Так беларусы шануюць сваіх продкаў. Наш фотарэпартаж

Источник: Якаў Журбін. Фото: Максім Маліноўскі
23 138
02 ноября 2024 в 17:44

У першыя дні лістапада беларусы памінаюць памерлых. Гэтая старадаўняя традыцыя, якая характэрна для ўсіх рэгіёнаў Беларусі, атрымала народную назву Дзяды. З цягам часу звычай моцна знітаваўся з хрысціянствам. Сярод праваслаўных памінальны дзень позняй восенню вядомы як Змітраўская (або Дзмітрыеўская) субота, у каталікоў — як Успамін усіх памерлых вернікаў. Першыя рушаць на набажэнствы ў цэрквы, другія моляцца ў касцёлах, нясуць свечкі і лампадкі на могілкі, ад чаго прастора пераўтвараецца ў вялікае мора з яркіх агеньчыкаў. Журналісты Onlíner наведалі некалькі вёсак, пагутарылі з мясцовымі жыхарамі і вярнуліся з атмасферным рэпартажам пра тое, як беларусы шануюць сваіх спачылых.

Читать на Onlíner

На Дзяды для продкаў тапілі лазню

Шанаваць памерлых асаблівым чынам — традыцыя даўняя, якая сягае ў далеч стагоддзяў. Нашыя продкі прыгадвалі спачылых на працягу ўсяго года. У беларусаў гэты звычай атрымаў назву Дзяды. Так, агульна, нашыя продкі называлі і саміх памерлых. Прычым незалежна ад таго, у якім узросце тыя сканалі: у старасці ці ў маладосці.

Доктар філалагічных навук, этнограф Таццяна Валодзіна расказвала, што цягам года было сем Дзядоў, але ж восеньскія лічыліся выніковымі і ледзь не самымі галоўнымі.

Напачатку людзі прыбіралі хату, тапілі лазню, пакідаючы венік і асобную ёмістасць з вадой спецыяльна для памерлых. Потым гатавалі вячэру. У розных рэгіёнах меню магло быць розным, але на стале абавязкова была куцця, кіслая страва і салодкае. Перад пачаткам вячэры дзядоў адмыслова клікалі за стол, пакідаючы для іх асобнае месца. Пасля вячэры са стала нічога не прыбіралі — ежа заставалася стаяць усю ноч.

У праваслаўных Дзмітрыеўская бацькоўская субота, у каталікоў — Успамін усіх памерлых

З часам народныя традыцыі шанавання моцна перапляліся з рэлігійнымі. Праваслаўныя ў лістападзе адзначаюць Дзмітрыеўскую бацькоўскую памінальную суботу. Яна прыпадае на апошнюю суботу перад 8 лістапада — успамінам мучаніка Дзмітрыя Салунскага. Напярэдадні прынята наведваць храм: прыносіць з сабой запіскі з імёнамі тых, каго трэба памянуць, пакідаць іх у царкве і маліцца за продкаў. Таксама ў выглядзе ахвяры вернікі прыносяць з сабой пэўныя прадукты: хлеб, салодкае, фрукты, гародніну, муку, алей і кагор, які выкарыстоўваюць падчас літургіі... Пасля службы можна наведаць магілы спачылых, дазваляецца зладзіць памінальную вячэру.

У каталікоў традыцыя крышачку адрозніваецца.

— У Касцёле 1 лістапада адзначаюць урачыстасць Усіх Святых, а 2-га — Успамін усіх памерлых вернікаў, — кажа францішканін з Івянца айцец Яўген Голуб, да якога мы завіталі ў пятніцу. — У шматлікіх еўрапейскіх краінах яшчэ ў дахрысціянскай традыцыі пачатак гэтага месяца быў звязаны з пашанай да спачылых. Але хрысціянства, падмуркам якога з'яўляецца вера ва ўваскрэсенне Хрыста, надало гэтым дням яшчэ больш глыбокі сэнс. Гэта не проста памяць пра продкаў, але перадусім вера ў тое, што смерць — не канец існавання, а гэта значыць, нашая сустрэча з імі магчымая. Падчас пахаванняў я часта кажу, што малітва за памерлых з'яўляецца вызнаннем веры ў тое, што спачылыя існуюць. І нават маленькае дзіця, калі моліцца за спачылых бабуль і дзядуль, відавочна, верыць, што яны ёсць. Вядома, за неіснуючых персанажаў з казак ды мультфільмаў ніхто не моліцца. Гэткім чынам, праз малітву, мы вызнаём сваю веру ў існаванне памерлых, жаданне сустрэчы з імі, выражаем прагненне іх калісьці сустрэць і выказаць сваю любоў.

А фізічнае выражэнне памяці — гэта кветкі і знічы, якія ў гэтыя дні прынята прыносіць на загадзя прыбраныя магілы блізкіх. І калі ўвечары мы прыйдзем на могілкі, убачым разлітае мора святла ад гэтых знічоў і лампадак.

Айцец Яўген кажа, што ва Успамін усіх памерлых на могілках ладзяць працэсіі, якія складаюцца з пяці прыпынкаў. Падчас іх каталікі адмысловым чынам моляцца за памерлых:

— Моляцца за пахаваных не толькі на канкрэтных могілках, але і ў іншых месцах. Ну і на працягу так званай «актавы» — васьмі першых лістападаўскіх дзён — вернікі могуць атрымаць адпуст і ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых. Кананічнае права Касцёла вызначае адпуст як «адпушчэнне перад Богам часовага пакарання за грахі, ужо адпушчаныя ў тым, што датычыцца віны, якое вернік атрымлівае на дакладна ўсталяваных умовах праз дзеянне Касцёла». Прасцей кажучы, атрымаць адпуст — гэта значыць ліквідаваць наступствы граху. Каб здзейсніць гэта, трэба быць у стане асвячальнай ласкі пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень — можна зрабіць гэта загадзя), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца (інтэнцыі, у якіх моліцца Пантыфік), а таксама наведаць месца пахавання блізкіх. Такім чынам, па сутнасці, мы ўплываем на вечнасць памерлага, выражаем еднасць з тымі, каго няма. Памерлыя не зніклі — мы верым, што яны існуюць.

Успамін усіх памерлых — гэта таксама дзень, калі сям'я можа з'яднацца. Людзі, што жывуць на вялікай адлегласці, знаходзяць магчымасць і час, каб прыехаць дадому, сустрэцца з роднымі, пагаманіць і даведацца, што ў іх чуваць, прыгадаць продкаў. Так нашы памерлыя вучаць нас цаніць жывых: знаходзіць на іх час і сустракацца.

У пятніцу па Беларусі пракаціліся моцны вецер і дождж. Але гэта не спужала людзей, і ў розных месцах краіны яны масава пайшлі на могілкі. Многія спяшаліся туды пасля працы, а ў Івянцы шматлюдна было ўжо па абедзе.


Каля магілы ксяндза Яна Казялевіча, які ў мястэчку некалі асвяціў велічны касцёл Святога Аляксея, мы спаткалі мясцовую жыхарку Наталлю — жанчына збіралася запаліць свечку.

— Помню, што народу на могілках збіралася шмат. У асноўным усе прыходзілі ўвечары, пасля працы, — гаворыць суразмоўніца. — Як памятаю, 1 лістапада мы заўсёды прыходзілі на могілкі. Гэта была асаблівая дата. Успамін усіх памерлых нярэдка прыпадаў на працоўны дзень, і бацькам дазвалялася раней сысці з працы, каб пабыць на могілках. Прыязджала радня з Мінска, з раёна, усе ішлі да магілак, а пасля прыходзілі пагрэцца на позні абед у хату. 

Для мяне гэта важна, бо тут ляжаць мае блізкія і знаёмыя. І самае вялікае, што мы можам для іх зрабіць, — выказаць нашу ўдзячнасць і пашану праз малітву. І калі месца пахавання мае дагледжаны выгляд, думаю, яны цешацца з гэтага.

— Лампадкі, у якіх свечка можа доўга гарэць, з'явіліся адносна нядаўна. А што рабілі раней, каб свяча хутка не згарэла? — пытаюся ў жанчыны.

— Нам хацелася, каб свечкі гарэлі доўга. Яны ствараюць антураж, у якім прыемна маліцца. І тата дзеля гэтага рабіў розныя прыстасаванні. Напрыклад, збіралі квадрат са шкла і абстаўлялі ім свечку. Задзьмуць яе вецер ужо не мог. І ўсе могілкі «гарэлі». Калі хадзіла ў школу, мы з аднакласнікамі ўвечары спецыяльна прыходзілі на могілкі, каб паглядзець на гэтае святло. У цемры было трохі страшнавата, але прыгожа, бо свяцілася ўся прастора.

Недалёка ад касцёла, побач з магіламі Ядвігі і Антонія Новікаў, разам з жонкай сустракаем Казімiра Лямбовіча.

— Гэта традыцыя нашых бацькоў. У гэты дзень яны ішлі на могілкі ў вёсцы Камень і паміналі ўсіх сваіх родных, — расказвае мужчына. — Мы іх пахавалі ў Івянцы і цяпер самі прыходзім сюды, каб успомніць нашых сваякоў, дзядоў, перадаём гэтую традыцыю нашым дзецям. Помню, што людзей было многа. Штучных кветак яшчэ не з'явіліся, таму прыносілі жывыя. На магілы ставілі свечкі. Іх набывалі ці самі рабілі з воску. Надвор'е часам бывала добрым, і хораша праглядалася, як гараць свечкі. А часам нават мяцеліца была, і помню, як 7 лістапада мы ўжо ездзілі на санках. Ядвіга — гэта стрыечная сястра маёй маці.

Разам з мужам яны нам як родныя. Падчас вайны мая маці засталася сіратой і гадавалася ў іх сям'і. Таму мы не маглі не наведаць гэтыя магілы.

Побач ля магіл бацькоў завіхаецца Генадзь. Мужчына жыве ў Мінску, аднак у яго сёння выхадны і ён здолеў раней прыехаць у Івянец.

— Бацька быў інструктарам — вучыў дзяцей на шафёра, а маці ў свой час была лепшай закройшчыцай у Івянцы. Лепш за яе ніхто не шыў, — кажа Генадзь. — Цяпер яны нашыя анёлы-ахоўнікі. Яны нас бароняць. У мяне ёсць любімая ўнучка. І калі прыходжу да бацькоў, заўжды кажу: «Калі што, не на мяне глядзіце, а ёй дапамажыце».

«Свечкі ставілі ў трохлітровы слоік»

У вёсцы Дуды, што побач з райцэнтрам Іўе, увечары на могілкі прыйшло таксама нямала людзей.

Сустрэты намі мужчына распавёў, што зараз жыве ў Дайлідах, але нарадзіўся побач з Дудамі, на гэтым некропалі ляжаць ягоныя сваякі. Пасля працы ён забраў жонку, унучку і паехаў па могілках, збіраючыся наведаць адразу некалькі населеных пунктаў. Мужчына прыгадвае, што калісьці мясцовы драўляны касцёл быў закрыты, яго нават збіраліся разбурыць, але людзі, ледзь не кладучыся пад цягач, здолелі адстаяць храм. Многія з іх ужо сканалі і спачываюць у гэтым месцы.

Таксама наш суразмоўца прыгадвае гісторыю, як хавалі свечкі, каб яны даўжэй гарэлі і пры гэтым не падпалілі вянкі побач. «А такое некалі сапраўды было. Свечкі іх падпальвалі. І каб гэтага не было, мы ставілі іх у трохлітровы слоік», — кажа мужчына.


У Ліпнішках мы апынуліся ўжо цёмным вечарам. Каб асвятліць дарогу і не наступіць на магілы, людзі выкарыстоўваюць мабільныя тэлефоны і ліхтарыкі.


А гэта ўжо Слабадскія могілкі, якія знаходзяцца побач з Лідай. Удалечыні бачныя ліхтары вечаровага горада. Узнік гэты некропаль у 1930-х гадах.

Тут пахаваныя дзевяць каталіцкіх святароў, якіх 10 сакавіка 1943 года ў Лідзе расстралялі гітлераўцы.

А так выглядае некропаль у Белагрудзе. Прыгожы і велічны гатычны касцёл у святле агеньчыкаў і ліхтарыкаў глядзіцца асабліва прыгожа.

Знічы стаяць не толькі на каталіцкіх магілах, але і на праваслаўных.


«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка