Ваярскі герой, стваральнік пскоўскага крамля і нялітасцівы помснік. Як асабістая трагедыя князя Даўмонта паўплывала на лёс цэлай краіны

10 438
207
02 мая 2021 в 8:00
Источник: Аўтар: Таццяна Ашуркевіч, Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская

Ваярскі герой, стваральнік пскоўскага крамля і нялітасцівы помснік. Як асабістая трагедыя князя Даўмонта паўплывала на лёс цэлай краіны

Алег Дзярновіч — гісторык-медыявіст, кандыдат гістарычных навук. Даследчык гісторыі і культуры ВКЛ, гісторы Лівоніі. Як археолаг даследуе Крэва і Крэўскі замак.
Сёння мы разам з гісторыкам Алегам Дзярновічам распавядзём пра сапраўдную сямейную трагедыю, якая паўплывала на лёс краіны. Але для гэтага нам трэба акунуцца ў XIII стагоддзе, а дакладней — у 1260 год. Менавіта з гэтай даты ў беларускай гісторыі пачынае сустракацца імя князя Даўмонта. У гэтым тэксце мы раскажам пра яго драматычны лёс, палітычную здраду і здольнасць да нялітасцівай помсты. А яшчэ — пра пошукі новай радзімы і сапраўдныя ваярскія подзвігі.

Слухаць падкаст у «Яндекс.Музыке» і iTunes

Саюзнік Міндоўга, які стаў яго ворагам праз адабраную жонку

Пачнём з таго, што Даўмонт быў князем нальшчанаў. Гэта рэгіён, які знаходзіўся на паўночным захадзе нашага краю. Умоўна кажучы, на беларуска-літоўска-латвійскім памежжы. Адзін перыяд Даўмонт быў саюзнікам Міндоўга — стваральніка дзяржавы, якую пазней мы будзем ведаць як Вялікае Княства Літоўскае. Але ў 1250-х гадах Міндоўг быў каранаваны і прыняў хрост. А потым з-за палітычных праблем у сваёй дзяржаве і ў сувязі з канкурэнцыяй і незадаволенасцю балцкіх эліт адмовіўся ад хроста і згубіў права на карону.

Аднак паралельна ў яго адбывалася яшчэ і сямейная трагедыя. Жонка Міндоўга, якую мы ведаем з крыніц пад іменем Марта, памерла. Пасля яе смерці Міндоўг звярнуўся да сваякоў, у тым ліку да Агны, сястры сваёй жонкі. І вось Агна прыязджае на пахаванне Марты, а Міндоўг заяўляе, што хаця яго каханая і пайшла з жыцця, яна пакінула пастамент. Маўляў, абодва яны мелі двух маленькіх сыноў і таму больш нікому іншаму не давяраюць іх даглядаць, акрамя сястры. Фактычна прымусам Міндоўг пакінуў сабе Агну — жонку князя Даўмонта. Дарэчы, на палітычныя сувязі і праблемы ўвогуле вельмі часта накладаліся асабістыя адносіны. Такі сюжэт нам вядомы і па сучаснасці, але ў сярэднявеччы гэта мела яшчэ большае значэнне. Саму Марту Міндоўг таксама ўзяў за жонку пасля забойства аднаго са сваіх канкурэнтаў.

А што ж далей? У 1263 годзе ў ВКЛ наспявае сур’ёзны палітычны крызіс: канкурэнты Міндоўга не былі задаволены яго самаўладдзем, і таму аб’ядналіся. Лідарам гэтай «партыі» стаў жамойцкі князь Таўцівіл. А Даўмонт, які быў у сваяцкіх адносінах і пэўны час з’яўляўся саюзнікам і хаўруснікам Міндоўга, праз іх асабісты сямейны разлад перайшоў у лагер праціўнікаў князя. І гэта зразумела: у Даўмонта сілай забралі жонку — як ён мусіў рэагаваць?

Так здарылася, што восенню 1263 года Міндоўг быў забіты. І хаця лідарам гэтай змовы быў Таўцівіл, загінуў Міндоўг усё ж фактычна з-за Даўмонта. Вось так сямейны разлад прывёў да сапраўднай палітычнай драмы. І Таўцівіл на зусім невялічкі перыяд усталяваў сваю ўладу ў Літве. Ненадоўга, бо потым у нашай гісторыі з’яўляецца яшчэ адзін каларытны персанаж — старэйшы сын Міндоўга Войшалак. Яшчэ раней ён прыняў хрост паводле ўсходнехрысціянскага абраду і стаў манахам. Уявіце сабе: Войшалак сядзіць у манастыры, калі да яго даходзяць звесткі пра забойства бацькі і разлад у дзяржаве. Ён пакідае свой прыстанак і пераўтвараецца ў новага палітычнага лідара. Фактычна здзяйсняе напады на тэрыторыі, дзе ўладарыў Даўмонт. Апошні ж быў вымушаны збягаць, бо не мог супрацьпаставіць нападам Войшалка сур’ёзныя сілы. Цяпер з розных летапісаў мы ведаем, што каля 300 чалавек з Літвы і нальшчанаў уцяклі ад сына, які помсціў за забойства бацькі. Усе гэтыя сем’і ў 1266 годзе скіраваліся на паўночны ўсход — у пскоўскую зямлю.

