Беларусь — краіна скарбаў. Лекцыя Сяргея Тарасава

11 561
2
20 октября 2020 в 7:13
Источник: Сяргей Тарасаў. Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская

Беларусь — краіна скарбаў. Лекцыя Сяргея Тарасава

Сяргей Тарасаў — археолаг, пісьменнік, кандыдат гістарычных навук.
Розных скарбаў на Беларусі багата. Але размова пойдзе пра тыя, якія ўяўляюць цікавасць для археалогіі і нумізматыкі — навукі аб манетах і грашовых сістэмах. Пагаворым пра тыя скарбы, аб якіх ёсць інфармацыя. Па-першае, што такое скарб? Большасці падаецца, быццам гэта проста зарытыя ў зямлю каштоўнасці. Камусьці не пашэнціла яго згубіць, а некаму пашэнціла яго знайсці. Некаторыя маюць уяўленне, што знайсці скарб — найкарацейшы шлях да багацця і дабрабыту. І толькі навукоўцы перакананы, што скарб — гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, неад’емная частка нашай гісторыі. Лекцыя гісторыка і археолага Сяргея Тарасава — у праекце Onliner «Пашпарт грамадзяніна». 

Слухаць на «Яндекс.Музыка» | Слухаць у iTunes


Выдатнейшы беларускі нумізмат Валянцін Навумавіч Рабцэвіч, чыё імя вядома ва ўсім свеце, у 1993 годзе на старонках энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі» ў раздзеле «Манетныя скарбы» напісаў, што на тэрыторыі нашай краіны знойдзена болей за 1100 манетных скарбаў з антычных часоў. Аўтар меў на ўвазе, што ў скарбах трапляліся розныя манеты, у тым ліку Старажытнай Грэцыі і Рыма. Значна пазней, у 2000-х гадах, у прыватнай размове Рабцэвіч сказаў, што кожны год на Беларусі знаходзяць не меней за дзесяць скарбаў і толькі 1—2 становяцца вядомымі навукоўцам.

Ён меў рацыю. Апрача прафесійных скарбашукальнікаў, старажытныя манеты і іншыя рэчы перыядычна трапляюць у рукі выпадковых людзей і папросту знікаюць. Аднак ад 1993 года прайшло, будзем лічыць, 34 гады. Гэта азначае, што было знойдзена яшчэ каля 340 скарбаў, з якіх толькі адзінкі трапілі ў рукі навукоўцаў. І гэта вялікія страты для нашай гісторыі.

Паходжанне большасці скарбаў аднолькавае: грошы і каштоўныя рэчы закопвалі ў зямлю, каб захаваць ад чужынцаў падчас вайны ці іншай навалы. Але не толькі. Уявіце сабе жыццё і побыт нашага продка, напрыклад, Х—XIII стагоддзяў. Жыве ён у вёсцы ці горадзе — ён жыве на зямлі ў літаральным сэнсе гэтага слова. Хаты, складзеныя з бярвёнаў, гаспадарчыя пабудовы, паўзямлянкі і г. д. мелі ў якасці падлогі простую зямлю, у лепшым выпадку моцна ўтаптаную ці так званую глінабітную — пакрытую глінай. Нават калі ў XII—XIII стагоддзях рабілі драўляную падлогу, яна таксама часцей за ўсё проста клалася на зямлю ці на нятоўстыя лагі. У гарадах людзей і іх жытло баранілі замкавыя сцены і вайсковы гарнізон, у вёсках не бараніў ніхто. А нейкія каштоўнасці і багацці паступова назапашваліся.

І мэтаю любога ўладара было іх захаваць. Дзе? Банкаў у сучасным разуменні не існавала. Нечага, што было б падобна да сучаснага сейфа, у драўляных вясковых дамах і гарадах не магло існаваць па вызначэнні. Аддаваць каштоўнасці на захаванне другім людзям не мела сэнсу. Заставалася толькі зямля!

Найчасцей скарбы закопвалі прама там, дзе жылі. Пры гэтым адносіны да схаванага не былі містычнымі, як да скарбу. Проста зямля станавілася захавальніцай маёмасці чалавека, ці сям’і, ці нейкай іншай групы людзей. Да закапанага маглі неаднойчы вяртацца, каб нешта дакласці або ўзяць на гандаль пэўную колькасць каштоўнасцей, напрыклад. Не выключана, што схаванае ў зямлі было закладам на чорны дзень. І не абавязкова на выпадак нястачы, а, напрыклад, каб пакласці нябожчыку ў курган.

