Стваральнік беларускага архітэктурнага стылю і галоўны архітэктар БНР. Хто такі Лявон Вітан-Дубейкаўскі?

9465
05 июля 2021 в 15:30
Автор: Татьяна Ошуркевич

Стваральнік беларускага архітэктурнага стылю і галоўны архітэктар БНР. Хто такі Лявон Вітан-Дубейкаўскі?

Автор: Татьяна Ошуркевич
Сяргей Харэўскі — беларускі мастак, літаратар, гісторык мастацтва, культуролаг, мастацтвазнаўца, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Гэта наш чарговы аповед пра самых таленавітых прадстаўнікоў Беларусі. І сёння мы пагутарым пра аднаго з найбольш цікавых архітэктараў беларускай зямлі. Лявон Вітан-Дубейкаўскі быў не толькі выбітным стваральнікам беларускага стылю ў архітэктуры. Ён удзельнічаў і ў палітычным жыцці, працаваў педагогам і нават пісаў творы па-беларуску. Пра плённую дзейнасць гэтага чалавека мы разам з мастаком Сяргеем Харэўскім распавядаем у нашым новым матэрыяле і падкасце.

Слухаць падкаст у «Яндэкс.Музыка»iTunes і Deezer.

Мсцiслаўшчына сярод iншых мясцін Беларусi займае выключнае месца дзякуючы сваiм сынам. У даўжэзным спiсе тутэйшых славутасцей ёсць i iмя Лявона Вiтан-Дубейкаўскага. Архiтэктар, палiтычны дзеяч, педагог, фалькларыст, паэт, ён першым абгрунтаваў i практычна ўвасобiў iдэю нацыянальнага беларускага стылю ў тагачасным будаўнiцтве. Бадай, за ўсю нашу гiсторыю XX стагоддзя гэта адзiны дойлiд, якi застаўся зусім не савецкiм, але цалкам беларускiм i абгрунтаваў беларускасць уласнага творчага метаду.

Крынiцы сваёй нацыянальнай свядомасцi Дубейкаўскі называў сам: мацi, якая нiколi не цуралася роднай мовы, ды кнiжачка Францішка Багушэвiча, паказаная яму мсцiслаўскiм ксяндзом. Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя, працуючы ў Смаленску, Лявон Дубейкаўскi пачаў збiраць беларускi фальклор. Архітэктар пiсаў па-беларуску вершы, байкi, апавяданні, лiставаўся з рэдактарамі беларускiх газет. Дарэчы тут згадаць пра тое, што Дубейкаўскі карыстаўся выключна лацінкаю, як і ягоная жонка, славутая мемуарыстка і паэтка. Яго вядомая байка «Цягне воўк — пацягнуць воўка!» (1892) і верш «Бура» (1893) увайшлі нават у літаратурныя хрэстаматыі. Нагадаю:

Калі ж хмары перастануць

Зацямняці нашы дне?

Калі ж праўда зноў паўстане

І прамень святла блісне?

Лявон Вітан-Дубейкаўскі нарадзiўся ў фальварку Дубейкава ў класічнай шляхецкай сям’i герба «Вiтан» («Вiдун»), старажытны радавод якой паходзiў ад лiтоўскiх князёў. У сям’i, як i мусiла быць, валодалi польскай i рускай мовамi. Матчынай жа мовай была беларуская.

Пасля заканчэння школы і Мсцiслаўскага павятовага вучылішча ён быў адпраўлены бацькамі на вучобу ў Варшаву. Для iх гэта было прадметам асаблiвага гонару. Варшаўская школа будаўнiчых рамёстваў стала акном у шырокi свет i першым крокам у архiтэктуру...

Адчуваючы недахоп адукацыi, у 1902-м Дубейкаўскi едзе ў Пецярбург, дзе працягвае вучобу ў Iнстытуце цывiльных iнжынераў, якi заканчвае ў 1903 годзе ўжо з дыпломам iнжынера-архiтэктара. Пасля вяртаецца ў Смаленск, ва ўласнае бюро. На гэтым ён не можа спынiцца — марыць пра еўрапейскiя далягляды. Ён прагне Парыжа. Тры гады вучобы ў парыжскай Спецыяльнай архітэктурнай школе (Ecole Special d’Achitekture), дзе ён атрымаў дыплом архiтэктара-мастака, канчаткова сфарміравалi яго мадэрнiстам. Як Вiтан-Дубейкаўскi жыў у Парыжы, чым натхняўся, пра што марыў — застаецца пакуль таямнiцай...

