Як пілі каву нашы продкі: вялікая размова з кандыдатам гістарычных навук

1667
28 февраля 2026 в 7:00
Источник: Палина Трохаўцава

Як пілі каву нашы продкі: вялікая размова з кандыдатам гістарычных навук

Источник: Палина Трохаўцава

Людзі дзеляцца на два лагеры: тыя, хто любіць каву, і тыя, хто яе прынцыпова не п’е. Гэты напой не пакідае нас нейтральнымі ад пачатку свайго існавання. Як кава з’явілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі і што думалі пра духмяны напой нашы продкі, разбіраемся з даследчыкам і кавяром Паўлам Булатым.

Спадар Павел — кандыдат гістарычных навук, даследчык гісторыі ВКЛ, які з часам прысвяціў сябе вывучэнню гісторыі кавы і нават папрацаваў у сапраўднай кавярні. Аднойчы ён натрапіў на дакументы аб пахаванні ксяндза ў Ляхавічах у 1820-х, дзе ў апісанні маёмасці згадваўся імбрычак для кавы, сервіз, лыжачкі, кававы столік. Багаты корпус кававых рэчаў уразіў і натхніў напісаць артыкул аб традыцыі ўжывання кавы ў плябаніях [плябанія — двор святара каталіцкай, рэфарматарскай або ўніяцкай царквы] XIX стагоддзя. Потым пачалі трапляцца іншыя крыніцы па гісторыі напою.

Павел Булаты

— Гісторыя кавы пераварочвае свядомасць. Толькі ўявіце, што дзвесце год таму ксёндз у Ляхавічах піў каву з сервізу з пазалотай на абадку філіжанкі. І гэта толькі адзін выпадак.

Асноўнай крыніцай звестак даследчык называе мемуары і дзённікі, бо кава — прадукт для людзей, і яны пра яе пісалі. Калі адкрыць успаміны XVIII—XIX стагоддзяў, кава будзе паўсюль: на каву ездзілі, за кавай сустракаліся. Напой быў неад’емнай часткай жыцця.

Кава як варожы атрыбут

Прынята лічыць, што нашы продкі пазнаёміліся з кавай у XVI стагоддзі. Да гэтага часу кава «заваявала» Асманскую імперыю, з якой мы кантактавалі на полі бою, а таксама праз дыпламатыю і гандаль. Існуе прыгожая легенда, згодна з якой кава трапіла да нас пасля Венскай бітвы 12 верасня 1683 года, калі мы перамаглі туркаў і здабылі варожы абоз, дзе знайшлося трыста мяхоў з кававым зернем.

— Дзень Венскай бітвы — цудоўная нагода, каб аб’явіць 12 верасня святам нашай кавы. Трэба карыстацца такімі гістарычнымі момантамі для запаўнення штодзённасці добрымі святамі, — мяркуе Павел.

У XVII стагоддзі мы, як і ўся Еўропа, з кавай змагаліся. Па-першае, напой нарабіў клопату гандлярам віна і гарэлкі. Замест сустрэч за кілішкам людзі пачалі сустракацца за кавай, бо гэта дазваляла прыемна бавіць час у грамадскім месцы і не затлумліваць галаву. Па-другое, кава як сімвал Асманскай імперыі падавалася варожым атрыбутам. Гэта цудоўна адлюстравана ў барочнай літаратуры, дзе тыповы турак выяўлены ў яскравым строі, з доўгімі вусамі, люлькай і філіжанкай кавы.

Турэцкая кавярня

— Трэба заўважыць, што кава ў XVII стагоддзі была досыць спецыфічнай: яе пілі, заціснуўшы кавалак цукру ў зубах. Калі сучасны чалавек прайшоў пэўную эвалюцыю спажывання гэтага напою, рэцэптары нашых продкаў у тыя часы былі непадрыхтаваныя да смаку кавы. Як толькі ў неспрактыкаваны арганізм трапляла моцная, горкая, густая кава XVII стагоддзя, ад яе пачынала балець галава. Як тут не палічыць, што вас хочуць знішчыць турэцкай атрутай?

Адзін барочны паэт пісаў: «Няхай гэтая атрута не плюгавіць хрысціянскія вусны».

Аднак кава здабыла папулярнасць. Манарх Рэчы Паспалітай саксонскага паходжання, Аўгуст II Моцны, прывёз да нас кававую моду і паказаў прыклад шляхце. А кава перастала пастаўляцца з Асманскай імперыі, бо наладзіліся пастаўкі з каланіяльнай Галандыі, што ў вачах нашых продкаў выглядала больш бяспечна і прыстойна. І ў XVIII стагоддзі кава распаўсюдзілася па тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Нашы продкі пілі чорную моцную каву

У XVIII стагоддзі нашы продкі засвоілі поўны цыкл гатавання кавы, калі пражанне (абжарка) і філіжанка маюць паміж сабой невялікую адлегласць у часе і прасторы. Каб прыгатаваць добрую каву, трэба было абраць удалае зерне, якое прыязджала да нас сырым, пражарыць, каб яно далікатна раскрыла свае ўласцівасці, потым змалоць, зварыць, падаць і атрымаць вынік.

Калі памыліцца на нейкім з гэтых этапаў, нічога не атрымаецца. На жаль, у нас няма дакладных звестак пра ўсе гэтыя працэсы. Першы падручнік для кавяроў і кавярак на нашых землях выйшаў напрыканцы XVIII стагоддзя, але і ў ім даволі размытыя апісанні. Адзінае мы ведаем дакладна: нашы продкі пілі чорную моцную каву. У яе быў антыпод — вадкая і крыху празрыстая кава, якую называлі саксонскай. Мемуарыст і літаратар Фадзей Булгарын нават назваў яе «пойлам».

Той самы падручнік для кавяроў і кавярак

У канцы XVIII стагоддзя ў нас з’явіўся адметны мясцовы рэцэпт — усё тая ж канцэнтраваная кава, але з тлустымі вяршкамі, якія адмыслова здымалі са свежага сырадою. Дзякуючы вяршкам, кава змякчалася, але захоўвала сваю моц. Парадокс, але калі Адам Міцкевіч і Антоні Эдвард Адынец — людзі мясцовай культуры — вандравалі па Італіі ў XIX стагоддзі, яны не змаглі знайсці латэ-каву.

— Раней нашы заможныя продкі пачыналі дзень з піўной поліўкі, але кава выцесніла гэтую завядзёнку. Таму, выпіваючы зранку кубачак кавы сёння, мы прытрымліваемся традыцый XVIII стагоддзя.

Таксама каву падавалі па абедзе. Гэта быў сапраўдны рытуал, калі ўсе збіраліся ў гасцёўні, вялі бяседы і спажывалі напой у добрым посудзе. Увечары ж каву пілі ў выключных выпадках: дамы — калі трэба было шмат танчыць на балі, а мужчыны — каб больш не налівалі гарэлкі. У асабліва заможных сядзібах кавай займалася спецыяльная жанчына — кавярка, якая купляла зерне, пражыла яго, малола і варыла каву.

Кавярка. Кадр з фільма «Пан Тадэвуш», рэж. А. Вайда

Кавярні называліся кафэнхаўзамі

Хоць спачатку кава была традыцыяй магнацкіх двароў, напрыканцы XVIII стагоддзя ў нас сталі з’яўляцца кавярні, якія раней называліся кафэнхаўзамі (мода прыйшла з нямецкіх зямель). Выглядалі тагачасныя кавярні амаль гэтак жа, як і сучасныя: столікі, печ для кавы, штосьці смачнае.

Першая кавярня дакументальна зафіксаваная ў Слоніме пры тэатры Міхала Казіміра Агінскага. Згодна з інвентарным апісаннем, гэта было шыкоўнае месца з габеленамі на сценах, дарагой мэбляй і саксонскімі сервізамі.

— Наяўнасць кавярняў у нашых гарадах — гэта сведчанне цывілізацыі: у людзей быў вольны час, сродкі і жаданне культурна адпачыць. Публічнае спажыванне ежы з’яўляецца добрай прыкметай развіцця грамадства.

З кропкі гледжання бізнесу вельмі цікавы кафэнхаўз быў у Барунах. Цяпер гэта сціплая вёсачка ў Ашмянскім раёне, але там быў духоўны цэнтр Вялікага Княства Літоўскага — з манастыром, царквой з цудадзейным абразам, куды хадзілі пілігрымы. З улікам такой вялікай плыні людзей вырашылі зрабіць кафэнхаўз проста на цэнтральнай плошчы.

Баруны. Н. Орда, 1879 год

Кава каштавала больш чым гарэлка

Філіжанка кавы ў XVIII стагоддзі каштавала шэсць грошаў, у той час як кілішак звычайнай гарэлкі — тры. Гадавы падатак селяніна тады складаў тры злотых або 180 грошаў. Таму часам можна было дазволіць сабе такі ласунак. Аднак сярод сялян больш распаўсюджанай была кава з жалудоў, ячменю, гароху — гэта менавіта беларуская народная завядзёнка. Таксама сапраўдную каву змешвалі з цыкорыяй.

Вельмі любіў піць каву Адам Міцкевіч, які апісаў напой на старонках «Пана Тадэвуша»:

«Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі,

Бо ў Польшчы, дзе жывуць старыя абычаі,

Жанчына ў доме адмысловая бывае,

Кавяркай званая. Яна і здабывае

У горадзе або ў віціннікаў зярняты

І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты,

Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела,

Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела».

У гэтым урыўку Міцкевіч абагуліў увесь свой досвед ужывання кавы ў ваколіцах Наваградскага краю. Гучыць як моцны рэкламны тэкст, які можна ўжываць і сёння. Нашым кавярням можна нічога не запазычваць з сусветнага рынку, а карыстацца сваім спрадвечным.

Каб далучыцца да кававых традыцый нашых продкаў, трэба ўзяць добрую філіжанку замест пластыкавага кубачка, дома ці ў кавярні, і асэнсавана выпіць гэты напой, нікуды не спяшаючыся і не правальваючыся ў стужкі сацсетак. Спакойна выпітая смачная кава дае адчуванне мінулага.

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by