Князь пскоўскі — фундатар, ваяр і магчымы бацька Давыда Гарадзенскага

Такім шляхам туды трапіў і Даўмонт. Спачатку наўгародцы, якія кантралявалі горад, хацелі забіць гэтых прыхадняў. Але праз нейкі час быў дасягнуты цікавы кампраміс, паводле якога літоўцы, якія перасяліліся на Пскоўшчыну, мусілі прыняць хрост. Больш за тое, Даўмонт станавіўся служывым князем. Тут трэба патлумачыць тэрміналагічную розніцу паміж звычайным князем, які валодаў спадчынай і тэрыторыяй, і служывым князем. Напрыклад, Ноўгарад і Пскоў на тэрыторыі тагачаснай Русі былі кшталту сярэднявечных рэспублік. Але вайсковыя сілы ў іх узначальваў князь, якога мы цяпер называем служывым. Вось ён і меў сваю дружыну і забяспечваў бяспеку краю.

Дык вось Даўмонт быў прыняты ў Пскове як служывы князь. Ён змяніў не толькі сваю радзіму, але і сваё імя — пасля таго, як прыняў хрост. Пасля гэтага ў Пскове ён стане вядомы як Цімафей. Але ці рэўнасць, ці палітычныя патрэбы і небяспека паўплывалі на палітыку Даўмонта-Цімафея, аднак ён ідзе з вайсковымі экспедыцыямі на сваю былую айчыну і здзяйсняе дзве вайсковыя ўправы. Спачатку ў Нальшчаны, дзе знішчае стаўленікаў Войшалка, а потым і пад Полацк. Вось так Даўмонт стварыў шмат праблем тагачасным уладарам паўночнай часткі ВКЛ. Можна сказаць, што ён адпомсціў за сваю жонку і сваю знявагу. Аднак між тым Даўмонт быў фігурай выбітнай і ў далейшым узначальваў аперацыі Пскоўскага княства супраць Лівонскага ордэна.

Фактычна ўсе 1280-я гады ён арганізоўваў выправы на Лівонію, якія былі даволі паспяховымі. Даўмонт супрацьстаяў націску нямецкага ордэна на ўсход, а пасля пераможных бітваў вызначыўся як фундатар. Акрамя ваенных подзвігаў, да яго заслуг можна залічыць і заснаванне ў Пскове некалькіх цэркваў. Больш за тое, Даўмонт пабудаваў частку пскоўскага крамля, якая сёння вядомая як Даўмонтаў горад. Падобна, што ён фундаваў і два вельмі важных манастыра пад Псковам — Мірожскі і Снітагорскі. Сёння ж яны славяцца сваімі сярэдневяковымі фрэскамі. Такім чынам, князь вельмі шчыльна ўвайшоў у сваю новую ролю хрысціяніна.

Даўмонт пражыў да 1299 года. Не трэба думаць, што ўсе гады яго жыцця па-за вайсковай экспедыцыяй былі бесклапотнымі. Быў перыяд, калі яго хацелі прагнаць і з пскоўскага пасаду. Але ж гэта ўжо палітычнае рознагалоссе — усё ж такі псковічы лічылі, што гэты чалавек ім вельмі патрэбны на сваёй пасадзе.

Што яшчэ больш цікава, пасля смерці Даўмонта сувязь яго і былой радзімы працягвалася па вельмі сімвалічных лініях. Ёсць вельмі цікавая постаць, якая знітаваная і з нашым краем, — гаворка ідзе пра Давыда Гарадзенскага. Паходжанне яго нам да канца не зразумелае, але з пэўных крыніц вядома, што Давыд Гарадзенскі быў сынам Даўмонта. І быццам бы ён вярнуўся на радзіму сваіх продкаў і стаў служыць вялікаму князю Гедыміну. Але абсалютна пэўна мы гэта пацвердзіць не можам: іншых звестак няма, мы можам толькі спасылацца на меркаванні.