...Дзе б пазней нi з’яўляўся Вiтан-Дубейкаўскi, свет дойлiдаў даваў яму ўсё новыя i новыя магчымасцi. З Варшавы ён перабраўся блiжэй да родных мясцiн, у Смаленск, дзе адразу адкрыў сваё прыватнае бюро. Як лёгка яму, зусiм маладому будаўнiку (25 гадоў), дастаюцца замовы! Сярод галоўных яго твораў той пары — цэрквы ў Манастыршчыне i Ярцаве, скарбнiца ў Вязьме. У 1894 годзе ён перамагае ў конкурсе на будаўнiцтва мураванага касцёла Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Смаленску ў духу неаготыкі. Вялiкi двухвежавы касцёл таямнiчым чынам быў узведзены ў рэкордна кароткія тэрмiны — усяго за два гады. У 1901-м Дубейкаўскi ўжо будуе ў Смаленску фабрыку жалезабетонных вырабаў. А затым і ў Арле фабрыку сельскагаспадарчых прылад. Да таго часу ён падрыхтаваў ужо дзясяткі праектаў жылых дамоў. Някепскi плён для 32 гадоў.

На гэты ж час прыпадае «рэстаўрацыйны» перыяд у творчасцi маладога дойлiда. З 1895 па 1901 год ён праводзiць рэстаўрацыю касцёлаў у Крычаве, Смалянах (разам з Даўкшам), Оршы, Свiслачы (каля Асiповiчаў) i, вядома, у родным Мсцiславе. Пазней, жывучы ў Вiльнi, ён кiруе рэстаўрацыяй многiх помнiкаў, у прыватнасцi кляштараў бернардынцаў i францысканцаў, што ацалелi дзякуючы яго рупнасцi.

Але наблiжалася сусветная вайна... У 1910 годзе Дубейкаўскi ў Варшаве, дзе працуе ў вядомай фiрме Лiльпопа і Янкоўскага i выкладае ў Тэхнiчна-прамысловай школе iнжынера Пятроўскага. Пасля закладае ўласнае бюро i становiцца сябрам Kola architektow w Warszawie. Паводле яго праектаў была ўзведзена фабрыка братоў Рынгаў і шэраг даходных дамоў у Варшаве. Этапнай для яго стала праца над прыватным праектам палацавага ансамбля ў Варшаве (дакладна: вул. Флора, дом №7), які ён выканаў у стылі еўрапейскага мадэрну. У 1915 годзе Дубейкаўскi ў Арле, пасля ў Мінску, у 1916-м у Петраградзе, зноў у Мінску, Арле i, нарэшце, у 1918-м — у Варшаве, дзе ўзначальвае Беларускi нацыянальны камiтэт. Тады ж паводле яго праекта быў узведзены будынак Беларускай гімназіі ў Будславе. Пры гэтым паўсюль, дзе б ён ні быў, Дубейкаўскi праектуе i будуе заводы, дамы, сядзiбы.

Яшчэ ўвосень 1916 года, калі ён прыехаў у Пецярбург, атрымаў нечаканую прапанову ад ксяндза Францішка Будзькі зрабіць праект беларускага касцёла. Разам са сваімі паплечнікамі Будзька фундаваў створаную ў той час газету Świetač, але галоўнай ягонай марай было стварэнне каталіцкай парафіі, дзе б казанні і набажэнства чыталіся па-беларуску. Ксёндз Францішак Будзька, калі служыў у Полацку, набыў фальварак у вёсцы Янатруда, пад горадам, і пабудаваў там капліцу.

Наступным крокам павінна было стаць узвядзенне касцёла. Як пiша сам Дубейкаўскi, заданне выпала «даволi цяжкае, бо ў лiтаратуры нi тэхналагiчнай, нi архiтэктанiчнай пра беларускi стыль не было нiякiх згадак». Праект быў зацверджаны мiнiстэрствам у студзенi 1917 года, але, натуральна, застаўся нерэалiзаваным. Пазней сам Вiтан-Дубейкаўскi адзначаў: «Спусця нейкага часу дачуўся, што i ксёндз Будзька ад рэвалюцыi, у цяжкiх абставiнах расстаўся з гэтым светам. Гэтыя сумныя падзеi, а такжа недаскончаная сімфонiя архiтэктурнай паэзii абнялi мяне цяжкiм сумам». Пра свой твор Дубейкаўскi пiша ў духу таго часу: «Не зусiм тут мая заслуга — галоўна дапамаглi думы-думы з духу Нашага Народа».

