Дзесяць беларускіх мастакоў, якіх павінен ведаць кожны. Лекцыя Сяргея Харэўскага

14 858
0
16 октября 2020 в 0:20
Источник: Сяргей Харэўскі. Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская

Дзесяць беларускіх мастакоў, якіх павінен ведаць кожны. Лекцыя Сяргея Харэўскага

Сяргей Харэўскі — беларускі мастак, літаратар, гісторык мастацтва, культуролаг, мастацтвазнаўца, выкладчык Еўрапейскага Гуманітарнага ўнівэрсітэта.
Беларускае мастацтва надзвычай шматграннае! У ім спалучаецца і неверагодная любоў да радзімы, дзякуючы якой мы можам пабачыць цудоўныя беларускія краявіды і культавыя месцы розных часоў, вынаходніцтвы і эксперыменты, дзякуючы якім наша краіна вядомая па ўсім свеце... Такіх прыкладаў безліч, а мы выбралі дзесяць славутых мастакоў, якіх павінен ведаць кожны беларус. Прапаноўваем лекцыю мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага для праекта «Пашпарт грамадзяніна».

Слухаць на «Яндекс.Музыка» | Слухаць у iTunes


Іван Хруцкі

Іван Хруцкі вядомы перадусім як аўтар нацюрмортаў, якія зрабіліся класікай беларускага і еўрапейскага мастацтва. Між тым пэндзлю Хруцкага належыць некалькі партрэтаў, без якіх цяжка ўявіць працы ХІХ стагоддзя па гісторыі нашага краю. Творчасць жывапісца Хруцкага цяпер добра вядомая ледзь не кожнаму беларусу, бо ягоныя выбітныя нацюрморты ўпрыгожваюць нават нашыя грашовыя знакі. Але даробак гэтага творцы ў галіне партрэта дасёння застаецца ў ценю. А дарма!

Ян Хруцкі нарадзіўся ў 1810 годзе ў мястэчку Ула, на Віцебшчыне. Ягоным бацькам быў Тамаш Хруцкі, уніяцкі святар у вёсцы Усая. Атрымаўшы адукацыю ў Полацкай езуіцкай акадэміі, малады Хруцкі ў 1827 годзе пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе стаў вучыцца ў тамтэйшай Акадэміі мастацтваў. У 1836 годзе Хруцкі быў узнагароджаны галоўным срэбраным медалём Акадэміі за свае нацюрморты. Тамсама мастак пісаў шмат партрэтаў, адзін з якіх — «Пажылая жанчына, якая вяжа шкарпэткі», прынёс яму залаты медаль Акадэміі. А ў 1839 годзе яму ўжо быў прысвоены тытул акадэміка. У 29 гадоў!!!

Пасля смерці свайго бацькі-святара ў 1840 годзе, Хруцкі назаўсёды пакінуў Санкт-Пецярбург і вярнуўся на радзіму, ва ўласны маёнтак Захарнічы, пад Полацкам. Тое, што мастак меў дачыненне да духавенства, знайшло адлюстраванне ў многіх яго творах. Гэта партрэты апошняга ўніяцкага мітрапаліта Ігнація-Ясафата Булгака, уніяцкіх (а пасля праваслаўных) біскупаў Васіля Лужынскага, Іосіфа Сямашкі, Антонія Зубка ды многіх іншых святароў. З 1846 па 1854 год ён часта працаваў у Вільні. Такія творы, як партрэт гісторыка Балінскага, пісьменнікаў Маліноўскага, Янкоўскага ды іншых прадстаўнікоў тутэйшай інтэлігенцыі, вылучылі Хруцкага ў лік лепшых партрэтыстаў эпохі. Тамсама Хруцкі напісаў ажно 32 партрэты святароў! Таксама ён прысвяціў сталічнай Вільні некалькі пейзажаў, што ўжо пры ягоным жыцці сталі класічнымі і тыражаваліся ў выглядзе каляровых літаграфій. І пра гэта мы мусім памятаць таксама!

Да самай сваёй смерці ў 1885 годзе Іван Хруцкі не пакідаў сваіх Захарнічаў, дзе, сярод іншага, ён напісаў дзясяткі святых абразоў, праваслаўных і каталіцкіх. Менавіта там, дарэчы, быў напісаны славуты абраз Святога Казіміра, што зберагаецца цяпер у зборы літоўскага Нацыянальнага мастацкага музея імя Чурлёніса ў Каўнасе. Святарскі ж род Хруцкіх, цяпер ужо праваслаўны, працягваў быць адным з самых шматлікіх на Полаччыне і Віцебшчыне, пакуль у 1920-я гады духоўныя дынастыі не абарвала савецкая ўлада.

На ягоную біяграфію прыпалі ўсе драматычныя падзеі ХІХ стагоддзя: войны, паўстанні і ліквідацыя святой Уніі — што перапляліся з ягоным асабістым лёсам. Іван Хруцкі быў пахаваны на фамільных могілках у Захарнічах. Некралога не было. Дом згарэў. На жаль, ужо ў наш час некалі дыхтоўнае старасвецкае надмагілле было пашкоджана і разрабавана. Ад сядзібы ў Захарнічах не засталося і знаку… Але назаўжды засталіся светлая памяць і сотні палотнаў мастака. Засталіся ў вечнасці… Самы вялікі, дыхтоўны збор твораў мастака, перадусім ягоных жывых нацюрмортаў, так, менавіта жывых, з трапяткім бляскам свечак, струменямі тытунёвага дыму, матылямі і птушкамі, напоўненых святлом і паветрам... А таксама ягоныя творы зберагаюцца ў музеях Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, дзе паўсюль яго таксама лічаць сваім.

Напалеон Орда

Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 года ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці) у сям'і маршалка шляхты Кобрынскага павета, інжынера-фартыфікатара Міхала Орды, які даў сыну імя французскага імператара.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны беларускі лінгвіст. Напалеон Орда першым пачаў перакладаць паэзію аўтараў-суайчыннікаў. На французскую. У Парыжы. На эміграцыі. Сябра Адама Міцкевіча, ён быў ягоным нястомным папулярызатарам. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў. Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясціны.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны беларускі музыколаг ці кампазітар. Піяніст і кампазітар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Разам з сябрам, Фрэдэрыкам Шапэнам, ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Еўропе. Музычныя творы самога Орды, асабліва паланэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Слава, грошы і спакойнае жыццё ў вясёлай французскай сталіцы былі гарантаваныя. Орда ствараў рамансы і песні, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў». Орда стаў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе і была высока ацэнена Станіславам Манюшкам, які лічыў Орду сваім настаўнікам.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны гісторык. Бо перадусім Напалеон Орда быў правадыром паўстанцаў-патрыётаў. Яшчэ падчас сваёй вучобы ў Свіслацкай гімназіі ён далучыўся да тайнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім універсітэце прыцягваўся да палітычнага дазнання. Універсітэт здольны студэнт не скончыў: у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства. Пасля арышту і 15-месячнага турэмнага зняволення вяртаецца ў родныя Варацэвічы, але застаецца пад наглядам паліцыі і самастойна завяршае сваю адукацыю.

Падчас паўстання 1830—1831 гадоў ён камандаваў партызанскім атрадам. Ён становіцца, урэшце, стралком чацвёртага палка коннай гвардыі Літоўскага корпуса ў Польшчы і нават вызначаецца ў бітве пад Коцкем і атрымлівае вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі. Пасля задушэння паўстання эміграваў у Францыю.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны беларускі архітэктар ці рэстаўратар. Бо Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, нястомна рабіў архітэктурныя шкіцы найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясцін, знітаваных з жыццём выбітных асоб, славутых помнікаў старасветчыны. У Парыжы Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажу П'ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Альбомы ягоных літаграфій змяшчаюць больш за 200 твораў, прысвечаных славутым мясцінам Беларусі. Некаторыя з іх можна ўбачыць у нашым календары. Малюнкі вызначаюцца дакументальнасцю, праз што маюць вялізарную каштоўнасць для даследчыкаў архітэктуры. Бо многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках.

Толькі ў 1856 годзе, пасля амністыі, кампазітар і мастак жыў у родных Варацэвічах. Але напярэдадні паўстання Каліноўскага раптам заняўся маляваннем. У 1862—1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Гродне, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы разгар чарговага паўстання, да канца 1864 года, ён метадычна аб’язджае ўсе раёны найбольш актыўных баявых дзеянняў і... малюе краявіды. Вось такі сабе знайшоў занятак у 57 (!) гадоў ветэран-патрыёт: пачаў маляваць памятныя мясціны і шэдэўры беларускага дойлідства. У выніку з’яўляюцца тысячы графічных твораў.

Ягонае імя мусіць ведаць кожны беларускі мастак. Бо падчас сваіх вандровак Напалеон Орда зрабіў незлічоныя замалёўкі і эцюды краявідаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін. Для сваёй творчасці Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашшу ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка малявання дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа. Вынікам гэтых вандраванняў з'явіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў!

У 1873 годзе Напалеон Орда распачаў не менш манументальную справу — выдаваць уласным коштам Album Widokow Historycznych. Аднак было выдадзена толькі 260 малюнкаў-літаграфій у васьмі серыях (з іх — каля 150 па беларускіх землях), гравіраваных на камені Алаізам Місеровічам у літаграфічным камбінаце Максімільяна Фаянса ў Варшаве.

Творцаў такога маштабу ў жанры архітэктурнага краявіду не было больш у свеце! Напалеон Орда зрабіў тысячы малюнкаў і падчас сваіх новых вандраванняў. Орда наведаў таксама Англію, Шатландыю, Галандыю, Партугалію і нават краіны Магрыба. Ён нястомна працаваў, абіраючы для адлюстравання краявіды, што былі напоўненыя недасяжнай веліччу прыроды, якая несла ў сабе гэтулькі неспасціжнага: горы, неабсяжныя даліны, паўразбураныя замкі, гожыя пастаралі.

Мы ўсе мусілі б ведаць пра яго ўсё. Цяжка сёння паверыць, што ў ХХ стагоддзі пра яго амаль не пісалі ў Беларусі. I ў XXI стагоддзі мы пачалі ўсведамляць маштаб асобы нашага суайчынніка з гучным імем — Напалеон Орда. Калі-небудзь мы будзем ведаць яго ўсе. Кожны.

Станiслаў Жукоўскi

Жывапісец Станiслаў Жукоўскi нарадзiўся ў фальварку Ендрыхоўцы, у Ваўкавыскім раёне, на Гродзеншчыне, прынамсi гэтак пiшуць ягоныя бiёграфы. А ягонае дзяцiнства прайшло ў вёсцы Стараволя, што каля Пружанаў. Спачатку вучыўся ў класічнай гімназіі ў Варшаве, а затым ён пераехаў да сваякоў у Беласток, дзе скончыў рэальную вучэльню. У 1892 годзе Жукоўскi ўпершыню трапляе ў Расію, дзе да 1901 года займаецца ў Маскоўскай вучэльнi жывапiсу, скульптуры і дойлiдства. Ледзьве пачаўшы прафесійную навуку, Станiслаў Жукоўскi бярэ ўдзел у 1895 годзе ў выставе перасоўнiкаў. У тым самым годзе ён атрымаў прэмiю за свой пейзаж «Травень» на конкурсе Таварыства гожых мастацтваў. А ўжо ў наступным годзе атрымоўвае яшчэ дзве прэмii за работы «Красавiцкi вечар» i «Восеньскай ноччу». Вось гэты поспех сведчыў пра большае. Слава імклiва ўзносiла яго на сваiх лёгкiх крылах ад самага пачатку мастакоўскага шляху...

Творчасць маладога мастака ўжо ў 1890-я гады пачынае набываць шырокае прызнанне. Ён у 1896 годзе атрымаў свой першы сярэбраны медаль за ўнёсак у жывапіс. Менавіта ў тым годзе ён піша яшчэ адно палатно «Уваход на могілкі», якое мае варыянт назвы — «Манастырскі мур».

...У 1898 годзе Станiслаў Жукоўскi атрымоўвае за пейзаж «Веснавая ноч» вялiкi сярэбраны медаль. Тое палатно, проста з выставы, набыў слынны калекцыянер мільянер Мамантаў. За iм услед некалькi пейзажаў Жукоўскага купляе для сваёй галерэi Траццякоў... Будучы адным з самых уплывовых пейзажыстаў пачатку ХХ стагоддзя, Жукоўскі шмат падарожнічаў па Еўропе і Расійскай імперыі, дзе захоўваў прыгажосць мясцовых ландшафтаў. Аднак кожны год жывапісец нязменна адпраўляўся на пленэры па сваіх родных мясцінах. Жукоўскі аддаваў перавагу пісьму з натуры, працуючы вельмі хутка, імпэтна! Адносiны Жукоўскага з Мастацкай акадэмiяй таксама склалiся. Ягоны пейзаж, напiсаны ў родных мясцiнах, — «Нёман» быў дыпламаваны на акадэмiчнай выставе, а затым i набыты ў Акадэмiю. Ён па-ранейшаму рэгулярна наведваў бацькоўскi край, дзе i пiсаў свае славутыя пейзажы: «Восеньскі вечар», «Ветрана», «Плацiна», «Ельнiк» i шмат-шмат нёманскiх краявiдаў...

У 1907 годзе Станiслаў Жукоўскi атрымоўвае званне акадэмiка. Крыху пазней, у 1910 годзе, Жукоўскаму была ўручана ганаровая прэмiя за славутае палатно «Плацiна», якое шматкроць экспанавалася. З таго ж перыяду ягонае палатно «Парк агаляецца» з шалёна-белымi сценамi нейкай сядзiбы, бадзёры прахалодны паўнацюрморт-паўiнтэр’ер «На верандзе» з залатымi хрызантэмамi на белым стале, «Вёска на беразе возера» са шчыльнай свiнцовай вадою і бездакорна чыстым паветрам... Прыходзiла і еўрапейская слава. Ён экспанаваўся ў розных еўрапейскiх салонах. Праўда, там больш дзiвiлiся ягоным раннiм рэчам, напрыклад «Восеньскай ночы». За палатно «Веснавы вечар», напiсанае ў 1909 годзе, ён у 1912-м атрымоўвае залаты медаль у Мюнхене. Але, перадусім, абсалютную славу яму прынеслі карціны з выявамі інэр’ераў! У гэтым жанры ён зрабiў тое, што ў свой час для Расіi зрабiў Іван Хруцкi — запачаткаваўшы жанр нацюрморта. А Жукоўскі — цэлы новы жанр — інтэр’ера! Дзясяткамі палотнаў атмасферных сядзібных інтэр’ераў Жукоўскi фактычна сцвердзiў гэты мастацкі жанр як цалкам паўнавартасны, праз якi можна выявiць гэтаксама столькi пачуццяў, колькi iх ёсць у мастака. Бадай, на iм гэты жанр i скончыўся.

Пасля ўсталявання бальшавiцка-польскага мiру Жукоўскi вяртаецца на радзiму. Назаўсёды. Тут, дома, мроi адступаюць. Бацькоўскiя маёнткi парабаваныя. Доўгiя спробы неяк адрадзiць гаспадарку плёну не далi. Ён прадае землi і пераязджае ў Варшаву. Доўгi час ён жыве на вулiцы Кошыкавай. Тут быў плён у мастацтве, да якога ён iзноў вяртаецца пасля доўгага перапынку. Шматлiкiя iнтэр’еры i краявiды Палесся і Панямоння прынеслi яму славу i ў Варшаве.

Пасля разгрому Варшаўскага паўстання ён трапіў у канцлагер у Прушкаве, дзе ў кастрычніку 1944 года, ва ўзросце 71 года, памёр. Пахаваны ў агульнай магіле, разам з іншымі ахвярамі фашызму. А тысячы ягоных твораў у музеях Польшчы, Беларусі, Літвы, Расіі і Украіны засталіся нам як люстры вечнасці, поўныя хараства…

Вітальд Бялыніцкі-Біруля

Варта згадаць і аднаго з самых значных мастакоў у гісторыі нашай краіны, акадэмiка жывапiсу, народнага мастака Беларусі, ганаровага акадэмiка Акадэміі навук i правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР — Вітальда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулю. Паводле збегу абставiнаў найбуйнейшым беларускiм пейзажыстам стаў чалавек, якi не вучыўся ў Беларусi i не жыў тут большую частку жыцця, чалавек, якi пачаў жыццё ў шляхецкiм гняздзе, а скончыў з савецкiм Ордэнам Працоўнага чырвонага сцяга, чалавек, якi быў найперш ушанаваны ў Мюнхене, Парыжы, Барселоне, а ў апошнюю чаргу — на радзіме, у Беларусі...

Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля паходзiў са старога каталіцкага шляхецкага роду. Таму паводле традыцыi бацькі хацелi бачыць Вiтальда афіцэрам і аддалі яго юнаком у Кiеўскi кадэцкi корпус. Там ён займаўся ў славутай малявальнай школе Мурашкi ўсе гады навучання ў корпусе. Пасля Кiева ён паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапiсу, пластыкi i дойлiдства. Кожныя канікулы Бялынiцкi-Бiруля праводзiў у бацькоўскiм маёнтку. Тут ён напрацаваў шматлiкiя эцюды, шкiцы. Тут ён гартаваўся як самастойны мастак.

Неўзабаве прыйшоў вялікі поспех — 1-я прэмiя Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў за працу «Вясна iдзе», напісаную, заўважце, яшчэ ў 1899-м!  За гэтай прэміяй узнагароды сыпалiся адна за адной. За карціну «Час цiшы» Бялыніцкі-Біруля атрымаў у 1909 годзе залаты медаль на мiжнароднай выставе ў Мюнхене. А за наступную, «Зiмовы сон», дастаў бронзавы медаль на мiжнароднай выставе ў Барселоне.

Менавіта пра гэтае палатно, што вядома нам таксама пад назваю «Блакітная капліца», мы гаворым сёння. Мабыць, няма мастакоў, роўных Бялыніцкаму-Бірулю па ўменні адчуць і перадаць прыгажосць гэтых пераменлівых станаў прыроды. Ён любіў неаднаразова вяртацца да ўпадабанага ім матыву. Напрыклад, да гэтага сюжэта — драўляная святыня на пагорку, у зімовых шатах, што вядомы нам яшчэ пад адною назваю — «Зімовы пейзаж». Мяккі пухнаты снег зацерушыў зямлю, тонкія, далікатныя, быццам дрыготкія ад холаду бярозкі, зялёныя елі ў глыбіні, раз'езджаная цёмная дарога, якая вядзе да патанулай у снягах вёсачкі, хмурнае бяссонечнае неба — усё напісана шырока, вольна, з вялікай любоўю да гэтай сціплай, але таямнічай прыроды. Былi i французскiя прэмii, экспанаваннi ў Швецыi, Галандыi. Надыходзiла еўрапейская слава... У 1912 годзе, у самым росквiце уласных жаданняў i прызнання ў мастацкiм свеце, пасля медаля з Барселоны, Бялынiцкi-Бiруля пiша сваю першую славутую «Блакiтную каплiцу».

...На заснежаным пагорку сярод кволых стромкiх дрэўцаў — бажнiца. Ля купала сплывае маладзiк. Па-над кромкаю снежных гурбаў праз хвiлiну заяснее свiтанак. Сон за дзесяць хвiлiн да абуджэння... Каплiца сцішаная, цёплая, людская, у крышталёвым марозным блакiце: у прадчуванні жыватворнага свята пасля начнога чуйнавання, светлых слёз радасцi, падзякі за новы дзень і новы год, што неўзабаве надыдзе.

У Бялыніцкага-Бірулі няма карцін «шумных», бурных, напружаных па ўнутраным дзеянні. Кожная з іх — гэта па-новаму пачутая цішыня, па-новаму падгледжаная, часам няўлоўная для абыякавага вока, зменлівая прыгажосць прыроды. Таму адзін і той жа матыў можа быць успрыняты як зусім іншая карціна.

Творчасць Бялыніцкага-Бірулі склалася рана і мала змянялася на працягу ўсяго яго доўгага творчага жыцця. Ягоныя палотны цяпер зберагаюцца ў дзясятках калекцый розных краін, а ў Магілёве створаны ягоны персанальны вялікі музей. Сотні ягоных пейзажаў сталі класікай беларускай спадчыны, ад яго сёння вядуць радавод нацыянальнага беларускага пейзажа. І сталі часткай еўрапейскай культурнай спадчыны, часткай вечнасці…

Яўген Жак

Яўген Жак нарадзіўся ў мястэчку Магільна над Нёманам, што на Вуздзеншчыне. Плаўны выгін хуткаплыннага Нёмана тут шырока агінае край мястэчка, збягае паўз паплавы да высокіх стромых пагоркаў старажытнага замчышча. За царом тут былі народнае вучылішча, яўрэйская школа, царква, каталіцкая капліца і сінагога. Тут скрыжаваліся шляхі з Узды да Нясвіжа, адсюль плытагоны хадзілі аж у Прусію.

Тут у 1884-м і нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і будучы мастак, якому было наканавана ўславіць сваё роднае мястэчка, што дзякуючы яму патрапіла ў французскія і польскія, амерыканскія і савецкія кнігі пра мастацтва...

...Пасля пачатковай Магільнянскай школы Яўген Жак працягваў вучобу ў школе, а затым — у павятовай гімназіі ў Нясвіжы. Гэтыя гады школьніцтва моцна паўплывалі на яго, пра што ён пазней згадваў. Пэўна, у час вучобы ў Нясвіжы ён шчыра захапіўся мастацтвам, што не дзіва, бо гэты горад ва ўсе часы паважаўся за адзін з культурнейшых у нашым краі. У тагачасным Нясвіжы былі не толькі старадаўнія храмы, поўныя абразоў і роспісаў, не толькі палац Радзівілаў з вялікай бібліятэкай і мастацкімі зборамі, але сярод тутэйшай публікі было нямала калекцыянераў, бібліяфілаў і аматараў прыгожых мастацтваў. Ён правёў колькі гадоў у Варшаве, адкуль выехаў у Парыж, дзе вывучыўся ў акадэмічнай Школе прыгожых мастацтваў і ў Акадэміі Каларосі. У 1903 годзе ён адправіўся ў Італію, а затым у Мюнхен, дзе вучыўся цягам шасці гадоў. А ў 1904 годзе Жак вярнуўся ў Парыж на стала і спрычыніўся да дынамічнага мастацкага жыцця горада, дэбютаваўшы ў восеньскім мастацкім салоне. Затым Яўген Жак удзельнічаў са сваімі творамі ў Салоне незалежных, у салонах, арганізаваных Нацыянальным таварыствам вытанчаных мастацтваў. Яго таксама часта пачалі выстаўляць у розных галерэях Парыжа і Кёльна, Нью-Ёрка і Лондана. Хоць Яўген Жак шмат гадоў пражыў за мяжой, ён прыняў актыўны ўдзел у айчынным мастацкім жыцці, выстаўляючыся ў Вільні і Варшаве, наязджаючы ў Нясвіж і роднае Магільна над Нёманам. Праўдападобна, уражанні з роднага краю леглі ў ягоную карціну «Рыбак», дзе ў смарагдавых чаратах, над чыстымі водамі вудзіць персанаж ці то з беларускіх казак, ці то з італьянскіх фрэсак... Яўген Жак, урэшце, уступіў у Таварыства польскіх мастакоў у Парыжы, дзякуючы чаму навязаў сяброўства з знанымі на эміграцыі творцамі. З Парыжа ён часта выязджаў у Брэтань, чые чыстыя, рыхтык прамытыя, заўжды сачыстыя краявіды, пэўна, нагадвалі яму родную Беларусь. Падчас свайго знаходжання там Жак стварыў шэраг малюнкаў брэтонскіх сялян, якія займаюцца сваімі паўсядзённымі справамі.

Пазней ён захапіўся мастацтвам італьянскага рэнесансу, яго захапленне было відавочным з 1910 года, калі Жак стварыў цэлую галерэю вобразаў сялян, рыбакоў і пастухоў, гарманічна ўбудаваных у пейзажныя фоны, тло часта скалістага берага мора з дамінуючым у кампазіцыях аскабалкам старога замка. У Жака былі дзве крыніцы натхнення — Італія і Беларусь, што добра відаць на такіх ягоных палотнах, як «Ідылія», «На моры», «Ідылічны пейзаж з авечкамі», «Рыбак», сюжэты і колеры якіх маглі быць убачаныя як над Нёманам, гэтак і дзесьці ў Таскане...

...Але Першая сусветная вайна заспела яго на Поўдні, у Ніцы, дзе ён змушана жыў у 1914—1916 гадах. А ў 1916 годзе ён пасяліўся ў сваёй жонкі, Ядвігі Кон, у яе роднай Чэнстахове, у Польшчы, дзе і прабыў да канца вайны, зрэдзьчасу наведваючы родныя мясціны... Тамсама ён прасякнуўся духам пабожнасці, што вызначала тады сам лад жыцця ў Чэнстахове…

Але гэтыя гады не прайшлі для Яўгена Жака марна. Менавіта ў гэты час ён інтэнсіўна працуе, працярэбліваючы ўласную сцяжыну ў пышнай квецені тагачаснага еўрапейскага мастацтва... Жак у сваёй творчасці аддаў належнае і неакласіцызму, і ар-дэко, і, урэшце, экспрэсіянізму, праз які ў канчатковым выніку прыйшоў да ўласнага кшталту.

Ён амаль не маляваў з натуры. Бадай што ўсё, зробленае ім, ён вынаходзіў у лабірынтах памяці і ўяўлення... Пасля пераезду ў Варшаву ў 1921 годзе быў адным з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў RYTM. Новыя гарызонты творчай вобразнасці раскрыліся ў творчасці Жака, як тыповага прадстаўніка згуртавання, ягонай праграмы і творчых памкненняў.

Яўген Жак хоць і паходзіў з Беларусі, гэтая важная акалічнасць адбілася на ягонай творчасці ўскосна, не гэтак відавочна, як, напрыклад, у Шагала. Бо сама творчасць Жака была досыць эклектычнаю, часцяком стылізаванаю, адарванаю ад паўсядзённай рэчаіснасці.

Тымчасам у выніку Рыжскага дагавора ягонае роднае Магільна засталося на іншым, савецкім беразе Нёмана... У тыя гады ён зразумеў, што радзіма ягоная ўжо недасяжная. Менавіта тады ён піша сваіх «Манахінь» — некалькі невялікіх партрэтных выяваў каталіцкіх законніц. Руплівасць, з якой распрацоўваў Жак гэты вобраз і іншыя партрэты манашак, дазваляе прыпусціць, што ён спрабаваў зрабіць гэты вобраз аўтабіяграфічным, распавесці ўласную прыпавесць свайго вандроўнага жыцця і стасункаў з Богам... Партрэты былі адной з галоўных тэм у творчасці Жака. Ён выяўляў іх зазвычай у абстрактнай цеснай прасторы, на аморфным фоне. Для Жака гэта было разважаннем аб самой прыродзе і прызначэнні чалавечага існавання.

Пошукі прывялі яго да стварэння вялікай музычнай нізкі Dans Le Cabaret — «Жанчына з мандалінай», «Музыка», «Танцорка і гітарыст», выявы танцуючых п'яных, Арлекіны і гэты вось П'еро. Персанажы Жака гэтага перыяду нібы застылыя ў тэатральных позах з падоўжанымі прапорцыямі, змешчаныя мастаком у цесныя, замкнёныя прасторы, з глухімі мурамі. Зрэдзьчасу мы бачым у творах Яўгена Жака змрочны гумар ці сарказм, што падкрэсліваецца гратэскнымі вобразамі з выцягнутымі нечалавечымі прапорцыямі і эмоцыямі. Свой індывідуальны стыль ён выпрацаваў толькі пад канец жыцця. Жак стварыў тады незвычайны свет апранутых у дзіўныя строі танцораў, якія лунатычна скачуць, пэўных асаблівай пекнасці кабет, юнакоў і дзяцей, якія грацыёзна рухаюцца. Яму не чужая была сезанаўская традыцыя, што выявілася ў спробах пабудовы трывалай сінтэтычнай карціны з геаметрызаванымі фігурамі, перадусім у пейзажна-архітэктурных яе частках. Гэты геаметрызм згладжваўся ваганнямі формы і прыглушанасцю пераліўчатых, плоска нанесеных каляровых плямаў. Ягоныя палотны вылучалі выключна культура выканання і вытанчанасць і тэхнічнае майстэрства...

Праз Берлін і Бон ён вяртаецца ў 1923 годзе ў Парыж... А ў 1926-м Яўген Жак раптоўна памёр. Яго сэрца спынілася... Сэрца, што хацела ўвабраць сваёй любоўю ўсе берагі Еўропы, ад Нёмана да Сены. Пасля ягонай смерці ў гонар Жака адбыліся выставы ў Варшаве, Дзюсельдорфе, Нью-Ёрку, Бафала, Лондане і ўва ўсіх асноўных галерэях Парыжа. А сёння большасць ягоных твораў зберагаецца ў Польшчы, што на кароткі час стала яму другой радзімаю. У Беларусі ж мы маем пакуль толькі два ягоныя малюнкі, у калекцыі «Белгазпрамбанка»…

Марк Шагал

Віцебск, дзе нарадзіўся Марк Шагал у 1887 годзе, непарыўна знітаваны з ягоным імем. Тут Шагал адкрыў у сабе надзвычай тонкае адчуванне свету і прылучыўся да жывапісу. Атрымаўшы асновы мастацкай адукацыі ў віцебскага майстра Юдаля Пэна, юнак вырашыў з'ехаць у Санкт-Пецярбург, каб вучыцца далей. Правучыўшыся пэўны час у некалькіх мастацкіх школах, а таксама ў вядомага тагачаснага мастака Леона Бакста (яшчэ аднаго нашага земляка, родам з Гродна!) і палічыўшы, што Расія ўжо дала яму ўсё, што магла, Марк Шагал з'ехаў у Парыж.

Прыехаўшы ў Парыж, Шагал пазнаёміўся з такімі ж, як і ён, маладымі мастакамі і літаратарамі. Выключную ролю ў фарміраванні густаў Шагала адыгралі паэты Апалінэр і Сандрар, праз іх ён і ўвайшоў у свет паэзii. Менавіта яго мастацтва Гіём Апалінэр назваў «звышпрыродным», апярэдзіўшы тэрмін «сюррэалізм» (па-над рэальнасцю)… У Парыжы Марк Шагал спазнаў першую вядомасць. А ўжо ў 1914 годзе ў Берліне адбылася ягоная першая персанальная выстава.

