«Бацькі думаюць, што мы не можам любіць, а гэта не так». Першакурснікі пра сталенне, мэты і асаблівасці пакалення Z

26 135
13 сентября 2018 в 8:00
Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Аляксандр Ружачка, Таццяна Ашуркевiч

«Бацькі думаюць, што мы не можам любіць, а гэта не так». Першакурснікі пра сталенне, мэты і асаблівасці пакалення Z

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Аляксандр Ружачка, Таццяна Ашуркевiч

Кажуць, яны не ведаюць цяжкасцей, не могуць выжыць без электронных прылад і дакладна не разумеюць, чым трэба кіравацца ў жыцці. Пакаленне, народжанае ў 2000-х, ніколі не ацэніць бацькоў, якія вучыліся на знос, усяго дасягнулі ў жыцці самі і нават не скардзіліся. Гэтыя стэрэатыпы моладзь разбурае так жа хутка, як эксперты каля пад’езда прыдумляюць новыя — «часу няма ўсіх слухаць, робім, як лічым правільным». Яны адрозніваюцца мэтанакіраванасцю і шчырасцю, а таму кажуць: з-за ранняга сталення праблемы ў іх жыцці таксама ёсць. Праўда, амаль заўсёды невідавочныя для бацькоў. Onliner.by пагутарыў з першакурсніцамі, якія распавялі, як пачалося іх дарослае жыццё, што змянілася ў галовах і чаму яны знаходзяцца з 19-гадовымі на зусім розных хвалях.

Марына Кішкурно

Марына прыехала ў Мінск з Віцебска. Зараз дзяўчына вучыцца ў БДУ. Яна лічыць, няма нічога дрэннага ў тым, што цяпер большасць яе знаёмых плануюць сваю будучыню яшчэ ў школе:

— Ва ўсіх ёсць нейкія планы. Хтосьці кажа, што пойдзе працаваць пасля першага семестра, хтосьці — праз год. Ведаю, што ў нас існуюць прынцыпы тыпу «вось да гэтага часу я займаюся сабой і хачу патусіць». У маім асяроддзі ёсць толькі адна дзяўчына, якая абрала прынцып «як пойдзе». Я вось вызначылася, што мне патрэбны час, каб прывыкнуць да новага ў маім жыцці. А потым, канешне, і я пайду працаваць. Навошта час губляць?

Ксенія Сітнік

— Я дакладна ведаю, што хацела б бачыць сябе спецыялістам у некалькіх галінах. Разумею, што ў пагоні за поспехам можна згубіць чалавечыя якасці. Не хачу, каб так было. Я прыехала з вёскі Дараганава і спадзяюся, што са мной не адбудзецца трансфармацыі, якую перажывае большасць тых, хто трапляе ў вялікі горад. Ёсць шмат прыкладаў у творах, калі галоўны герой відавочна змяняецца з пераездам.

Ксенія — сур’ёзная алімпіядніца па беларускай мове. Яна нават размаўляе кніжна і з расстаноўкай. Свае словы таксама падмацоўвае прыкладамі з кніг. Тады працягвае:

— Яшчэ ў жніўні думала, што запішуся на курсы, буду рабіць шмат усяго і адразу. А цяпер разумею, што спачатку трэба асвоіцца ва ўніверсітэце.

Лізавета Шульга

Ліза — вельмі ціхая дзяўчына. Яна нясмела распавядае, што гэтым летам яе паступленне ў ВНУ сапраўды было вельмі чаканым — год таму яе не залічылі на бюджэт на журфак, таму яна пайшла вучыцца на лінгвіста ў родным Гомелі. Але потым зразумела: займацца трэба тым, да чаго сапраўды цягне.

— Калі ты любіш тое, што робіш, то будзеш самаўдасканальвацца. Ёсць жаданне — будзе ўсё астатняе. Наогул, трэба разумець, што ты павінен быць упэўненым у тым, што будзеш рабіць нешта сваё пасля атрымання адукацыі. Сям’я таксама павінна быць, і яна можа ісці побач з кар’ерай, але зараз гэта другасная справа.

Ніка Барысевіч

З Нікай мы чамусьці адразу пачынаем весці гутарку пра мінулае і сучаснае:

— У краіне зараз шмат магчымасцей, бяры не хачу. У нас ёсць свабода слова і дзеяння, а гэта ўжо добра.

Мы вытрымліваем паўзу, і Ніка вырашае, што трэба ўдакладніць свае словы:

— Можа, і не так публічна, але ж у часы СССР нават за сталом гэта было складана зрабіць. Цяпер мы больш свабодныя.

Пытаем, адкуль Ніка ведае пра Савецкі Саюз. Адказвае:

— Бацькі распавядалі. І яшчэ бабуля ў мяне гаваркая. Я слухаю яе гісторыі і разумею, што мне цікава. Тады, як мне здаецца, людзі не баяліся брацца за нейкую працу. Мне, вядома, не хацелася б так жыць, але разумею, што калі чалавек шмат чым займаецца, ён пашырае свой кругагляд.

Кацярына Тарасава

— Адукацыя патрэбна ўсім. Нехта можа палічыць, што ў гэтым яго свабода — абіраць, атрымліваць веды ў дзяржаўнай установе ці не рабіць гэтага. Хоць і прайшоў толькі тыдзень вучобы, нам выкладчыкі такія важныя рэчы распавялі, якія ты ў кнігах не знойдзеш, — кажа Кацярына, якая прыйшла да нас адразу пасля пар. — Вышэйшая адукацыя дае нейкі падмурак, каб не падавацца суразмоўцу з іншымі поглядамі дэбілам.

Але дзяўчына робіць агаворку і запэўнівае: праца працай, а сям’я заўсёды будзе побач з табой. Так што пра выбар паміж кар’ерай і сваякамі размаўляць не прыходзіцца — адказ відавочны.

— Вы ж разумееце, што гэта адзін з самых вялікіх унёскаў, якія ты можаш зрабіць у сваім жыцці? — пытае яна. І мы разумеем.

Каця Ляневіч

З Кацяй большую частку часу мы размаўляем у яе інтэрнаце — дзяўчына вельмі занятая, таму знаходзіць толькі некалькі хвілін, каб далучыцца да нашай размовы ў парку. Увечары ж запрашае да сябе ў пакой — абяцае правесці экскурсію.

— Я прыехала сюды са Слуцка, — кажа яна, пакуль разбірае пакункі на кухні. — Спачатку інтэрнат мне такім няўтульным падаўся — жах! Але потым мы з дзяўчатамі расклалі рэчы і абставілі пакойчык. Цяпер туды нават хочацца вяртацца.

Пытаем, ці дружна студэнты жывуць з прусакамі. Адказвае:

— Канешне, іх мы бачылі. Думала, што буду крычаць, але яны падаліся вельмі мілымі. Мы зрабілі дэзынфекцыю, герметычна ўсё спакавалі — і зараз усё добра. Некалькі дзён нікога не спатыкаем.

Каця распавядае, што пакуль ні ва ўніверсітэце, ні ў інтэрнаце канфліктаў не здаралася. Раптам узгадвае, што нядаўна яна зразумела важную рэч: працу трэба абіраць такую, каб прыносіла грошы — суровая рэальнасць прымушае гэта рабіць. І мы не спрачаемся.

Паліна Міхайлава

Паліну мы доўга не маглі знайсці: па фотаздымках арыентаваліся на дзяўчыну з доўгімі валасамі, а ўбачылі прыгажуню з кароткай стрыжкай.

— Я даўно хацела гэта зрабіць, пазаўчора састрыгла, — каментуе яна сваю знешнасць, калі мы нарэшце знаходзім адно аднаго. — Трэба мяняцца.

Паліна ўвогуле выступае за любыя перамены і хоча, каб бацькі давалі дзецям больш свабоды. Яшчэ лепш, калі яны будуць сябрамі — рамкі варта ўсталёўваць толькі тады, калі дзіцяці нешта пагражае. Дзяўчына лічыць, шмат хто з дарослых захаваў у сабе «савецкасць» — залішні кантроль, які тычыцца нават знешняга выгляду. І гэта, на яе думку, цалкам правальны варыянт выхавання.

— Але ж я і супраць таго, каб за дзецьмі зусім не сачылі. Калі бацькам усё роўна, дзе іх дачка ці сын, то як гэта называць? Расхлябанасць нейкая, — дадае Паліна і сядае побач з намі. Мы пачынаем агульную гутарку.

Пра ўніверсітэт і інтэрнат

Нашы гераіні, як адна, кажуць, што яны задаволеныя пачаткам вучобы. Толькі ступень захаплення ў кожнай свая: нехта абсалютна шчаслівы, іншыя атрымліваюць кайф толькі ад некаторых пар. Наконт інтэрната існуе агульнае меркаванне — «прыняць і перажыць, магло быць і горш». Абсалютна задаволеныя жыллём толькі мінчанкі Кацярына і Ніка. Ксенія таксама жыве са сваякамі.

— Што да адукацыі, то яна, канешне, патрэбна. Тупымі людзьмі прасцей кіраваць, — сур’ёзна пачынае Марына. Пераконвае, што не збіраецца захапіць свет, але гэта заўсёды могуць зрабіць іншыя. — Не скажу, што ў маім універы мне падабаюцца ўсе пары, але на большасці нармальна сяджу.

— А мне вельмі падабаецца, — падхоплівае Ксенія. — У нашай групе ўсё выдатна — мы яшчэ ў сеціве пасябравалі. Было спачатку складана, што пара — гэта не 45 хвілін. Але цяпер я ўжо асвоілася.

Ліза слухае і асцярожна дадае:

— Я вось у інтэрнаце жыву. Можа, нават горшага чакала. З прусакамі мы ў першы дзень у ліфце спаткаліся, потым я яшчэ аднаго флакончыкам з-пад шампуня прыхлопнула. Але ўвогуле іх няшмат.

Ніка і Кацярына ў адзін голас згаджаюцца, што вышэйшая адукацыя карысная і цікавая. І яны таксама пакуль што ў захапленні. Абмаўляюцца, што прайшоў толькі тыдзень.

Каця ж сказала нам, што калі чалавек не бачыць у адукацыі сэнсу, ён можа яе не атрымліваць:

— Калі ты музы́ка, навошта яна табе? Але калі хочаш быць эканамістам ці перакладчыкам, спецыяльныя веды патрэбны абавязкова.

Паліна пагаджаецца з гэтым меркаваннем і дадае:

— Вельмі важна, каб акрамя ўніверсітэцкай вучобы ты нешта рабіў і сам — прагрэс не стаіць на месцы.

У нашай размове мы таксама крочым далей.

Пра (не)відавочную розніцу паміж пакаленнямі

Дзяўчаты згаджаюцца, што яны, як і іх знаёмыя, адрозніваюцца ад бацькоў. І каментуюць: гэта — нармальна і відавочна. Як і ў кожным такім выпадку, іх час таксама багаты на плюсы і мінусы.

— Нашы бацькі задумваліся, як стварыць сям’ю, — кажа Ксенія. — Яны занадта адказна ставіліся да адукацыі. І мне зараз кажуць, каб я не расслаблялася. Толькі цяпер адукацыя зводзіцца да самаадукацыі. Сёння ты сам павінен умець знаходзіць інфармацыю: крыніц вельмі шмат, паспрабуй вылучыць самае істотнае. Выкладчыкі табе не дапамогуць. А пакаленне нашых бацькоў, наадварот, больш умее вучыцца самастойна. А яшчэ яны ўсе чамусьці думаюць, што мы не ўмеем любіць, але гэта не так. Проста мы больш сканцэнтраваныя на сабе.

— Так, я згодна, што бацькі былі больш адказнымі, — падтрымлівае Ліза. — Зараз 15-гадовыя падлеткі зусім інфантыльныя.

Кацярына кажа, што як бы ні хацелася адчуваць сябе абсалютна іншымі і свабоднымі ад бацькоўскага меркавання, гэта немагчыма:

— Мы цалкам залежым ад тых людзей, што нас выхоўваюць. Усё, што мы маем, мы атрымалі ад іх.

Ніка не пагаджаецца і запэўнівае: яны адрозніваюцца — цяпер мала хто пагодзіцца працаваць прыбіральшчыкам, калі сапраўды спатрэбяцца грошы. Усе «глядзяць у праграмісты». А раней такога не было.

— Бясспрэчна тое, што мы сталеем раней. У мяне ёсць велічэзная колькасць знаёмых, якія ў 16 год пачынаюць думаць, што будзе далей, — распавядае Марына.

— Мы сталі больш мабільнымі і менш кансерватыўнымі. Зараз моладзь не звяртае ўвагі на грамадскае меркаванне, бацькі ж нашы заўсёды думаюць «а што скажуць людзі?» — дадае Каця.

— Я думаю, розніца паміж намі — у выхаванні. Я, дарэчы, аднясу сябе яшчэ да людзей старой сістэмы: мае бацькі — немаладыя людзі, — завяршае тэму Паліна. — Ад тых, у каго бацькі маладзейшыя, мы таксама адрозніваемся. Ёсць рэчы, якія могуць быць для мяне відавочнымі і нязменнымі, а яны ўспрымаюць іх інакш.

Пра краіну

Кацярына Тарасава — вясёлая дзяўчына. Але калі мы пачынаем размаўляць пра краіну, выраз яе твару становіцца вельмі сур’ёзным. Выглядае на тое, што закранулі нешта важнае. Пакуль дзяўчаты фатаграфуюцца, мы размаўляем сам-насам.

— Дарэчы, ёсць яшчэ нешта, чым мы адрозніваемся ад бацькоў. З самастойнага ў нас — падсвядомае адчуванне сябе як нацыі, — тлумачыць Кацярына. — Для бацькоў гэта непрымальна, яны кажуць, што нарадзіліся ў СССР. А ў нас ёсць самасвядомасць. І не трэба камусьці нешта даказваць — мы адчуваем гэта ўнутры. Я люблю сваю краіну — гэта на ўзроўні генетычнага коду. Паказваю браціку мульцікі на беларускай мове, якую ён ніколі не чуў, — і ён усё разумее. Мы тут свае. А каму мы патрэбныя за мяжой?

