«Хочаш раскруціць мяне на кактэйль?» Эксперымент: як хлопцы рэагуюць на ініцыятыву ад дзяўчыны

6847
20 января 2023 в 20:44
Источник: Дар’я Каско. Фото: Аляксандр Ружачка. Пераклад: Вiкторыя Голубева

«Хочаш раскруціць мяне на кактэйль?» Эксперымент: як хлопцы рэагуюць на ініцыятыву ад дзяўчыны

Калі паслухаць жаночых коўчаў з Instagram, то дзяўчына ў лепшым выпадку можа пагардліва зірнуць на патэнцыйнага партнёра — ніякіх знакаў увагі, першых паведамленняў і ўжо тым больш запрашэнняў на спатканні. Ды і стэрэатыпы адышлі недалёка: мужчына — паляўнічы, жанчына — здабыча. Мы вырашылі праверыць, як насамрэч хлопцы рэагуюць на прапанову пазнаёміцца з боку дзяўчыны.

Дадзена: дзяўчына 29 гадоў, Мінск узору 2023 года і мільён жартаў пра пераследы за дамаганні. Для чысціні эксперыменту мы абралі тры розныя спосабы знаёмства: у грамадскім месцы, у бары і ў дэйтынгавым дадатку. Выклік прыняты!

Спосаб першы. Бесперспектыўны

Пачаць я вырашыла з самага складанага варыянта. І рэч нават не ў тым, хто знаёміцца першым. Толькі ў рамантычных камедыях сітуацыя, калі цябе даганяюць на вуліцы, выглядае міла. У рэальным жыцці думка толькі адна: гэта што яшчэ за маньяк? Ён што, не ў курсе пра існаванне інтэрнэту?!

Узімку падстроіць такое знаёмства, здаецца, крыху складаней — хіба што ўрэзацца ў прывабнага хлопца з пакетам мандарынаў, яны разляцяцца па ўсім асфальце, а калі вы пачняце іх разам збіраць, вашы погляды сустрэнуцца... Ну так, стане хтосьці поўзаць па мінскіх лужынах.

Таму з усіх грамадскіх месцаў я выбрала самае нейтральнае — краму перад закрыццём. У такім выпадку спробу завязаць знаёмства заўсёды можна спісаць проста на залішнюю таварыскасць. Для пачатку — прадуктовая. Якраз надоечы бачыла такую схему ў адным з фільмаў.

Першай «ахвярай» стаў хлопец перада мной на касе, які купляў 10 упаковак кацінага корму.

— Ого, у кагосьці сёння плануецца свята! — усміхаюся, але хочацца закрыць вочы рукамі і ніколі не вяртацца ў гэтую краму.

У адказ вельмі доўгае маўчанне. І неразборлівы адказ нават без ценю ўсмешкі: «Гэта для коткі маёй дзяўчыны». Свята плануецца, але відавочна не на маёй вуліцы.

Наступная спроба — і зноў правал. Фраза «О, гэта і мае любімыя цукеркі!» не выклікала ўвогуле ніякай рэакцыі. Ну, акрамя маёй зніжанай самаацэнкі, вядома.

Людзі, якія купляюць алкаголь, звычайна больш схільныя да гутарак. Таму мой выбар спыніўся на хлопцу з дзвюма бутэлькамі віна ў руках.

— А вы спрабавалі гэта віно? Не магу вызначыцца.

— Не-а, першы раз бачу. Тут проста пацешная этыкетка.

Дзякуй богу, ён хоць усміхаецца!

— А можа, параіце якое-небудзь сухое чырвонае?

— Ды я наогул у віне не разбіраюся, гэта для паненак. Сам я аддаю перавагу... — нясмелую надзею за секунду знішчаюць яго сябры, якія з’яўляюцца з суседняга аддзела. — О, нам пара. Выбачаюся.