Стваральнік новай рэліквіі і кананізаваны царквой князь

Акрамя гэтага, Даўмонт пакінуў пасля сябе вельмі важную для палітычнай і гістарычнай традыцыі Пскова рэліквію — меч. Кажуць, што гэта быў яго баявы меч, які потым стаў рэгаліяй пскоўскіх князёў. Калі яны ўзыходзілі на свой пасад, ім уручалі гэтую зброю, якая сімвалізавала сапраўдную ўладу пскоўскага князя. Пасля смерці Даўмонта меч спачатку змясцілі ў Траецкай царкве над ягоным саркафагам. А потым пачалі перадаваць іншым пскоўскім князям. Наколькі смела мы можам сцвярджаць, што меч належаў непасрэдна Даўмонту? На жаль, дакладна гэта невядома. Аднак экспертызы паказваюць, што адпаведнае кляймо, якое знаходзіцца на мячы, дазваляе датаваць яго апошняй чвэрцю XIII ст. Такім чынам, храналагічна меч упісваецца ў час і эпоху Даўмонта.

На гэтым гістарычны ўплыў Даўмонта не скончыўся. Ягонае імя згадваецца і ў XVI ст. І гэтая гісторыя зноў-такі звязана з нашай айчынай. На фінішы Лівонскай вайны Стэфан Баторый, наш слынны вялікі князь і кароль, здолеў сабраць войска і даць адпор маскоўцам. І нават падышоў да Пскова, вызваліўшы перад гэтым Полацк. Аднак трэба сказаць, што аблога Пскова не мела пазітыўнага выніку для войска Рэчы Паспалітай. Горад не атрымалася ўзяць, бо гэта быў вельмі добра абаронены цэнтр. Разам з тым падчас аблогі пачалася сапраўдная кананізацыя князя Даўмонта. Руская праваслаўная царква прызнала яго святым. З таго часу ягонай святасці наданая павага і значнасць у адстойванні недаступнасці Пскова для войска Рэчы Паспалітай, значную частку якога складалі жаўнеры з ВКЛ.

Увогуле гісторыя Даўмонта ілюструе дзіўную іронію лёсу. Некалі ён адпомсціў свайму крыўдзіцелю і, ратуючыся, збег у Пскоў, прыняў новую краіну і новую веру, стаў аддана служыць гораду. Да таго ж Даўмонт здзейсніў дзве вельмі глыбокія вайсковыя экспедыцыі на сваю радзіму, адпомсціўшы такім чынам не толькі Міндоўгу, але і свайму краю. Так перакідваецца масток гісторыі: амаль праз тры стагоддзі пасля падзей, якія адбываліся вакол Наваградка, войска з былой радзімы Даўмонта прыйшло на тэрыторыю яго новай радзімы. Што гэта — парадокс ці іронія гісторыі, кожны адкажа сам. Але для нас гэта добры прыклад, як асабісты лёс можа перакрыжоўвацца з важнымі палітычнымі і гістарычнымі падзеямі. Зазначым, што не заўжды такія людзі, як Міндоўг і Даўмонт, выбіралі свой шлях — часта яны персанальна рэагавалі на гістарычныя падзеі як людзі «з характарам». І асабістыя эмоцыі Даўмонта мы назіраем якраз у тых эпізодах, пра якія мы распавялі ў гэтым тэксце.


Беларуская нядзеля ў медыя

Tut.by. Аперацыя «Белы бусел»: як 20 год таму выкрылі «змову» ЦРУ і МІ-6 супраць Лукашэнкі

Tut.by. Эканаміст Алесь Аляхновіч: «Мы не ведаем калі, але эканоміка прымусіць улады пайсці на дыялог»

Tribuna.by. Дзяўчыны белспорту (і нават Домрачава) не раз здымаліся для мужчынскіх часопісаў: Playboy і адмовы яму, фота з будучым мужам, вышыванка Хіжынковай

Tribuna.by. Кудзін, якi вырубiў сілавіка, круты баец: выйграў дзясяткі паядынкаў, дапамог калегу перамагчы ў UFC, падпісаўся ў прамоўшн да сябра Конара


Большие жесткие диски, быстрые SSD и портативные внешние диски – популярные модели накопителей в Каталоге

3.5", SATA 3.0 (6Gbps), 7200 об/мин, буфер 256 МБ
M.2, PCI Express 3.0 x4 (NVMe 1.4), контроллер Samsung Pablo, микросхемы 3D TLC NAND, последовательный доступ: 3500/3000 MBps, случайный доступ: 500000/480000 IOps

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро

Источник: Аўтар: Таццяна Ашуркевіч, Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская