Сяргей Пясецкі — пісьменнік унікальны. Нарадзіўся ў Ляхавічах, жыў у Заходняй Беларусі, калі тая знаходзілася пад Польшчай, быў кантрабандыстам у міжваенны перыяд, сядзеў за рабаўніцтва і падчас зняволення адкрыў у сабе пісьменніцкі талент. У выніку палякі нават вылучалі яго на Нобелеўскую прэмію. Апошні перыяд жыцця Пясецкі правёў у Англіі, дзе і пахаваны на могілках у Гастынгсе. Пры Савецкім Саюзе ягоная творчасць была невядомая беларускім чытачам, у камуністычнай Польшчы яго таксама не друкавалі. Але ўсё змянілася ў 90-х. З часам пераклады на беларускую і рускую мову прыгодніцкіх раманаў пра крымінальнікаў і кантрабандыстаў, у якіх паўстае жыццё шпіёнаў, каларытны памежны свет Польшчы і Савецкага Саюза да Другой сусветнай вайны, пачалі з’яўляцца адзін за адным. Творы Пясецкага сталі такімі запатрабаванымі ў Беларусі, што па мясцінах, звязаных з неверагоднай біяграфіяй аўтара, нават праводзяць экскурсіі. У чарговым выпуску нашага праекта «Пашпарт грамадзяніна» пра Пясецкага расказвае літаратуразнаўца і перакладчыца Марыя Пушкіна.
Читать на OnlínerГаворачы пра Сяргея Пясецкага, цяжка аддзяліць легенды ад праўды. Легенды, створаныя на аснове ўласнай біяграфіі ім самім, і тыя, якія рэхам перадавалі далей яго сучаснікі, чытачы і даследчыкі. Нават калі адкінуць усё самае неверагоднае, атрымліваецца прыгодніцкі гангста-фільм, у якім непадзельна намяшаны жыццё і творчасць.
Гэтага вобраза цяжка пазбыцца, хоць спачатку ён і можа выглядаць недарэчна пры аповедзе пра творцу-выгнанніка, якому сёлета споўнілася б 120 гадоў. Калі пачаць спачатку, то Сяргей Пясецкі — чалавек памежжа: кантрабандыст, шпіён, партызан, літаратар. Адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання. Памежжа пачалося ў біяграфіі Пясецкага з нараджэння. Ён з’явіўся на свет у Ляхавічах, у сям’і беларускай сялянкі і зрусіфікаванага польскага землеўласніка. Пясецкі быў пазашлюбным дзіцём. Маці не давалі з ім бачыцца, адзіны ўспамін пра яе — няўдалая маміна спроба выкрасці сына з бацькавага дома ўначы праз акно. Займалася хлопцам мачаха, якая вельмі яго не любіла. Дома размаўлялі па-руску, але, калі сям’я ў часы Першай сусветнай вымушана была эвакуіравацца ў Расію, для ўсіх аднагодкаў Пясецкі стаў палякам, аб’ектам насмешак і, як бы мы цяпер сказалі, булінгу. З сёмага класа расійскай гімназіі Сяргей Пясецкі трапіў у турму, адкуль паспяхова ўцёк, каб заспець вір рэвалюцыйных падзей у сталіцы імперыі. Кажуць, менавіта тады ён узненавідзеў бальшавікоў.
З Масквы Пясецкі скіраваўся ў Мінск, і гэтаму перыяду прысвечана яго «Менская трылогія» (польскія літаратуразнаўцы называюць яе «зладзейскай трылогіяй») — гэта не першы твор Пясецкага, але цалкам прысвечаны навальнічнаму мінскаму юнацтву, дзе лёгка пазнаюцца вуліцы, будынкі, змены ўлады, пададзены падрабязны план уцёкаў з Валадаркі і схемы хадавых кішэнных крадзяжоў на Камароўцы. Уся трылогія перакладзена на беларускую мову, яна даступная ў кнігарнях. Можна чытаць і як тужлівае настальжы, і як прыгоды, і як дакумент эпохі. Пясецкі ваяваў з бальшавікамі спачатку ў шэрагах беларускага партызанскага атрада «Зялёны Дуб», пазней далучыўся да Літоўска-Беларускай дывізіі Войска польскага, у 1920 годзе прымаў удзел у абароне Варшавы.
У 1921 годзе Пясецкі быў дэмабілізаваны і, як чалавек абсалютна без перспектыў і маёмасці, паспрабаваў розныя вольныя прафесіі, сярод якіх называюць шулерства, фальшываманетную справу і выраб парнаграфіі. Гэтаму прысвечаны яго значна пазнейшы раман «Жыццё раззброенага чалавека». У выніку ўсяго Пясецкі пераехаў у сталіцу польска-савецкай кантрабанды — Ракаў, на тагачасную мяжу, каб спрычыніцца да гэтай страшэнна выгаднай тады справы.
Што такое міжваенны Ракаў? 96 рэстаранаў і 4 толькі афіцыйныя бардэлі — так кажуць у самім горадзе. Жыццё вірыла і бурапеніла. З Саюза ў Польшчу неслі спірт, футра, нелегальна перапраўлялі людзей (гэта называлася «вадзіць фігурак»), з Польшчы ў Саветы неслі ўсё: люстэркі, нажніцы, пацеркі, іголкі, грабеньчыкі, напарсткі, брытвы, пэндзлікі для галення. Бо нічога гэтага тут не было. На кантрабандыстаў палявалі сяляне, на ўсіх разам — польскія і савецкія памежнікі. Мяжой ахвотна карысталіся шпіёны, адным з якіх і стаў Пясецкі. Невядома толькі, ці прыкрываў ён сваю шпіёнскую дзейнасць кантрабандай, ці, наадварот, такім чынам меў нагоду зарабляць. Некаторы час Пясецкі працаваў для ІІ Аддзялення Польскай выведкі, але злыя языкі часта казалі, што ён мог быць і двайным, і трайным агентам.
На памежжы тады панавала асаблівае становішча, і пасля адной з найбольш рамантычна апісаных «экспедыцый» з элементамі рабаўніцтва (мая асабіста любімая дэталь — 50 злотых, пакінутых у Навагрудку на турэмную бібліятэку, калі Пясецкі пад какаінам прыйшоў туды вызваляць сябра, а сябра ўжо выпусцілі, і ён, каб проста так не хадзіць, паклаў грошы) Сяргей Пясецкі трапіў у турму са смяротным прысудам. Ён быў заменены на 15-гадовае зняволенне, паколькі меў за сабою досвед працы на ІІ Аддзяленне.
Далей пачынаецца незвычайная гісторыя таго, як літаратура можа ўратаваць жыццё. Польскую мову Пясецкі ведаў на базавым узроўні, але ў турэмных бібліятэках (а яго некалькі разоў за паводзіны і падбухторванне сукамернікаў пераводзілі з турмы ў турму) сур’ёзна падвучыўся на Бібліі і падшыўцы часопіса Wiadomości Literackie. Першы раман Пясецкага («Пяты этап»), адпраўлены ў гэты часопіс на конкурс, не прайшоў турэмную цэнзуру, бо змяшчаў шмат аператыўнай інфармацыі.
Другі раман не прайшоў таксама. А ў 1935 годзе, на 9-м годзе свайго турэмнага зняволення, Пясецкі дасылае ў часопіс напісаны за месяц раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». І выйграе. Раман атрымаў шалёную папулярнасць. У польскай прэсе разгарнулася маштабная кампанія: пісьменнікі, творцы, культурныя дзеячы заклікалі падпісваць «петыцыі» аб вызваленні Пясецкага. За асабістым подпісам прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага ў 1937 годзе Сяргей Пясецкі быў вызвалены з самай жорсткай турмы таго часу — са «Святога крыжа».
Першае выданне «Каханка Вялікай Мядзведзіцы» выйшла ў рэдактуры, скарачэнні пісьменніка і выдаўца Мельхіёра Ваньковіча. Сяргей Пясецкі надзвычай прынцыпова ставіўся да гэтага тэксту і перад самай смерцю прыклаў усе намаганні, каб вярнуць яму першапачатковую форму і задуму. Гэта быў ягоны запавет. Беларускія чытачы маюць раскошу выбару: у нас даступныя тры пераклады «Каханка Вялікай Мядзведзіцы» — ёсць і першае выданне, і аўтарская версія. Для аматараў падкастаў па ўсім свеце запісана таксама аўдыёкніга. Пра што кніга? Пра памежны Ракаў, які Пясецкі ведаў дасканала, і ў турме, за кратамі, ён не скупіўся на цікавыя падрабязнасці і рамантычныя ўспаміны. Гэта вельмі каларытная дакументальная аснова, падмацаваная асабістым досведам і тугой па звонкай маладосці. А маладосць Пясецкага грымела па абодва бакі мяжы. Маляўнічыя персанажы, сакавітая гаворка — ёсць усе прыкметы літаратурнага бестселера.
Два гады, ад вызвалення да новай вайны, Пясецкі быў літаратурнай зоркай. У 1938 годзе яго вылучалі на Нобелеўскую ўзнагароду. З пачаткам Другой сусветнай Сяргей Пясецкі пайшоў у войска, але прысягу так і не прынёс — з асабістых меркаванняў. Ён працаваў для спецаперацый выведкі, яму ўдалося выратаваць жыццё некалькім важным для польскай гісторыі асобам — пісьменніку Юзафу Мацкевічу і начальніку інфармацыйнай ячэйкі віленскага штаба Арміі Краёвай Зыгмунту Андрушкевічу. Але ёсць падставы меркаваць, што ён спрычыняўся і да смяротных прысудаў.
У 1942 годзе Сяргей Пясецкі ажаніўся. Дзеля гэтага яму давялося тэрмінова змяніць праваслаўную веру на каталіцтва і ўзяць новае канспіратыўнае імя і прозвішча — Ян Тамашэвіч. Пад гэтым прозвішчам яго жонка, сын і ўнукі жылі ў камуністычнай, а потым у вольнай Польшчы. Сам Пясецкі быў вымушаны эміграваць: спачатку пераехаў у Італію, адтуль у Лондан, потым пасяліўся ля мора ў Гастынгсе. Увесь гэты час ён спадзяваўся аб’яднацца з сям’ёй, але выехаць да антыкамуністычнага дзеяча, які хаваецца ў Англіі, было амаль немагчыма і вельмі страшна. Пясецкі пісаў чулыя лісты жонцы, прасіў не забываць глядзець на іх зорачку ў небе ў вызначаны дзень, а ў выпадку патрэбы гатаваць з крухмалу адмысловы атрамант і паведамляць закрытую інфармацыю гэтым атрамантам між радкоў. Сына ён звычайна віншаваў з народзінамі, дасылаў смешныя малюнкі, падпісваючыся «бабуля Стэфа». Кнігі Пясецкага ў Польшчы з 1951 да 1989 года былі забаронены і друкаваліся нелегальна. Толькі ў досыць сталым узросце, пасля смерці Сяргея Пясецкага ў Англіі і Ядвігі Тамашэвіч у Польшчы, Уладзіслаў Тамашэвіч даведаўся, што яго бацька — той самы пісьменнік. Пасля ад’езду Пясецкага яны ніколі не бачыліся.
У англійскай эміграцыі Сяргей Пясецкі пачаў спакойнае (такое новае!) для яго жыццё. Ён заняўся пісьменніцкай справай, але асаблівых грошай ніколі з літаратуры не меў. У тыя ж часы ён пазнаёміўся з Рышардам Дэмелем — вітражыстам, мастаком, выкладчыкам, які вельмі дапамагаў пісьменніку і стаў яго біёграфам. Большасць звестак пра бурлівы жыццяпіс Пясецкага дайшла да нас менавіта праз кнігі Дэмеля, якому сёлета спаўняецца 100 гадоў. Пясецкі памёр у 1964 годзе, пахаваны ў Гастынгсе, на яго магіле віднеюць зоркі Вялікай Мядзведзіцы.
Унучка Сяргея Пясецкага носіць яго канспіратыўнае прозвішча. Эва Тамашэвіч напісала кнігу, прысвечаную жанчынам у жыцці дзеда, і наведвала Мінск некалькі гадоў таму, з нагоды прэзентацыі «Менскай трылогіі» на кніжным кірмашы. Пясецкі арганічна ўпісваецца ў працяг крымінальна-сенсацыйнага жанру, запачаткаванага Эжэнам Сю і яго «Парыжскімі таямніцамі». У свой час Сю меў нечуваны поспех, новых апавяданняў чакалі, а непісьменныя запісваліся ў клубы, дзе ўголас чыталі пра парыжскае дно. Тады многія гарады і краіны зацікавіліся адваротным бокам сваіх парадных вуліц, новыя сацыяльныя слаі паступова атрымлівалі голас. Гэты досвед быў настолькі іншы і ў гэтай іншасці прыцягальна-запатрабаваны, што паўплываў не толькі на папулярную літаратуру, але і на масавую культуру як такую. Але Сяргей Пясецкі ў гэтым сузор’і, безумоўна, выбітны персанаж. Дамагчыся афіцыйнага памілавання і выйсці з турмы, напісаўшы прысвечаную крымінальнай дзейнасці кнігу, — гэта прэцэдэнт.
Нават беглае знаёмства з біяграфіяй паказвае, адкуль Пясецкі браў фактаграфічны матэрыял. Галоўны хіт — «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» даступны ў папяровай і аўдыёверсіі. Як ужо было сказана, гэта паэма ракаўскай кантрабанды. Пасля прачытання абавязкова захочацца з’ездзіць у Ракаў — можна сябе не стрымліваць. Пераклады Фелікса Янушкевіча, Галіны Бенкевіч і Марыі Пушкінай.
«Менская трылогія»: тры раманы «Яблычак», «Гляну я ў аконца...», «Ніхто дабром не дасць збаўлення» — каларытны крымінальны свет Мінска 1918—1919 гадоў, лёсы блатных і фраераў. Трылогія дазволіць інакш зірнуць на такія даўно знаёмыя мясціны, як Камароўка і парк Горкага. Пераклады Віктара Шукеловіча, Марыі Пушкінай.
«Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» — жорсткая сатыра на савецкую прапаганду, армію і дзяржаву, гэта гісторыя заняцця Вільні вачыма савецкага салдата. Пераклад Алеся Астраўцова. «Жыццё раззброенага чалавека» — магчыма, гэту публікацыю крыху цяжэй знайсці, але яна вартая пошукаў. Раман апісвае лёс ветэрана польска-бальшавіцкай вайны і ўсе тыя дзікаватыя вольныя прафесіі, якія яму даводзіцца паспрабаваць. Пераклад Руслана Равякі. «Пяты этап» і «Багам ночы роўныя» — дзве часткі аўтабіяграфічнага рамана пра жыццё шпега на польска-савецкім памежжы. Пераклады Язэпа Янушкевіча (паэтычная частка — Уладзімір Някляеў) і Алеся Пяткевіча.
Думаючы пра Пясецкага, добра пераслухаць стары добры супольны музычны праект «Народны альбом».
Надзвычай усцешна, што ў Беларусі ўжо ладзяцца вандроўкі «Па слядах кантрабандыстаў» і «Менск Сяргея Пясецкага». Іх можна знайсці ў інтэрнэце, але і проста з кнігай Пясецкага Мінск ці Ракаў зайграюць новымі фарбамі.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by