— Гэта быў 1988 год, — успамінае фатограф і выкладчык Вадзім Качан. — Асноўным месцам здымкі быў дзіцячы дом №7 на Сямашкі, які, відаць, сумяшчаўся з інтэрнатам: туды я ездзіў разы чатыры. Аднойчы наведаў і дзіцячы дом №2 на Каліноўскага, там фатаграфаваў пераважна малечу.
У гэтай падборцы — здымкі з абедзвюх кропак.
— Дзіцячыя дамы — гэта была адна з закрытых тэм у савецкім грамадстве. Ніхто асабліва не ведаў, што там робіцца, як і ў іншых закрытых установах, — кажа фатограф. — А тут, у перабудову, з’явілася магчымасць зазірнуць.
Суразмоўца называе і больш асабістую прычыну для такой здымкі:
— Калі мне было 10 ці 11 гадоў, у мяне быў сусед, равеснік. Яго маці рана памерла, а бацька аддаў сына ў інтэрнат. Кожнае лета мой сябар Мікалай прыязджаў дадому. Натуральна, расказваў, як там добра — храбрыўся, як і ўсе хлапчукі. Але аднойчы, пад канец вакацый, здарылася такая гісторыя. У нас была агульная тэрыторыя для гульняў, паміж адрынамі. Каб туды патрапіць, трэба было лезці праз дах. Я лезу, але раптам чую: нехта плача. Гляджу, а гэта Мікалай. Так не хацеў вяртацца ў інтэрнат. Калі праз шмат гадоў мой таварыш па фотаклубе «Вячэрні Мінск» прапанаваў паздымаць у такіх установах, я адразу ўспомніў свайго суседа з дзяцінства.
Фатограф успамінае, што дзеці былі абутыя, накормленыя.
— Чаго яны там не мелі, дык гэта асабістай прасторы. Даволі складана гэта было здымаць менавіта ў эмацыянальным плане.
На фатаграфіях праз дзесяцігоддзі можна ўбачыць прагулкі па вуліцы, урокі, агульны сон. З асабліва цікавага — сюжэт пра тое, як дзеці глядзяць тэлевізар. Ён стаіць на высокім пастаменце, пад партрэтам Міхаіла Гарбачова. Разгледзець, што ў гэты момант было на экране, не атрымліваецца.
— Яны якраз глядзелі мульцікі, — усміхаецца фатограф. — Прычым, здаецца, паказвалі «Чыпа і Дэйла». Нейкі хлапчук стараўся капіраваць міміку аднаго з герояў. Дарэчы, аднойчы мой таварыш з Францыі, які займаецца рознымі сацыяльнымі праграмамі, бачыў частку гэтай серыі. Ён звярнуў увагу, што ў дзіцячых дамах да тэлевізара ўвогуле асаблівае стаўленне.
Чытачы пазналі ў стужцы, якая ішла на экране ў момант здымак, савецкі мультфільм «Мама для маманцяня». А некаторыя заўважылі нават, што глядзяць яго дзеці, напэўна, з відэакасеты. У кадры — відэамагнітафон «Электроніка ВМ-12».
Вадзім Качан з цеплынёй адгукаецца пра выкладчыкаў, з якімі сустракаўся падчас здымак.
— Відаць было, што душу ўкладалі ў сваю працу. Перашкод нам не чынілі. Адзінае, было некалькі табу. Напрыклад, не здымаць, як дзеці прымаюць ежу.
Яшчэ прасілі не прыносіць выхаванцам цукерак і ўвогуле падарункаў.
— Нягледзячы на гэта, у апошні мой прыход туды выхавацелі распавялі, што дзеці да мяне ўжо прывязаліся. Яны ў кожным наведвальніку бачаць свайго бацьку ці маці. Мараць, фантазіруюць, што вось зараз іх забяруць.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by