Выпадкі захавання скарбаў, як гэта апісваецца ў прыгодніцкіх раманах: «Ноччу ў поўню ад вялікага дуба сто крокаў на захад і дваццаць на поўдзень...» — мастацкая прыдумка, як і рознага кшталту куфры і куфэркі. Найчасцей каштоўнасці, якіх не было надта многа, клалі ў гліняны гаршчэчак, у плецены з бяросты кораб ці палатняны мяшэчак. Таму, калі ў нашыя часы падобныя скарбы знаходзяць на полі падчас сельскагаспадарчых работ, манеты і іншыя рэчы плугам ці бараною могуць быць расцягнуты на многія метры адна ад адной.

Другая асаблівасць скарбаў: за кожным знойдзеным скарбам, незалежна ад таго, якім часам ён датуецца, стаіць чалавечая трагедыя. Адзінай прычынай, праз якую чалавек не вярнуўся да свайго багацця, была яго смерць. У некаторых выпадках, пэўна, нават і не аднаго чалавека. З гэтага пункту гледжання любы скарб — гэта містычнае судакрананне да памерлага, да іншага свету, дзе жыве ягоная душа.

Ёсць і іншы погляд на некаторыя скарбы. Народнае паданне трывала звязвае скарбы з містычнымі сіламі: ведзьмамі і ведзьмакамі, Бабай-ягой, нячысцікам, лесуном, вадзяніком і падобнымі пачварамі. Лічыцца, што гаспадар скарбу, калі захоўваў яго, накладаў на каштоўнасць закляцце, давяраў розным страшыдлам ахоўваць яго і дасылаў праклён таму, хто яго выпадкова знойдзе. А праклёны, як вядома, часу прыдатнасці не маюць. Таксама ў народных казках і паданнях, каб знайсці скарб, трэба заключыць дамову з чортам ці д’яблам. Нічым добрым гэта, зразумела, не заканчваецца.

Але ў археолагаў да скарбаў і асобна знойдзеных манет свая навуковая цікавасць. Манета заўсёды мае дату і месца чаканкі, а таксама пэўны тэрмін свайго абарачэння на рынку. Сваёй прысутнасцю ў культурным пласце яна дае даволі дакладную даціроўку як самога археалагічнага слоя, так і рэчаў, якія ў ім захоўваюцца. А датаванне, храналогія археалагічных пластоў — першасная мэта археолага. Калі манеты і рэчы знойдзены разам, то гэта ўжо закрыты комплекс, які можа сфарміраваць уяўленне аб цэлым канкрэтным часе ў межах некалькіх дзесяцігоддзяў. І тады істотным становіцца ўсё: дата выпуску манеты, яе намінал ці вага, надпісы (легенда), выявы, якасць металу, пашкоджанні, надпісы і знакі, зробленыя чалавекам (графіці). Тое самае датычыцца і рэчаў, асабліва калі яны выраблены з каштоўных металаў і парэзаны на часткі. У такім выпадку фрагменты шыйных грыўняў ці бранзалетаў маглі выкарыстоўвацца ў грашова-абменных аперацыях па вымярэнні вагі.

Вывучэнне цэлага комплексу, які быў знойдзены ў выглядзе скарбу і трапіў у рукі навукоўцаў, можа распавесці многае. Напрыклад, першы дакументальна зафіксаваны беларускі скарб быў знойдзены ў Пінску ў 1804-м. Невядома хто і як знайшоў яго, але па законах таго часу скарб належаў таму, каму належала зямля. Гэтым разам зямля належала шляхціцу Рыдзеўскаму. Маючы нейкі свой інтарэс, шляхціц падараваў скарб расійскаму імператару Аляксандру І. Сярод 20 манет былі залатнікі кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча (таго самага, які прымусам узяў полацкую Рагнеду), візантыйскія намісмы імператараў Васіля ІІ, Канстанціна VIII, Рамана IV і Нікіфара Ватаніята. Храналогія манет ахоплівае час ад канца Х да трэцяй чвэрці XI стагоддзя.

