4199
11 декабря 2018 в 11:34
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Пяць кніг замежных аўтараў, якія яшчэ не паспелі выйсці па-руску. Чытайце ў беларускіх перакладах

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

У Беларусі існуе добрая школа перакладчыкаў. Яны перакладаюць мастацкую літаратуру на беларускую з албанскай, турэцкай, партугальскай, нарвежскай. Вядома ж, з польскай, англійскай, нямецкай і дзясяткаў іншых. Мы зрабілі падборку кніг, якія яшчэ не паспелі выйсці па-руску, але ўжо ёсць у беларускіх перакладах. Гэта не апошні падобны агляд, бо ёсць чым парадаваць чытача.

Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых»

(Выдавецтва «Логвінаў»)

 

Вольга Такарчук адна з наймацнейшых сучасных пісьменніц Польшчы (хаця Анджэй Сапкоўскі і Януш Вішнеўскі больш на слыху, але гэта аўтары рознага калібру). Яна сабрала жмут літаратурных узнагарод у Польшчы. А сёлета 56-гадовая Такарчук атрымала Міжнароднага Букера. Букер — літаратурная прэмія, якой ганаруюцца англамоўныя пісьменнікі. А Міжнародным Букерам адзначаюць аўтараў кніг, перакладзеных на англійскую мову. У гэтым годзе прыз узяла менавіта полька за раман «Bieguni» («Уцекачы»). «Bieguni» па-руску выходзілі, а вось «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» у Расіі не паспелі выдаць. У перакладзе ж на беларускую Марыны Шода раман з’явіўся сёлета. Між іншым, летась па гэтай кнізе знялі фільм у Польшчы.

Жанр кнігі вызначылі як экадэтэктыў. Усё праз месца дзеянняў (вёска) і акалічнасці здарэнняў (дэтэктыўна-містычная лінія раскручваецца з забойства звяроў).

Пані Душэйка, інжынер на пенсіі, перабралася жыць у глухую вёску амаль на самай мяжы Польшчы з Чэхіяй. Калі летам там ёсць крыху людзей, то зімаваць застаецца толькі трое. Гарадскія з’язджаюць, а Душэйка прыглядае за іх хатамі. І вось нечакана памірае адзін сусед — удавіўся косткай казулі падчас вячэры. Сусед, Пітэкантрап (у кожнага ёсць свая мянушка), быў браканьерам. Таму Душэйка лічыць, што казулі яму і адпомсцілі — падабраліся да яго хаты, калі Пітэкантрап вячэраў, напалохалі яго, а той і ўдавіўся. Але пасля гэтай смерці ў мястэчку побач гіне Камендант — паліцэйскі. Нібыта выпадкова. Затым здараецца трэцяя смерць — Прэзідэнта, кіраўніка суполкі грыбнікоў. А пасля чацвёртага трупа становіцца зразумела, што гэта ніякая не выпадковасць. На пятым замаху паліцыя выходзіць на след забойцы.

А яшчэ ў кнізе прысутнічаюць гараскопы — гэта любімы занятак Душэйкі. І яна «палюе» за датамі нараджэння людзей, з якімі надараюцца кантакты. Каб прадбачыць іх лёс…

Ігнат Карповіч «Сонька»

(Выдавецтва «Логвінаў»)

Ігнат Карповіч — сучасны польскі пісьменнік, які нарадзіўся на Беласточчыне. У 2015 годзе раман «Сонька» быў намінаваны на польскую літаратурную прэмію «Nike», а ў 2018 годзе пабачыла свет беларускае выданне ў перакладзе Марыі Мартысевіч.

Галоўная гераіня рамана — старая жанчына з польскай вёскі Гарадок. У сабе яна носіць гісторыю, якая мусіць быць пачутай, няхай толькі знойдзецца ўдзячны слухач. У гэтай гісторыі яна маладая дзяўчына, якая вырасла без маці, але з жорсткім бацькам і двума братамі. І ў жыцці Сонькі з’яўляецца яшчэ адзін мужчына — немец, афіцэр SS, якому наканавана завалодаць яе сэрцам на ўсё жыццё. Яны з розных светаў, не маюць агульнай мовы, але іх аб’ядноўвае нешта большае, што не ўбачыць на паверхні. І гэтая трагічная гісторыя кахання столькі гадоў выспявала ў жанчыне, каб выбухнуць першаму незнаёмаму чалавеку.