Менавіта ў гэты час славы Шагал вяртаецца ў Віцебск. Як ён меркаваў, ненадоўга, але грымнула Першая сусветная вайна, і прыйшлося затрымацца на няпэўны час. «Вайна 1914 года, — будзе ўспамінаць потым мастак, — сталася для мяне не толькі школай жыцця, але і своеасаблівай школай жывапісу. Я зноў убачыў неба і прасторы маёй краіны, магчыма, не такія яскравыя, як у Францыі, але цяпер я глядзеў на іх іншымі вачыма».

Шагал бярэцца за стварэнне цэлага шэрагу малюнкаў, прысвечаных Віцебску. Мастак сам называў свае замалёўкі «дакументамі». Ён адлюстроўваў тысячы дробязей у выглядзе дамоў, людзей і жывёл! Праз усё жыццё ён будзе думкамі вяртацца сюды, да гэтых вуліц, дзе ўсё знаёма да дробязей. Шагал будзе аднаўляць на розных карцінах віцебскі краявід: налепленыя адзін на адным домікі, цэркаўка, другая… «У мяне няма ніводнае карціны, на якой вы не ўбачыце фрагменты маёй Пакроўскай вуліцы. Гэта, бадай, недахоп, але толькі не з майго пункту гледжання», — напіша мастак праз 60 (!) гадоў.

Вайна вымушае Шагала паступіць на цывільную працу ў нейкім ваенным ведамстве ў Петраградзе, каб не патрапіць на фронт. Але пры першай магчымасці Марк Шагал імкнецца вярнуцца зноў у Віцебск.

Родны горад цягнуў да сябе, ён больш надзейны, трывалы. Шагалу быў патрэбны гэты горад, тут мастак адчуў патрэбу ў сабе, а гэта шмат чаго вартае для любога чалавека.

Каханне праз усё жыццё рухала Марка Шагала наперад, падказвала яму патрэбныя фарбы, кіравала ягонай рукой.

Са сваёй будучай жонкай Бэлай Розэнфельд мастак пазнаёміўся яшчэ да вандроўкі ў Парыж і менавіта да яе вяртаўся ў 1914 годзе. Парадаксальна, што ў цяжкія сваёй няпэўнасцю ваенныя гады карціны Марка Шагала поўняцца светлым празрыстым пачуццём. Яно мае розныя адценні ў рознакаляровых «каханках» (ружовых, шэрых, зялёных, блакітных). Ім напоўненыя карціны сямейнага кшталту: «Купанне дзіцяці», «Суніцы» і інш. Але найбольшае набліжэнне да адчування гармоніі пачуццёвага свету яно набывае на палотнах, дзе закаханыя ўздымаюцца ў нябёсы. Праз палёты імкнуўся мастак адлюстраваць, як чалавек парывае з гэтым прадметным, зямным, штодзённым светам і накіроўваецца ў бязмежны блакіт мараў. Так закаханыя Марк і Бэла зрабіліся «пастаяльцамі нябёсаў».

Дзякуючы каханню Марка Шагала свет атрымаў такія выдатныя творы, як «Над горадам», «Праменад», «Двайны партрэт з бакалам віна» і г. д. Усе гэтыя карціны дыхаюць свежасцю, хрупкасцю, нібыта напісаныя ў адно імгненне, адным памкненнем душы. Закаханыя ў небе выглядаюць настолькі ж натуральна, наколькі рэальна ўспрымаецца і родны Віцебск на зямлі: вуліца, цэркаўка, дамы — усё асветленае вялікім шчасцем кахання і маладосці. Сапраўды, Марк Шагал нібыта нарэшце знайшоў тое сваё адметнае адчуванне ў жывапісе, здолеў ухапіць, увасобіць нешта сваё, унікальнае…

Рэвалюцыя застала Марка Шагала ў Петраградзе, і ён успрымаў не столькі як сацыяльны катаклізм, колькі як духоўны пераварот, які вызваліць асобу, яе думкі, замацуе сапраўдную свабоду мастацкіх уяўленняў. Менавіта таму ён так актыўна ўключыўся ў «рэвалюцыйнае будаўніцтва».

Першая звязаная з Шагалам падзея мастацкага жыцця горада — святкаванне першых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сабраўшы віцебскіх мастакоў і іх вучняў, новы ўпаўнаважаны ўсім знайшоў працу. Ён вырашыў здзівіць гараджан. Вялізныя ягоныя карціны-плакаты «Вайна палацам», «Вершнік» і іншыя былі размешчаныя на цэнтральных вуліцах, а на плошчы над саборам узнесліся ўвышыню рознакаляровыя каровы, козы, людзі. У такія незвычайныя вобразы вылілася рэвалюцыйная эйфарыя мастака, і ён жадаў, каб людзі зразумелі ягоныя ўражанні, падтрымалі. Будучы ўпаўнаважаны камісарамі ачоліць мастацтва ў Віцебску, ён аздабляў горад да ўсіх палітычных акцый. Да другой гадавіны рэвалюцыі будынак сабору на цэнтральным пляцы места быў зацягнуты вялізным палатном, якое размаляваў Шагал. На ярка-зялёных конях у яблыкі доўгабародыя старыя ўзляталi ў неба… «Ачышчальны віхор рэвалюцыі змёў усе перашкоды… А коні — гэта чалавечая мара: маладая і зялёная, як квітнеючы сад, зялёная, як маладая надзея…» — гэтак апісаў сваю задуму сам Шагал.

Рэвалюцыйная тэма не вельмі прадстаўленая ў творчасці Марка Шагала 1917—1920 гадоў таму, што шмат часу займала дзейнасць па стварэнні ў Віцебску мастацкай школы. «У касаваротцы, са скураным партфелем пад пахай, — успамінаў потым Шагал, — я выглядаў тыповым савецкім служачым. Толькі доўгія валасы ды пунсовыя шчокі (нібыта сышоў з уласнае карціны) выдавалі ўва мне мастака. Вочы азартна блішчэлі — я заглыблены ў арганізацыйную дзейнасць. Навокал — натоўп вучняў, юнакоў, з якіх я збіраюся зрабіць геніяў за дваццаць чатыры гадзіны».

Можна сцвярджаць, што Віцебская школа — цалкам дзіця Марка Шагала. Яна пачала сваю працу зімой 1919 года. Ён запрасіў сюды лепшых і розных мастакоў, што прадстаўлялі ўвесь спектр мастацкіх накірункаў таго часу (В. Ермалаева, Р. Фальк, К. Малевіч і г. д.). Акрамя школы, планавалася адкрыццё музею сучаснага мастацтва, нават творы для экспазіцыі былі набытыя, але… Не прайшло і двух гадоў, а Марк Шагал назаўсёды з'язджае з Віцебска, а там і з краіны ўвогуле.

З цяжкім сэрцам з'ехаў Марк Шагал у 1920 годзе з Віцебска, а ў 1922-м — з краіны ўвогуле. Рэвалюцыйны парыў сябе не апраўдаў. «Ці ж я не меў рацыі ў сваіх пластычных прадчуваннях, бо мы і сапраўды ў паветры і пакутуем адно ад хваробы — прагі стабільнасці».

