Лета — самы час папаўняць гардэроб новымі самабытнымі рэчамі. Глядзім, дзе і за колькі набыць беларускія кашулі, сукенкі, цішоткі, якія гучна паведамяць усяму свету пра нашу краіну і традыцыі.
Читать на OnlínerГродзенскі брэнд Stroj прапануе вельмі жаноцкія, але пры гэтым зручныя і натхнёныя беларускай эстэтыкай рэчы. Брэнд выкарыстоўвае натуральныя матэрыялы: лён, бавоўну — і аддае перавагу аднатонным вырабам, аздабляючы іх арнаментамі з народных строяў ды карункамі ручной працы.
Гэтыя сукенкі з кашулямі хочацца апрануць на спатканне, сяброўскую сустрэчу, у госці ці на праменад аксамітным летнім вечарам.
У Stroj быў заўважаны чорны гарсэт (195 рублёў), які, хоць і з’яўляецца часткаю народнага строю, можа быць апрануты і на голае цела, адпаведна сучасным тэндэнцыям. Таксама ў брэнда з’явіўся шэраг сукенак больш лаканічнага фасону.
Калі пэўнай рэчы або памеру не будзе ў наяўнасці, Stroj прапануе замовіць пашыў. Агулам сукенкі каштуюць у дыяпазоне 210—340 рублёў, кашулі — каля 180 рублёў.
Лён — гэта, бясспрэчна, шыкоўны матэрыял на летні сезон, і стваральніцы брэнду LOKONKOKON прытрымліваюцца такога ж меркавання. Сярод іхнага асартыменту ёсць і лаканічныя ільняныя сукенкі, і мужчынскія камплекты. Упадабаную мадэль можна пашыць пад замову з улікам уласных параметраў, каштуюць вырабы ад 155 да 320 рублёў.
Ёсць у LOKONKOKON і вельмі акцэнтныя рэчы. Напрыклад, каўнерыкі з вышытымі ўручную зёлкамі (120 рублёў) або вельветавыя гарсэты з арнаментальнымі птушкамі (265 рублёў).
Пра новую сумесную калекцыю брэнду адзення RAWR і брэнду аксесуараў By_kod мы ўжо пісалі. Калекцыя пазіцыянуецца як унісэкс, а ўвайшлі ў яе худзі, кашулі, лонгслівы і хусткі чорнага колеру з аўтарскімі прынтамі, якія імітуюць вышыўку крыжыкам.
Выглядае крыху драматычна, але ж лепей мець драму на адзенні, чым у жыцці. Таксама з калекцыі можна складаць яскравыя парныя лукі для летніх фотасесій.
Кошты вар’іруюцца ад 190 да 370 рублёў за выраб. Можна пайсці і больш бяспечным шляхам ды набыць толькі хустку: яна каштуе ўсяго 59 рублёў, але будзе выбітным акцэнтам у любым вобразе.
Напэўна, гэта адзін з самых вядомых мясцовых брэндаў. Менавіта LSTR увёў моду на лідскія кеды і пастаянна расчульвае беларусаў роднымі сэрцу прынтамі, будзь то дранікі, згушчонка, Паца-Ваца, або «Крыжачок» (танец ці напой — каму што бліжэй).
Брэнд радуе цішоткамі з рэцэптам халадніка (60 рублёў) і з выявамі са станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (70 рублёў).
Рэчы LSTR у асноўным унісэкс і пасуюць усім, але менавіта тут можна вырашыць праблему з базавым мужчынскім гардэробам. Худзі каштуюць 130—150 рублёў, пола — 75 рублёў.
Лета — час быць бліжэй да прыроды і ўласных каранёў. Брэнд HONAR з гэтым відавочна згодны, бо нядаўна аднавіў сваю калекцыю адзення «Вёска». Цішоткі з калекцыі каштуюць 69 рублёў, можна знайсці сукенкі, нагавіцы, мужчынскія кашулі з адпаведнымі прынтамі.
Таксама ў HONAR ёсць шмат характарных рэчаў з прынтамі і вышыўкай. Напрыклад, небанальная жаночая камізэлька (109 рублёў), кашулі з някідкай вышыўкай (150—190 рублёў) або элегантныя ільняныя сукенкі (200 рублёў).
Брэнд жаночага адзення MUA прэзентаваў летнюю капсулу пад назвай Radzima Vibes, з карункамі, кветкамі, вязанымі дэталямі і натуральнымі тканінамі. Увагу ў першую чаргу прыцягваюць свабодныя кашулі за 260 рублёў ды какетлівы гарсэт за 319 рублёў. Ёсць больш лаканічныя камплекты.
У капсулу ўвайшлі і небанальныя аксесуары ручной працы, якія змогуць дадаць характару базаваму адзенню, — аксесуар на абутак (49 рублёў), сумка для тэлефона (89 рублёў), шопер (99 рублёў).
Цішотак многа не бывае, і ўлетку гэтая рэч бадай што самая запатрабаваная. Калі вы вырашылі папоўніць гардэроб свежымі беларускімі прынтамі, вось яшчэ некалькі ідэй.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by