Самыя старажытныя манеты, якія траплялі на тэрыторыю нашай краіны, датуюцца I—III стагоддзямі н. э. і адносяцца да антычнага часу. Знойдзена больш за 2 тысячы падобных манет, якія чаканіліся ў асноўным са срэбра. Разам з тым як плацежны сродак гэтыя манеты выкарыстоўваліся абмежавана. Часам у іх свідравалі дзіркі і насілі такія манеты як маністы.

Новы этап у манетным абарачэнні пачаўся са з’яўленнем арабскага срэбра ў выглядзе дырхемаў. Дырхемы (дырхамы) — круглыя срэбныя манеты дыяметрам каля 2 сантыметраў, вагой 2,5—4 грама. На аверсе і рэверсе манеты размяшчаўся надпіс у выглядзе арнаменту, які з’явіўся ў канцы VII стагоддзя ў горадзе Эль-Куфа, таму гэтыя манеты яшчэ называюць куфічнымі. У надпісах адлюстроўваліся словы з Карана і імя цара, які загадаў чаканіць манету. У залежнасці ад правячай на Усходзе дынастыі дырхемы падзяляюцца на дырхемы Умаядаў, Абасідаў, Сасанідаў і Саманідаў. На сёння колькасць знойдзеных на Беларусі дырхемаў набліжаецца да 20 тысяч — як паасобна, так і ў скарбах. Аб некаторых з іх немагчыма не распавесці.

Увесну 1973 года школьнікі з вёскі Казьянкі Полацкага раёна на свежаўзараным полі знайшлі некалькі срэбных манет і самастойна пачалі раскопваць зямлю. Іх здзіўленню не было мяжы, калі на невялікай глыбіні выявіўся цэлы паклад манетнага срэбра! Частку манет дзеці расцягнулі па хатах. Тым не менш навукоўцам удалося сабраць 7588 дырхемаў Арабскага халіфата вагою больш за 20 кілаграмаў, якія калісьці, пэўна, былі загорнуты ў бяросту. Мяркуючы па часе чаканкі апошняй манеты, скарб быў захаваны каля 940 года. В. Н. Рабцэвіч ажыццявіў тытанічную працу па вывучэнні і апісанні кожнай манеты гэтага скарбу! Ён жа і выказаў меркаванне, што гэты скарб — рабаўніцкая казна. Маўляў, вынік рабавання купцоў, якія хадзілі па Дзвіне ў Полацк і з Полацка.

Але паўстае пытанне: ці дазволіў бы полацкі князь, чый горад узвышаўся ў некалькіх кіламетрах ад месца знаходкі скарбу, беспакарана дзейнічаць нейкім рабаўнікам? Калі гэта сапраўды былі бандыты, то яны фактычна рабавалі не толькі купцоў, але і князя, які недаатрымліваў грошы з мытнага транзіту праз свае землі. Пры наяўнасці рабаўнікоў князь страчваў бы гандаль, губляў бы рэпутацыю горада і княства. 20 кілаграмаў срэбра не маглі пакласці ў зямлю за адзін раз. Гэта неверагодна вялікая сума грошай нават на наш час (болей 10 тысяч долараў ЗША па сённяшнім курсе), не кажучы ўжо аб X стагоддзі! Абсалютна відавочна, што тысячы манет накопліваліся гадамі. І ніякі князь (тэарэтычна гэта мог быць і Рагвалод) не стаў бы цярпець у сябе пад бокам гэтакіх рабаўнікоў. А калі гэта не рабаўнікі, то хто?

