Дачы, ікра і нават атракцыёны. Не паверыце, але так задоўга да нас адпачывалі жыхары Мінска

Источник: Тарас Шчыры, Сяргей Харэўскі. Прадзюсер: Антон Каляга. Мантаж: Саша Маніту. Фото: Ганна Іванова, Улад Барысевіч
13 913
12 июня 2022 в 8:00

А ў нас добрая навіна! Пасля перапынку зноў вяртаецца падкаст «Пашпарт грамадзяніна», у межах якога мы расказваем пра разнастайныя цікавосткі з беларускай гісторыі і культуры. Гэтым разам пагаворым аб тым, як у мінулым адпачывалі жыхары Мінска, куды хадзілі на пікнікі, дзе можна было набыць найлепшую каву і ў якім рэстаране танцавалі чачотку. Аб усім гэтым і не толькі нам распавёў добры знаўца горада, культуролаг, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Читать на Onlíner

Слухайце падкаст у Apple Podcasts«Яндэкс.Музыцы»Castbox i iншых пляцоўках


— Спадар Сяргей, давайце напачатку вызначым, якім быў Мінск да рэвалюцыі.

— Мінск тады быў абноўленым, чысценькім і вельмі рэспектабельным горадам. Цудоўныя апісанні таго горада засталіся ў Паўла Шпілеўскага і Уладзіслава Сыракомлі, і я вельмі рэкамендую іх нашым чытачам. Гэтыя тэксты можна лёгка знайсці ў сеціве. Пачытайце, якім быў амаль ідылічны горад у самай сярэдзіне XIX стагоддзя. Потым адбыўся крызіс, у 1881-м прайшоў страшэнны пажар. Драўляны Мінск, а ён тады быў пераважна такім, моцна пагарэў і выглядаў кашмарна. Гравюры мастака Бароўскага, створаныя для польскага часопіса «Тыгоднік ілюстраваны», паказваюць Мінск спаленым, нібыта пасля вайны. Стаялі толькі коміны і абпаленыя святыні. Пасля той катастрофы горад паціху пачаў адбудоўвацца і на пачатку XX стагоддзя набыў сваю колішнюю імпазантнасць.

У ім былі цудоўныя зялёныя сады. Той жа славуты Губернатарскі сад (цяперашні Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага. — Заўв. Onlíner), якому ўжо было за 100 гадоў на той час. У першыя гады XX стагоддзя з'явіліся новыя святыні: Чырвоны касцёл, новыя мячэць, сінагога, праваслаўныя храмы.

Мінск сапраўды выглядаў еўрапейскім горадам, пра што ў часы савецка-польскай вайны пісалі тыя, хто быў тут праездам. Той жа славуты рэжысёр Сяргей Эйзенштэйн.

Шмат у чым да гэтага спрычынілася палітычная лібералізацыя. Імкліва развівалася буржуазія. Ну і Мінск стаяў на скрыжаванні дарог, як некаторыя гарады стаяць каля мора. Але портам тут была чыгунка, і ў горадзе знаходзіліся некалькі вакзалаў — Брэст-Літоўскі і Віленскі, які цяпер лічыцца цэнтральным. Вакол чыгункі і пры ёй тады паўстала наша нацыянальная інтэлігенцыя. У рэшце рэшт на ёй працавалі паэты Янка Лучына, Максім Багдановіч, тэатральны дзеяч Уладзіслаў Галубок... Культурнае жыццё чыгуначнікаў было досыць актыўнае. Для іх, дарэчы, будавалі цэлыя кварталы. Адзіная вулачка, якая ад іх засталася, — гэта Паўночны завулак. На той час там знаходзіліся камфартабельныя катэджы з выгодамі цывілізацыі — водаправодам і каналізацыяй. Тады гэта быў люкс. Так што Мінск на пачатку XX стагоддзя бясспрэчна належаў да найбольш рэспектабельных і камфортных гарадоў тагачаснай Расійскай імперыі.