Падбягае Ніка і пытае, пра што ідзе гаворка.

— Мне б хацелася застацца ў Беларусі. Тут добра, — адказвае яна, калі запрашаем далучыцца да нас. — А чым наша краіна дрэнная? Будзем прасоўваць яе наперад у Еўропу. Даволі непрыемна, калі едзеш за мяжу, а там і не ведаюць, адкуль тая Беларусь узялася.

Астатнія дзяўчаты таксама ўключаюцца ў размову:

— І мне хацелася б застацца тут. Не адмаўляю магчымасцей міжнароднага досведу, але назаўсёды не з’ехала б, — дадае Ксенія. — Аднак я б удасканаліла светапогляд людзей. Нашае грамадства не думае, што час ад часу трэба хадзіць да псіхолагаў. Накопліваюць усё ў сабе. Потым здзіўляюцца, адкуль стрэсы і суіцыды.

— Я дапускаю магчымасць таго, што з’еду ў Варшаву — Польшчу вельмі люблю, — далучаецца Ліза. — Але з Ксюшай згодна — мала хто разумее, як нам патрэбныя добрыя спецыялісты. Летась мне было вельмі складана, калі я не паступіла. І сама спраўлялася з праблемай. А так не павінна быць.

— Я вось патрыёт і гатовая рваць тых, хто дрэнна адгукаецца пра Беларусь, але я яшчэ з пяці год мару аб жыцці ў Нарвегіі. Мне хацелася б з’ехаць. Але не таму, што мне нешта тут не падабаецца. Проста хацелася б жыць у іншым месцы, — кажа Паліна.

Марына дадае:

— Я б хацела з’ехаць у Маскву. Проста таму, што пакуль не адчуваю Мінск сваім. Людзі, здаецца, тыя ж, але з некаторымі цяжка знаходзіць кантакт. У іх на тварах напісана: «А ты не мінчанка? Як ты гэтага не ведаеш?» Можа, гэта толькі зараз так — прайшло мала часу. Адзінае я ведаю дакладна: варта ездзіць на стажыроўкі. Спадабалася табе нешта — вязеш і робіш тое самае тут. Гэта крута.

— Так, я вось хацела б на нейкі час з’ехаць, каб атрымаць досвед. Але назаўсёды... Не думаю, што калі-небудзь так зраблю, — гаворыць Каця.

Пра будучыню і кнігі

Скажам адразу: паспяховымі праз дзесяць год сябе бачаць усе дзяўчаты. Яны і самі прызнаюць уласную амбіцыйнасць і тлумачаць: магчымасці для развіцця ёсць, а што яшчэ трэба?

Ксюша і Ліза сыходзяцца ў меркаваннях, што яны хацелі б атрымаць другую адукацыю — не пашкодзіць. Каця хоча павольна ісці да поспеху і знайсці добрую працу, як і Марына. У планах Нікі, акрамя кар’еры, пяць сыноў. Кацярына бачыць сябе пісьменніцай, Паліна хоча змяніць стаўленне да сябе.

Калі мы ўжо збіраемся развітвацца, у нас завязваецца размова з цікавымі высновамі.

— Я вельмі люблю чытаць фанфікі. Вы ведаеце, што гэта такое? — пытае Ніка.

— Ведаю. Я старэйшая за вас на два гады.

— Дык вы ўжо дарослая, — выносіць прыгавор Ксюша.

Мы стойка гэта пераносім. На ўсялякі выпадак патлумачым: фанфік — гэта напісаная на арыгінальны сюжэт твора гісторыя.

Працягваем размову далей і высвятляем, што дзяўчаты чытаюць яшчэ і класіку — называюць Дастаеўскага, Булгакава, Караткевіча і Дойла. Кацярына і Ніка размаўляюць пра сучасны белліт і прыходзяць да высновы: Бахарэвіч — круты, у яго манера пісьма адрозніваецца. У гэтым нашы меркаванні сыходзяцца. А яшчэ разам згаджаемся, што беларускі гурт Nizkiz у моладзі — фаварыт. Сярод любімых жанраў музыкі дзяўчаты вылучаюць рок, джаз і рэп. І калі яны называюць шмат імёнаў рэпераў, разумеем: новае іх прыцягвае хутчэй і больш.

І гэта добра. Трэба заўсёды ісці наперад і ўсё спрабаваць. Свет жа змяняецца — выказваюць адну думку, але ў розных варыяцыях дзяўчаты. І нам застаецца толькі пагадзіцца.

Дзіцячыя сталы і парты ў каталозе Onliner.by

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by