Раптоўна ў яе жыцці з’яўляецца тэатральны рэжысёр з Варшавы Ігар, які невядома якім чынам на сваім шыкоўным аўтамабілі апынуўся сярод вёскі, дзе не прымае сігнал сотавага аператара, а да цывілізацыі далёка. Менавіта яму наканавана пачуць гісторыю Сонькі і ператварыць яе ў твор мастацтва, паставіць на сцэне. І як казаў Шэкспір: «Увесь свет — тэатр, людзі ў ім — акцёры».

Раман пра ўспаміны і пра тое, як важна расказаць сваю гісторыю перад тым, як сысці. Пакінуць след, нават у душы выпадковага незнаёмага чалавека, каб ваша гісторыя жыла далей. Раман пра каханне, якое магчыма ва ўсе часы, нават у бязлітасныя часы вайны.

У арыгінале кнігі Сонька нават гаворыць па-беларуску, дакладней, карыстаецца паўночна-заходнімі гаворкамі беларускай мовы, пашыранымі на Беласточчыне. І трэба адзначыць, што такі даволі беларускі раман польскага аўтара быў прыхільна ўспрыняты на яго радзіме. Цяпер і беларускі чытач мае магчымасць пазнаёміцца з гэтым творам.

Ісмаіль Кадарэ «Хроніка ў камені»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

 

Ісмаіль Кадарэ — жывы класік албанскай літаратуры, які ў 2005 годзе атрымаў Міжнародную Букераўскую прэмію. Сябе ён называе «пісьменнікам з Балканскай ускраіны, з той часткі Еўропы, якая доўгі час мела сумную вядомасць выключна праз навіны аб чалавечым зле». У пасляваенныя гады Албанія была пад уладай рэжыму Энвера Ходжы, які спрабаваў пабудаваць сацыялістычную дзяржаву па савецкай мадэлі сталінскага перыяду. Яго намаганнямі краіна ў 70-я гады апынулася амаль у поўнай міжнароднай ізаляцыі. Сімвалічна, што Кадарэ і Ходжу аб’ядноўваў горад, у якім яны абодва нарадзіліся, Дзіракастра.

Раман «Хроніка ў камені» («Kronikë në gurë») пабачыў свет у 1971 годзе, і гэта адзін з самых значных твораў Кадарэ, а таксама самы аўтабіяграфічны. У ім вачыма хлопчыка паказваецца жыццё албанскага горада Дзіракастра ў часы Другой сусветнай вайны. Разам з галоўным героем мы назіраем, як абсурдна змяняецца ўлада ў горадзе, бо за кароткі час ён пераходзіць з рук у рукі: італьянцы, потым грэкі, потым зноў італьянцы, а потым ужо немцы. Зрабіўшы асноўным героем дзіця, Кадарэ атрымаў свабоду самавыражэння, магчымасць апісваць падзеі без пэўнай палітычнай ацэнкі, бо гэта мастацтва, а не прапаганда.

Галоўныя героі — усе жыхары горада, ад падлеткаў, якія лічаць захапляльным наведваць разніцу, да старых жанчын, якія шмат гадоў не выходзяць з дамоў. Кадарэ стварыў цэлую галерэю каларытных балканскіх вобразаў. Твор можа падацца фантастычным, бо жыхары горада вераць у магію, а некаторыя з іх жывуць больш за 150 гадоў. У канцы рамана эпізадычна з’яўляецца нават сам дыктатар Ходжа, які выпісаны аўтарам як небяспечны камуніст.

Раман ніколі не друкаваўся на рускай мове, таму ў вас ёсць унікальная магчымасць пазнаёміцца з гэтым цікавым і значным творам албанскай літаратуры па-беларуску. Твор быў перакладзены Максімам Мудровым і выдадзены ў 2017 годзе.

