— Часам біяграфіі творцаў не меней цікавыя за іхняе мастацтва. Лёсы многіх з іх вартыя цэлых раманаў або тэлесерыялаў. Гэтым разам я вам распавяду менавіта пра такіх мастачак і мастакоў, якія пражылі неймавернае, надзвычай цікавае жыццё, каб яны для нас сталі рэальнымі людзьмі, у біяграфіях якіх адлюстраваліся цэлыя эпохі! А іх творчая спадчына сёння належыць многім народам.
Будучы скульптар Генрых Дмахоўскi нарадзіўся ў 1810 годзе ў маёнтку Забалоцце, што ў Мiёрскім раёне на Віцебшчыне. Генрых вучыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце i займаўся ў скульптара Казiмiра Ельскага. Атрымаўшы дыплом юрыста, Дмахоўскі прымаў удзел у лiстападаўскiм паўстанні 1831 года, а пасля вымушаны быў выехаць ва Францыю. Але неўзабаве, ў 1833 годзе зноў партызаніў у Беларусі. Аднак Дмахоўскi са сваімі паплечнікамі вымушаны быў адступіць на Палессе ды зноў пакінуць межы Расiйскага царства.
Ён пасяліўся ў Львове, што ў той час быў часткай Аўстра-Венгрыi, пад іменем Эмерыка Сандэрса. Але аўстрыйцы яго арыштавалі і пасадзілі ў турму ў Альпах. Пасля сямі гадоў турмы ён зноў паехаў у Парыж, дзе вучыўся ў школе мастацтваў у знакамітых французскіх скульптараў Франсуа Руда i Давiда д’Ангера. Нарэшце Генрых Дмахоўскі выехаў у Амерыку, дзе стаў славутым скульптарам пад псеўданiмам Генры Сандэрс. Ён стварыў там скульптурную школу, зрабіў шмат скульптур і бюстаў вядомых герояў, зладзіў выставы ў Фiладэльфii i Вашынгтоне.
Генрых Дмахоўскi зрабіў медальёны i бюсты Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана, Бенджамiна Франклiна, Тадэвуша Касцюшкi, Казiмера Пуласкага для кангрэса ЗША. Яны i зараз знаходзяцца ў амерыканскім Капiтолii. Тамсама, за акіянам, ён і ажаніўся. Але неўзабаве, перажыўшы смерць дзiцяцi, памірае яго жонка. На іх магіле скульптар паставіў помнік у выглядзе жанчыны з дваiмi дзецьмі на руках. Тым часам Дмахоўскі атрымаў дазвол расiйскіх улад вярнуцца ў Беларусь. У Вiльнi ён адкрыў уласную майстэрню. Падчас падзей 1863 года скульптар зноў становіцца паўстанцкім правадыром. Аднак 26 мая 1863 года каля вёскі Парэчча на Барысаўшчыне на паўстанцаў напалі царскія карнікі. Скульптар-паўстанец загінуў, сцяты расійскімі кулямі. Было тады Генрыху Дмахоўскаму ўсяго 53 гады, як мне сёння.
Дакладнае месца пахавання Дмахоўскага, вядомага за акіянам як Генры Сандэрс, атрымалася адшукаць толькі ў наш час на старажытным кургане каля вёскi Бiрулi Докшыцкага раёна. Ягоныя ж скульптуры і зараз ёсць у Вільні, Вашынгтоне, Філадэльфіі ды ў іншых гарадах свету.
Славуты наш жывапісец Казімір Альхімовіч нарадзіўся ў мястэчку Дубрава на Шчучыншчыне ў 1840 годзе. Пасля школы Альхімовіч з братам Гіяцынтам, таксама будучым мастаком, вучыліся ў славутай Віленскай гімназіі. Пасля сканчэння вучобы Казімір Альхімовіч пэўны час працаваў эканомам у панскіх маёнтках, а ў 1863 годзе далучыўся да паўстання. Ён трапіў у расійскі палон і быў асуджаны на выгнанне на Урал. Пасля адбыцця зняволення ён паехаў у Варшаву на вучобу ў школу мастацтваў Войцэха Герсна. А зарабляў на жыццё роспісам посуду на мануфактурах. Падчас вучобы Альхімовіч ужо выстаўляўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе двойчы атрымаў срэбны медаль за жывапіс!
Мастацкую школу Казімір Альхімовіч скончыў ва ўзросце 33 гадоў. Пасля гэтага ён паехаў вучыцца далей у акадэмію мастацтваў у Мюнхене. Там ён напісаў сваю славутую карціну «Мільда», прысвечаную часам літоўскага паганства. Гэтае палатно Альхімовіча перадвызначыла рамантычны накірунак яго стылю. З Германii ён адправіўся ў Францыю, дзе нарэшце сустрэўся з братам Гіяцынтам, якога не бачыў з часоў паўстання. У 1881 годзе ў Парыжы адбылася і першая персанальная выстава Альхімовіча. Па вяртанні ў Варшаву Казімір Альхімовіч цалкам прысвяціў сябе творчасці. Нарэшце Альхімовіч паказаў публіцы сваю рамантычную элегію «Пахаванне Гедыміна», што аб’ехала пасля вакол свету! Палатно выстаўлялі ад Пецярбурга і Парыжа да Львова, Сан-Францыска і Кракава. Двойчы майстра ўзнагароджвалі за гэты твор.
У 1916 годзе, у самы разгар Першай сусветнай вайны, Казімір Альхімовіч пакінуў наш свет і быў пахаваны ў Варшаве. А праз два гады там адбылася грандыёзная выстава яго твораў. Цяпер яны знаходзяцца ў музеях Літвы, Польшчы, Расіі, Германii, Украіны, Францыі і Амерыкі.
Сярод нашых творцаў-паўстанцаў былі і жанчыны. Легендамі ўжо пакрытае імя Алены Скірмунт, якая нарадзілася ў 1827 годзе ў маёнтку Калоднае, што цяпер на Століншчыне. Яна стала славутай мастачкай, адной з першых нашых прафесійных скульптарак-беларусак! Алена была жаданым і любімым дзіцём у сям'і, але нарадзілася вельмі кволай. Першыя мастацкія здольнасці бацькі заўважылі яшчэ ў яе чатыры гады. А ў 13 гадоў былі вымушаны адвезці яе ў Вільню да лепшых лекараў: «Віленскія лекары загадалі ўсе кніжкі закрыць, пекла ўсялякага навучання адмовіцца, а перадусім сцерагчыся якога-небудзь разумовага напружання, дазволілі толькі навуку малюнка...» Алена цалкам аддалася свайму любімаму занятку. Вынік быў відавочны. Першыя ўрокі жывапісу яна ўзяла ў віленскага пейзажыста Вінцэнта Дмахоўскага, які быў уражаны талентам дзяўчынкі.
Алена Скірмунт вучылася мастацтву спачатку ў Вільні, а потым два гады падарожнічала па навуку ў Германiю, Францыю і Італію. У 18 гадоў яна паехала ў Еўропу суправаджаць Канстанцыю Скірмунт — сяброўку маці і будучую свякроў. Там яна і спасцігла навуку мастацтва. Па вяртанні ў родны край малявала абразы для касцёлаў, партрэты і пейзажы. Алена мела вялікі мастацкі талент, таксама была і прафесійнай скульптаркай, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя здавалася вялікім дзівам для жанчын. Алена пражыла нядоўгае жыццё, але яно вартае, каб мы памяталі пра яе талент.
Падчас паўстання 1863 года за спробу перадаць карэспандэнцыю паўстанцкаму правадыру Рамуальду Траўгуту Алена была арыштаваная расійскімі ўладамі і асуджаная на выгнанне ў далёкі Тамбоў. Дарэчы, туды таксама адправіўся і яе муж. Пасля яны жылі ў Крыме і набылі дом з вінаграднікамі ў Балаклаве, на беразе мора.
У апошнія гады жыцця Алена Скірмунт шмат працавала ў гістарычным жанры, стварыўшы барэльефы «Міндоўг» і «Гедымін», гістарычныя шахматы ў выглядзе войска Яна III Сабескага і туркаў ды шмат скульптурных партрэтаў і пейзажаў. Дарэчы, у Вене яе шахматы былі высока ацэненыя.
У 1872 годзе здароўе Алены зноў пагоршылася, яна захварэла на дыфтэрыю. Родныя патрабавалі адправіцца на лячэнне ў Еўропу, але ў Францыі ў пачатку 1874 года жанчына памерла. Алене Скірмунт было толькі 46 гадоў. Пасля дазволу ўладаў у 1875 годзе яе прах быў перавезены на радзіму і пахаваны на каталіцкіх могілках у Пінску. Магіла захавалася і да нашых дзён.
Яшчэ адным творцам-выгнаннікам стаў наш зямляк, славуты мастак Дзмітрый Стэлецкі. Ён нарадзіўся на Брэстчыне ў сям'і беларускага двараніна даўняга ўкраінскага казацкага роду, ваеннага інжынера-палкоўніка Сямёна Стэлецкага. Дзяцінства і юнацтва Дзмітрыя прайшлі ў сядзібе бацькі, на ўскраiне Белавежскай пушчы.
У 1896 годзе яго бацьку перавялі ў Санкт-Пецярбург, дзе яны пасяліліся з сям'ёй. Дзмітрыю Стэлецкаму на той час быў ужо 21 год. Таксама ў 1896-м юнак паступіў у акадэмію мастацтваў. Спачатку яго залічылі на архітэктурнае аддзяленне, але ён хутка захапіўся скульптурай. У 1903 годзе Стэлецкі скончыў акадэмію і атрымаў званне мастака-скульптара, на наступны год патрапіў у Парыж, дзе працягнуў навучанне ў Акадэміі Жуліяна. Але хутка вярнуўся ў Пецярбург з намерам менавіта ў Расіі знайсці сябе як мастака. Па вяртанні ў Расію стаў сябрам Саюза рускіх мастакоў і «Мира искусств». У вялікае мастацтва творца ўварваўся перш за ўсё як скульптар. У тыя гады Стэлецкі выканаў шэраг скульптурных партрэтаў сучаснікаў, дзеячаў мастацтва — Вольгі Прэабражэнскай, Аляксандра Галавіна, мастака Валянціна Сярова ды іншых.