— Зразумела. У плане адпачынку гэта таксама быў даволі развіты горад?

— Безумоўна. Традыцыйныя месцы маёвак — пушча Ваньковічаў, Камароўскі лес, Залатая Горка, дзе знаходзіўся сасновы бор, хутар Людамонт, куды на выхадных паласавацца суніцамі з вяршкамі або са смятанай выпраўляліся мінчукі. Быў парк актыўнага адпачынку «Цівалі», на месцы якога цяпер знаходзіцца кінатэатр «Аўрора». Калісьці там месцілася рэзідэнцыя мінскіх каталіцкіх біскупаў. Пасля паўстання 1863 года яе канфіскавалі, мясцовасць набыў немец Гольцберг, які зрабіў там нешта падобнае да капенгагенскага парку адпачынку і таксама назваў «Цівалі». Там можна было пакатацца на роварах, пагуляць у бадмінтон, пракаціцца на конях і правесці час на вольным паветры. Наогул у тыя гады быў невераемна папулярны дачны адпачынак, і ў ваколіцах Мінска будаваліся дамы на лета.

У Губернатарскім садзе знаходзіліся велатрэк, шапіто, забаўкі на любы густ і ўзрост, кавярні, рэстараны.

Так раней выглядаў Губернатарскі сад

Вялікай папулярнасцю карыстаўся Аляксандраўскі сквер, дзе, дарэчы, з'явіўся першы газетны кіёск у горадзе, а каля сквера — першая станцыя таксі. Як вядома, па загадзе цара Мікалая І знеслі ратушу, і на яе месцы з'явіўся скверык, які таксама карыстаўся папулярнасцю сярод жыхароў горада.

Так сёння выглядае сквер каля ратушы
Усе формы адпачынку, якія мы сабе ўяўляем, тады ў Мінску былі.

У Губернатарскім садзе нават былі абсталяваны закрытыя купальні на Свіслачы і па сходах можна было спусціцца ў рачную ваду. У парку знаходзілася крынічка з сярністай вадой, якой карысталіся аматары. Дарэчы, доктар Іван Здановіч у цяперашніх Ждановічах зрабіў тады бальнеалагічны курорт з тагачаснымі СПА-салонамі.

Было ў горадзе і накцюрнае — начное — жыццё. На вуліцы Юр'еўскай, прыкладна на тым месцы, дзе стаіць Палац Рэспублікі, працаваў клуб «Акварыум». Ён адкрываўся толькі ў 23 гадзіны і працаваў да 5—6 раніцы. У праграме былі эратычныя шоу, выступалі негры-чачотачнікі.

— А хто туды пераважна хадзіў?

— У пачатку мінулага стагоддзя ў Мінску ўжо было нямала грашавітай публікі. Складнік быў розны: арыстакратыя, землеўладальнікі, абшарнікі, афіцэры (у горадзе былі цэлыя вайсковыя кварталы, якія называліся кашарамі), падарожнікі, што прыязджалі ў горад па чыгунцы з усіх канцоў Расіі. Забавы былі на любы густ. Тая ж прастытуцыя. Дазволіў яе цар Мікалай І, і краіна зарабляла на гэтым грошы, бо публічныя дамы абкладаліся падаткам.

— Прычым у Мінску працавалі сапраўдныя бардэлі.

— Так, у канцы XIX стагоддзя іх было каля 10, а напярэдадні Першай сусветнай вайны — прыблізна 15. Наогул прастытутак было вельмі шмат. І нават ёсць сведчанні, што Мінск у вачах некаторых з'яўляўся ледзь не самым распусным горадам у імперыі.

— Выглядае на нагаворы.

