Калі паслухаць жаночых коўчаў з Instagram, то дзяўчына ў лепшым выпадку можа пагардліва зірнуць на патэнцыйнага партнёра — ніякіх знакаў увагі, першых паведамленняў і ўжо тым больш запрашэнняў на спатканні. Ды і стэрэатыпы адышлі недалёка: мужчына — паляўнічы, жанчына — здабыча. Мы вырашылі праверыць, як насамрэч хлопцы рэагуюць на прапанову пазнаёміцца з боку дзяўчыны.
Читать на OnlínerДадзена: дзяўчына 29 гадоў, Мінск узору 2023 года і мільён жартаў пра пераследы за дамаганні. Для чысціні эксперыменту мы абралі тры розныя спосабы знаёмства: у грамадскім месцы, у бары і ў дэйтынгавым дадатку. Выклік прыняты!
Пачаць я вырашыла з самага складанага варыянта. І рэч нават не ў тым, хто знаёміцца першым. Толькі ў рамантычных камедыях сітуацыя, калі цябе даганяюць на вуліцы, выглядае міла. У рэальным жыцці думка толькі адна: гэта што яшчэ за маньяк? Ён што, не ў курсе пра існаванне інтэрнэту?!
Узімку падстроіць такое знаёмства, здаецца, крыху складаней — хіба што ўрэзацца ў прывабнага хлопца з пакетам мандарынаў, яны разляцяцца па ўсім асфальце, а калі вы пачняце іх разам збіраць, вашы погляды сустрэнуцца... Ну так, стане хтосьці поўзаць па мінскіх лужынах.
Таму з усіх грамадскіх месцаў я выбрала самае нейтральнае — краму перад закрыццём. У такім выпадку спробу завязаць знаёмства заўсёды можна спісаць проста на залішнюю таварыскасць. Для пачатку — прадуктовая. Якраз надоечы бачыла такую схему ў адным з фільмаў.
Першай «ахвярай» стаў хлопец перада мной на касе, які купляў 10 упаковак кацінага корму.
— Ого, у кагосьці сёння плануецца свята! — усміхаюся, але хочацца закрыць вочы рукамі і ніколі не вяртацца ў гэтую краму.
У адказ вельмі доўгае маўчанне. І неразборлівы адказ нават без ценю ўсмешкі: «Гэта для коткі маёй дзяўчыны». Свята плануецца, але відавочна не на маёй вуліцы.
Наступная спроба — і зноў правал. Фраза «О, гэта і мае любімыя цукеркі!» не выклікала ўвогуле ніякай рэакцыі. Ну, акрамя маёй зніжанай самаацэнкі, вядома.
Людзі, якія купляюць алкаголь, звычайна больш схільныя да гутарак. Таму мой выбар спыніўся на хлопцу з дзвюма бутэлькамі віна ў руках.
— А вы спрабавалі гэта віно? Не магу вызначыцца.
— Не-а, першы раз бачу. Тут проста пацешная этыкетка.
Дзякуй богу, ён хоць усміхаецца!
— А можа, параіце якое-небудзь сухое чырвонае?
— Ды я наогул у віне не разбіраюся, гэта для паненак. Сам я аддаю перавагу... — нясмелую надзею за секунду знішчаюць яго сябры, якія з’яўляюцца з суседняга аддзела. — О, нам пара. Выбачаюся.
Так, з супермаркетамі ўсё зразумела. Здаецца, гэта цалкам бесперспектыўны варыянт, калі не браць шчаслівы выпадак.
Перамяшчаюся ў будаўнічую краму. Мэта — купіць падаўжальнік. На шчасце, ён мне сапраўды патрэбен і я ў іх зусім не разбіраюся.
— Малады чалавек, а вы не дапаможаце мне з выбарам... — не паспяваю дагаварыць падрыхтаваную фразу, як у адказ чую: «Тут ёсць прадаўцы-кансультанты, яны вам лепш дапамогуць». Грубавата, але справядліва.
Ён жа не ведае, што нас мог чакаць не толькі пяціхвілінны выбар падаўжальніка, але і светлая сумесная будучыня!
Другі малады чалавек, вельмі спагадлівы, падрабязна адказвае на ўсе мае пытанні. Праўда, наш прыемны дыялог перапыняецца званком, які ён пачынае словамі: «Так, мілая!» Што ж, гэта фіяска.
Больш ніводнай цікавай гісторыі, акрамя таго, што мужчыны 50+ падыходзяць самі. Яны гатовы даць і параду, і свой нумар тэлефона, нават калі іх аб гэтым не просіш.
Апошні шанец — крама парфумерыі. Па легендзе я выбіраю духі брату і ніяк не магу абысціся без мужчынскай рады.
— Малады чалавек, вы выглядаеце як той, хто разбіраецца ў парфумерыі. Не дапаможаце мне з выбарам?
Разам спрабуем з дзясятак водараў. Думаю, уяўны брат застанецца задаволены нашым канчатковым варыянтам! Сумесь пахаў ударае ў галаву, таму я працягваю:
— Вы так стылёва выглядаеце. Магу зрабіць здагадку, што вы ведзяце блог пра моду.
У адказ — залівісты смех.
— Або прынамсі ў вас вельмі прыгожы Instagram.
Цяпер мяне не спыніць. Таму праз пару хвілін у нас ужо ўзаемная падпіска ў сацсетках. Лічу гэта невялічкай перамогай. Але высвятляецца, што герой (не) майго рамана жыве не ў Мінску, а ў суседняй сталіцы.
На гэтым эксперымент з крамамі лічу скончаным. Вынік — нулявы. Але буду думаць, што прычына не ў тым, хто праяўляе ініцыятыву, а ў няўдалым месцы. Ну, і яшчэ ў пухавіку з шапкай — фліртаваць у іх надзвычай складана.
Разам з сяброўкай выпраўляюся ў адзін з улюбёных мінскіх бараў. Ён знакаміты не толькі шотамі і танцамі, але і магчымасцю спяваць караоке. Выхадны вельмі дарэчы: люблю натоўп, у ім можна схаваць мае няўдалыя заляцанні.
Дарэчы, у абарону ўсіх мужчын. Гэтулькі жартаў пра фразу «Адна тут адпачываеш?» абсалютна неапраўдана! Калі падыходзіш знаёміцца, гэта сапраўды першае (ды і проста адзінае), што прыходзіць у галаву.
Вось з гэтага і пачынаю. Доўга выглядаю «здабычу» і кіруюся да вельмі высокага хлопца, які ўсё ніяк не можа зрабіць замову на бары.
— Адзін тут адпачываеш?
— Не, з сябрамі. А ты што, хацела мяне раскруціць на кактэйль?
Ваў. Такога павароту я сапраўды не чакала. Хочацца пажартаваць, што не, толькі на скрыню Moet. Але я стрымліваюся як магу.
— Ды не. Я сама магу цябе пачаставаць, — гэта ў мае планы не ўваходзіла, але на што толькі не пойдзеш дзеля эксперыменту.
— Мяне яшчэ ніводная дзяўчына не частавала. Але я адмоўлюся, а то сябры няправільна зразумеюць.
Логіка для мяне невідавочная, тым не менш не настойваю. Я ж проста ініцыятыўная, але нікога не даймаю. Аднак эксперымент з кактэйлем вырашаю ўсё ж працягнуць.
Выбіраю хлопца ля барнай стойкі, падобнага да заўзятага тусоўшчыка. Ужо ён не павінен адмовіць.
— Прывітанне. А можна я пачастую цябе кактэйлем? У мяне сёння проста добры настрой.
— Так, дзе схаваная камера? Сяброўка твая здымае, так?
— Што-о-о? — раблю бязмерна здзіўлены твар.
— Ды ніколі прыгожая дзяўчына не пойдзе знаёміцца сама. Усё, што ёй трэба рабіць, — гэта сядзець і чакаць. А кактэйль самой купляць — гэта дык наогул нешта нечуванае.
А ён здагадлівы, таму прыадкрываю таямніцу нашага эксперыменту і рашуча мяняю тактыку. Прыйшоў час вярнуцца да стратэгіі школьных дыскатэк. Проста запрашаю на танец таго, хто стаіць бліжэй за ўсіх. Хлопец згаджаецца, але размова ніяк не клеіцца: ці музыка грае занадта гучна, ці наша сумяшчальнасць роўная нулю. Наша лаў-сторы заканчваецца на адным танцы.
Каб усё не выглядала занадта падазрона, перамяшчаемся ў іншы бар — і вось яна, хвіліна трыумфу! Сімпатычны малады чалавек з кампаніі хлопцаў увесь час кідае погляды ў наш бок. Перахапляю яго на шляху да бара — на маю прапанову пазнаёміцца ён адказвае з радасцю і без ценю здзіўлення. Праўда, потым аказваецца, што яму спадабалася мая сяброўка. Але гэтую частку эксперыменту я ўсё роўна лічу паспяховай.
Выснова толькі па адным вечары: знаёміцца самой у бары можна, але лепш з тым, хто ўжо звярнуў на цябе ўвагу.
Нарэшце! Больш ніякай прылюднай ганьбы — ціхі ўтульны свет інтэрнэту, дзе заўсёды можна проста націснуць «анмэтч». Здаецца, этыкет дэйтынгавых дадаткаў ужо прымае тое, што першымі пісаць могуць як хлопцы, так і дзяўчаты. Зрэдку трапляюцца экземпляры «Права напісаць першым я пакіну за сабой», але гэта выключэнне. Наадварот, часта хлопцы крыўдзяцца на дзяўчат яшчэ ў анкеце. Маўляў, ты не паверыш: калі напісаць першай, рука не адсохне і Зямля не сыдзе з арбіты. Што ж, давядзецца пайсці на рызыку.
Вырашаю пачаць са складаных жартачкаў, прывязаных да анкеты. Але хутка цярплю няўдачу: тры запар выдаленні пары пра нешта ды кажуць. Добра, на хвалю гумару яшчэ трэба настроіцца. Але напісаць «Прывітанне, як маешся?» я таксама не магу сабе дазволіць: нудота.
Да тых, у каго ўвогуле няма ніякага апісання, адразу вырашаю не звяртацца. А вось фраза «Табе не давядзецца гатаваць» выглядае вельмі шматабяцальна. Ага, так і пачну: «Прывітанне, тваё апісанне проста мара!» Адказ атрымліваю даволі хутка. Праўда, і ва ўсёй размове ініцыятыву даводзіцца цягнуць на сабе. Абмеркаванне фірмовых страў і сакрэтаў майстэрства хутка сходзіць на нішто. Ніводнага сустрэчнага пытання — толькі туманная прапанова «пагуляць якніць». Гэта даслоўная цытата.
Міма наступнай анкеты проста немагчыма прайсці: «Будзь нармальнай пліз. Вельмі не хочацца, каб гісторыя нашай першай сустрэчы трапіла ў калонку анлайнера пра самае трэшавае спатканне». Што ж, у яе ёсць усе шанцы патрапіць у іншую.
Хутка высвятляем, што для паспяховага спаткання дастаткова прыйсці цвярозай і не пакутаваць ад млосці прама ў машыне. Я б паслухала гэтую гісторыю ўжывую. Але пытанні зноў вымушана задаваць сама. Праўда, пасля паведамлення «Так ужо і быць. Можаш прыходзіць на свіданачку голая ў плашчы. Калі застудзішся, буду насіць табе апельсінкі» ўсе пытанні адпадаюць.
«Не напісаў? Гэта з-за прыроднай сціпласці» — аўтара гэтай анкеты так і хочацца падтрымаць добрым словам.
— Прывітанне. Нашаму мэтчу ўжо тыдзень. Самы час спытаць: як там твая прыродная сціпласць? )
— Ты засякала час?
— Так, закрэслівала дні на календары!
— Зусім заняцца вам няма чым...
Зразумела. Пачуццё гумару раздавалі ў той жа чарзе, што і прыродную смеласць.
Новая анкета — і першае ваў: «Праехаў аўтаспынам усю Ісландыю па крузе за тыдзень». Гэтага цалкам дастаткова як мінімум для інтэрв’ю... Але мы ж тут дзеля знаёмстваў сабраліся: «Прывітанне! Твая авантурнасць уражвае». Суразмоўца тут жа перахапляе ініцыятыву і пачынае пытацца пра мяне. Прыемна. Размова атрымліваецца вельмі жывой. Перапіска не цішэе некалькі дзён. Але ўсё роўна абрываецца на маім адказе, у якім няма пытання.
Няўжо ў дадатках для знаёмстваў ні на секунду нельга перапыняць анкетаванне?
Яшчэ адзін дыялог больш нагадвае кансультацыю па візе. Хоць вельмі падрабязная анкета з апісаннем усіх інтарэсаў нібы абяцае займальную гутарку. Але размова завязваецца толькі вакол падарожжаў, а дакладней, як пры цяперашніх абставінах у іх паехаць.
Але больш за ўсё вабяць, вядома, профілі, якія адразу ў гумар: «Рост 170 сантыметраў, але магу ісці па бардзюры». Вось з пахвалы пачуцця гумару і пачнём размову. І нават адказ «Банжурыкі, красунька» не збівае мой настрой. Люблю людзей, якія ведаюць, што ліміт слоў у дадатках для знаёмстваў не абмежаваны. Дыялог вельмі актыўны, але — сюрпрыз — малады чалавек рыхтуецца да хуткага пераезду ў Польшчу...
«Стаў сардэчка, калі ў цябе ёсць сэрца» — і як можна прайсці міма такой анкеты? Гутарка атрымліваецца ўзорнай, калі не трэба, высільваючыся, прыдумляць пытанні і размова льецца сама. Гутарым аб усім на свеце: аб працы, захапленнях, падарожжах. Але нават гэтая бурная плынь вычэрпваецца праз некалькі дзён нават без намёку на спатканне.
Сярэдняя тэмпература па бальніцы такая: на паведамленні ад дзяўчыны хлопцы адказваюць ахвотна, праўда, самі не гатовы праяўляць ініцыятыву і ў далейшай размове. Выключэнні бываюць — часта гаваркога суразмоўцу можна прадбачыць па бойкай анкеце. Мабыць, гэты спосаб найперспектыўнейшы і сапраўды самы ашчадны для псіхікі, але адназначна не хуткі.
А пазнаёміцца можна пры любых абставінах. Рамантычныя камедыі хіба не на рэальных падзеях заснаваны?
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by