Так, з супермаркетамі ўсё зразумела. Здаецца, гэта цалкам бесперспектыўны варыянт, калі не браць шчаслівы выпадак.

Перамяшчаюся ў будаўнічую краму. Мэта — купіць падаўжальнік. На шчасце, ён мне сапраўды патрэбен і я ў іх зусім не разбіраюся.

— Малады чалавек, а вы не дапаможаце мне з выбарам... — не паспяваю дагаварыць падрыхтаваную фразу, як у адказ чую: «Тут ёсць прадаўцы-кансультанты, яны вам лепш дапамогуць». Грубавата, але справядліва.

Ён жа не ведае, што нас мог чакаць не толькі пяціхвілінны выбар падаўжальніка, але і светлая сумесная будучыня!

Другі малады чалавек, вельмі спагадлівы, падрабязна адказвае на ўсе мае пытанні. Праўда, наш прыемны дыялог перапыняецца званком, які ён пачынае словамі: «Так, мілая!» Што ж, гэта фіяска.

Больш ніводнай цікавай гісторыі, акрамя таго, што мужчыны 50+ падыходзяць самі. Яны гатовы даць і параду, і свой нумар тэлефона, нават калі іх аб гэтым не просіш.

Апошні шанец — крама парфумерыі. Па легендзе я выбіраю духі брату і ніяк не магу абысціся без мужчынскай рады.

— Малады чалавек, вы выглядаеце як той, хто разбіраецца ў парфумерыі. Не дапаможаце мне з выбарам?

Разам спрабуем з дзясятак водараў. Думаю, уяўны брат застанецца задаволены нашым канчатковым варыянтам! Сумесь пахаў ударае ў галаву, таму я працягваю:

— Вы так стылёва выглядаеце. Магу зрабіць здагадку, што вы ведзяце блог пра моду.

У адказ — залівісты смех.

— Або прынамсі ў вас вельмі прыгожы Instagram.

Цяпер мяне не спыніць. Таму праз пару хвілін у нас ужо ўзаемная падпіска ў сацсетках. Лічу гэта невялічкай перамогай. Але высвятляецца, што герой (не) майго рамана жыве не ў Мінску, а ў суседняй сталіцы.

На гэтым эксперымент з крамамі лічу скончаным. Вынік — нулявы. Але буду думаць, што прычына не ў тым, хто праяўляе ініцыятыву, а ў няўдалым месцы. Ну, і яшчэ ў пухавіку з шапкай — фліртаваць у іх надзвычай складана.

Спосаб другі. Дзёрзкі

Разам з сяброўкай выпраўляюся ў адзін з улюбёных мінскіх бараў. Ён знакаміты не толькі шотамі і танцамі, але і магчымасцю спяваць караоке. Выхадны вельмі дарэчы: люблю натоўп, у ім можна схаваць мае няўдалыя заляцанні.

Дарэчы, у абарону ўсіх мужчын. Гэтулькі жартаў пра фразу «Адна тут адпачываеш?» абсалютна неапраўдана! Калі падыходзіш знаёміцца, гэта сапраўды першае (ды і проста адзінае), што прыходзіць у галаву.

Вось з гэтага і пачынаю. Доўга выглядаю «здабычу» і кіруюся да вельмі высокага хлопца, які ўсё ніяк не можа зрабіць замову на бары.

— Адзін тут адпачываеш?

— Не, з сябрамі. А ты што, хацела мяне раскруціць на кактэйль?

Ваў. Такога павароту я сапраўды не чакала. Хочацца пажартаваць, што не, толькі на скрыню Moet. Але я стрымліваюся як магу.

— Ды не. Я сама магу цябе пачаставаць, — гэта ў мае планы не ўваходзіла, але на што толькі не пойдзеш дзеля эксперыменту.

— Мяне яшчэ ніводная дзяўчына не частавала. Але я адмоўлюся, а то сябры няправільна зразумеюць.

