Чып і Дэйл, дыназаўры і «Зорныя войны». Што паглядзець у траўні

Источник: Зміцер Адашкевіч
18 020
29 апреля 2022 в 8:00

Кінатэатральныя прэм'еры зусім сцішыліся. Сусветныя студыі адмаўляюцца ад пракату новых блокбастараў у нашай краіне. Гэта азначае, што ў траўні мы не ўбачым як мінімум «Топ Ган: Мэверык» і «Доктар Стрэндж: У мультысусвеце вар'яцтва». Ратуюць толькі стрымінгавыя сэрвісы, таму гэтым разам амаль усе навіны пра іх.

Читать на Onlíner

Фільмы

На жаль, кінапрэм'ер да нас дойдзе вельмі мала. Пакуль цывілізаванаму свету будуць паказваць «Топ Гана» і «Доктара Стрэнджа», у нас можна разлічваць толькі на нешматлікія прэм'еры стрымінгавых сэрвісаў ды адзіны фільм, які быццам выпадкова прарваўся ў сетку вяшчання кінатэатраў.

«Тая, што запальвае позіркам» (з 12 траўня ў сеціве)

Адзін з нямногіх кінарэлізаў, які атрымаецца паглядзець амаль адначасова з усім светам. Усё таму, што стужку адразу пачнуць паказваць і ў кінатэатрах, і на стрымінгавых сэрвісах. У нас у кіно «Тую, што запальвае позіркам» не завязуць, а вось у інтэрнэце яна сапраўды з'явіцца.

Чарлі — незвычайная дзяўчынка. Яна сілай мыслення можа запальваць прадметы. Дзіўная і небяспечная здольнасць, якая моцна цікавіць улады. Вось ужо дзесяць гадоў яе бацька спрабуе засцерагчы сям'ю ад залішняй увагі вайскоўцаў. З кожным годам хавацца становіцца ўсё больш складана. І аднойчы менавіта Чарлі трэба будзе ўстаць на абарону родных.

Гэта экранізацыя аднайменнага рамана Стывена Кінга ад кінакампаніі Blumhouse, на рахунку якой такія моцныя хорары, як «Прэч» і «Хэлоўін забівае». Ролю бацькі Чарлі сыграў Зак Эфрон.

«Чып і Дэйл — бурундучкі-ратавальнічкі» (з 20 траўня на Disney+)

Некаторыя, напэўна, памятаюць мультсерыял пра антрапаморфных бурундукоў, які ў нас быў надзвычай папулярны ў пачатку 1990-х. У мінулым годзе Disney выпусціла кашмарны мульцяшны спін-оф, які мае мала агульнага з арыгіналам. А вось новы «Чып і Дэйл — бурундучкі-ратавальнічкі» — зусім іншая справа.

Прайшло 30 гадоў пасля падзей мультсерыяла. Дэйл зрабіў сабе CGI-аперацыю і стаў трохмерным, а Ракфор зусім з’ехаў з глузду на глебе любові да сыру. Некалі паважаныя ўсімі героі марнеюць у невядомасці. Аднойчы прадзюсар прапануе аднавіць шоу, але грызуны адмаўляюцца. Замест гэтага ім давядзецца ратаваць планету ад страшэннай напасці.

Цяперашні «Чып і Дэйл — бурундучкі-ратавальнічкі» — не столькі мульцік, колькі фільм, які сумяшчае ў сабе анімацыйныя і натурныя здымкі. Акрамя асноўных герояў, у трэйлеры таксама мільгаюць персанажы з іншых дыснееўскіх праектаў, у тым ліку «Аладзіна».

«Святым тут не месца» (з 27 траўня ў кінатэатрах)

А вось і той самы адзіны патэнцыйна цікавы фільм, які нейкім цудам дабраўся да нашых кінатэатраў. Мусіць, таму, што мексіканскі і ад малавядомага дыстрыб'ютара.

Езуіт — жорсткі забойца, які, аднак, трапіў у турму па іншай справе. Калі ён выходзіць, то даведваецца, што яго жонку забілі, а сына выкралі і адвезлі ў Мексіку. Спрабуючы вярнуць дзіця, Езуіт ставіць на вушы ўвесь злачынны свет.

Такая бадзёрая сумесь з «Джона Уіка», «Закладніцы» і «Ніхто». Сцэнарый для фільма напісаў мацёры Пол Шродэр, адказны за гісторыі ў такіх стужках, як «Шалёны бык», «Таксіст» і «Халодны разлік». Не менш адметны і акцёрскі склад, у якім можна сустрэць Ціма Рота і Рона Перлмана.

Серыялы

А вось цікавых серыялаў у траўні будзе куды больш, чым поўнаметражных фільмаў. Так, 5 траўня пакажуць чарговы «Зорны шлях», 20-га на Netflix выйдзе трэці сезон анталогіі мультфільмаў «Каханне. Смерць. Робаты», а 27-га там жа — чацвёрты сезон «Вельмі дзіўных спраў». Далей жа раскажам пра зусім новыя праекты.