— Ведаеце, прастытутак, якія стаялі на санітарным уліку, было каля 550. Ёсць меркаванне, што агулам іх было каля 2000, і гэта на 100-тысячны горад. Пагадзіцеся, на той час гэта вялікі паказчык, і падобнае кідалася ў вочы тым, хто бываў у Мінску і засядаў у рэстаране Саўлевіча ў гасцініцы «Мінск», альбо тым, хто збіраўся пайсці ў «Акварыум» і іншыя клубы.

Такая колькасць прастытутак шакавала, як і колькасць парнаграфічных паштовак, што прадавалі ў любым тытунёвым кіёску. Захаваліся сведчанні, што бацькі гімназістаў шматкроць прасілі гарадскія ўлады, каб гэтыя паштоўкі неяк папрыбіралі з вачэй падлеткаў, бо надта рэзалі вочы.

— Калі не памыляюся, гэтыя публічныя дамы знаходзіліся паблізу Нямігі і на тагачаснай вуліцы Вясёлай — сённяшняй Першамайскай.

— Так, на вуліцы Вясёлай быў дом Касакоўскай з бардэлем. На гэтай жа вуліцы размяшчалася венерычная лякарня, дзе бясплатна, за кошт гарадскога бюджэту, лячылі прастытутак. Адсюль і назва Вясёлая, бо далей, там, дзе цяпер вуліцы Фрунзэ, Захарава, Кісялёва, былі расійскія кашары — казармы, і вялікая колькасць прастытутак іх абслугоўвала.

Сённяшняя вуліца Першамайская. Раней яна называлася Вясёлай

А ў канцы Ракаўскага прадмесця, на вуліцы Нова-Чырвонай (цяперашняя вуліца Танкавая), былі свае кварталы чырвоных ліхтароў. І многія пра іх так і казалі: «Пайсці за Нямігу». Легальных бардэляў налічвалася з тузін, але не было сакрэтам, што ў фешэнебельных атэлях «Гарні», «Еўропа», «Адэса» існавалі кабінеты, дзе працавалі індывідуалкі.

— Хто меў грошы, мог пайсці ў бардэль, а ў каго іх было замала, проста хаваўся з жанчынай па парках ці нават на могілках.

— Слушна. Адбывалася гэта на старых яўрэйскіх могілках, што знаходзіліся на месцы сённяшняга стадыёна «Дынама». Трэба дадаць, што колькасць венерычных хвароб у горадзе зашкальвала ў тыя гады. І адсотак хворых прастытутак быў амаль у два разы вышэйшым, чым у сярэднім па Расійскай імперыі, і гэта было сур'ёзнай праблемай. Таму падобныя забаўкі пры тагачаснай кантрацэпцыі і санітарных нормах былі вельмі рызыкоўнымі.


— Давайце ўсё ж такі пяройдзем да больш культурнага адпачынку. Якія рэстараны і кавярні былі найбольш запатрабаванымі ў горадзе?

— У Верхнім горадзе, насупраць ратушы, колісь знаходзілася старасвецкая цукерня пана Эйснера, у якую хадзілі з часоў Дуніна-Марцінкевіча.

У гэтым доме калісьці працавала цукерня пана Эйснера

Там можна было пагартаць свежыя газеты і выпаліць цыгару. У гэтым месцы падавалі найлепшую каву ў Мінску. У атэлі «Еўропа», як я ўжо казаў, працаваў рэстаран Саўлевіча. Дзякуючы вялікай піўной карце ён лічыўся вельмі крутым. Піва там было найсвяжэйшае і дастаўлялася не толькі з мінскага піўзавода Лекертаў (будучая «Аліварыя»), але і з далёкіх канцоў імперыі. На той час піва лічылася зусім не танным напоем і не было народным. Таксама ў гэтым рэстаране падавалі розныя гатункі рыбы і ікру.

А пры атэлі «Гарні» працаваў рэстаран «Мядзведзь». У ім можна было пакаштаваць шмат розных далікатэсаў і смакоццяў, у тым ліку рыбу з Волгі і Каспія. Быў некалі ў Мінску рэстаран «Замак царыцы Тамары», дзе падавалі шашлык, віно. Месца для сур'ёзных джыгітаў, куды прыходзілі афіцэры ў папахах і аматары каўказскай кухні.

Кандытэрыю «Канстанцінопальскую» трымаў грамадзянін Асманскай імперыі Ахмед Офля. У яго ў Мінску было тры цукерні, і найлепшай лічылася менавіта «Канстанцінопальская». У ёй турэцкія армяне выраблялі самыя сапраўдныя і найлепшыя ўсходнія слодычы: пахлаву, халву, рахат-лукумы.

Для эстэтаў працаваў клуб «Селект», дзе засядала інтэлігенцыя і ладзіліся розныя аўтарскія вечарыны. У Мінску, дарэчы, былі і салоны, дзе адбываліся выставы ці артыстычныя вечары. Напрыклад, у доме Ляхоўскага ў Верхнім горадзе, дзе зараз Акадэмія музыкі, былі залі, якія ў 1912-м прынялі вялізную выставу 112 мастакоў з Польшчы, Беларусі і Літвы. Для горада гэта была маштабная падзея.

У Гасцінным двары Верхняга горада працаваў клуб Азоўска-Данскога банка. На ягонай сцэне выступалі славутыя музыкі, з дэкламацыямі туды прыязджалі малады Уладзімір Маякоўскі, Мікалай Карнейчукоў, які ў будучыні стаў Карнеем Чукоўскім, і многія іншыя.

Быў у Мінску і так званы амерыканскі клуб. Ён знаходзіўся на тым месцы, дзе цяпер разбіраюць старое тралейбуснае дэпо на Чырвонай. Прасторны драўляны дом быў пабудаваны беларусамі, якія працавалі ў ЗША і пасля вяртання хацелі мець тут сапраўдную Амерыку. Там быў амерыканскі тытунь, круцілі патэфон, паказвалі фільмы. У часы Першай сусветнай там была Беларуская хатка.

Акрамя таго, у Мінску працавалі гэтак званыя рэйнскія паграбкі, дзе ў сутарэннях падавалі шыкоўнае марачнае віно. Як бачым, у горадзе быў шырокі дыяпазон відаў адпачынку — ад актыўных заняткаў спортам да добрага сядзення за сапраўднай каўказскай кухняй з баранінай, авечым сырам, зелянінай і крэпкімі вінамі.

— Вы пералічылі шэраг рэстаранаў і клубаў, якія наведвалі пераважна заможныя людзі. А як адпачывалі жыхары Ляхаўкі і другіх раёнчыкаў, дзе пражывала працоўная частка насельніцтва?

— Вельмі папулярнымі, як я сказаў напачатку, былі маёўкі. Сёння іх назвалі б пікнікамі. Ездзілі ў Людамонт, Мядзвежына, за Кальварыйскія могілкі, дзе знаходзіліся старыя арэшнікі. Выбрацца за горад і адпачываць на пракошаных палянах было вельмі папулярнай завядзёнкай. Натуральна, былі ўстановы і каля чыгуначнага вакзала, дзе можна было выпіць чарку гарэлкі і заесці селядцом. І такіх месцаў было вельмі шмат, асабліва ў раёне так званага Нізкага рынку, дзе праходзілі кірмашы (раён сённяшняй Нямігі. — Заўв. Onlíner). Спецыфічнае месца, каларытнае апісанне якога пакінуў усё той жа Павел Шпілеўскі. У гэтых сярэднявечных падваротнях можна было і выпіць, і закусіць. Бюджэтным адпачынак быў і ў Губернатарскім садзе. Дзяцей частавалі салодкай ватай, ледзянцамі, а дарослыя разлівалі гарэлачку. Зрэшты, і на лавачках пасядзець ніхто не замінаў.

— Дзе ў Мінску збіраліся аматары азартных гульняў?

— З азартнымі гульнямі было няпроста. У Расіі існавала манаполія на выраб карт. Карцёжнікі маглі збірацца ў атэлях, за якімі быў нагляд. Легальнага ж казіно ў Мінску ў той час не было. Толькі карты і більярд, які знаходзіўся ў «Селекце». І ў пэўны момант гэта было праблемай, бо невыпадкова Францішак Багушэвіч прамаўляў: «Прэч гарэлку, карты, люлькі!» Па-вялікаму гуляць маглі толькі арыстакраты, і ёсць сведчанні, што былі нават выпадкі самагубстваў з-за картачных пазык. Улады з гэтым змагаліся, таму ў тыя часы больш бяспечна было зняць прастытутку, чым нармальна пагуляць. Ну а хто хацеў, ездзіў у Еўропу.

— Ці шмат людзей наведвала тагачасныя тэатр і кіно?

— На пачатку XX стагоддзя ў Мінску было тры электракінатэатры, сярод якіх быў «Эдэн». Але выглядалі яны не так, як мы сёння ўяўляем сабе кінатэатр.

Так калісьці выглядаў «Эдэн»

Цяпер на гэтым месцы дом побач з ГУМам

Гэта былі малапрыстасаваныя памяшканні з невялічкімі экранамі. Ну і хронаметраж быў мізэрным — 15—20 хвілін. А вось гарадскі тэатр, які збудавалі па праекце Караля Казлоўскага, быў шыкоўна аздоблены. Працаваў над гэтым мастак Васіль Маас.


Што да тэатральнага жыцця, то ў Мінску яно заўжды было актыўным. Першы тэатр размяшчаўся ў доме Байкова, які знаходзіўся на месцы сённяшняй гасцініцы «Еўропа». Там выступалі славутыя скрыпачы, піяністы, расійскія, польскія і ўкраінскія акторы. А ўжо ў гарадскім тэатры выступалі ўсе, каго тады ведалі ў Пецярбурзе і Варшаве. Тая ж актрыса Камісаржэўская.

— Зразумела. А што адбывалася ў Мінску летам? Людзі спяшаліся выехаць за горад?

— Так, я ўжо казаў, што здавалася вельмі шмат дамоў. Прычым арыстакраты таксама прапаноўвалі свае дамы для летняга адпачынку. Гэта каштавала не танна, значна даражэй, чым арэнда кватэры, але там быў комплекс паслуг у тым ліку з прыслугай. Такія дамы знаходзіліся ў напрамку Гарадзішча, Вільні... Лецішчы — гэта даўняя традыцыя, яшчэ з сярэдзіны XIX стагоддзя.

Свіслач у Мінску

— Вы казалі, што купальня знаходзілася ў Губернатарскім садзе. А дзе яшчэ ў Мінску былі пляжы?

— Пляжаў, як мы сабе ўяўляем, не рабілі, дый загараць тады яшчэ не было прынята. На скрыжаванні сённяшніх вуліц Купалы і Інтэрнацыянальнай калісьці стаялі млыны, таму з-за смецця, што ішло з Ніжняга рынку, купацца тут было немагчыма. Купальні знаходзіліся ніжэй па Свіслачы.

— Гэта ўжо ў бок сённяшняга Партызанскага праспекта.

— Так. І ў Сляпянцы былі купальні. То-бок у людзей ужо тады было разуменне, што ёсць свая радасць у тым, каб сысці па мастках у нешта накшталт драўлянай кабінкі і там культурна апусціцца ў рачную ваду.


Выбор покупателей
рожковая помповая кофеварка, 1350 Вт, корпус металл/пластик, капучинатор ручной, используемый кофе: молотый/чалды, цвет черный
рожковая помповая кофеварка, 1100 Вт, корпус пластик, капучинатор ручной, используемый кофе: молотый/чалды, цвет серебристый/черный
капсульная кофеварка, 1260 Вт, корпус пластик, используемый кофе: капсулы Nespresso Original, цвет черный

 Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by