«Мусово», «хундамэнт», «боцян». З'явілася гукавая карта беларускіх дыялектаў, якую можна праслухаць

 
6788
05 сентября 2018 в 15:18
Источник: Настасся Занько, фота: Максім Маліноўскі, Аляксандр Ружачка. Фота носяць ілюстратыўны характар
Источник: Настасся Занько, фота: Максім Маліноўскі, Аляксандр Ружачка. Фота носяць ілюстратыўны характар

«Не трэба казаць, што праз 10 гадоў усе дыялекты вымруць, — трэба іх папулярызаваць», — вырашылі трое жыхароў Брэста і зрабілі праект Dialects. Запісы пакуль што ёсць толькі па Брэсцкай вобласці, але арганізатары заклікаюць усіх браць у рукі дыктафон і пісаць гаворку сваіх родных з розных вёсачак і гарадоў.

Запісваць гаворкі жыхароў сваёй вобласці Іна Хоміч пачала яшчэ ў 2012 годзе, калі стала працаваць на радыё. Філолаг па адукацыі, яна не проста запісвала гаворкі, а яшчэ і рабіла да іх навуковае апісанне. З таго часу ў дзяўчыны назбіралася 90 запісаў, і яна падумала, што з гэтым трэба нешта рабіць.

— Я філолаг, трошачкі разумею, што нацыянальная мова — гэта не толькі літаратурная, але і дыялекты, — кажа Іна. — Гэта такое багацце, якое трэба цаніць, гэта першааснова. Пра іх таксама трэба думаць, інакш будзе позна.

У яе ўяўленні была мапа з прымацаванымі да пэўных населеных пунктаў файламі, якія можна праслухаць.

— Я доўга не вырашалася расказаць сваю ідэю, а пасля падзялілася з калегам, і ён таксама загарэўся, — расказвае Іна. Разам з Максімам Хлябцом і праграмістам Аляксеем Жуком яны працавалі над картай амаль год: усё рабілі ў вольны час.

Учора карту прадставілі грамадскасці, і пасля прэзентацыі на пошту праекта прыйшоў першы ліст з аўдыёфайлам гаворкі адной з вёсак Падляшша.

— Я так радавалася, ледзь не скакала ад шчасця, — кажа дзяўчына. — Прычым мы хочам, каб карта была карысная і для навукоўцаў у іх працах, таму звяртаем увагу на тое, каб было правільнае афармленне файла. Умовы можна глянуць у нас на сайце.

Аўтары заклікаюць усіх жадаючых запісваць і дасылаць гаворкі сваіх родных і знаёмых. Файлы будуць нанесены на карту ў тое месца, адкуль вашыя знаёмыя.

— Людзі проста не звяртаюць увагу на тую разнастайнасць дыялектаў, на тое багацце, што ў нас ёсць. Я магу параўнаць, бо я езджу па розных мясцінах. Але не ва ўсіх ёсць такая магчымасць, — кажа яна. — Многія нават і не ведаюць, што ў нас столькі розных дыялектаў і мы настолькі можам адрознівацца. А карта дае магчымасць, не адыходзячы ад камп'ютара, пазнаёміцца з нашым багаццем. Убачыць, што літаральна ў дзясятках кіламетраў ад твайго населенага пункта могуць гаварыць зусім па-іншаму.

Паслухаць дыялекты і натхніцца можна па спасылцы.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!