Пазней, у 1927—1928 гадах, Дубейкаўскi рэалiзаваў iдэю драўлянай бажнiцы ў беларускiм стылi ў мястэчку Дрысвяты Браслаўскага раёна, выкарыстоўваючы праект 1916 года як эскiз iдэi. У гэтым касцёле Святых Пятра i Паўла Дубейкаўскi цалкам увасобiў свае ўяўленнi пра кампазіцыйныя i дэкаратыўныя адметнасцi беларускай архiтэктуры. У першую чаргу гэта выявiлася ў вельмi дынамiчнай кампазіцыi i шырокiм выкарыстаннi дрэва як самакаштоўнага элемента традыцыйнай эстэтыкi. Нават бетонныя калоны i роспiсы грызайлю ў кесонах столi iмiтуюць разьбу па дрэве. Гэты прынцып быў тэарэтычна абгрунтаваны Дубейкаўскiм у працы «Эвалюцыя i рэформа дзераўлянага будоўнiцтва». Сутнасць метаду, вынайдзенага Дубейкаўскiм, была ў адмысловай сістэме пазоў па бярвеннях i спосабе зарубкi вугла, канцы якога абпiльвалiся з вонкавым бокам сцяны, утвараючы суцэльны, эканамiчны аб’ём. Адольф Клiмовiч у «Матэрыялах да бiяграфii дзеячоў беларускай культуры i нацыянальнага руху» адзначыў: «...собскую тэхнiку будавання з дрэва выяснiў Дубейкаўскi ў падручнiку будавання...» Новая сістэма была ўхвалена ў 1923 годзе Таварыствам архiтэктараў у Вiльнi. Брашура Дубейкаўскага была перакладзена на польскую мову.

Тым часам ён будуе мураваную царкву старавераў у Вiдзах, факультэт мастацтва Вiленскага ўнiверсітэта (сёння Акадэмiя мастацтваў), ляснiцтва ў Шумску, падляснiцтва ў Кене, шэраг прыватных дамоў, уласную сядзiбу ў Вiльнi, на Падгорнай. Увесь час не перапыняе выкладчыцкую працу. Яшчэ ў 1919 годзе ён выкладаў на беларускiх настаўнiцкiх курсах у Гродне i Вiльнi. А ў 1925-м стварае Школу будаўлянага рамяства ў Вiльнi і кiруе ёй.

У 1927 годзе Дубейкаўскi нарэшце прыступiў да ўзвядзення першай у свеце бажнiцы ў беларускiм стылi. На велiзарным пагорку старажытнага замчышча, якi паўвыспаю далёка заходзiць у шырокае Дрысвяцкае возера, стары касцёл быў пастаўлены яшчэ ў ХV стагоддзі, але шмат разоў гарэў. На тым самым месцы распачалася новая будоўля. Праз два гады высокiя вежы касцёла ўзнеслiся па-над дрысвяцкiмi разлогамi. Дубейкаўскі сам тады пісаў:

«Бярэ ахвота пахвалiцца манументальнай будовай — дзераўляным, трохнавовым з высокай вежай касцёлам, пабудованым — тымi ж 16—18-летнiмi вучэннiкамi, у два летнiх сезоны — у 1927 i 1929 гадах у Дрысвятах, у павеце Браслаўскiм <...> сцены агэблёваны нагладка, у злучвах, мiж вянцоў не вiдаць анi мшэння, анi шчэлак, столь — на закладку, а на кантах бэлек цягнiцца разьба шнурочкам <...> i ўсе паасобныя фрагменты выпаўнены па-мастацку, а ў агульнасцi даюць сімпатычную сінтэзу, добра вiдаць прапорцыi асобных часцiнаў, якiя ствараюць манументальную форму, прыпамiнаючы наш беларускi стыль».

Адсутнасць дэкору i чужародных матэрыялаў стваралi нязвыклае арганiчнае адчуванне знiтаванасцi будынка з натуральным атачэннем. Прасторныя шатры на пекных тонкiх калонах, моцна вынесеныя за сцены, утваралi своеасаблiвыя клуатры, адкрытыя ў прастору. Галоўны фасад касцёла Пятра i Паўла вельмi блiзкi да праекта касцёла ў Янатрудзе, але галоўная вежа нашмат вышэйшая i страмчэйшая. Да яе кампазіцыйна прывязана развiтая вежа-сігнатура над сяродкрыжжам — расшыфроўка кананiчных дачыненняў памiж асобамi святых апосталаў — Пятра i Паўла.

Мысленне катэгорыямi арганiчнай архiтэктуры было для Вiтана-Дубейкаўскага вынiкам эвалюцыi ўсяго дойлiдства, i ён вельмi дакладна гэта адчуў. Дойлідства i прырода мусяць сплятацца ў суцэльны гуманiстычны асяродак. Цi не першым сведчаннем беларускай экалагiчнай думкi гучаць ягоныя словы: «...лес страшэнна эксплуатуецца i вывозiцца ў нашы гарады i за гранiцу — лесу ўсё малей, i ён ужо не спраўляецца з патрэбамi чалавецтва расцi...» На жаль, i гэтая думка выбiтнага дойлiда i патрыёта патанула ў каламуцi ХХ стагоддзя.

Вялiкi ўплыў на фарміраванне беларускага стылю Дубейкаўскага ў драўляным дойлiдстве зрабiлi пошукi польскiх i фінскіх нацыянал-рамантыкаў. Стыль «закапанскi» атрымаў тады распаўсюджанне ў паўднёва-ўсходняй Польшчы ў канцы ХІХ і пачатку XX cтагоддзя. Падобныя ж тэндэнцыi набiралi моц у Галiцыi, дзе цэнтрам прапаганды народнага дойлiдства стаў факультэт архiтэктуры «Львоўскай палiтэхнiкi».

У 1930-я гады Дубейкаўскi шмат настаўнiчае, працуе ў Беларускiм iнстытуце гаспадаркi i культуры, аднаўляе вялікі кляштар у Друi, будуе кляштар-санктуарый францысканцаў — Беззаганнай Маці Божай у Непакалянаве, «Садзе Марыі», пад Варшаваю, жылы мiкрараён таўнхаусаў на Антокалi ў Вiльнi. Але цяжкая хвароба прыкула яго да ложка.

Ягоная жонка, дзеяч беларускага руху, а таксама выдатная мемуарыстка і літаратарка Юльяна Вiтан-Дубейкаўская (літаратурны псеўданім — Кветка Вітан) у кнiзе «Мае ўспамiны» пiша:

«Сумныя былi Каляды 1938 года. Ляля (сястра) не змагла прыйсцi, як раней прыходзiла да нас з мужам. Толькi нашыя прыяцелi — беларусы наведвалi хворага мужа. Трывожныя тады былi гутаркi. Справа Данцыга нiчога добрага не выражала... Сумна і цяжка мне было, мой добры муж амаль ужо год пасля цяжкай аперацыi (рак кiшак) чакаў, калi Бог яго выбавiць ад ягоных мукаў... 6 лiстапада 1940 года Бог адазваў яго, i ксёндз Адам Станкевiч, якi ў 1922 годзе нас вянчаў, яго і пахаваў на Росе ў роднай Вiльнi».

Ён, стваральнік беларускага стылю ў архітэктуры, да канца дзён застаўся рамантыкам, які шчыра верыў у здзяйсненне сваіх мар...

Скора прыйдзе да нас воля!

Ў родным краі — паміж нас —

Заяснее шчасце, доля.

Будзе свята — вялік час.

I дасёння нейкiм таямнiчым чынам пад Дзяды на магiле дойлiда — жывыя кветкi і свечкі. Пад простым каменным крыжам словы апостала Паўла са Святога Пiсання: «Не сумуйце, як тыя, што надзеi не маюць».

Для вашых любімых рэцэптаў — духавыя шафы ў Каталозе

электрический с конвекцией, объем 52 л, 5 режимов, очистка ручная, проволочные направляющие, телескопические направляющие, энергопотребление A
электрический с конвекцией, объем 66 л, 9 режимов, очистка каталитическая, проволочные направляющие, телескопические направляющие, энергопотребление A
электрический с конвекцией, объем 68 л, 9 режимов, очистка каталитическая/паровая, проволочные направляющие, телескопические направляющие, энергопотребление A

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by