Ёсць шмат годных сюжэтаў для татуіроўкі, але Жанна выбрала лога аквапарку — сонца, мора і эксклюзіўны подпіс «Лебяжий». Рэкламную выяву мінчанка выбіла не проста так: яна ўдзельнічала ў конкурсе да дня нараджэння аквапарку. У падарунак за смеласць атрымала права ўсё жыццё наведваць водныя горкі бясплатна. Ва ўсякім разе, так было абяцана. Весялосць доўжылася бадай пяць гадоў, а потым правілы змяніліся. «Я яшчэ жывая, татуіроўка на целе. Але аквапарк адмяніў свае абавязацельствы, мяне не пусцілі», — з крыўдай напісала ў рэдакцыю беларуска.
Читать на Onlíner— Як я надумала зрабіць такую татуіроўку? На той момант я была ў дэкрэце з дзіцём — суцэльны дзень сурка, — успамінае падзеі мінулых гадоў Жанна Барысевіч. — Аднойчы брат падарыў мне запрашальнік у аквапарк, каб я магла развеяцца. Таго дня я сапраўды расслабілася, мне вельмі спадабалася. Таму, калі аквапарк аб’явіў конкурс з татуіроўкай, я была не супраць паактыўнічаць. Мной кіравала цікаўнасць — а чаму б і не?
У прызначаны дзень майстар нанёс Жанне на нагу татуіроўку — наўзамен яна атрымала імянны сертыфікат і вусныя дамоўленасці. Гэта было ў маі 2018 года.
— Калі мне рабілі тату, я пыталася, ці будуць іншыя пераможцы. Мне сказалі: не, такую акцыю ладзяць першы і апошні раз, таму я буду адзінай дзяўчынай з лагатыпам аквапарку на целе ва ўсёй краіне. Мы пасмяяліся — і ўсё, закрылі гэтую тэму. Пра пісьмовую дамову даведвалася, але мяне пераканалі, што сертыфіката дастаткова, праблем дакладна не будзе.
На ўсялякі выпадак Жанна захавала некалькі скрыншотаў аб умовах конкурсу ў сацсетках. Прадстаўнікі аквапарку называлі прапанову з татуіроўкай «лотам для смелых» і сапраўды абяцалі забяспечыць абанемент «на ўсё жыццё».
На працягу пяці гадоў наша чытачка паспяхова карысталася выйгрышам. Спачатку наведвала аквапарк бясплатна разам з сынам, а калі той падрос — стала купляць для дзіцяці паўгадавыя абанементы, сама ж па-ранейшаму праходзіла свабодна, паказваючы тату замест аплаты.
— З сакавіка па жнівень мы ў аквапарку завісалі днямі. Бывала такое, што хадзілі туды па тры-чатыры разы на тыдзень. Мне здаецца, нас там ведалі ўсе дзяўчаты на касах і ратавальнікі, якім маё дзіцё пастаянна аддавала згубленыя на дне басейнаў бранзалеты. Мой твар ці нагу з татуіроўкай ратавальнікам пакажы — яны нават ува сне мяне пазнаюць, — запэўнівае мінчанка.
Сёлета ў сакавіку Жанна зноў купіла сыну паўгадавы абанемент і чарговы раз збіралася прысвяціць дзень рэлаксу. Аднак работнікі адмовіліся яе ўпусціць, спаслаўшыся на новыя правілы.
— Я вярнулася дадому і стала шукаць інфармацыю аб конкурсе на сайце аквапарку і ў сацсетках, але ўсе спасылкі аказаліся непрацоўнымі. Быццам нічога і не было... Пры гэтым ёсць навіны пра тату і бясплатны ўваход у аквапарк у СМІ — напрыклад, ад агенцтва «Мінск-Навіны».
Мінчанка аформіла пісьмовы зварот на імя дырэктара аквапарку. У адказе адзначана, што «на прадпрыемстве „Аква-Мінск“ адсутнічаюць якія-небудзь дакументы, што рэгламентуюць правядзенне конкурсу „Татуіроўка з лагатыпам аквапарку“ 19 мая 2018 года». Затое ўступілі ў сілу і дзейнічаюць новыя правілы наведвання, а яны льгот не прадугледжваюць.