Адказ на паверхні: скарб належаў тым, хто меў справу з вялікімі грашыма. Апрача самога князя, гэта маглі быць купцы і, хутчэй за ўсё, полацкія. Адпраўляючы мясцовых купцоў са сваімі таварамі на Усход і Поўдзень, князь, натуральна, не мог ведаць іх дакладнага кошту на рынках розных краін. У абмен на мёд, футра, пяньку і г. д. меркаваўся прывоз у Полацк шаўковых тканін, алею, віна, шклянога посуду і ў першую чаргу срэбра. Лагічна дапусціць, што транзітныя купцы, якія ішлі па Дзвіне праз Полацк, плацілі ў дзяржаўна-княжацкую казну мыта. І толькі. А вось сваім, якія вярталіся пасля продажу тавараў, што належалі князю, рабілі допыт і поўны дагляд. Нешта схаваць на караблі, у кішэні ці за шчакою было немагчыма абсалютна. А які бізнесовец-купец не пакідае сабе вольныя абаротныя сродкі, выведзеныя ад падаткаў? У гэтым плане за тысячу гадоў нічога не змянілася! Вось і з’явілася купецкая схованка, «чорны нал» блізка ад горада, але ў такім выгіне рэчышча Дзвіны, што з горада карабля было ўжо не відаць. Апрача таго, схованка размяшчалася ў месцы ўверх па рацэ ад Полацка, гэта накірунак і ў Арабскі халіфат, і ў Візантыю. Выпраўляючыся ў далёкі шлях, можна было прыхапіць пэўную колькасць манет на асабістыя патрэбы і гэтак жа потым пакласці іх на адваротным шляху, хаваючы гэта ад вачэй князя.

Неверагодная колькасць манет наводзіць на думку, што калі гэтым «банкам» карысталіся полацкія купцы, то павінен быў быць і нехта, хто сачыў за яго захаванасцю. Мусіў быць нехта адказны за прыём-выдачу і ўлік. А гэта можа сведчыць аб наяўнасці ўжо ў Х стагоддзі гандлярскай карпаратыўнай арганізацыі. Не дзіва, што калі ў ХІІІ стагоддзі з’явіліся першыя граматы, якія заключалі паміж Полацкам, Віцебскам, Смаленскам, з аднаго боку, і Рыгаю, Гоцкім берагам — з другога, то яны ў першую чаргу тычыліся менавіта гандлю.

У гісторыі беларускіх скарбаў былі выпадкі, калі манеты і іншыя рэчы выкопвалі свінні, бліскучыя грошы насілі ў свае гнёзды птахі, моцныя дажджы вымывалі скарбы. А здаралася і так, што людзі шукалі адно, а знаходзілася зусім іншае. Так сталася са знакамітым Брылёўскім скарбам.

У 2000 годзе мастак-рэстаўратар Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны і сябра ваенна-гістарычнага клуба «Мінскі пяхотны полк» С. А. Захараў у пойме ракі Бярэзіны, там, дзе праходзіла апошняя пераправа напалеонаўскіх войскаў глыбокай восенню 1812 года, шукаў дэталі вайсковага рыштунку таго часу. А знайшоў паламаны меч вікінга і частку манетнага скарбу Х стагоддзя. У тым жа годзе на месца знаходкі каля вёскі Брылі прыйшлі археолагі і пачалі пошукі па ўсіх правілах навукі. У выніку было сабрана 290 дырхемаў і іх фрагментаў, 10 гірак-разнавагаў, фрагмент срэбранай шыйнай грыўні і 10 фрагментаў мяча. Самая старажытная манета была адчаканена ў Арабскім халіфаце ў 742 —743 гадах, самая позняя ў 890—891 гадах, з чаго вынікала, што гэты дзіўны скарб з’явіўся паміж 890 і 892 гадамі. Над вывучэннем скарбу працавалі В. Н. Рабцэвіч і А. В. Іоў.

Брылёўскі скарб прынёс сюрпрызы і пытанні. Па-першае, у яго складзе аказалася адна манета, аб існаванні якой не ведала сусветная нумізматыка. Яе няма ў аніводным музеі свету, у аніводнай з прыватных калекцый. Манета была адчаканена загадам аль-Хасана ібн Зайда ў 823—824 гадах. Па-другое, меч не толькі рассыпаўся на часткі ад часу, праведзенага некалі ў вадзе, але мінімум двойчы быў свядома паламаны. Гэта карэнным чынам змяняе трактоўку скарбу. Навукоўцы лічаць, знаходка каля вёскі Брылі не была скарбам у традыцыйным сэнсе.

