Не пусціць у хату калядоўшчыка — дрэнная прыкмета. Як і дзеля чаго калядавалі беларусы

Автор: Тарас Щирый. Фото: архив Onlíner, Александр, Ружечка, Максим Малиновский. Иллюстрация: Максим Тарналицкий
4622
11 января 2025 в 9:15

Халоднымі зімовымі вечарамі пасля Раства і аж да самага Вадохрышча ў беларускіх вёсках і мястэчках можна было пабачыць цікавае відовішча. Дзецюкі і маладзіцы, пераапранутыя ў разнастайных персанажаў, з вялікай зоркай і без хадзілі ад дома да дома, весяліліся, спявалі песні і атрымлівалі пачастункі ад ветлівых гаспадароў. Гэты народны звычай назвалі калядаваннем. Пройдзе час, і ён увойдзе ва ўсе падручнікі і дапаможнікі як з'ява, уласцівая і адметная беларусам, у якой  наша традыцыя, праява характару і душа. Адкуль узяўся гэты звычай, якія персанажы калядавалі і якія спевы выконвалі  аб гэтым і не толькі мы пагаварылі з фалькларыстам доктарам філалагічных навук Таццянай Валодзінай.

Читать на Onlíner

Што такое Каляды і калі іх адзначаюць?

Гэтае слова мае некалькі значэнняў: і ежа, і гульбішчы, і нават, на думку некаторых даследчыкаў, асобнае боства, з чым, праўда, не пагаджаецца наш эксперт Таццяна Валодзіна. Але Каляды перадусім  цыкл свят, абрадаў, падчас якіх нашы продкі адзначалі нараджэнне чагосьці новага. Нездарма лацінскае слова «календы», ад якога, паводле адной з версій, паходзяць нашы Каляды, азначае першыя дні чарговага месяца.

— Зіма. Дэпрэсія. Недахоп святла. Ва ўяўленні нашых продкаў такі час і свет былі зношанымі, састарэлымі, не вельмі прыдатнымі для выкарыстання, і з зімовым сонцаваротам, пасля якога дзень робіцца даўжэйшым, ажыццяўлялася ідэя нараджэння чагосьці новага кажа Таццяна Валодзіна З часам да гэтай з'явы прыгожа далучылася хрысціянскае свята — Божае Нараджэнне.

Калі з пункту гледжання вясковага прагматызму павінен быў нарадзіцца Збаўца? Менавіта ў той час, калі пачынаў аднаўляцца год. Таму ўсё сышлося. А праз тое, што ў Беларусі жывуць як праваслаўныя, так і католікі, традыцыя святкавання расцягнулася з 25 снежня ажно да 19 студзеня  да Вадохрышча.

 Як рыхтаваліся да Калядаў?

У католікаў  адвэнт, чаканне Божага Нараджэння, у праваслаўных  40-дзённы Піліпаўскі пост. У гэты перыяд продкі абмяжоўвалі сябе ў ежы, стараліся прысвяціць час рэлігійным роздумам, развагам, і нават на вячорках, калі ў хаце збіралася вясковая моладзь, многія стараліся чытаць біблійныя аповеды, спяваць пра духоўнае.

Напярэдадні Раства (у католікаў — 24 снежня, у праваслаўных  6 студзеня) прыбіралі хату, клікалі памерлых і запрашалі ў дом Мароз (не блытаць з Дзедам Марозам, гэты герой з'явіўся ў мінулым стагоддзі), улагоджвалі яго, каб не нашкодзіў палям і пасевам. І, безумоўна, гатавалі вячэру. Яна атрымала назву «куцця».

Пад белы абрус, як знак таго, што Хрыстос нарадзіўся ў яслях, побач з жывёлай, клалі сена, а наверх ставілі 12 розных страў. Сярод іх абавязковай была сакральная каша з цэльнага зерня  куцця, якую беларусы спажывалі некалькі разоў на год. Пасля людзі клаліся спаць ці ішлі ў храм, а ўжо ў наступныя дні пачыналася сапраўдная весялосць з багатым застоллем, алкаголем і гульнямі.

Якім чынам беларусы калядавалі?

Сутнасць, па вялікім рахунку, не змянілася. Збіраўся гурт людзей, якія пераапраналіся ў каларытных персанажаў. Як кажа наша суразмоўца, першых калядоўшчыкаў можна было сустрэць нават напярэдадні Раства. Асабліва гэта тычылася католікаў. Па-простаму апранутыя мужчыны-звездары абыходзілі дамы з зоркай, якая сімвалізавала Віфлеемскую зорку, што прывяла пастушкоў да маленькага Ісуса, і выконвалі пераважна рэлігійныя песні. У наступныя дні ўсё было па-іншаму.

— Важна разумець, што ў кожным куточку Беларусі Каляды маюць сваю святочную адметнасць. Ёсць рэгіёны з яркім калядаваннем, а ёсць мясціны, дзе яно было даволі сціплае, прыглушанае, але пры гэтым існуе агульны стрыжань, — кажа Таццяна Валодзіна. — Асноўнымі персанажамі былі даволі далёкія ў этнічным і сацыяльным статусе для селяніна людзі (яўрэй, цыган, поп, ксёндз, доктар, пісар і, безумоўна, пан), міфічныя істоты (смерць, чорт, анёл) і жывёлы (мядзведзь, казёл, бусел). Падчас Калядаў чалавек атрымліваў магчымасць з імі ўсімі сустрэцца. Гэтыя групы абыходзілі дамы і праз песні і зычэнні надзялялі мясцовых жыхароў дабротамі: каб у хаце радзіла, каб сын ажаніўся, дачка замуж выйшла, а на стале — пірагамі, у хлеве — цялятамі, а на таку — снапамі.