У лісце таксама згадана, што за пяць гадоў праграма InPoint, пры дапамозе якой праводзіцца рэгістрацыя і кантроль наведвальнікаў аквапарку, ні разу не зафіксавала Жанну Барысевіч.
Далей ідуць каментарыі наконт магчымага парушэння дзяржпрадпрыемствам «Аква-Мінск» дадзенага ім публічнага абяцання. Сутнасць аргументаў зводзіцца да тэрміна «здзелка» і неабходнасці заключаць яе паміж юрыдычнай асобай і грамадзянамі ў пісьмовай форме. У адваротным выпадку ўмовы прызнаюцца несапраўднымі. Таксама ліст утрымлівае пералік выключэнняў, калі вусная форма здзелкі ўсё ж магчымая, але зразумець усе нюансы непадрыхтаванаму чалавеку складана.
Мы звярнуліся ў аквапарк па вусныя тлумачэнні, аднак нас адправілі афармляць пісьмовы запыт.
У Мінгарвыканкаме зрабілі спробу разабрацца ў сітуацыі пасля таго, як Жанна накіравала туды пісьмовы зварот. У адказе мінчанцы зноў нагадваюць пра тое, што ніякіх дакументаў, якія рэгламентуюць правядзенне конкурсу, на прадпрыемстве «Аква-Мінск» не выяўлена. Дамовы аказання паслуг на руках у дзяўчыны таксама няма, таму дапамагчы ёй у дадзенай сітуацыі можа толькі суд.
На нашу просьбу юрыст, спецыяліст па абароне правоў спажыўцоў Іван Райкевіч вывучыў сітуацыю і прапануе раскласці яе паэтапна.
— Ці быў конкурс з татуіроўкай? Так, быў, пра гэта ёсць паведамленні ў СМІ (аб правядзенні конкурсу гаворыцца і ў самім адказе ДП «Аква-Мінск» на зварот ад 30.03.2023).
Ці было пазначана ва ўмовах публічнага конкурсу, што татуіроўка дае права безлімітнага наведвання акваторыі да таго часу, пакуль выява ёсць на целе пераможцы лота? Так, было, пра што таксама згадваецца ў СМІ.
Ці мае права прадпрыемства ў аднабаковым парадку змяніць умовы конкурсу і перастаць выплачваць узнагароду пераможцу? Не, што непасрэдна ўстаноўлена арт. 928 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У названым выпадку прынятыя аквапаркам новыя правілы наведвання забаўляльнага комплексу «Лябяжы» супярэчаць раней прынятым рашэнням аб правядзенні конкурсу і выплаце ўзнагароды.
Ці прыступіў пасля конкурсу аквапарк да выканання ўмоў конкурсу, паводле якога дзяўчына з татуіроўкай мае права безлімітна наведваць аквапарк? Прыступіў. Тое, што праход дзяўчыны ў акваторыю не фіксавалі ў сістэме, — гэта сумнеўны аргумент, — лічыць юрыст.
Непераканаўчым Іван Райкевіч называе і тлумачэнне, што ў аквапарку адсутнічаюць патрэбныя дакументы, а з пераможцам не заключылі пісьмовую дамову.
— Гэта адлюстроўвае хутчэй арганізацыю прававой працы на прадпрыемстве. У дадзенай сітуацыі гэта не мяняе становішча спраў, паколькі доказы фактычных абставін знаходзяцца не толькі ў паказаннях сведак, але і ў СМІ.
Што атрымліваецца ў сухой рэшце? Як бачым, фактычна бакі прыступілі да выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў і на працягу пяці гадоў чалавеку даваўся бясплатны праход на тэрыторыю аквапарку. З улікам гэтых абставін, паказанняў сведак і доказаў у СМІ я рэкамендую мінчанцы звяртацца ў суд з іскавай заявай аб абароне яе правоў як пераможцы конкурсу. Ёсць таксама шанец урэгуляваць спрэчку ў дасудовым парадку, з мінімальнымі часовымі і фінансавымі стратамі для абодвух бакоў — як самастойна, так і з дапамогай медыятара (прымірыцеля).
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by