Паралельна Стэлецкі выпрацоўваў самабытную пластычную манеру ў стылі народнага дэкаратыўнага мастацтва, якая ператварала акадэмічную форму ў яркія абагульнена-сімвалічныя кампазіцыі, блізкія да мадэрна. Імкнучыся адрадзіць скульптурную паліхромію Сярэднявечча і Рэнесанса, ён афарбаваў з «гранічнай наточанасцю майстэрства» свае творы ў гіпсе або ў дрэве.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны Дзмітрый Стэлецкі апынуўся ў Парыжы і ў Расію не вярнуўся, застаўшыся ў Францыі. Жыў у Парыжы і на поўдні краіны, каля Канаў. Працягваў плённа працаваць як жывапісец-станкавіст, скульптар і сцэнограф. Дзмітрый Стэлецкі аформіў балет «Рускае вяселле» на музыку Міхаiла Глінкі, для тэатра — «Кажан» Баліева ды шмат усяго іншага.
У часы эміграцыі ён прапагандаваў культуру роднай краіны, быў абавязковым удзельнікам выстаў рускага мастацтва за мяжой, унёс свой уклад у стварэнне Рускага музею, што адчыніўся ў Празе.
На старасці год Дзмітрый Стэлецкі амаль аслеп і правёў пазнейшыя гады ў так званым Рускім доме ў Сэнт-Жэнеўеў-дэ-Буа, дзе і памёр у адзіноце.
Маневіч — адна з самых загадкавых персон у мастацтве Беларусі. Зусім невядомы на радзіме, ён быў надзвычай папулярны ў Канадзе, ЗША, а цяпер і ва Украіне, дзе яму прысвяцілі нават выпуск серыі паштовых марак! Зараз творчая спадчына Маневіча належыць некалькім культурам па абодвух баках акіяна. А нарадзіўся Абрам Маневіч у 1881-м у Мсціславе, дзе дваццаць сваіх гадоў бязвыезна жыў, вучыўся і працаваў.
Пасля паехаў вучыцца ў Кіеў, дзе ў той жа час вучыліся нашы Малевіч, Кудрэвіч, Бялыніцкі-Біруля. Але спачатку Маневіч вымушаны быў працаваць на фабрыцы ложкаў і размалёўваць спінкі гатовых вырабаў кветкамі і краявідамі. Нарэшце ў 1901 годзе ён паступіў у Кіеўскае мастацкае вучылiшча, што адкрылася па ініцыятыве тагачасных кіеўскіх творцаў, мастакоў і дойлідаў. Гэтая вучоба ва ўнікальнай атмасферы дала каласальны імпульс Маневічу на ўсё жыццё. Як і Малевічу, Бялыніцкаму-Бірулі, Кудрэвічу ды многім іншым творцам, што вучыліся менавіта ў тагачасным Кіеве.
Потым Маневіч паехаў далей, у акадэмію мастацтваў у Мюнхене, якую скончыў у 1907 годзе. Такім чынам, у адрозненне ад большасці нашых мясцовых мастакоў, атрымаў грунтоўную адукацыю. Яно было i заўважна: першыя свае працы Маневіч пісаў у духу мюнхенска-венскай школы. Аб’ездзіў паў-Еўропы, а ў 1913 годзе зрабіў персанальную выставу ў галерэі Дзюрана Руэля ў Парыжы і меў вялікі поспех. Праславіўся Маневіч сярод рускай эміграцыі, а потым захапіўся кубізмам і ўрэшце стварыў уласны стыль.
Штогод Абрам Маневіч прыязджаў у родны Мсціслаў, пісаў тут шмат эцюдаў і рабіў шкіцы. У 1919-м ва Украіне забілі ягонага сына, а ў 1922-м Маневіч з'ехаў праз Мінск у Лондан. Пасля ж апынуўся за акіянам. Як для Шагала Віцебск, так і для Маневіча крыніцаю натхнення на чужыне быў родны край, Мсціслаўшчына. Амерыка ж дала новы імпульс творчасці мастака. За акіянам Маневіч стаў даволі знакамітым аўтарам. Штогод у вялікіх гарадах праходзілі выставы яго твораў, а палотны набывалі музеі і прыватныя калекцыянеры. Да таго ж сам Альберт Эйнштэйн у запісцы ўжо смяротна хвораму мастаку пісаў: «Мы абодва служым зоркам — вы як мастак, я як навуковец». У 1942 годзе Маневіч памёр. Не стала тады ж і яго Мсціслава, які ён так добра ведаў.
Чытайце таксама:
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by