Калі мы зараз ламаем галаву, што падарыць на зімовыя святы, то ў продкаў падобнага пытання не было. Бо традыцыі калядных падарункаў у беларусаў не існавала. Таму гэтыя калядныя песні з пажаданнямі былі для іх самым галоўным прэзентам.

Гаспадары чакалі і гасцінна прымалі каляднікаў, адорваючы іх разнастайнымі прысмакамі. Людзі верылі, што візіт калядоўшчыкаў прынясе сям'і радасць і ўдачу. Калі ж нехта не прымаў гасцей ці каляднікі не заходзілі ў нечы двор, гэта лічылася надта дрэннай прыкметай і вялікай крыўдай.

— Калядоўшчыкі прыходзілі да дома, стукалі ў акно, пыталіся дазволу, ці можна паспяваць. У хату маглі не запрашаць, але найчасцей прымалі. Іх адорвалі пачастункамі, пасля чаго яны рушылі далей. Потым маглі зрабіць перапынак, зноў сабрацца ў гэты ж дзень ці пайсці калядаваць назаўтра.

Яшчэ адной каляднай рысай была варажба. Гэта быў час, калі дзяўчаты спрабавалі акуратна зазірнуць у будучыню і даведацца, ці выйдзе хто з іх сёлета замуж, якім будзе меркаваны жаніх. Сталых цікавілі больш прыземленыя пытанні: які будзе ўраджай і надвор'е.

Варожба была розная. Пра будучых сужэнцаў дзяўчаты меркавалі па тым, каго першым сустрэнуць па дарозе, і нават па абутку, які выстаўлялі ў хаце ад покуці да парога. Чый чаравік першы залезе на парог, таго і чакае вяселле.

А як яшчэ ў Беларусі святкавалі Каляды?

Таццяна Валодзіна падкрэслівае, што ў кожным рэгіёне былі свае адметнасці. Некаторыя з абрадаў, узятыя пад ахову, існуюць да нашых часоў. Напрыклад, у Давыд-Гарадку напярэдадні старога Новага года ладзяць «Конікі»  абрад, падчас якога дамы з песнямі абыходзяць пераапранутыя ў розных персанажаў хлопцы і дзяўчаты. Наперадзе іх заўжды трымаюцца конь і вершнік. Абрад запатрабаваны і збірае сотні ўдзельнікаў і турыстаў. Праўда, традыцыйныя персанажы паступова знікаюць, і па Давыд-Гарадку цяпер ходзяць Чабурашка, Шрэк, Чалавек-павук, Кін-Конг...

— У дыскусіях наконт «Конікаў» прыходзіцца чуць: «О, а што там адбываецца?! Ходзяць нейкія Шрэкі!», а я ў гэтым бачу лагічнае і паслядоўнае развіццё традыцыі. Для сённяшняга чалавека гэтыя персанажы больш блізкія і цікавыя, чым яўрэй, цыган і гэтак далей. Галоўнае — не адкінуць стрыжань. Для «Конікаў» — гэта конь і вершнік. Астатніх персанажаў ужо можна прыдумваць так, як хочацца.

Здесь Супермен отрывается с конем. Побывали на крутом белорусском карнавале в Давид-Городке

У вёсцы Семежава, што паблізу Капыля, праходзіць абрад «Цары». Пераапранутыя ў афіцэраў, цара Максіміліяна і Мамая, маладзёны дэманструюць жыхарам сцэнкі, б'юцца на мячах, а напрыканцы паказваюць факельнае шэсце.

«Для мяне гэта адрэналін». Паказваем, як праходзіць адзін з самых незвычайных абрадаў краіны

На тэрыторыі Віцебскай вобласці калядныя абходы былі даволі сціплыя, затое там была запатрабаваная гульня «Жаніцьба Цярэшкі»  інсцэніроўка вяселля дзедам і бабай, якія ўсіх прысутных маладзёнаў аб'ядноўваюць па парах. «І гэта не жарт. У гэтым палягае вялікі сэнс тасавання вясковага соцыуму з ідэяй аб тым, што ўсе мусяць жыць у шлюбе. Бо праз шлюб нараджаюцца дзеці, а яны працягваюць жыццё сям'і»,  дадае эксперт. У Пастаўскім раёне была запатрабаваная гульня «Яшчар», падчас якой міфічны цмок пільнуе, каб кожны знайшоў сабе другую палову.

Развітваліся з Калядамі таксама праз абрад. Напрыклад, у Бярэзінскім і Клічаўскім раёнах дагэтуль праводзяць гульню «Цягнуць каляду на дуба». Падчас яе на дрэва зацягваюць пудзіла Каляды, каб сядзела высока і спрыяла добраму ўраджаю.

Заброшенные дворцы, дизайнерские особняки и странный праздник. Поехали в глубинку и нашли удивительное

Усе калядныя абходы традыцыйна завяршаліся напярэдадні ці праз некалькі дзён пасля Вадохрышча, але ўвесну на Вялікдзень традыцыю пераймалі валачобнікі  гурты, што хадзілі па вёсках на Пасху, славілі гаспадароў і таксама збіралі ў мех падарункі.

Реклама

Проект #ШЕФБМК — это не просто вкусные завтраки, обеды и ужины, которые мы с любовью готовим для вас на нашем YouTube-канале. 

#ШЕФБМК — это про гастрономическое удовольствие, особый вкус и красивые детали, благодаря которым привычная еда становится особенной. Ароматные специи и соусы, предметы сервировки, приятные кухонные мелочи — всё это сделает ваши мясные блюда центром притяжения всей семьи. 

Присоединяйтесь к нашему кулинарному клубу #ШЕФБМК на YouTube или в TikTok и готовьте с удовольствием!

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ag@onliner.by