Логіка для мяне невідавочная, тым не менш не настойваю. Я ж проста ініцыятыўная, але нікога не даймаю. Аднак эксперымент з кактэйлем вырашаю ўсё ж працягнуць.

Выбіраю хлопца ля барнай стойкі, падобнага да заўзятага тусоўшчыка. Ужо ён не павінен адмовіць.

— Прывітанне. А можна я пачастую цябе кактэйлем? У мяне сёння проста добры настрой.

— Так, дзе схаваная камера? Сяброўка твая здымае, так?

— Што-о-о? — раблю бязмерна здзіўлены твар.

— Ды ніколі прыгожая дзяўчына не пойдзе знаёміцца сама. Усё, што ёй трэба рабіць, — гэта сядзець і чакаць. А кактэйль самой купляць — гэта дык наогул нешта нечуванае.

А ён здагадлівы, таму прыадкрываю таямніцу нашага эксперыменту і рашуча мяняю тактыку. Прыйшоў час вярнуцца да стратэгіі школьных дыскатэк. Проста запрашаю на танец таго, хто стаіць бліжэй за ўсіх. Хлопец згаджаецца, але размова ніяк не клеіцца: ці музыка грае занадта гучна, ці наша сумяшчальнасць роўная нулю. Наша лаў-сторы заканчваецца на адным танцы.

Каб усё не выглядала занадта падазрона, перамяшчаемся ў іншы бар — і вось яна, хвіліна трыумфу! Сімпатычны малады чалавек з кампаніі хлопцаў увесь час кідае погляды ў наш бок. Перахапляю яго на шляху да бара — на маю прапанову пазнаёміцца ён адказвае з радасцю і без ценю здзіўлення. Праўда, потым аказваецца, што яму спадабалася мая сяброўка. Але гэтую частку эксперыменту я ўсё роўна лічу паспяховай.

Выснова толькі па адным вечары: знаёміцца самой у бары можна, але лепш з тым, хто ўжо звярнуў на цябе ўвагу.

Спосаб трэці. Ашчадны для псіхікі

Нарэшце! Больш ніякай прылюднай ганьбы — ціхі ўтульны свет інтэрнэту, дзе заўсёды можна проста націснуць «анмэтч». Здаецца, этыкет дэйтынгавых дадаткаў ужо прымае тое, што першымі пісаць могуць як хлопцы, так і дзяўчаты. Зрэдку трапляюцца экземпляры «Права напісаць першым я пакіну за сабой», але гэта выключэнне. Наадварот, часта хлопцы крыўдзяцца на дзяўчат яшчэ ў анкеце. Маўляў, ты не паверыш: калі напісаць першай, рука не адсохне і Зямля не сыдзе з арбіты. Што ж, давядзецца пайсці на рызыку.

Вырашаю пачаць са складаных жартачкаў, прывязаных да анкеты. Але хутка цярплю няўдачу: тры запар выдаленні пары пра нешта ды кажуць. Добра, на хвалю гумару яшчэ трэба настроіцца. Але напісаць «Прывітанне, як маешся?» я таксама не магу сабе дазволіць: нудота.

Да тых, у каго ўвогуле няма ніякага апісання, адразу вырашаю не звяртацца. А вось фраза «Табе не давядзецца гатаваць» выглядае вельмі шматабяцальна. Ага, так і пачну: «Прывітанне, тваё апісанне проста мара!» Адказ атрымліваю даволі хутка. Праўда, і ва ўсёй размове ініцыятыву даводзіцца цягнуць на сабе. Абмеркаванне фірмовых страў і сакрэтаў майстэрства хутка сходзіць на нішто. Ніводнага сустрэчнага пытання — толькі туманная прапанова «пагуляць якніць». Гэта даслоўная цытата.

Міма наступнай анкеты проста немагчыма прайсці: «Будзь нармальнай пліз. Вельмі не хочацца, каб гісторыя нашай першай сустрэчы трапіла ў калонку анлайнера пра самае трэшавае спатканне». Што ж, у яе ёсць усе шанцы патрапіць у іншую.