Філіп Вінклер «Hool»

(Выдавецтва «Кнігазбор»)

Калі словы ultras і hool для вас не пусты гук, а футбол — гэта больш, чым спорт, то варта пазнаёміцца з дэбютным творам маладога нямецкага пісьменніка Філіпа Вінклера, які выйшаў у 2008 годзе і ўжо атрымаў у Германіі процьму літаратурных узнагарод. Сёлета раман «Hool» выйшаў па-беларуску ў перакладзе Вадзіма Мохава.

Галоўны герой кнігі Хайка Кольбэ можа смела сказаць, што ў яго дзве сям’і: адна біялагічная, дзе ён нарадзіўся і вырас, а другая — тая, якую ён сам абраў. Гэта яго сябры па футболе, фанаты клуба «Гановер 96». Так званыя хуліганы — хлопцы, якія бароняць гонар роднай каманды па-за стадыёнамі і футбольнымі матчамі.

Але ў біялагічнай сям’і Хайка чакаюць толькі маці, якая іх кінула, бацька, які бясконца праходзіць курсы рэабілітацыі для алкаголікаў, ды сястра, якая адчувае сябе няшчаснай.

У хуліганскім асяроддзі ўсё значна прасцей. Тут усё вырашае выключна твая сіла, уменне падставіць плячо сябру і пастаяць за сябе. І гэта ўсё, што ёсць у Хайка, без чаго ён не ўяўляе жыцця. Яго цяжка назваць станоўчым персанажам, бо гэта агрэсіўны юнак, маўленне якога перапоўнена грубымі выразамі, а паводзіны вызначаюцца жорсткасцю. Раптоўна гэты прывычны для Хайка свет пачынае ламацца, калі сябры адзін за адным адыходзяць ад справы. Для хлопца такія паводзіны роўныя здрадніцтву, але ён не збіраецца здавацца і хоча выратаваць свой свет ад разбурэння.

Кніга, якая дазволіць вам зазірнуць у іншы свет, для кагосьці прывычны і знаёмы, а для кагосьці новы і незвычайны, магчыма, нават варожы.

Узі Вайль «Буржуазія задаволена не да канца»

(Выдавецтва «Логвінаў»)

Кніга кароткай прозы сучаснага ізраільскага пісьменніка Узі Вайля. У той час, як у свеце найлепш ведаюць іншых ізраільскіх аўтараў — Амаса Оза, Меіра Шалева — і ўдумліва чытаюць іх раманы, гэты аўтар не прэтэндуе на званне інтэлектуальнага пісьменніка. Прынамсі, не з гэтай кнігай. Апавяданні і скетчы Вайля са зборніка «Буржуазія задаволена не да канца» — для рэлаксу. У гэтай кнізе акурат і паўстае той асаблівы яўрэйскі гумар, часам не да канца зразумелы беларусам.

«Я сказаў ім: „У коткі дзевяць жыццяў, а ў сабакі — толькі адно. І калі вы возьмеце котку і кінеце яе з даху восем разоў, то на дзявяты раз яна ператворыцца ў сабаку“.

Яны глядзелі на мяне як на ідыёта.

Ф. М. Дастаеўскі, „Ідыёт“, ранняя версія».

Самі назвы апавяданняў Узі Вайля інтрыгуюць. «Чалавек, які скраў Сцяну Плачу», «Перапіхоны ў Зіхроне і разня ў Хеўроне», «Гэта не „Хамас“, гэта Смерць, каб яна здохла». Усярэдзіне — не менш цікава.

Пакуль расійскія выдаўцы прыцэльваюцца да Узі (па-руску друкаваліся толькі асобныя апавяданні), Павал Касцюкевіч з іўрыту пераклаў на беларускую цэлую кнігу. Касцюкевіч, дарэчы, пераклаў і раман Меіра Шалева «Дом вечнасці для першапраходцаў», які яшчэ рыхтуецца да друку.

экран 6" E-Ink Pearl, монохромный, 600 x 800, сенсорный, память 4 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 758 x 1024, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
Нет в наличии
экран 5" E-Ink VizPlex, монохромный, 600 x 800, память 4 Гб, карты памяти
Снят с продажи

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!