Наша гісторыя захоўвае мноства таямніц і імёнаў таленавітых суайчыннікаў, чые біяграфіі яшчэ дэталёва не вывучылі, не прааналізавалі для шырокіх колаў аўдыторыі. Сярод іх, напрыклад, даволі цікавая скульптарка Бальбіна Світыч-Відацкая. Яна даволі доўга жыла ў савецкай Беларусі, стварала мастацкія творы для філармоніі, драматычнага тэатра ў Брэсце, але ў пэўны момант была вымушана з’ехаць за мяжу. Што цікава, за кардонам яна таксама не разгубілася і працягвала ствараць, пакінуўшы пасля сябе змястоўную спадчыну. Хто такая Світыч-Відацкая і чым ейная гісторыя звязана з Магілёвам, расказвае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
Читать на OnlínerСёлета споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння славутай скульптаркі і культурнай дзяячкі Бальбіны Світыч-Відацкай. Яна нарадзілася ў сям’і Мікадзіма Світыча і Марыі з роду Канарскіх 31 сакавіка 1901 года ў нашым Магілёве на Дняпры. Але ва ўзросце ўсяго чатырох гадоў Бальбіна страціла сваіх бацькоў. Адзіным яе апекуном застаўся матчын брат — ксёндз Уладзіслаў Канарскі, які тады служыў пробашчам у далёкім Варонежы.
Пазней ён перадаў апеку над дзяўчынкаю сям’і Віткоўскіх, якія жылі ў Барысаве, што пад Кобрынам. Гаспадыня, настаўніца Станіслава Віткоўская, была стрыечнай цёткаю Бальбіны, а яе муж Язэп Віткоўскі быў тамтэйшым лекарам. Там, у Барысаве, прамінулі дзіцячыя гады будучай мастачкі. Уласных дзяцей у Віткоўскіх не было, а таму Станіслава Віткоўская стала для Бальбіны другою маці. Яна разгледзела ў дзяўчыне мастакоўскі талент і рупілася, каб тая атрымала грунтоўную адукацыю.
У 1919 годзе, калі Брэст апынуўся пад польскай адміністрацыяй, Бальбіна паступіла ў мясцовую гімназію імя Рамуальда Траўгута. У горадзе над Бугам яна пачала рабіць першыя крокі ў вялікі свет мастацтва. У 1922-м маладая мастачка стварыла ў доме Віткоўскіх галерэю ўласных твораў. Гімназію ў Брэсце Бальбіна скончыла толькі ў 1924 годзе, пасля чаго адразу паступіла ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў. Там ёй пашчасціла стаць вучаніцай слыннага скульптара, рэктара акадэміі Канстанціна Ляшчкі.
Падчас вакацый Бальбіна папаўняла сваю прыватную галерэю ў пакоях прасторнага дома Віткоўскіх. Дарэчы, гэты дом захаваўся ў Кобрыне да нашых дзён. Па вайне ў ім пасялілі ажно шэсць сем’яў вайскоўцаў. Новыя жыхары дома нічога не ведалі пра яго гісторыю і лёс яго гаспадароў. Кажуць, што і ў наш час у сутарэннях і на гарышчы знаходзілі кавалкі пабітых фігур ды падраныя карціны.
Пасля сканчэння Кракаўскай акадэміі мастацтваў Бальбіна вярнулася ў Кобрын і пачала выкладаць у тамтэйшай гімназіі выяўленчае мастацтва. Але найперш яна абсталявала сабе майстэрню. І сёння на старых каталіцкіх могілках Кобрына можна ўбачыць выявы анёлаў, што, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, вырабляла сама Бальбіна.
На выставе ў Пінску ў 1935 годзе яна атрымала за свае скульптуры залаты медаль. А славутая скульптура «Паляшучка з дзіцем» там была набытая і падараваная самому Юзафу Пілсудскаму на дзень нараджэння, які стаў для яго апошнім.
Таксама Бальбіна выстаўляла свае творы ў Брэсце, Кобрыне, Вільні, Кракаве, Варшаве. Да заходнебеларускага перыяду яе творчасці адносяцца і такія папулярныя ў свой час творы, як скульптуры славутага пінскага біскупа Казіміра Букрабы, жонкі Юзафа Пілсудскага — Марыі і цэлая галерэя вобразаў палешукоў.
А ў 1932-м яна стварыла і бюст Тадэвуша Касцюшкі. Яго тады паставілі на гранітным пастаменце, што застаўся ад помніка, усталяванага ў гонар стагоддзя вайны 1812 года. Колісь там быў бронзавы двухгаловы расійскі арол. Падчас Першае сусветнае вайны бронзавы манумент быў эвакуяваны ў Расію, а дыхтоўны пастамент застаўся. Больш за тузін гадоў Касцюшка паглядаў з яго на Кобрын. Але па вайне гэты бюст знялі з п’едэстала, схавалі ў камору Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава, а пасля адправілі ў запаснікі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Толькі ў 1988 годзе скульптурны партрэт Тадэвуша Касцюшкі заняў месца на пастаменце ля ўваходу ў школу вёскі Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, колішняга радавога маёнтка Касцюшкі, дзе стаіць і па сёння. У колішнім будынку школы цяпер знаходзіцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей.
У гэты перыяд да скульптаркі прыйшла вялікая слава. Ёй паступалі замовы з музеяў на партрэты кампазітараў, пісьменнікаў, гістарычных дзеячаў. У гэты ж час яна выйшла замуж за кобрынскага абшарніка Івона Відацкага. У Кобрыне ў Відацкіх нарадзіліся дочкі Львіта і Карына.
За творчыя дасягненні Бальбіне была прысуджана дзяржаўная прэмія для стажыроўкі ў Італіі, але з-за пачатку баявых дзеянняў паездка сарвалася. Падчас вайны скульптарка заставалася ў Кобрыне, дзе працягвала выкладаць у школе. У 1939—1941 гадах для Брэсцкага тэатра музыкі і драмы, што адкрыўся пасля далучэння горада да БССР, яна стварыла бюсты Чэхава і Станіслаўскага, для Мінскага сацыяльна-гістарычнага музея — бюсты Горкага і Чайкоўскага, для мінскай філармоніі — бюсты Шапэна і Бетховена. Падчас нямецкае акупацыі Бальбіна спрычынілася да ратавання яўрэяў з кобрынскага гета.
У 1944 годзе Відацкія пераехалі ў Польшчу. Напярэдадні развітання скульптарка дарыла сябрам і суседзям свае творы. Гэтак у Кобрыне засталася часцінка яе самой.
У Польшчы сям’я пасялілася ў мястэчку Выжыск, дзе мастачка працавала ў аддзеле культуры. Затым Відацкія пераехалі ў Брадніцу, а ў 1954-м — у Ольштын, дзе Бальбіна правяла рэшту свайго жыцця. Ольштын стаў для яе месцам найбольш плённае працы. Там яна стварыла, у прыватнасці, бюст Адама Міцкевіча, свой самы вядомы твор, які ўсталяваны перад ольштынскім ліцэем на плошчы, што названая ў гонар паэта. Таксама Бальбіна вырабіла некалькі скульптур для тамтэйшага старасвецкага парка Падзамачча, сярод якіх — славуты фантан з кампазіцыяй «Рыба з дзіцем», што стаў сімвалам Ольштына. Мадэллю для гэтай скульптуры паслужыў унук мастачкі Каміль Салярскі. Яшчэ адзін яе славуты твор у Ольштыне — скульптура «Вясна», што стаіць у Замкавым парку над рэчкаю Лінай.
Агулам у творчым даробку Бальбіны — больш за тысячу скульптурных твораў! Іх можна ўбачыць у розных гарадах і мястэчках Польшчы. У творчай біяграфіі мастачкі было больш за сем дзясяткаў выстаў у розных краінах, у тым ліку на Бацькаўшчыне. Да яе другога, польскага, перыяду творчасці, апроч згаданага помніка Міцкевічу, адносяцца такія творы, як помнік мазурскаму паэту Міхалу Кайку ў горадзе Элк, манументальныя скульптуры «Рыбалоўства» і «Земляробства» у старажытным ольштынскім прадмесці Кортаў, фантанная выява Баклана каля акадэмічнай кнігарні ў Ольштыне, бюсты літаратараў Генрыка Сянкевіча, Канстанціна Ільдэфонса Гальчынскага, Марыі Радзевіч, філосафа Тадэвуша Катарбінскага ды іншых, што ўсталяваны ў розных польскіх гарадах.
Бальбіна Світыч-Відацкая пакінула гэты свет у 1972 годзе. На будынку рэктарата Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта, дзе была яе майстэрня, усталявана памятная табліца. У галоўных мастацкіх музеях Польшчы захоўваюцца творы мастачкі. Тамсама, у Ольштыне, яе імя далі адной з вуліц.
А ў Беларусі гэтае імя амаль забытае. Хоць застаўся ў Кобрыне старасвецкі дом пры вуліцы Чырвонаармейскай, што належаў колісь Відацкім, будынак, дзе была майстэрня Бальбіны, школа, у якой яна спачатку вучылася, а затым і выкладала, а ў Брэсце яшчэ стаіць гмах колішняе гімназіі імя Траўгута. У кобрынскім музеі зберагаецца адзіная ў горадзе, цудам ацалелая праца Бальбіны — выява хлопчыка, а ў Сяхновічах — выдатны бюст герою Тадэвушу Касцюшку.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by