Хутка высвятляем, што для паспяховага спаткання дастаткова прыйсці цвярозай і не пакутаваць ад млосці прама ў машыне. Я б паслухала гэтую гісторыю ўжывую. Але пытанні зноў вымушана задаваць сама. Праўда, пасля паведамлення «Так ужо і быць. Можаш прыходзіць на свіданачку голая ў плашчы. Калі застудзішся, буду насіць табе апельсінкі» ўсе пытанні адпадаюць.

«Не напісаў? Гэта з-за прыроднай сціпласці» — аўтара гэтай анкеты так і хочацца падтрымаць добрым словам.

— Прывітанне. Нашаму мэтчу ўжо тыдзень. Самы час спытаць: як там твая прыродная сціпласць? )

— Ты засякала час?

— Так, закрэслівала дні на календары!

— Зусім заняцца вам няма чым...

Зразумела. Пачуццё гумару раздавалі ў той жа чарзе, што і прыродную смеласць.

Новая анкета — і першае ваў: «Праехаў аўтаспынам усю Ісландыю па крузе за тыдзень». Гэтага цалкам дастаткова як мінімум для інтэрв’ю... Але мы ж тут дзеля знаёмстваў сабраліся: «Прывітанне! Твая авантурнасць уражвае». Суразмоўца тут жа перахапляе ініцыятыву і пачынае пытацца пра мяне. Прыемна. Размова атрымліваецца вельмі жывой. Перапіска не цішэе некалькі дзён. Але ўсё роўна абрываецца на маім адказе, у якім няма пытання.

Няўжо ў дадатках для знаёмстваў ні на секунду нельга перапыняць анкетаванне?

Яшчэ адзін дыялог больш нагадвае кансультацыю па візе. Хоць вельмі падрабязная анкета з апісаннем усіх інтарэсаў нібы абяцае займальную гутарку. Але размова завязваецца толькі вакол падарожжаў, а дакладней, як пры цяперашніх абставінах у іх паехаць.

Але больш за ўсё вабяць, вядома, профілі, якія адразу ў гумар: «Рост 170 сантыметраў, але магу ісці па бардзюры». Вось з пахвалы пачуцця гумару і пачнём размову. І нават адказ «Банжурыкі, красунька» не збівае мой настрой. Люблю людзей, якія ведаюць, што ліміт слоў у дадатках для знаёмстваў не абмежаваны. Дыялог вельмі актыўны, але — сюрпрыз — малады чалавек рыхтуецца да хуткага пераезду ў Польшчу...

«Стаў сардэчка, калі ў цябе ёсць сэрца» — і як можна прайсці міма такой анкеты? Гутарка атрымліваецца ўзорнай, калі не трэба, высільваючыся, прыдумляць пытанні і размова льецца сама. Гутарым аб усім на свеце: аб працы, захапленнях, падарожжах. Але нават гэтая бурная плынь вычэрпваецца праз некалькі дзён нават без намёку на спатканне.

Сярэдняя тэмпература па бальніцы такая: на паведамленні ад дзяўчыны хлопцы адказваюць ахвотна, праўда, самі не гатовы праяўляць ініцыятыву і ў далейшай размове. Выключэнні бываюць — часта гаваркога суразмоўцу можна прадбачыць па бойкай анкеце. Мабыць, гэты спосаб найперспектыўнейшы і сапраўды самы ашчадны для псіхікі, але адназначна не хуткі.

А пазнаёміцца можна пры любых абставінах. Рамантычныя камедыі хіба не на рэальных падзеях заснаваны?

Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
влажная уборка, мощность 80 Вт
Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
влажная уборка, мощность 80 Вт

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by

Источник: Дар’я Каско. Фото: Аляксандр Ружачка. Пераклад: Вiкторыя Голубева