6514
26 июня 2018 в 8:41
Источник: Настасся Занько. Фото: Ганна Іванова

У Мінску прэзентавалі пераклад кніг Святланы Алексіевіч

Источник: Настасся Занько. Фото: Ганна Іванова
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Два гады перакладчыцкай працы, 660 удзельнікаў і рэкордная краўдфандынгавая кампанія за ўсю гісторыю краіны. Пяцікніжжа Святланы Алексіевіч убачыла свет на беларускай мове і без усялякай цэнзуры. Сотні людзей сабраліся ў прасторы Оk16, каб сустрэцца з нобелеўскай лаўрэаткай. Як гэта было, чытайце ў нашым рэпартажы.

Два гады над перакладам кніг нобелеўскай лаўрэаткі працавалі пяцёра пісьменнікаў. Кнігу «У вайны не жаночы твар» пераклаў пісьменнік і філосаф Валянцін Акудовіч, «Апошнія сведкі» — старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў і рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч. Паэт, празаік, эсэіст і папулярызатар беларускай гісторыі Уладзімір Арлоў пераклаў «Чарнобыльскую малітву», паэт Андрэй Хадановіч — «Цынкавыя хлопчыкі», а «Час сэканд-хэнд» — пісьменнік Сяргей Дубавец.

— Чытаючы і слухаючы інтэрв'ю Святланы, я для сябе адзначаў: ніколі яна не здрадзіла самой сабе ні ў жыцці, ні ў літаратуры, — кажа Уладзімір Арлоў. — Урэшце, у гэтым палягае і сэнс жыцця — зразумець сваю ролю, зліцца з ёю і як належыць яе выканаць. Да самай высокай узнагароды ў свеце Святлану прывяла вернасць абранай тэме, абранаму жанру, сваёй пісьменніцкай оптыцы. Яе нядаўна назвалі Гамерам нашай эпохі, чалавекам, які стварыў эпас нашай эпохі.

Адзін з перакладчыкаў пісьменнік Уладзімір Арлоў

— Святлана не раз тлумачыла, што яе героі гавораць па-руску, таму што на гэтай мове гаварыла імперыя. Але ў «Чарнобыльскай малітве», якую я перакладаў, найперш у галасах жыхароў беларускай чарнобыльскай зоны — у простых вяскоўцаў, настаўнікаў, журналістаў — зноў і зноў праз рускамоўны тэкст гучыць беларускамоўны акцэнт, а таксама беларуская мова: буслянка, бярозавік, кляновік, могілкі — дзесяткі слоў, — тлумачыць пісьменнік.

Адзін з перакладчыкаў паэт і вядучы прэзентацыі Андрэй Хадановіч

— Для мяне «Чарнобыльская малітва» — самая беларуская кніга са Святланінага пяцікніжжа. Калі мы нядаўна прэзентавалі пяцікніжжа для галоўных фундатараў, я сказаў гэтыя словы, мае калегі, што перакладалі чатыры астатнія кнігі, у сваіх выступах пачалі казаць, што тыя кнігі, якія яны выбралі для перакладу, — самыя беларускія. Нам трэба сапраўды зрабіць выснову, што нават напісанае па-руску пяцікніжжа Святланы Алексіевіч ужо было беларускім. А цяпер яно стала яшчэ і беларускамоўным, — заключыў ён.

Кампанія па збору сродкаў для выдання пяцітомніка Святланы Алексіевіч распачалася ў лютым бягучага года на сайце платформы Ulej.by. Праект «Галасы Утопіі» ў выніку стаў рэкордным у гісторыі беларускага краўдфандынга. Арганізатары планавалі сабраць 40 тыс. рублёў, а сабралі 231,95 тыс. (па сённяшнім курсе Нацбанка 1,9948 гэта $116 277). Да гэтага рэкорд быў у беларускай відэагульні «Легенды Айзэнвальда», на якую сабралі праз Kickstarter $83 577 (яшчэ $12 782 сабралі на працяг «Айзэнвальда» — відэагульню «Кроў лістапада»).

