Алена Серада — гаспадыня харчэўні «Палюшкі» ў Тураве. Паспела ў жыцці багата, папрацавала нават старшынёй сельскага савета. Але, кажа, заўжды марыла пра сваю справу. Цяпер з гэтай жанчыны, з яе мовы ды яе прысмакаў у многіх іншаземцаў — а таксама і ў беларусаў — пачынаецца любоў да нашай краіны.
Читать на OnlínerАлена сама здзіўляецца: Прыпяць побач, але ж наўрад ці ў якой кавярні на Палессі вы знойдзеце стравы з рачной рыбы. Парадоксаў тут наогул хапае: сама гатуе нам незвычайную палескую юшку (не блытаць са звычайнай). Яна з галушкамі, у галушках асноўны сакрэт. У складзе — шчупакі, сала, цыбуля, морква, кроп ды іншыя спецыі (іх трэба малоць на старажытным млынку). Навошта сала? Кажа, што шчупак ды судак — рыба сухая, не мае свайго тлушчу. Таму трэба дадаць. Туды ж — моркву ды цыбулю...
Дзе бульба? Няма! Ці гэта законна?..
Але ж гаспадыня распавядае далёка не толькі пра цуды рэальнай беларускай кулінарыі.
Жанчына кажа, што да гэтай справы яе падштурхнула, як ні дзіўна, хвароба. Было складанае лячэнне, хіміятэрапія, аперацыя, потым — рэмісія. Алена ставіцца да гэтага так:
— Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Хвароба падказала: ты ж умееш нешта рабіць. Адна з частак нашага сямейнага праекта — матывацыйная. Я хачу паказаць людзям, якія хварэюць, што жыццё не заканчваецца, трэба змагацца, хапацца за любую саломінку.
— Многія знаходзяць нашу мову цудоўнай, пявучай, мілагучнай. Так, некаторыя просяць размаўляць на «нормальном языке»... Але ў асноўным усе: і беларусы, і іншаземцы — проста ў захапленні. Наша мова ж наогул багатая. Напрыклад, па-руску — «открываешь дверь», «открываешь книгу» і гэтак далей. Па-беларуску — «адчыняем дзверы», «разгортваем кнігу», «расплюшчваем вочы», «разяўляем рот»...
— Прыязджаюць людзі, некалькі пакаленняў якіх вырасла ў шматпавярховіках. Яны нічога такога не ведаюць! Люблю, калі з дзеткамі прыязджаюць. Былі з Мексікі, Ізраіля, Аўстрыі, Аўстраліі, Нямеччыны... Некаторыя наогул не ведалі пра Беларусь, пра тое, што мы такія ёсць на карце свету. Мне прыемна, што знаёмства з нашай краінай, з беларускай кухняй пачынаецца са знаёмства са мной.
— Проста прыйсці і паесці можна ў любым месцы. А вось паесці ды паразмаўляць, пачуць байку нейкую... З Нямеччыны неяк прыязджалі людзі, замовілі боршч са шчаўя. І вось сталы такі мужчына еў — ды заплакаў! Кажа: я апошні раз гэта еў у бабулі, калі быў маленькі, а потым мы з'ехалі... Вось гэта галоўнае — успаміны ў людзей абуджаюцца. А калі проста паставіць — ну з'есць ды пойдзе...
«Можа, ты ідзеш па грунтоўцы, а побач ёсць аўтабан?»
— Раней людзі надта залежалі ад таго, што скажуць, што падумаюць пра іх. Багата людзей майго ўзросту — недааграномы, недабухгалтары, неданастаўнікі: пайшлі вучыцца, таму што ну маці так захацела ці сяброўка пайшла... Мы ўсе баяліся: як жа я пакіну гэтую працу, а што скажуць людзі? І я была такая — ішла на працу, як авечка на закланне. Мне не падабалася — але я мусіла. Мы абабілі гэтую дарогу — і па ёй ідзём. А можа, гэта не адзіная дарога? Можа, ты ідзеш па грунтоўцы, а побач ёсць аўтабан? Але паміж гэтымі дарогамі лес, і ты баішся перайсці — а можа, там воўк?
— Не люблю бульбу, хоць ты трэсні! Вось муж можа есці яе 24 на 7, а я не. Нават ёсць мара выдаць кнігу «Беларуская кухня без бульбы». Бульба ж не беларуская ежа, не наша.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by