У старажытнай Еўропе быў звычай псаваць зброю і такім чынам рабіць паднашэнне багам, выпрошваючы сабе поспех і багацце на будучае. Падобнае часцей здаралася пры пахаванні ваяра. Такім чынам, срэбра, гіркі і меч, якія некалі былі кінуты ў ваду, удзельнічалі ў своеасаблівым пахавальным рытуале. Магчыма, самога гаспадара, яго цела не было (быў забіты, і знесла бярэзінскай плынню) і рытуал правялі ў яго памяць. Але цяжка ўявіць, каб ваяр, які падчас бітвы патануў у рацэ, перад тым на беразе ці караблі пакінуў свой кашэль і меч. Калі гэта была рытуальная ахвяра, то навошта разам з грашыма і мячом кідаць у ваду гіркі-разнавагі? Яны, дарэчы, самыя старажытныя са знойдзеных на тэрыторыі Беларусі і ўсёй Кіеўскай Русі. Гіркі — выключна практычная прылада з жалеза, пакрытая меддзю. Дырхемамі плацілі на вагу. Нерацыянальна было імі ахвяраваць! Ды і 290 срэбраных дырхемаў, як кажуць, на дарозе не валяюцца.

Нельга выключаць, што ўсё-ткі гэта было пахаванне. У славянскай і скандынаўскай традыцыі ў гэты час нябожчыкаў спальвалі. Калі гэта быў вікінг (а ўсё гэта пацвярджае), то яго маглі спаліць не на зямлі, а на вадзе. І ў такім выпадку рэчы, якія належалі яму пры жыцці, натуральным чынам аказаліся разам з ім і не зведалі перапалу. А меч, безумоўна, маючы сакральнае значэнне, пераламаны некалькі разоў, застаўся выключна зброяй гаспадара і на нябёсах, чакаючы апошняй бітвы багоў — Рагнарадзі.

Сярод цікавых і каштоўных скарбаў нельга не згадаць Полацкі залаты, знойдзены ў 1984 годзе. Увесну таго года на полацкім стадыёне «Спартак» праводзіліся работы па культывацыі (рыхленне) футбольнага поля пад пасадку травы. І вось у свежым выкідзе зямлі супрацоўніца стадыёна Марыя К. заўважыла нейкія скручаныя бліскучыя «драты», частку аддала аднаму з рабочых. «Ат, сунула ў кішэню і толькі дома прыгадала», — расказвала мне потым. Прыйшоўшы дадому, паказала дачцэ. Знаходку памылі, і стала зразумела, што «драты» ўяўляюць каштоўнасць. Па парадзе дачкі Марыя К. панесла знаходку дырэктару спартыўнага комплекса А. П. Барысовічу. Той адразу зразумеў вартасць знойдзенага. Скарб быў сабраны разам і зачынены ў сейф, апячатаны. Пасля чаго А. П. Барысовіч паведаміў у міліцыю і банк. Калі аб скарбе даведаўся дырэктар Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка Залілаў Ігар Зуферавіч, ён забраў рэчы пад распіску на часовае захаванне і аднёс у Сафійскі сабор, дзе яны захоўваюцца і сёння.

Ігар Зуферавіч Залілаў патэлефанаваў у Акадэмію навук. Г. В. Штыхаў накіраваў у Полацк мяне. Так мне давялося быць першым археолагам, які трымаў гэты скарб у руках, замалёўваў, фатаграфаваў і апісваў яго. Узважыць і вызначыць пробу ўжо паспелі ў банку. Агульная вага шасці прадметаў — 334,36 грама, проба — 958. Склад: 5 бранзалетаў (два з іх скручаныя з некалькіх дратоў) і фрагмент плеценай шыйнай грыўні.

Ужо пасля першага азнаямлення з каштоўнай знаходкай стала зразумела, што гэта ўнікальная рэч, аналагаў якой да сённяшняга часу на тэрыторыі Беларусі не было.

Цікава, але да пачатку 80-х гадоў гісторыкамі лічылася, што храналагічна тэрыторыя стадыёна, якую акружае так званы вал Івана Жахлівага, досыць позняя: яна была заселена палачанамі толькі пасля заваявання горада войскамі цара ў сярэдзіне XVI стагоддзя. А таму знайсці нешта больш старажытнае ніхто нават і не спадзяваўся да часу правядзення нашых доследаў у 1986 годзе.

Але ж якое тады паходжанне маюць знойдзеныя залатыя ўпрыгожанні? Па вядомых аналагах падобныя рэчы сёння досыць часта звязваюць са скандынаўскім светам. У якасці прыкладу даследчыкамі прыводзіцца падобны скарб, знойдзены ў 1913 годзе ў Кіеве. Пры гэтым, калі іх параўнаць, можна заўважыць амаль аднолькавыя бранзалеты. Тым не менш для Скандынавіі падобныя прадметы не зусім характэрныя. Якасць золата сведчыць, што каштоўныя рэчы былі створаны ў 2-й палове Х стагоддзя. У той жа час скандынаўскія вырабы гэтага перыяду маюць іншую фактуру, узбагачаны разнастайнымі арнаментальнымі ўпрыгожаннямі, непасрэдна звязанымі з так званым звярыным стылем.

Падаецца, што радзіма знойдзеных залатых вырабаў — паўднёварускія землі, скіфа-сармацкае асяроддзе. Але галоўнае не само паходжанне рэчаў з полацкага скарбу, а тое, што ўжо ў Х стагоддзі беларускія землі мелі надзвычай развітыя культурныя сувязі з суседнімі тэрыторыямі.

Да таго ж, як гэта ні дзіўна, полацкі скарб не быў прызначаны для ўпрыгожвання нейкай асобы. Усе рэчы маюць пашкоджанні, уяўляюць сабой асобныя фрагменты. Таму відавочна, што скарб планавалася пераплавіць і выкарыстаць для стварэння новых рэчаў айчыннымі ювелірамі-залатарамі.

Дзякуючы гэтаму скарбу можна ўпэўнена сцвярджаць, што ювелірнае рамяство зарадзілася на тэрыторыі Беларусі (у першую чаргу на Полаччыне) значна раней за час жыцця і дзейнасці Лазара Богшы і было ці не асноўным у Полацку. Пры гэтым у гарадах налічвалася некалькі дзясяткаў рамёстваў.

На тэрыторыі Полаччыны на сённяшні дзень даследавана восем ювелірных майстэрняў. Сярод іх адна ў сядзібе памерам у 1000 квадратных метраў на тэрыторыі вялікага пасада Полацка, якая існавала цягам ХІІ—ХІІІ стагоддзяў. Аб ёй мы пісалі вышэй. Існуе верагоднасць, што менавіта там жыла і працавала сям’я Лазара Богшы, аўтара крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Сам жа залаты скарб быў схаваны ў другой палове Х стагоддзя, а таму яго цалкам магчыма звязаць з падзеямі 970 —980 гадоў — вядомай гісторыяй, калі на Полацк напаў наўгародскі князь Уладзімір і забіў князя Рагвалода, а ягоную дачку Рагнеду ўзяў сабе ў жонкі. Наступныя, больш дэталёвыя даследаванні тэрыторыі, дзе быў выяўлены скарб, засведчылі, што ў ІХ—Х стагоддзях там існавала паселішча, тагачасны вакольны горад, у якім жылі рамеснікі. Хутчэй за ўсё, каб уратаваць скарб ад наўгародскіх захопнікаў, яго закапалі ў зямлю, дзе ён і праляжаў цэлае тысячагоддзе.

Сёння скарб захоўваецца ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Але на простай перадачы музею і захаванні там гісторыя скарбу не скончылася, бо скарбы, вядома, заўсёды звязаны з людзьмі.

Паводле савецкага заканадаўства аб ахове культурнай спадчыны, чалавеку, які знайшоў каштоўны скарб, выплачвалася ўзнагарода ў памеры 25% ад кошту знаходкі. І такая ўзнагарода была выплачана Марыі К. Дакладнай сумы не ведаю, але, зыходзячы з сённяшняга кошту падобнага золата (проста на вагу), 25% складалі прыблізна тысячу долараў ЗША, альбо (па кошце рубля да долара ў сярэдзіне 1980-х гадоў) 660—680 рублёў. Па тым часе — велізарныя грошы!

Марыя К. была жанчынай простай. Падчас нашай сустрэчы яна, з аднаго боку, неяк ганарылася папулярнасцю, якая раптам на яе звалілася (радыё, газеты Полацка, Наваполацка, Віцебска, Мінска), з другога боку, шкадавала, што паддалася на ўгаворы дачкі. Недзе праз год-два пры нагодзе пацікавіўся і дазнаўся, што на атрыманыя грошы жанчына набыла ў хату (драўляную аднапавярховую там жа на Ніжнім Замку) новую мэблю і тэлевізар. Але з цягам часу ўсё набытае на «залатыя» грошы было паступова «зліта». І жыццё гераіні калі не пагоршылася, то як мінімум пайшло звычайнай хадой.