— Мы з вамі проста палічылі правільным і важным выдаць свайго нобелеўскага лаўрэата па-беларуску. Мы нават не ведаем адзін аднаго, але ў нас ёсць шмат агульнага, мы ўсе любім Беларусь, мы ўсе любім беларускую культуру, мову і вельмі ганарымся нашым адзіным нобелеўскім лаўрэатам. Гэтага аказалася дастаткова, каб мы разам стварылі гісторыю. Я ўсвядоміў, што менавіта з такімі беларусамі і ў такой Беларусі хочацца жыць, — кажа стваральнік платформы Ulej.by Эдуард Бабарыка.

Усяго ў праекце паўдзельнічала 660 чалавек і арганізацый. Самую вялікую частку грошай (150 тыс.) даў «Белгазпрамбанк» і цэнтр «Новая культурная ініцыятыва». Яшчэ па 6,14 тыс. рублёў пералічылі крамы Symbal.by і Biblio.by, яны замовілі па 100 камплектаў. 8,85 тыс. і 11,12 тыс. прыйшло ад «Акадэмкнігі» і ананімнага ахвяравальніка, якія замовілі буйнейшыя аптовыя партыі.

— Упершыню ў свеце нобелеўскі лаўрэат, за права выдаваць якога выдаўцы павінны стаяць у чэргах, усё ж прыняў рашэнне, чаму б не выдаць пяцітомнік новым спосабам, спосабам краўдфандынга, — кажа старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка. — Я лічу, што такая краўдфандынгавая кампанія — гэта яркі працяг яе творчасці, лічу, што яна ў гэтым якраз народная пісьменніца Беларусі.

Старшыня праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктар Бабарыка

Дарэчы, за кошт сродкаў банка былі выпушчаны дадатковыя 15 тыс. камплектаў пяцітомніка, асобнікі якога разыдуцца па ўсіх бібліятэках краіны, ад рэспубліканскіх да раённых. Першыя кнігі Віктар Бабарыка ўжо ўручыў у Віцебску, іх перадалі ў Нацыянальную бібліятэку, гістарычны музей, Белджяржуніверсітэт, а хутка перададуць ва ўсе бібліятэкі краіны. Па словах Віктара Бабарыкі, Гродзенская вобласць чамусьці адмовілася ад такога падарунку, але банк заклікае нераўнадушных бібліятэкараў адазвацца і прыняць пяцікніжжа.

— Я вельмі ўдзячная банку, перакладчыкам і многім-многім людзям, якія працавалі з гэтым праектам, тым, хто паверыў і сабраў такую колькасць грошай, — распачала сваё выступленне Святлана Алексіевіч. — Калі я даведалася, колькі грошай сабрана, я зразумела, што мы ёсць, што душа нашая не зусім расчаравана, што мы ўсё ж здольныя часам падняцца, здольныя ажывіцца. 

Я прызвычаілася, што з майго юнацтва я думаю інакш і мяне з усіх бакоў б'юць. І ўлады б'юць, і адзін час рабяты з беларускімі спадзяваннямі. Ім падавалася, што я недастаткова беларуска альбо штосьці яшчэ. Цяжка мне было патлумачыць, што руская мая мова — гэта мова, на якой кажа імперыя, і я павінна была напісаць на гэтай мове. Я была ў Таджыкістане — там размаўлялі па-руску, ва Украіне — па-руску, то бок, дзе б я ні была, былі людзі з таго часу і была тая мова.

— Калі б я напісала па-беларуску, то я б не схапіла гэтую праўду часу, праўду пачуццяў. На жаль, я стала і закладнікам, і ахвярай гэтага. Бо за 40 гадоў, калі я рабіла гэтую працу, я стала закладнікам гэтай моўнай стыхіі. І мне вельмі складана зараз узяць і перайсці на беларускую мову, але творчы шлях — гэта нейкая ахвяра. Але вы тут, справа зроблена, будзем верыць у будучыню! — сказала пісьменніца.

Аўтограф-сесія Святланы Алексіевіч доўжылася дзве з паловай гадзіны замест запланаванай адной: сотні людзей былі гатовыя стаяць і па некалькі гадзін, каб толькі атрымаць аўтограф нобелеўскай лаўрэаткі. Як прызналася пісьменніца, нягледзячы на праблемы са здароўем, яна не змагла проста так узяць і сысці ад чытачоў, якія так доўга чакалі сустрэчы з ёй.

Набыць кнігі Святланы Алексіевіч па-беларуску можна ў трох крамах: у кнігарні Логвінава, краме symbal.by і праз oz.by.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by