паспяхова! Але толькі на гэтай тэрыторыі, таму што J-Морс у Расіі ведае няшмат людзей.
— Не так даўно Аляксандр Цэкала ў нашым інтэрв’ю разважаў наконт расійскага фальклору. Ён сказаў, што ў Расіі вельмі шмат казак пра халяву. Вы ў адным з інтэрв’ю разважалі, што ў беларускім фальклоры шмат казак, у якіх перахітрыць пана — гэта подзвіг.
— Не трэба перабольшваць выхаваўчую ролю вуснага фальклору. Фальклор і мастацтва ўвогуле не выхоўваюць — усе працы, якія напісаны на гэты конт, я проста ігнарую, таму што там прапускаецца самая галоўная частка: і фальклор, і мастацтва ствараюць прастору, у якой можа адбывацца выхаванне. А яно можа адбывацца як у станоўчым, так і ў адмоўным рэчышчы. Гэта культурная прастора, і ў ёй можа адбывацца што заўгодна, але якраз мастацтва ўводзіць людзей у тую сувібрацыю, у якой яны будуюць свой уласны сусвет. Гітлер быў выдатным мастаком, Сталін на слых мог сказаць, хто кіруе аркестрам. Выдатныя знаўцы мастацтваў і абсалютныя каты і злачынцы. Выдатны вобраз — Ганібал Лектэр Энтані Хопкінса: мастацтва стварыла прастору, у якой з’явілася геніяльная пачвара.
— Але фальклор — гэта досвед пакаленняў.
— Не, гэта штамп. Фальклор — гэта кніжкі, інтэрнэт і тэлевізар у адным флаконе. Толькі былыя кніжкі, былы інтэрнэт і былы тэлевізар. Чаму яны вас вучаць? Чаму заўгодна. І фальклор рабіў і робіць тое ж самае. Фальклор — гэта тое, што было да інтэрнэту.
— Вы неяк казалі, што самая складаная эмоцыя — гэта эмоцыя радасці. Чаму?
— Гэта працяглая размова... Таму што гэтая эмоцыя не комплексная, яна блізкая да пачуцця, але пры гэтым вельмі дрэнна счытваецца мімічна. Святло ў вачах... Яго можна счытаць?
— Нейкім чынам можна.
— Вось толькі так і можна зразумець, што чалавек радуецца. Таму што бывае, што чалавек усміхаецца, а вочы не свецяцца. Ці наадварот — людзі могуць плакаць ад шчасця. Увогуле гэта правакацыйная заява, і я спецыяльна агучыў яе, таму што мне гэта трэба было для кантэксту.
— Калі вы апошні раз шчыра радаваліся?
— Я цяпер сам не разумею, ці шчыра я радуюся. Я магу імітаваць радасць — і яна да мяне прыходзіць.
— А неспадзявана?
— Усе людзі імкнуцца пазбягаць неспадзяванак. Хочацца быць падрыхтаваным да таго, што ты заплачаш ці спужаешся. Дзеля гэтага і існуюць кіно, мастацтва...
— Вы чалавек прагматычны, так?
— Не! Прагматычны сусвет, а я часта раблю абсалютна спантанныя і нечаканыя для сябе рэчы. Можа так усе?
— Вы казалі, што са злосцю рэагуеце на падколкі. Гэта недахоп самаіроніі?
— Гэта манеры. Я некалькі разоў заўважаў, што крытыку ад некаторых людзей, якія думаюць, што яны эксперты, а на мой погляд, нічога не разумеюць, я ўспрымаю агрэсіўна. Я гэта не паказваю, але адчуваю, што злуюся.
— Чаму вас чапляе меркаванне людзей, якіх вы не лічыце экспертамі?
— Гэта цікавае пытанне. Самалюбства — маю такі грэх. Не... Я зараз не шчыры... «Саша, чаго ты нейкую фігню напісаў?» Цябе не чапляе?
— Ужо не чапляе.
— А мяне чапляе дагэтуль. Хм, чаму? Прычым калі б гэта сказаў сябар, мне б, хутчэй за ўсё, было прыемна. Раздражняюць словы ад прафанаў. Я не гатовы адказаць, але пытанне надзвычай цікавае.
— На ваш погляд, што адбываецца з беларускай музыкай у 2019 годзе?
— Усё тое, што адбываецца з беларускім грамадствам. Напружанне, чаканне катастрофы і перафарматавання, разгубленасць, сыход у сябе. Прынамсі, мне так падаецца.
— Як гэта — быць музыкантам у Беларусі?
— У мяне ёсць вельмі стандартны адказ на гэтае пытанне, і нічога іншага я пакуль прыдумаць не магу. Паэт у Расіі — больш, чым паэт, а музыкант у Беларусі — больш, чым паэт у Расіі.
Яшчэ па тэме:
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by