Яшчэ адзін унікальны скарб быў знойдзены ў Рагачоўскім раёне на старажытным замку побач з вёскаю Вішчын. Гэты замак як археалагічны помнік быў вядомы яшчэ з канца ХІХ стагоддзя. Самымі маштабнымі раскопкамі ў 1976—1985 гадах кіраваў Э. М. Загарульскі. У 1979 годзе падчас даследавання замкавых умацаванняў паміж камянёў і быў знойдзены гэты выключны па мастацкай і гістарычнай вартасці скарб, які складаўся з рэчаў і грашовай часткі. Упрыгожанні з высакаякаснага срэбра належалі жанчыне. Гэта былі каралі з авальных пацерак, колты (прывешваліся на налобную павязку каля скроняў), падвескі з канічнымі верхавінкамі і ланцужкамі , якімі ўпрыгожваўся строй, масіўныя бранзалеты з раслінным арнаментам і стылізаванымі галоўкамі ў выглядзе змей, залачоны пласціністы бранзалет. Грашовая частка складалася са срэбраных зліткаў-грыўняў, што належалі да розных тыпаў: наўгародскія, літоўскія, кіеўскія. Даследчык археалагічнага помніка, які прысвяціў Вішчынскаму гарадзішчу асобную манаграфію, небеспадстаўна лічыць, што гарадзішча з’яўлялася феадальнай сядзібаю, а яе гаспадар, верагодна, залежаў ад смаленскага князя. Загінуў замак аднамаментна: быў захоплены, разрабаваны і спалены, згодна з летапісным паведамленнем, у 1258 годзе. Сам скарб — сведка тых драматычных падзей.

Незвычайныя скарбы былі знойдзены каля вёскі Гараўляны Глыбоцкага раёна ў 1965 годзе. Знаходцы папярэднічалі не менш незвычайныя абставіны. Побач з вёскаю на старажытным паселішчы працавала археалагічная экспедыцыя, якую ўзначальваў Г. В. Штыхаў. Побач на полі араў зямлю трактар. Ён і вывернуў плугам ляпны гаршчок. Там было 220 арабскіх дырхемаў, 185 дынарыяў з Германіі, Англіі, Францыі, Чэхіі, драты-нарыхтоўкі і адзін пласціністы бранзалет. Знаходка трапіла да археолагаў.

Наступнага дня надвячоркам Георгій Васільевіч вяртаўся з раскопак у вёску, дзе жылі археолагі. Раптам на полі, побач з тым месцам, дзе быў знойдзены першы скарб, ён заўважыў маленькі блакітны агеньчык. 38-гадовы вопытны даследчык добра ведаў народны фальклор, у якім блакітныя агеньчыкі заўсёды звязваліся са скарбамі, а таму месца прыкмеціў. На наступны дзень, узяўшы з сабою памагатых з рыдлёўкамі, па ўсіх правілах навукі заклаў літаральна ў «чыстым полі» ў двух метрах ад першага скарбу невялікі квадратны раскоп-шурф. Якое было ва ўсіх здзіўленне, калі ледзьве не на другім пласце (каля 40 сантыметраў) рыдлёўка глуха стукнулася аб гаршчок, які быў абкладзены трыма камянямі, з ювелірнымі вырабамі са срэбра.

Як у казцы, гэта быў яшчэ адзін скарб! Гэтым разам у гліняным гаршку ляжалі 15 манет-перайманняў з куфіцкага дырхема, 135 арыгінальных дырхемаў цэлых і ў фрагментах, чэшскі дынарый, срэбраныя бранзалеты, пярсцёнак, нарыхтоўкі для ювелірных вырабаў. Абодва скарбы ўхаваны ў сярэдзіне ХІ стагоддзя.

Вось і не вер пасля такога ў народныя прыкметы! Адзін са скарбаў захоўваецца зараз у нумізматычным кабінеце БДУ, другі — у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner. by

Источник: Сяргей Тарасаў. Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская