Алена Аладава — знакамітая дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея, якая літаральна па крупінках збірала калекцыю для галерэі пасля Другой сусветнай вайны. Яна з маладосці цікавілася мастацтвам, пісала пра яго ў перыёдыку, была экскурсаводам, а ў выніку ператварылася ў самага ўплывовага мастацкага функцыянера БССР. Каб пасля вайны стварыць нанава і ўзбагаціць якаснымі творамі музей, разрабаваны падчас акупацыі, Аладава разам з калектывам прыкладала велізарныя намаганні: вяла перамовы і задобрывала калекцыянераў, адпраўлялася ў экспедыцыі па Беларусі, пераконвала спявачку Лідзію Русланаву прадаць сваю цудоўную калекцыю менавіта ў Мінск. Нездарма з цягам часу за ёй замацавалася мянушка Беларускі Траццякоў. Пра тое, чым адметная асоба Аладавай і як яна занава стварыла мастацкі музей, у чарговым выпуску падкаста «Пашпарт грамадзяніна» расказвае даследчык Зміцер Моніч.
Читать на OnlínerАлена Васільеўна нарадзілася 22 мая 1907 года ў Пружанах у сям’і Васіля Пука і Алены Карпызавай. Пасля Першай сусветнай вайны бацька быў прызначаны інспектарам Парыцкага ўезда Бабруйскай акругі, дзе займаўся педагагічнай дзейнасцю. У Парычах Алена Пук скончыла школу другой ступені, пачала маляваць, спявала ў хоры, якім, дарэчы, кіраваў бацька. Там яна таксама наведвала драматычны гурток. У 1925-м памерла маці, праз некалькі год бацька ажаніўся з Браніславай Нарушэвіч і пераехаў у Жлобін, дзе працаваў намеснікам загадчыка чыгуначнай школы. Нечакана ў 1930 годзе яго арыштавалі, перавезлі ў Оршу і расстралялі па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Толькі пасля ХХ з’езда КПСС бацька Алены Аладавай быў рэабілітаваны, але ўжо пасмяротна.
Пасля смерці маці і расстрэлу бацькі клопат пра вялікую сям’ю лёг на плечы Алены. Як старэйшая з чатырох дзяцей, яна была нянькай для брата і сясцёр. У прафесійнай дзейнасці дзяўчына працягнула традыцыю бацькоў і таксама пайшла ў педагогіку. Алена Васільеўна была адной з першых студэнтак адкрытага ў 1921 годзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучылася на прыродазнаўча-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта і паралельна з вучобай працавала ў Беларускім дзяржаўным музеі ў якасці ілюстратара. То-бок ужо тады, у гады студэнцтва, пачынаецца яе станаўленне як музейнага супрацоўніка і нараджаецца яе сувязь з мастацтвам.
У адной з аўтабіяграфій Алена Васільеўна напісала, што сістэматычна наведвала вячэрнюю працоўную выяўленчую студыю пры Доме мастака па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску. Магчыма, з гэтай студыі і пачалося знаёмства з мастакамі і зацікаўленасць выяўленчым мастацтвам. Алена спрабавала сябе ў якасці экскурсавода і кансультанта на Першай усебеларускай мастацкай выставе творчых аб’яднанняў беларускіх мастакоў. Таксама друкавалася ў беларускай прэсе, пад псеўданімам Аглядач выходзілі яе невялікія агляды ў часопісе «Прамень».
У 1928-м пасля заканчэння ўніверсітэта Алена Пук выйшла замуж за кампазітара Мікалая Аладава, нашчадка старога пецярбургскага шляхецкага роду. Трэба адзначыць, што ў 1920-я гады рэгістрацыі шлюбаў не надавалі ўвагу. Гэта лічылася буржуазным перажыткам, і афіцыйна шлюб Аладавых быў зарэгістраваны толькі ў 1943-м у Саратаве, калі яны былі ў эміграцыі падчас вайны. Але з першых дзён шлюбу, з 1928 года, Пук называла сябе менавіта Аладавай. У сям’і Мікалая і Алены нарадзілася трое дзяцей: Гельмір, Вальмен і Радаслава. Рэдкія імёны дзецям даваў бацька. Ён быў чалавекам энцыклапедычных ведаў, незвычайным, хацеў, каб усё было прыгожа і арыгінальна. У сям’і Аладавых нават сабака меў мянушку Прэста.
Ужо з першых дзён існавання сучаснага мастацкага музея, які тады называўся Дзяржаўнай карціннай галерэяй, лёс Алены Васільеўны быў непарыўна з ім звязаны. У 1937 годзе Аладава была залічана ў штат Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук, стаўшы навуковым супрацоўнікам групы па стварэнні першай Беларускай карціннай галерэі, якая адкрылася ў 1939 годзе. Дырэктарам быў прызначаны мастак-кераміст Мікалай Міхалап. На той момант Алена Васільеўна ўжо вучылася на завочным аддзяленні мастацтвазнаўства Інстытута філасофіі імя Мікалая Чарнышэўскага ў Маскве і працавала навуковым супрацоўнікам у новаўтворанай дзяржаўнай карціннай галерэі. Аднак дыплом атрымаць не паспела — пачалася вайна. Ваенныя падзеі заспелі Аладавых у Мінску.
Менавіта пра першыя дні акупацыі Алена Васільеўна згадвае ў сваіх успамінах. Пра тое, як супрацоўнікі апошнія ночы, што праводзілі ў Мінску, знаходзіліся ў музеі, пакавалі каштоўныя прадметы для эвакуацыі. Аднак, на жаль, самой эвакуацыі не адбылося, таму што ў горадзе быў хаос. Дырэктар музея Мікалай Міхалап шукаў транспарт, каб вывезці самыя каштоўныя экспанаты. З транспартам разабраліся, а вось кіроўца не знайшоўся. У выніку ўсё было вырашана пакінуць у музеі, зачыніўшы дзверы на глухі замок.
Эвакуацыю Аладавы правялі ў Саратаве. Там Алена Васільеўна спачатку вучылася на кіроўцу грузавіка, бо не магла знайсці ніякай іншай працы, але пазней уладкавалася на пасаду намесніка дырэктара па навуцы і галоўнага захавальніка Мастацкага музея імя Радзішчава. Нават у гэтыя цяжкі ваенныя гады, знаходзячыся ў эвакуацыі, яна імкнулася падтрымліваць музейную справу Беларусі. Аладава пісала звароты і здабывала грошы, каб рэстаўраваць тыя нешматлікія карціны, якія захавалі і вывезлі з нашых музеяў.
Як толькі Беларусь вызвалілі, Алена Васільеўна вяртаецца і прызначаецца дырэктарам Дзяржаўнай карціннай галерэі. Трэба сказаць, што сёння ўзнікае шмат пытанняў адносна таго, чаму Аладаву, якая да вайны была навуковым супрацоўнікам, прызначылі дырэктарам і чаму не працягнуў працу першы кіраўнік музея Мікалай Міхалап. На гэты конт існуе нямала меркаванняў і гіпотэз, але трэба адзначыць, што Алена Васільеўна, як дырэктар музея, з 1944 па 1977 год стварыла калекцыю, сабрала той скарб, якім сёння ганарацца не толькі супрацоўнікі, але і ўся краіна. На жаль, з даваеннай калекцыі амаль нічога не захавалася — усё было вывезена. І ў будынку музея, які на той момант месціўся на вуліцы Карла Маркса, засталося толькі некалькі вялікіх і грувасткіх скульптур. Іх фізічна не маглі вынесці з памяшкання альбо проста не пажадалі.
У музей вяртаюцца супрацоўнікі і складаюць першы дакладны вопіс прадметаў, якія знаходзіліся ў калекцыі да вайны. Уся яна была ацэнена ў 8,5 мільёна рублёў.
Спадзявацца на тое, што ў хуткім часе экспанаты будуць вернутыя, ды яшчэ ў поўным аб’ёме, было наіўна, таму Аладава дзейнічае рашуча і імкліва. Яна прымае важныя рашэнні і робіць стратэгічны крок — заручаецца падтрымкай прафесіяналаў-мастацтвазнаўцаў у Маскве і Беларусі. Алена Васільеўна ад імя музея падпісвае дамовы са спецыялістамі, якія будуць дапамагаць шукаць карціны, скульптуры, графіку для закупкі ў музей. І дзякуючы гэтым сувязям яна на працягу дырэктарства знаходзіла рэдкія, ужо прызабытыя творы вядомых мастакоў Беларусі і Расіі, робячы так, каб гэтыя творы станавіліся калекцыяй Дзяржаўнай карціннай галерэі.
Увогуле сёння Аладаву з упэўненасцю можна было б назваць добрым менеджарам: яна аб’ектыўна ацэньвала сітуацыю, у якой знаходзіўся музей. Алена Васільеўна выбрала два асноўныя кірункі, каб папаўняць калекцыю. Першы — беларускае мастацтва XII—XIX стагоддзяў. Разам з другімі супрацоўнікамі Акадэміі навук і музея яна арганізоўвае навуковыя экспедыцыі па ўсёй Беларусі, каб скласці вопіс помнікаў рухомага і нерухомага мастацтва. Некаторыя прадметы з зачыненых касцёлаў і цэркваў трапілі пазней у калекцыю музея. Гэта і абразы, і скульптуры, і кнігі, якія рэстаўруюцца, вывучаюцца і ўводзяцца ў навуковы зварот.
Трэба адзначыць, што большая частка сакральнага мастацтва Беларусі, якое сёння экспануецца ў музеі, сабрана менавіта ў тых экспедыцыях. З 1946 па 1989 год музейнымі супрацоўнікамі было здзейснена 106 навуковых экспедыцый у розныя рэгіёны краіны. Акрамя гэтага вывучалася мастацтва Беларусі XIX стагоддзя, шукаліся тыя мастакі, які былі родам з Беларусі, але пазней пераязджалі і жылі на тэрыторыі Расіі. Карціны, графіку, скульптуры гэтых мастакоў супрацоўнікі музея таксама шукалі, папаўняючы імі фонд.
Другі кірунак — гэта рускае мастацтва. Беларусь знаходзілася ў складзе Савецкага Саюза, які заставаўся закрытай дзяржавай. Аладава разумела, што заходнееўрапейскія рынкі таксама фактычна закрытыя, таму думаць пра калекцыю заходнееўрапейскага мастацтва было фантазіяй і ілюзіяй. Зрабіць падобнае было складана, зыходзячы з рэчаіснасці. Таму асноўная стаўка рабілася на рускае мастацтва. Дзеля гэтага Алена Васільеўна працавала з калекцыянерамі.
Пасляваенны перыяд быў нялёгкім. Гэта час разбурэння і голаду. Ён прымусіў шматлікіх калекцыянераў, прыватных уласнікаў паказаць тыя творы, якія дзесяцігоддзямі, а можа нават і стагоддзямі лічыліся зніклымі. У пасляваенны перыяд, у 1940—1950-я гады, калекцыянеры пачынаюць прадаваць творы вядомых рускіх мастакоў. І Аладава карыстаецца гэтым. Яна ездзіць па тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза і з дапамогай навуковых супрацоўнікаў шукае калекцыянераў і выбітныя творы мастацтва сусветнага ўзроўню. Вядома шмат цікавых гісторый, звязаных з тым, як разнастайныя карціны траплялі ў калекцыю музея. Але самай яскравай, якая апісвае, у якіх умовах была вымушана працаваць Алена Васільеўна, з’яўляецца наступная.
У 1952 годзе на ацэнку экспертнай камісіі Міністэрства культуры СССР прыватны ўласнік перадаў два жаночыя партрэты, якія прыпісваліся пэндзлю вядомых рускіх мастакоў — Дзмітрыя Лявіцкага і Фёдара Рокатава. Закупачная камісія ацаніла гэтыя прадметы ў 18 тысяч рублёў. Сам уладальнік з такой ацэнкай не пагадзіўся і вырашыў іх забраць, каб прадаць прыватнай асобе, якая прапанавала на дзве тысячы больш.
Аладава ўгаворвала яго пачакаць наступнай камісіі, дзе адбудзецца пераацэнка, але ён усё роўна не пагаджаўся. Тады яна пры падтрымцы члена камісіі Міхаіла Крысці паабяцала калекцыянеру, што карціны набудуць за 20 тысяч рублёў. Яны змянілі кошт у пратаколе, каб на бліжэйшым пасяджэнні яго зацвердзіць. Уладальнік пагадзіўся, і карціны адправілі ў Мінск. Аднак праз пэўны час Аладаву і Крысці выклікалі ў Маскву. Спачатку іх грозна адчыталі за парушэнне фінансавай дысцыпліны, а калі яны зусім паніклі, старшыня Камітэта па справах мастацтваў пры Саўміне СССР Мікалай Бяспалаў усміхнуўся і сказаў: «Пераможцаў не судзяць», а затым павіншаваў са здабыткам. Гэтыя словы можна назваць дэвізам Алены Васільеўны, ейнай працы. Яна выходзіла пераможцам з розных гісторый, якія яе сустракалі на працягу жыцця.
Безумоўна, яна працавала не адна, а разам з супрацоўнікамі, якія ёй дапамагалі і якія яе падтрымлівалі. Увогуле вакол асобы Аладавай складвалася вельмі шмат чутак, якія пазней перарасталі ў міфы і легенды, што жывуць і сёння. Бадай што самая вядомая легенда — аб тым, што калі Алена Васільеўна выязджала ў камандзіроўку, то брала з сабой чамаданы, запоўненыя грашыма. І калі знаходзілася тое, што яе цікавіла, абавязкова закупала. Таму нібыта ў чаргу да Аладавай выстройваліся калекцыянеры, якія хацелі прадаць свае творы менавіта мінскаму музею. Гэта, безумоўна, была толькі легенда. Рэальная сітуацыя выглядала іначай. Шматлікія творы мастацтва — карціны, скульптуры — маглі год ці два чакаць чаргі на аплату. Іх прывозілі ў Мінск, яны ўжо знаходзіліся ў пастаяннай экспазіцыі, але яшчэ не былі аплочаныя. Менавіта праз гэта ў адрас Алены Васільеўны пісаліся лісты. Спачатку вельмі ветлівыя, з напамінам, што мінуў час і трэба аплаціць. Пасля лісты былі ўжо больш настойлівыя, потым — з пагрозамі, што будзе накіраваны пазоў у суд. Але Аладава, нягледзячы ні на што, заставалася аўтарытэтам. Калі яна казала, што карціна будзе закуплена, ёй верылі, яна без грошай магла забраць гэтую карціну і прывезці ў Мінск.
Трэба сказаць, што пасяджэнні закупачнай камісіі не заўсёды праходзілі гладка. Цяжка было сабраць усіх членаў камісіі, але «на Аладавай» (так называлі пасяджэнні з ейным удзелам, на якіх разглядаліся прадметы для закупкі ў мінскі музей) заўсёды быў аншлаг. Чаму? Таму што яна знаходзіла і прывозіла тыя карціны, якія, як ужо адзначалася, дзесяцігоддзямі ці нават стагоддзямі лічыліся зніклымі.
Адзін з самых прыкрых прыкладаў у жыцці Алены Васільеўны наступны. Аднойчы яна прывезла на закупку жывапіснае палатно Васіля Сурыкава «Апостал Павел тлумачыць дагматы веры ў прысутнасці цара Агрыпы, сястры яго Беранікі і праконсула Феста». Усе былі проста ў захапленні. Палатно, якое доўгі час лічылася зніклым, раптам прывезена Аладавай, каб яго ацанілі для будучай закупкі ў Мінск. Маскоўскія супрацоўнікі музеяў, канешне ж, не маглі гэта пакінуць проста так. Пачалася цэлая эпапея і доўгія размовы аб тым, што гэты твор, як шэдэўр рускага мастацтва, павінен знаходзіцца ў Маскве. І супрацоўнікі Траццякоўскай галерэі ў выніку настаялі на сваім. Палатно Сурыкава засталося ў Маскве, аднак Алена Васільеўна пагадзілася на гэта толькі ў тым выпадку, калі ў Мінск адправяць іншую карціну. Так у наш музей патрапіў твор Генрыха Семірадскага, які і сёння знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі.
Цікавая таксама і гісторыя, як у калекцыю патрапіла палатно Васіля Пукірава «Няроўны шлюб». Аднойчы Аладавай паведамілі, што ў Маскве, у музеі Дуравых, знаходзіцца карціна, якая вельмі нагадвае копію вядомага палатна Пукірава, арыгінал якога знаходзіўся ў Траццякоўскай галерэі. Алена Васільеўна паехала ў Маскву, каб проста паглядзець на карціну. Калі вынеслі палатно, на ім быў вялікі слой пылу. Яго паступова пачалі расчышчаць, і Аладава, маючы прафесійны зрок, убачыла, што гэта не проста копія нейкага вучня, а нешта большае. Яна папрасіла дазволу адвезці палатно на экспертызу ў Траццякоўскую галерэю. Калі за яго ўзяліся рэстаўратары, дык пад пылам заўважылі подпіс мастака Пукірава і дату. Гэта быў аўтарскі паўтор, які сам Пукіраў стварыў праз 13 гадоў пасля першай версіі. Алена Васільеўна вымушана была прызнацца, што гэта палатно Пукірава, і першапачатковы кошт адразу вырас. Але яна дасягнула сваёй мэты — палатно прыехала ў Мінск і сёння знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея.
Варта адзначыць, што не заўсёды Аладаву падтрымлівалі. Яе асуджалі, а сярод нашых мастакоў хадзілі размовы пра тое, што грошы, якія павінны ісці на закупку твораў беларускіх мастакоў, сыходзяць у Маскву да прыватных калекцыянераў. І гэтыя чуткі, размовы былі не толькі ў кулуарах, але і ў афіцыйнай прэсе. Надрукавалі нават асуджальны артыкул, у якім сцвярджалася, што большая ўвага ў музеі надаецца рускаму мастацтву. Але гэтыя чуткі насамрэч не мелі ніякіх падстаў. Як ужо адзначалася, Алена Васільеўна выбрала некалькі кірункаў развіцця і ў тым ліку папаўняла фонд сучасным беларускім жывапісам.
Менавіта яна, як ніхто іншы, мела аўтарытэт, і калі казала, што карціна вартая калекцыі, тая ў яе трапляла. Аладава магла адстаяць творы тады яшчэ студэнтаў, а сёння вядомых беларускіх мастакоў Мая Данцыга, Леаніда Шчамялёва. Нягледзячы на меркаванні іншых членаў камісіі, якія выступалі супраць, яна настойвала на тым, каб іх карціны траплялі ў калекцыю музея.
У перыяд дырэктарства Алены Васільеўны музей наведвала шмат замежных гасцей — і мастакі, і дырэктары музеяў, але бадай самым вядомым госцем была мастачка Надзея Лежэ. Ураджэнка Віцебшчыны прыязджала ў Мінск падчас сваіх візітаў у Савецкі Саюз, калі наведвала маскоўскія музеі. У Нацыянальны мастацкі музей яна завітвала са шчодрымі падарункамі — прывозіла шматлікія рэплікі карцін і скульптур, якія знаходзіліся ў калекцыях заходнееўрапейскіх музеяў і рабіліся ў прафесійных майстэрнях Луўра. Таксама прывозіла свае творы і творы мужа Фернана Лежэ, а яшчэ кераміку вядомага мастака Пабла Пікаса.
Ёсць цікавая гісторыя (магчыма, не зусім праўдзівая), як Аладава ў прыватнай размове пажалілася Лежэ на тое, што не хапае сродкаў і на рамонт будынка, і на закупку карцін, скульптур. Надзея зняла з грудзі супрэматычную брошку, выкананую з каштоўных металаў, і сказала: «Я думаю, што гэтага вам хопіць». Аднак Алена Васільеўна пабаялася яе прыняць. Кажуць таксама, што шматлікія падарункі, якія прывезла Надзея Лежэ, не адразу сталі часткай калекцыі, а некаторы час нібыта знаходзіліся «пад сталом» у дырэктара. Бо Аладаву маглі абвінаваціць у папушчальніцтве фармалізму праз тое, што ў калекцыю прымаецца авангарднае мастацтва. Але калі прыйшоў час, гэтыя творы занялі пачэснае месца ў экспазіцыі.
Алена Васільеўна як легендарная асоба заслугоўвае таго, каб вакол яе і сёння жылі шматлікія легенды. Некаторыя заснаваны на рэальных фактах, а некаторыя, магчыма, ствараліся на падставе чутак. Але сапраўды гэта той чалавек, які заснаваў калекцыю скарбаў Беларусі. Тое, чым зараз мы ўсе ганарымся. Як ужо адзначалася, гэта заслуга не толькі Аладавай, а і ўсіх тых, хто быў побач з ёй. Найперш блізкіх. Яе муж Мікалай, вядомы беларускі кампазітар, часам жартаваў, што працуе на мастацкі музей. Бо тыя ганарары, якія ён атрымліваў за музычныя творы, вельмі часта ў прамым сэнсе ішлі менавіта туды. І ёсць гісторыя, што калі не хапала грошай, каб накрыць у музеі дах руберойдам, яны ішлі з прыватнай сямейнай казны. Музей для Алены Васільеўны быў не проста працай. Гэта было ейнае жыццё, якім яна кіравала 33 гады. Але ў 1972-м, пасля смерці мужа, Аладава па стане здароўя пачала шукаць сабе пераемніка. І ўрэшце знайшла такога чалавека — ім стаў Юрый Карачун.
Пасля сыходу на пенсію Алена Васільеўна праводзіла кансультацыі і фактычна да апошніх дзён заставалася ў сваім доме — у музеі. Памерла яна 29 мая 1986 года, пахавана побач са сваім мужам на Усходніх могілках у Мінску. Помнікам для Аладавай сёння з’яўляецца ў першую чаргу музей. Той музей, які яна заснавала. А напамінам пра Аладавых, Алену і Мікалая, з’яўляецца вуліца ў мінскім мікрараёне Дамброўка, названая ў іх гонар.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by