З'ехаўшы за мяжу, Шагал першай справай скончыў свае ўспаміны «Маё жыццё». Апошні запіс у іх датычыў ад’езду з Бацькаўшчыны… «Мой горад памёр. Пройдзены віцебскі шлях…» — напісаў мастак яшчэ да 1922 года. Але, калі б не было гэтага шляху, не было б і самога Шагала, і ён разумеў гэта, а таму хутка крыўда змянілася на настальгію. Віцебск даў магчымасць Шагалу сфарміравацца як мастаку, аднак, каб захаваць сваю індывідуальнасць, яму неабходна было з'ехаць з нашай краіны, дзе запанаваў таталітарызм. Жывучы ў Парыжы, Шагал здабыў сабе сусветную славу, працуючы плённа ва ўсіх відах і жанрах мастацтва — ад кніжнай ілюстрацыі да манументальных роспісаў! За што, сярод іншага, мы мусім шанаваць Шагала, апроч ягонай любові да нашага краю, што ён пранес скрозь усё жыццё? Перадусім за тое, што менавіта ён стварыў тую, мадэрную, сучасную мастакоўскую адукацыю, што існуе ў нашай краіне. Ягоная Народная школа мастацтваў была пераўтвораная ўрэшце ў Беларускі мастацкі тэхнікум, што скончылі дзясяткі нашых славутых мастакоў, нават пісьменнік Васіль Быкаў! А пасля Другой сусветнай вайны колішнія выкладчыкі і вучні з Віцебска стварылі сістэму прафесійнай мастакоўскай адукацыі ў сталіцы, у Мінску, што дзейнічае да нашых дзён!

Сярод іншых творцаў, непасрэдных сведкаў рэвалюцыйных падзей, варта згадаць і Уладзiслава Страмiнскага — паплечнiка Малевiча, якога называюць адным з бацькоў польскага авангарда.

Уладзіслаў Страмінскі

Уладзіслаў Страмінскі нарадзіўся ў Мінску ў 1893 годзе, хрысцілі яго ў мінскім архікафедральным касцёле Панны Марыі. Жыў малым на Ляхаўцы, на цяперашняй вуліцы Беларускай (тады Гарбарнай), скончыў гімназію ў Мінску. У сваіх успамінах згадваў драўляную хату на берагах Свіслачы, дзе правёў дзяцінства. Ён скончыў Паўлаўскую артылерыйскую вучэльню ў Маскве, што на той час лічылася прэстыжнай, знакавай, бо давала магчымасць не толькі вайсковай карʼеры, што для дробнага шляхціца Страмінскага было прэстыжна, але і грунтоўную інжынерную адукацыю.

Але падчас ягонай вучобы пачалася Першая сусветная вайна. Страмінскі ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на беларускім Палессі і на Валожыншчыне. Каля вёскі Пяршаі быў моцна паранены, скалечаны на ўсё жыццё: застаўся без нагі і рукі, пакутаваў ад фантомных боляў, не мог карыстацца пратэзамі і да канца жыцця хадзіў на мыліцах.

Страмінскі лекаваўся ў шпіталях у Маскве, дзе яго «выцягнула з таго свету» руская полька мастачка Кацярына Кабро, яго будучая жонка.

Пасля распаду Расійскай імперыі яны пераехалі ў Смаленск (калі той быў сталіцай Савецкай Беларусі), ездзілі ў Віцебск і Бабруйск, мелі сталыя стасункі з Казімірам Малевічам. У Смаленску Страмінскі ачоліў філію суполкі УНОВИС («Утвердители нового искусства») і ўласную мастацкую студыю. Як i шмат хто з авангардыстаў пачатку ХХ стагоддзя, Страмiнскi прайшоў складаны шлях ад выяўленчасцi, апавядальнасцi да «чыстай формы». Адразу па ўтварэннi БССР, узiмку 1919 года, у Мінску былі ўтвораныя мастацка-вытворчыя майстэрнi. На ягоную думку, як і ягоных паплечнікаў-землякоў, менавiта Мінск павінен быў стаць цэнтрам гэтага «сусветнага» рэвалюцыйнага мастацтва будучынi. У Бабруйску тады прайшла «Першая дзяржаўная выстаўка», у якой чынны ўдзел браў i Уладзiслаў Страмiнскi.

 Пасля Рыжскага міра, пабыўшы каротка ў Мінску, Страмінскі перабіраецца на «польскі бок», да малодшага брата ў Вілейку. Затым — у польскі горад Лодзь. У Лодзі ён робіць тое самае, што Шагал зрабіў для Беларусі: Страмінскі адкрывае славутую авангардную школу мастацтваў, стварае музей авангарднага мастацтва, разам з вучнямі праводзіць кіпучую дзейнасць у галіне дызайну, афармлення інтэрʼераў, у кніжнай графіцы. Ён там распачынае прапаганду рэвалюцыйнага авангарднага мастацтва, становіцца ініцыятарам стварэння мастакоўскіх суполак BLOK і Prezens. Як і Малевіч, Страмінскі вынаходзіў новыя тэрміны і ўласны стыль — унізм. У ягоным разуменнi элементы карцiны мусяць быць «узаемна нейтральнымi», «дынамiзм не ёсць жывапiсным элементам». Катэгорыi часу і руху мусяць быць вынятыя з уласна жывапiсу. Ён робіцца найбуйнейшым польскім авангардыстам, маючы цэлую плеяду вучняў… Ён стаў аўтарам шматлікіх артыкулаў і кніг па тэорыі мастацтва!

Лодзь у пасляваенны час была буйным прамысловым цэнтрам, а Страмінскі лічыў, як і многія мастакі таго часу, што мастацтва павінна пайсці на фабрыкі. І ў Лодзі ён дажыў да канца сваіх дзён. Што праўда, камуністычная, сталінская Польшча часоў Берута не надта ласкава да яго паставілася. Ён, інвалід, памёр хворы, зняможаны ў 1952 годзе ў Польшчы ў поўнай галечы. Яго імя пачынае быць значным у Польшчы з 1970-х. Там яго лічаць пачынальнікам таго, што сёння завецца дызайнам, там ёсць яго музей, шэраг помнікаў Страмінскаму, яго выявы выбівалі на манетах. Цяпер ён славуты ва ўсім свеце і лічыцца найвыбітнейшым мастаком Польшчы ХХ стагоддзя.

У беларускі кантэкст яго імя пачало ўваходзіць толькі ў 90-я. Мастакі Беларусі неаднаразова выступалі за тое, каб назваць імем Страмінскага вуліцу ў Мінску, зрабіць яму мемарыял. Невялікі помнік зрабілі ў Вілейцы.

Пазалетась Нацыянальная камісія Польшчы па «Оскары» і Польскі інстытут кінамастацтва вылучылі на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі за найлепшы фільм на замежнай мове стужку рэжысёра Анджэя Вайды «Паслявіды», галоўным героем якой стаў наш мастак-авангардыст Уладзіслаў Страмінскі, яго ролю выканаў Багуслаў Лінда. Фільм распавядае пра час пасля Другой сусветнай вайны, калі мастацтва авангардызму трапіла ў няласку да польскіх сацыялістычных улад, і пра Страмінскага, якога тагачасныя камуністычныя ўлады зацкавалі да смерці….

Вучаніцаю Страмінскага, сярод іншых, была і славутая мастачка Надзея Хадасевіч (пазней — Лежэ, па мужу).

Надзея Хадасевіч

Нарадзілася яна ў беларускай вёсцы Асецішчы, што цяпер у Докшыцкім раёне на Віцебшчыне. А ў 1919 годзе ўцякла з хаты і самаходзь з'ехала ў Смаленск, дзе паступіла ў Дзяржаўныя вышэйшыя мастацкія майстэрні. Там яна вучылася ў Страмінскага і Кацярыны Кабро, якія ачольвалі групу УНОВИС у Смаленску. Напачатку 1920-х гадоў Надзея Хадасевіч, як удзельніца УНОВИС, тварыла ў духу супрэматызму.

У 1922 годзе Хадасевіч з'язджае з Смаленска ў Варшаву, скарыстаўшыся правам уцекачоў з Заходняй Беларусі. Два гады яна працавала пакаёўкаю ў польскай сям’і і была мадзісткаю ў капялюшных майстэрнях. Увадначассе займалася ў Акадэміі мастацтваў і вывучала варшаўскія музейныя зборы.

У 1924 годзе выйшла замуж за Станіслава Грабоўскага, беларуса, студэнта варшаўскай Акадэміі мастацтваў, ды з'ехала з ім у Парыж. Там яны разышліся. Другім мужам Надзеі стаў Фэрнан Лежэ.

У 1920—1930-я гады яна шмат дапамагала яму ў манументальных і дэкаратыўных працах, павялічвала ягоныя эскізы, асіставала ў Акадэміі. Тутсама пасябравала з геніямі — мастаком Пабла Пікаса і з архітэктарам Ле Карбюзье. Лежэ-Хадасевіч наладзіла выданне часопіса «Сучаснае мастацтва», што выходзіў на дзвюх мовах: французскай і польскай. Яе эсэ і артыкулы — выбітная крыніца для вывучэння гісторыі і тэорыі мастацтва (у тым ліку і беларускага) міжваеннай эпохі.

Падчас Другой сусветнай вайны яна засталася ў Францыі і прыняла ўдзел у антыфашысцкім супраціве. У 1944 годзе яна нават уступіла ў Саюз савецкіх патрыётаў і ў Саюз дапамогі былым ваеннапалонным; зладзіла выставу-аўкцыён мастакоў для дапамогі ўдзельнікам Рэзістанса. На адкрыцці Х з'езду Кампартыі Францыі ў 1945 годзе экспанаваліся ейныя манументальныя партрэты сяброў ЦК, выкананыя паводле гуашаў Фэрнана Лежэ.

Я гавару пра ўсё гэта, каб было зразумела, чаму асоба Надзеі Лежэ-Хадасевіч была гэтак прыязна ўспрынятая ў СССР. Яна карысталася тут выключнай папулярнасцю, сябравала з брэжнеўскай міністаркай культуры Фурцавай. Першая кніга яе ўспамінаў выйшла ў Маскве ўжо ў 1978 годзе.

Савецкія ўлады вельмі яе шанавалі і часта запрашалі ў СССР, дзе яна была шматкроць у 1960—1970-я гады. На падставе ўражанняў ад гэтых ваяжаў яна напісала безліч палотнаў кшталтам «Калгасніца», «Таджыцкія музыкі».

Надзея Лежэ падаравала музеям Беларусі і Расіі некалькі жывапісных прац свайго мужа Фэрнана Лежэ і свае палотны і мазаічныя партрэты (больш за 60 штук!). Дарэчы, яна ж падаравала і нашаму, Мастацкаму музею ў Мінску, калекцыю твораў Пабла Пікаса, сябрука іхняй сям’і. Таксама яна перадала беларускім школам вялікую колькасць рэпрадукцый карцін Луўра, што склалі спачатку вялікую перасоўную выставу і напачатку 1970-х гадоў вазіліся па гарадах і вёсках Беларусі. Дарэчы, і сёння апроч музеяў Польшчы, Расіі і Францыі яе выдатныя творы, мазаічныя пано можна ўбачыць і ў школе мястэчка Зэмбін, на Барысаўшчыне, дзе па вайне жылі яе сваякі, да якіх яна колькі разоў прыязджала…

Альгерд Малішэўскі

Каб Альгерд Малішэўскі не быў мастаком, то ягоная біяграфія была б нават тыповай для людзей, што пражывалі па гэты бок Буга ад нараджэння да скону. Але калі аглядаеш увесь ягоны творчы даробак, то відавочна, што гэта быў творца цалкам еўрапейскі і паводле творчых задач, і паводле свабоды выбару сваёй манеры. Нават абавязковыя творы на ўсюдыісную савецкую тэматыку атрымліваліся ў яго непадобнымі да іншых. Мо таму, што ў сваіх заўсёдных летуценнях ён бываў недзе далёка ад паўсядзённасці, мо і ў красавіцкім Парыжы, а мо дзе на Апенінах... Бо адкуль тады бралася гэтае міжземнаморскае паветра і бліскавічнае сонца, што яго плавіць?

Пра Малішэўскага пісалі шмат яшчэ пры жыцці. Ужо ў 1956 годзе ён бярэ ўдзел ва Усесаюзнай мастацкай выставе. Ягоны жывапіс быў рана ацэнены і ўхвалены. У сярэдзіне 1970-х, у пару лірычнага адступлення ад сацрэалізму, выходзілі і буклеты, і ценькія альбомы з ягонымі творамі. Ён ездзіў і за мяжу, бываў у Парыжы. Малішэўскі пачаў вылучацца і сярод іншых тагачасных мастакоў сваёй эрудыцыяй, шырынёй творчых небасягаў. І ягоны стыль выломваўся з агульнага мастацкага фону БССР усё відавочней, яшчэ з 1960-х гадоў. Альгерд Малішэўскі — адзін з тых, хто сцвердзіўся ў тыя гады, што былі пераломным этапам для савецкага жывапісу, часам нараджэння новых формаў мастацкай мовы і новых, дэідэялагізаваных сюжэтаў. Ён, Малішэўскі, станавіўся ўсё больш адметным...

Пагатоў ён атрымаў мастакоўскую адукацыю ў залатой Украіне, у Харкаве, дзе былі трывушчыя традыцыі рускага імпрэсіянізму, перадусім вітальнага жывапісу Машкова. Натуральна, гэтыя акалічнасці не маглі не адбіцца на ягоным жывапісе. Пэўна, адтуль бярэ вытокі ягоны стыль — экспрэсіўны, густы жывапіс, дакладна чытаныя планы, рытмічная выразнасць кампазіцый. Нешта ў ім ад кубізму, нешта ад імпрэсіяністаў... Нешта з рускага, нешта з Францыі. Ягонай творчасці былі ўласцівыя адкрытая эмацыйнасць, памкненне да новых пластычных пошукаў, уласна жывапісных. Ужо ў ранніх ягоных пейзажах можна ўбачыць уменне ў будзённай, банальнай паўсядзённасці выявіць, вылушчыць і выняць хараство. Непаўторнае лірычнае хараство без пафасу, без дыдактычнага наратыву. Жывапіс Малішэўскага стварыў надзвычай спакойны, утульны і яскравы свет, нягледзячы на зіхоткія, сакавітыя фарбы, на пульсуючыя абрысы, нібы на старадаўніх вітражах… Гэткі лірычны манументалізм.

Разнастайныя зацікаўленні скіроўвалі творчыя памкненні Малішэўскага, ён паслядоўна папрацаваў ва ўсіх жанрах жывапісу — ад гістарычных партрэтаў савецкіх герояў да нацюрморта. Але менавіта ў пейзажах жывапісец упершыню выразна і дакладна выявіў свае дэкаратыўна-пластычныя вышукі ў мастацкіх формах, пераносячы знойдзенае тут, у пейзажы, і ў іншыя свае жанры. У партрэтах і нацюрмортах. Зазвычай гэта былі невялікія па памерах палотны, у якіх ён укладаў сваё індывідуальнае бачанне свету, аптымістычнае, жыццядайнае. У ягоных краявідах увага гледача прыцягвалася пераканаўчай матэрыяльнасцю фактуры, высакароднай яснасцю, трапнай перадачаю дакладнага стану месца і часу. Вось такімі і былі раннія пейзажы Малішэўскага з ваколіцаў Мінска — «Сонечны дзень», «Прыстань», «Нарач», «Прылукі», «Чырвоная паляна» і, вядома ж, шматлікія відарысы самога Мінска! Малішэўскі тонка адчуваў спакой ці экспрэсію прыродных формаў, што адпавядаюць душэўнаму стану чалавека, яго адвечнаму імкненню спазнаць таямніцу жыцця…

Месца і час ягонага палатна «Міншчына» цяпер ужо мала каму вядомыя. Хоць гэта самы канец 70-х — 1978 год. У ім святло, падобнае да французскага, і лёгкасць жывапісу, і яснае мысленне — скрозь нетры дзікай прыроды вядзе дарога да святыні. «Міншчына» Малішэўскага надзіва светлы твор, цёплы, прагрэты сонцам і людскім пачуццём. Рыхтык як у Жоржа Руо ці Паола Учэла. Стары Мінск тут нібы перанесены ў Міжземнамор'е.

