Малады кітаец вывучыў беларускую мову. Даведаліся, як ён яе выкарыстоўвае

Источник: Тарас Шчыры. Ілюстрацыя: Максім Тарналіцкі.. Фото: з архіва герояў
14 486
21 февраля 2024 в 8:00

Мы неяк прызвычаіліся, што пачуць беларускую мову можна выключна ад сваіх суайчыннікаў. Але як вам такое: за межамі нашай краіны — ад Бразіліі да Японіі — хапае тых, хто цудоўна валодае беларускай. І гэта не грамадзяне Рэспублікі Беларусь. У Дзень роднай мовы мы паразмаўлялі з замежнікамі і даведаліся, навошта яны вывучылі беларускую мову, як часта ёй карыстаюцца і якія словы прывялі іх у захапленне.

Читать на Onlíner

«Прачытала па-беларуску самыя папулярныя творы Караткевіча»

21 лютага ў свеце адзначаюць Дзень роднай мовы, заснаваны на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года. Ягоная мэта — заахвочванне да моўнай разнастайнасці, шматмоўнай адукацыі і ўсведамленне моўных і культурных традыцый.

Падчас апошняга перапісу насельніцтва Беларусі, які адбыўся ў 2019-м, беларускую мову роднай назвалі 5 094 928 жыхароў краіны.

Ліза Варакса нарадзілася і жыве ў расійскім горадзе Калуга. З беларускай мовай яна ніколі не сутыкалася, пакуль у 2009-м разам з расійскімі каталікамі не пайшла ў пешае паломніцтва ў Будслаў — да славутага абраза Маці Божай. Тая пілігрымка сур'ёзна змяніла яе жыццё. Падчас яе яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Яўгенам, а праз пэўны час пачала вучыць беларускую мову.

— Усё, што мяне раней звязвала з Беларуссю, — мая прабабця. Яна, магчыма, нарадзілася на Палессі, але бацькі памерлі, і яе маленькай перавезлі ў Расію, дзе яна ніколі не размаўляла па-беларуску, — прыгадвае Ліза. — Я доўгі час нічога не ведала пра беларускую мову і культуру, хаця малады беларускі святар, які служыў у Калузе, неяк прапанаваў нам зрабіць батлейку па-беларуску ў этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбурзе. Так я ўпершыню судакранулася з беларускай мовай. Але па-сапраўднаму ўсё распачалося, калі я пазнаёмілася са сваім будучым мужам.

У 2009-м я пайшла ў пілігрымку ў Будслаў, падчас якой сустрэла хлопца з прыгожымі блакітнымі вачыма. Я ў яго закахалася.

Потым я скончыла ўніверсітэт у Калузе, пераехала да яго і мы пабраліся шлюбам. Праз пэўны час мы вырашылі з'ехаць у Калугу, але тры-чатыры разы на год наведваем сваякоў мужа ў Беларусі.

Ліза адзначае, што раней не бачыла патрэбы ў вывучэнні беларускай мовы — сваякі і сябры мужа пераходзілі з ёй на рускую. Але потым ёй самой захацелася вывучыць беларускую, каб на роўных удзельнічаць у абмеркаванні розных тэм і стаць часткай гэтага кам'юніці.

— У размовах са мной беларусы пераходзілі на рускую, робячы рэверанс у мой бок. Мне гэта было незразумела. Чаму яны павінны размаўляць са мной на маёй мове, а не я з імі па-беларуску. Вось так я і пачала вывучаць вашу мову, — тлумачыць суразмоўніца. — Напачатку я вывучала яе па падручніках, але яны былі дрэнныя. У выніку пайшла на «ютубчык» і пачала глядзець інтэрв'ю ды іншыя відэа.

У мяне не было перадузятасці да беларускай мовы і думак накшталт «гэта тая ж руская, толькі гучыць іначай». Не, гэта быў пачатак пачаткаў, і беларуская для мяне — гэта каханы мужчына, новы свет, з якім я пачала знаёміцца, мова людзей, што жывуць у асобнай краіне са сваёй культурай і мастацтвам. І гэта мне вельмі дапамагло.

Акрамя таго, я папрасіла мужа, каб раз на тыдзень мы цэлы дзень размаўлялі з ім па-беларуску. І калі я пачала, зразумела, што мне ўсё ж такі не хапае слоў і ведаў. Для мяне гэта быў моцны блок, і я замаўчала на цэлы год. Але я аўдыял, інфармацыю лепш успрымаю на слых. Увесь гэты час я слухала розныя падкасты, размовы, музыку. У выніку зноў папрасіла раз на тыдзень гаварыць са мной па-беларуску, пачала ўдзельнічаць у інтэнсівах у Instagram, і ў мяне стала атрымлівацца.

Самым складаным для мяне стала вывучэнне граматычных правілаў, канчаткаў і ўсіх гэтых займеннікаў «табе» ці «для цябе».

З часам Ліза пачала чытаць беларускую літаратуру і адкрыла для сябе Уладзіміра Караткевіча. Першым творам стала аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Ёй вельмі спадабалася.

— Не скажу, што для мяне гэта быў лёгкі тэкст, але гэтая кніга дапамагла зацікавіцца беларускай літаратурай, — кажа дзяўчына. — Я пасля прыдумала для сябе своеасаблівы чэлендж — прачытаць усе папулярныя празаічныя творы Караткевіча за адзін год. І ў мяне атрымалася. Адзіным каменьчыкам, аб які я спатыкнулася, стаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Гэта была другая кніга ў чарзе, і калі я прачытала 100 старонак, мне стала нецікава. Апрача таго, яна напісана іншай мовай у параўнанні з «Паляваннем». Я вырашыла яе адкласці і дачытаць пазней.

Цікава, а як у расійскім горадзе рэагуюць на беларускамоўную расіянку? Па словах Лізы, у Калузе доўгі час працавалі буйныя аўтапрадпрыемствы, і ў горадзе заўжды хапала замежнікаў, якія размаўлялі на шматлікіх мовах. Таму да яе ставяцца спакойна.

— Часам магу адчуць на сабе нейкі позірк, але нічога звышнатуральнага. Я, шчыра кажучы, адчуваю сябе маленькім амбасадарам беларускай культуры ў сваім рэгіёне. І нават нярэдка апранаю штосьці з беларускім арнаментам, — прызнаецца суразмоўніца. — Людзі пытаюцца: «А што гэта такое?» — і я з задавальненнем распавядаю пра Беларусь. Мне падабаецца гэта рабіць і расплюшчваць вочкі тым, хто яшчэ не ў тэме.

«Мне падабаюцца ўсе словы з літарай „ў“ — яна дужа прыгожая»

Гэтага барадатага хлопца ў акулярах і кепцы завуць Рубэн Бівальд, ён жыве ў Германіі. Калі я напісаў яму ў мэсэнджары, то атрымаў адказ амаль на чысцюткай беларускай мове: «Прывітанне, Тарас. Не, я ня супраць [пагаварыць]. Я нават за. Як я магу вам дапамагчы?» І гэта пры тым, што Рубэн ужо некалькі гадоў не мае пастаяннай моўнай практыкі. Як кажуць, дробязь, але прыемная.

Пачалося ўсё з таго, што падчас вучобы ў Дрэздэнскім універсітэце хлопец даследаваў Магдэбургскае права, і, каб прачытаць Статут ВКЛ, яму прыйшлося засвоіць старабеларускую мову. Потым ён літаральна за год выдатна для замежніка вывучыў сучасную беларускую і цяпер з настальгіяй прыгадвае гасціннасць беларусаў і смачныя пірагі з кавярні «Штоле».

— З Беларуссю я пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве, калі ў мяне з'явіўся тут сябар. Тады нямецкая пошта праводзіла акцыю, якая дазваляла шукаць сабе сяброў па ўсім свеце. Так я пазнаёміўся з хлопчыкам, які жыў у вёсцы побач з Брэстам. Я вывучаў расійскую, ён — нямецкую, і мы некалькі гадоў камунікавалі з ім на дзвюх мовах, — прыгадвае Рубэн. — Калі я паступіў ва ўніверсітэт на славістыку, то вывучыў чэшскую, удасканаліў расійскую, а вось пра вашу мову і культуру не ведаў нічога. Ну, можа, усё ж такі крыху больш, чым шараговы немец.

Я валодаў гістарычнымі звесткамі, бо калісьці прыязджаў да таго сябра пад Брэст, наведваў крэпасць і музеі. А яшчэ чытаў, што ў Беларусі нарадзіўся мастак Мойшэ Шагал, які потым жыў у Парыжы і стварыў славутыя карціны. І гэта ўсё.

Але ж потым я ўзяўся за навуковую працу пра Магдэбургскае права ў Мінску, зацікавіўся гісторыяй Усходняй Еўропы і знайшоў тэкст Статута ВКЛ. Я пачаў яго чытаць, не ведаючы старабеларускай, але ж неяк справіўся. Пасля мне прапанавалі вывучыць сучасную беларускую мову. У Нямеччыне зрабіць гэта было немагчыма, таму я знайшоў фінансавую падтрымку і ў 2015-м паехаў на год у Мінск. Жыў у інтэрнаце і вучыўся на філфаку БДУ ў Таццяны Рамза, якая выкладала для замежнікаў.

Рубэн падкрэслівае, што вывучаць беларускую яму не было складана. На той момант ён ужо ведаў некалькі славянскіх моў, і гэта дапамагло ў навучанні. Аднак хлопец прызнаецца, што было цяжка знайсці чалавека, з якім можна пастаянна размаўляць.

— Але ж у выніку мне пашчасціла. У мяне была старонка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», і ў нейкай групе я знайшоў беларускамоўную дзяўчынку, якая вывучала нямецкую. Раз на тыдзень мы сустракаліся: адну гадзіну гаварылі па-нямецку, другую — па-беларуску. Гэта дапамагло мне вывучаць мову вусна, — падкрэслівае суразмоўнік. — Што было самае складанае? Лексіка! У беларускай шмат слоў, якіх няма ў расійскай ці польскай мовах. Я магу чытаць беларускую літаратуру, але мне і дагэтуль складана зразумець усе моўныя нюансы.

У мяне ёсць улюбёныя словы, хаця трэба падумаць... Адно з іх паходзіць з інтэрнэт-слэнгу — падабайка. А яшчэ ўсе нямецкія словы, якія можна сустрэць у вашай мове. Напрыклад, дах ці цэйтнот, якія мы актыўна выкарыстоўваем у Германіі. Ну і амаль кожнае слова, дзе ёсць «ў». Гэта вельмі прыгожая літара.

У выніку я за год вывучыў беларускую мову. Акрамя лекцый па тры гадзіны займаўся самастойна: як ужо казаў, камунікаваў з сябрамі, чытаў (напрыклад, Коласа і Купалу), слухаў музыку, спяваў у харавой капэле.

Разам з выкладчыцай Таццянай Рамза і японскай даследчыцай Сіёры Кіёсава

Пасля вяртання на радзіму Рубэн працягнуў навучанне ў магістратуры і падрыхтаваў навуковую працу пра арфаграфію кітабаў — кніг, напісаных татарамі па-беларуску, але арабскім пісьмом. Хлопец амаль штогод прыязджаў у Беларусь і ўдзельнічаў у разнастайных майстар-класах, семінарах і летніх школах. Пры гэтым навукай ён ужо не займаецца — працуе настаўнікам. Час, праведзены ў Беларусі, прыгадвае з настальгіяй і ўсмешкай.

— Беларусь для мяне — другая радзіма. Я люблю Мінск, Брэст і беларусаў успрымаю як сціплых і вельмі добрых людзей. Магчыма, таму, што я гавару па-беларуску, і калі мяне дзесьці чулі, усе былі вельмі рады і ўсім было цікава паслухаць беларускамоўнага замежніка. А яшчэ беларусы — вельмі гасцінныя. Да кожнага, каго ведаю, можна было прыязджаць у госці, і паўсюдна мяне частавалі.

— Цікава, і што табе спадабалася з беларускай кухні? — удакладняю ў суразмоўніка.

— Дранікі і сырнікі. А яшчэ ў Мінску ёсць кавярня «Штоле», дзе гатуюць вельмі смачныя пірагі. Падобных у Германіі няма. Я па іх вельмі сумую.

У свой час Рубэн спрабаваў папулярызаваць беларускую мову сярод нямецкага студэнцтва ва ўніверсітэце горада Гісэн, але на яго заняткі прыходзіў толькі адзін чалавек.

— Калісьці мне хацелася перакласці шмат беларускай літаратуры на нямецкую і я з задавальненнем працягваў бы чытаць лекцыі, але, скажам так, не ўбачыў зацікаўленасці. Акрамя таго, мне хацелася стварыць добры анлайн-перакладчык. Па вялікім рахунку жаданне нікуды не знікла, але пакуль гэта толькі мары. На гэта патрэбныя грошы.

— Дарэчы, а табе ніколі не казалі сябры: «Навошта табе гэтая беларуская мова? Узяўся б вучыць любую іншую еўрапейскую», — пытаюся ў Рубэна.

— Натуральна, так і казалі. Але гэта даволі філасофскае пытанне. Я, як даследчык, заўжды шукаў і шукаю цікавае ў тым, што цікава не ўсім. І я мяркую, што знайсці сапраўдны скарб можна там, дзе яго ніхто не шукае. Лічу, праз беларускую мову я такія скарбы знайду.

«Напачатку вывучаў мову з дапамогай Google Translate»

Гісторыя Чжан Хайфэна з Кітая — не менш цікавая. Хлопец навучаўся ў Сіаньскім універсітэце замежных моў і паўтара года таму прыехаў у Беларусь. Ён паступіў у магістратуру Белдзяржуніверсітэта і даследуе знакаміты літаратурны твор «Аповесць мінулых гадоў». Пры гэтым Чжан паспеў нядрэнна авалодаць беларускай мовай, пачаўшы яе вучыць яшчэ падчас вучобы ў Кітаі. Па яго словах, ён, відаць, адзіны кітаец у БДУ, які вывучае беларускую мову.

— Ва ўніверсітэце ў Кітаі я вывучаў рускую мову, але адзін з маіх выкладчыкаў запусціў курс пра Беларусь. Я запісаўся, слухаў даклады, і ў канцы кожнай часткі мы глядзелі відэа, на якім выкладчык з Беларусі вучыў нас беларускамоўным фразам. Мне гэтая мова падалася прыгожай, — кажа Чжан. — Я запомніў некалькі выслоўяў і ўжо на трэцім курсе пачаў вывучаць беларускую сістэматычна. Самастойна. Насамрэч я не ведаў, якія ёсць падручнікі, і я вырашыў выкарыстоўваць Google Translate. Я прапісваў у ім рускія фразы, перакладаў і пасля запамінаў. Шчыра кажучы, тады я ўжо авалодаў рускай, вучыў украінскую, якія падобныя да беларускай, і запамінаць словы было не так складана.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Чжан, дзякуючы студэнцкаму абмену, у 2022 годзе паляцеў вучыцца ў магістратуру ў Мінск — у БДУ. Зараз ён рыхтуе магістарскую дысертацыю, аналізуе ў летапісе «Аповесць мінулых гадоў» царкоўнаславянскую, старажытнарускую лексіку і паралельна працягвае спасцігаць беларускую мову.

— Як я яе адчуваю? Не буду з лінгвістычнага пункту гледжання яе ацэньваць, але на слых яна вельмі прыгожая. Яна адначасова і адрозная ад рускай мовы, і блізкая ёй. Мне вельмі цікава. Вывучэнне беларускай — цудоўная магчымасць пашырыць свой лексікон славянскіх моў, — гаворыць магістрант. — На жаль, беларускую літаратуру пакуль не чытаю — не хапае часу, але знаёмлюся з беларускамоўнымі артыкуламі ў Вікіпедыі. Часам слухаю навіны, праглядаю іншыя матэрыялы і чытаю беларускамоўныя артыкулы на занятках. Мой узровень значна палепшыўся.

Пасля заканчэння магістратуры хлопец плануе вярнуцца ў Кітай і працягнуць навуковую дзейнасць. І ён не выключае, што стане выкладаць беларускую мову для кітайскіх студэнтаў.

— Па прыкладзе майго выкладчыка, мне таксама хацелася б распаўсюджваць беларускую мову ў Кітаі, стварыць адмысловы курс для студэнтаў. У нашай краіне хапае маладых людзей, якія цікавяцца славянскімі мовамі, і, магчыма, гэтая ідэя таксама кагосьці захопіць, — мяркуе Чжан.


Реклама
Прокачали 4G-сеть по всей стране


Ух! life:) проделали большую работу. Весь прошлый год ездили по областям, увеличивали базовые станции, работали над покрытием и качеством связи. Все для того, чтобы сейчас могли сказать, что улучшили 4G-сеть по всей стране!

Теперь ваша очередь: тестировать, пробовать и вовсю пользоваться улучшенной сетью. Первый месяц это можно будет сделать совсем бесплатно. Переходите по ссылке и подключайтесь.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by