Сустрэчу вясны нашы продкі лічылі даволі важнай справай. У гэтым абрадзе, які на усходзе Беларусі атрымаў назву «Гуканне вясны», бачылі сакральны сэнс і верылі: каб пасля сумнай зімы абудзілася жыццядайная, сакавітая вясна, яе трэба адмыслова паклікаць. Фатограф Ганна Іванова ў суботу наведала філіял дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы і пабачыла, як сустракалі вясну ўдзельнікі этнаграфічных калектываў і госці свята.
Гэты абрад не меў канкрэтнай даты, аднак паклікаць вясну стараліся да Дабравешчання (25 сакавіка), хоць некаторыя гукалі яе і пазней, ужо ў красавіку. Як гэта адбывалася? Дзяўчаты выходзілі на пагоркі, залазілі на стрэхі, спявалі песні-вяснянкі, якія суправаджаліся працяглым «гу-у-у».
А каб растапіць, абудзіць зямлю, вадзілі карагоды і танцавалі.
Акрамя таго, пяклі булкі, што нагадвалі лапкі буслоў, а потым падкідвалі іх на посцілкі.
У некаторых мясцінах выпечку натыкалі на пруцікі і выходзілі з імі на пагоркі.
Папяровыя птушачкі на галінках дрэў — адзін з сучасных сімвалаў «Гукання вясны».
Што цікава, абрад дагэтуль не страчаны. Як расказвалі нам ў Студэнцкім этнагафраічным таварыстве, вясну дагэтуль могуць гукаць ва Ўсходняй Беларусі. Але найчасцей гэта робяць фальклорныя і этнаграфічныя гурты. Адным з такіх месцаў ужо не першы год з’яўляецца Вязынка.
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by