Малішэўскага дакаралі за «няўвагу» да малюнка, за «кампазіцыйную сырасць» у палотнах. А мастак толькі адмахваўся і працягваў рабіць тое, што яму падабалася — пісаць фарбамі. Зрэшты, менавіта ягоная «Міншчына» мае і дакладны малюнак, і ясную кампазіцыю, цэнтрам якой стаў храм на даляглядзе, да якога вядзе лясная сцяжына скрозь калонную залу дрэваў.

«Мяне часта папракаюць: у цябе ўсё колер ды колер, — казаў Малішэўскі. — А хіба існуе жывапіс без колеру? Колер — гэта вобраз. У кожным кавалачку палатна павінен спяваць жывапіс. Што ж да ўласна малюнка, то ён, як правіла, рэдка служыць у мяне самастойным выяўленчым сродкам». Ахвяруючыся ўласнай славаю, ён выгадаваў цэлую генерацыю беларускіх мастакоў. А мо ён ні да якой славы не імкнуўся? А мо ўсё жыццё ён, нарадзіўшыся тут, па гэты бок Буга, пражыў у далёкай і гожай краіне сваіх летуценняў і творчых вычуванняў?

Зоя Літвінава

Заслужаная дзяячка мастацтва Беларусі Зоя Літвінава нарадзілася ў вёсцы Старое Сяло на Гомельшчыне. Тамсама прайшло і яе дзяцінства. Мастачка ўбачыла сталіцу Беларусі ўжо ў самым яе росквіце, толькі адноўленым па вайне, яшчэ не пабляклым, не прыцярушаным пылам. Мастачка ўбачыла Мінск такім, якім ён ужо ніколі ня будзе. Тыя ўражанні, што перапаўнялі яе тады, калі яна канчала Мінскае мастацкае вучылішча, што яшчэ не насіла імя скульптара Глебава, засталіся з ёю на ўсё жыццё. Яшчэ студэнткаю Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, яна ўжо выстаўляла свае творы ад 1962 года. І адразу вызначылася, знайшла сваё месца ў мастацкім жыцці нашага краю. Зоя Літвінава прыйшла ў мастацтва ў перыяд росквіту «суровага стылю» і перажыла захапленне «сезанізмам» — творчасцю французскага мастака Поля Сезана, што перадвызначыла яе стыль на ўсё жыццё... Але галоўнае сваё крэда, як выпускніца славутага манументаліста Гаўрылы Вашчанкі, яна вызначыла пазней, апрабаваўшы ці не ўсе формы манументальнага мастацтва, ад энкаўстыкі да габелену. Нашы выбітныя манументалісты, Гаўрыла Вашчанка і Аляксандр Кішчанка, сталі яе галоўнымі настаўнікамі.

...Шмат хто ведае цяпер Літвінаву перадусім як знаную манументалістку, аўтарку надзвычай выразных, адметных паводле кампазіцыі і вобразнай дакладнасці вялікіх пано і роспісаў... У суаўтарстве са Святланай Катковай яна выканала знакамітыя манументальныя роспісы ў Інстытуце кібернетыкі, Палацы чыгуначнікаў, гатэлі «Планета». Шырока ў свой час рэпрадукавалася выява роспісу «Старая і новая Вільня», што ў сталічным кінатэатры «Вільнюс», таксама плён яе садружнасці з мастачкай Святланай Катковай... Гэта дзіўны твор, нібы вялізарны габелен, быў увасабленнем наватарства. Адабраныя мастачкамі прыёмы і сам сюжэт — аповед пра сталіцу Літвы, былі нязвычнымі, нетрадыцыйнымі. Атрымалася трапная імітацыя мастацтва суседняга краю, твор на матывы тагачаснага літоўскага мастацтва... Вельмі значны твор у творчых біяграфіях мастачак, вельмі маштабны паводле тэхнічных задач і вельмі яскравы для разгляду супярэчнасцей мастацкага жыцця Беларусі 1970-х гадоў. Таксама ў суаўтарстве яны стварылі пано «Мая Радзіма» ў Палацы чыгуначнікаў. На жаль, гэтыя два шэдэўры фактычна страчаныя ў апошнія гады… Як і пано «Навука» ў Інстытуце кібернетыкі…

Ужо ў пачатку 1970-х складецца вельмі адметная жывапісная манера Літвінавай — падкрэсленае памкненне да манументалізму, чысціня каляровай гамы. Дамагаючыся натуральнасці колераў, мастачка аддае перавагу супастаўленню іх на халсце. Яе жывапіс, у якім інтэнсіўнасць колеру — відовішчны эквівалент інтэнсіўных эмоцый і сутнасці існага ўвогуле, вылучаецца тут на абагульненым тле, што імкнецца да зялёных і брунатных таноў каляровага спектру...

...«Мой Менск», напісаны Літвінавай у 1974 годзе, дэманструе самыя адметныя рысы яе жывапісу. Панарама старажытнага горада, карагод чырвоных дахаў, бляск ракі, патанаючыя ў зеляніне дамкі, а па-над усім — лунае амаль прывіднае, не раўнуючы палярнае ззянне — сама Опера, сакральнае месца. А на пярэднім плане — двайны аўтапартрэт. З аднаго боку — сама мастачка ля эцюдніка, з іншага — яна ж з дзіцём. У выніку манументальны, эпічны аповед набывае прыватныя, лірычныя ноты.

Сярод яе манументальных твораў варта згадаць і роспіс капліцы Святой Марыі ў касцёле старадаўняга аўстрыйскага мястэчка Хопфгартэн у Аўстрыі ў 1995 годзе... Дарэчы, менавіта ў Аўстрыі адбылася першая персанальная выстава жывапісу Зоі Літвінавай…

Цікавасць да хрысціянскай тэматыкі стала характэрнай рысай творчасці Зоі Літвінавай у наступныя гады. Так паўсталі такія палотны, як «Таемная вячэра», «Вяртанне заблукаўшага сына», «Мадонна», ды іншыя творы, што сёння зберагаюцца ў мастацкіх калекцыях розных краін па ўсім свеце! У 2005-м яна атрымала французскі ордэн Мастацтваў і літаратуры. А сёлета быў прэзентаваны яе маштабны праект «Знакі творчай волі» ў Нацыянальным мастацкім музеі — самы важны для мастачкі. У чатырох вялікіх залах Нацыянальнага мастацкага музея было прадстаўлена больш за сто жывапісных, графічных і акварэльных твораў з калекцыі музея і збору мастачкі, выкананых ёю пераважна за апошнія сорак гадоў. Яна прайшла даволі доўгі, але неверагодна цікавы і насычаны шлях да той Літвінавай, якую сёння ведаюць і любяць не толькі ў Беларусі, але далёка за яе межамі. Спачатку яна акумулявала ва ўласнай творчасці многія тэндэнцыі савецкага мастацтва 60—70-х гадоў мінулага стагоддзя. Прытым ёй удавалася заставацца па-за савецкім афіцыёзам. Вытокі творчага почырку Зоі Літвінавай шмат у чым былі перадвызначаныя саліднай, дарэчы сказаць, цалкам беларускай акадэмічнай адукацыяй, а таксама несупынным пераасэнсаваннем мастацкіх практыкаў Еўропы ХХ стагоддзя. Зрэшты, і яе творчасць ужо даўно і трывала стала часткаю еўрапейскага мастацтва.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by

Источник: Сяргей Харэўскі. Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская
Без комментариев