«Пентаверат» (з 5 траўня на Netflix)

Таемнае грамадства, якое шмат стагоддзяў уплывала на падзеі ў свеце, сутыкаецца з унутранай пагрозай. Ці зможа канадскі рэпарцёр выратаваць іх і ўвесь свет?

Гэта праект Майка Майерса, які ўжо даўно не з'яўляўся на экранах. Як і ў «Осціне Паўэрсе», у «Пентавераце» ён сыграе некалькі персанажаў. Гэтым разам у акцёра аж восем роляў! Усяго нас чакае шэсць серый, для кожнай з якіх Майк Майерс напісаў сцэнарый. Заадно яшчэ і прадзюсарам выступіў.

«Лесвіца» (з 5 траўня на HBO Max)

Глыбокай ноччу 9 снежня 2001 года ў службу 911 патэлефанаваў пісьменнік і журналіст Майкл Пітэрсан. Зрывістым голасам ён паведаміў аб тым, што яго жонка ўпала з лесвіцы і памерла. Вось толькі ў следства ўзніклі пытанні да самога Майкла. Хто ж ён — няшчасны ўдавец і выпадковая ахвяра правасуддзя або цынічны злачынец, пра рэальнае жыццё якога не падазравалі нават яго дзеці?

Падрабязнасці гісторыі лепш не гугліць. Праўда, здаецца, што і ў адваротным выпадку вам, хутчэй за ўсё, спадабаецца «Лесвіца». Па-першае, падобна, што кіно знята з вялікай увагай да дэталяў. Па-другое, прыемна здзіўляе каст. Майкла сыграў Колін Ферт, а яго жонку — Тоні Колет. Акрамя таго, тут можна ўбачыць Жульет Бінош, Дэйна ДэХаана, Сафі Тэрнер і сына Арнольда Шварцэнэгера.

«Змяя Эсэкса» (з 13 траўня на Apple TV+)

Канец XIX стагоддзя. Пасля смерці мужа Кора разам з сынам і сяброўкай-марксісткай пераязджае з шумнага Лондана ў глухую вёску графства Эсэкс. Мясцовыя жыхары ўзбуджаны з-за выхадак вялізнага змея, які, паводле іх слоў, пажырае людзей. Кора і вясковы вікарый аб'ядноўваюць намаганні, каб знайсці змея і развянчаць (а можа, і пацвердзіць) міфы пра яго.

Першапачаткова на ролю Коры планавалі ўзяць Кіру Найтлі. Аднак яна адмовілася ад здымак з-за боязі заразіцца каранавірусам. У выніку роля дасталася Клэр Дэйнс. Вікарыя сыграў Том Хідлстан, больш за ўсё вядомы па ролі Локі. У якасці першакрыніцы для «Змяі Эсэкса» паслужыла аднайменная кніга Сары Пэры, якая стала бестселерам.

«Жонка вандроўніка ў часе» (з 15 траўня на HBO)

Чарговая экранізацыя бестселера Одры Ніфенегер. У серыяле расказваецца гісторыя пары Генры і Клэр. Ён пакутуе ад рэдкага генетычнага захворвання, з-за якога змушаны бескантрольна перамяшчацца ў часе. Яна сустракаецца з ім на працягу ўсяго свайго жыцця, пачынаючы з самага ранняга дзяцінства.

У 2009 годзе выйшла не вельмі ўдалая поўнаметражная экранізацыя гэтага любоўна-фантастычнага рамана. Цяпер брытанцы падышлі да пытання больш грунтоўна і абяцаюць не спяшацца, вылучыўшы на ўсю гісторыю амаль шэсць гадзін. Дарэчы, рэжысёр стужкі Дэвід Натэр раней удзельнічаў у здымках «Гульні тронаў», выпусціўшы шэсць серый.

«Анджэлін» (з 19 траўня на Peacock)

Міні-серыял пра Анджэлін — амерыканскую зорку 1980-х, якая заваявала папулярнасць дзякуючы сваім выявам рознай ступені прыстойнасці на білбордах Лос-Анджэлеса. Уладальніца нестандартных, але выдатных форм на ўсю моц эксплуатавала вобраз яркай поп-іконы, раз'язджаючы па Галівудзе на ружовым аўтамабілі, даючы шматлікія інтэрв'ю і здымаючыся ў дзясятках шоу.

У аснове серыяла — расследаванне журналіста The Hollywood Reporter. Ён даведаўся, што Анджэлін нарадзілася ў Польшчы, а яе сапраўднае імя — Рэні Голдберг. Разам з сям'ёй яна перабралася ў ЗША, дзе, пасталеўшы, прыдумала выяву раскошнай бландзінкі з вялізным бюстам.

Серыял, спрадзюсаваны між іншым самой Анджэлін, павінен быў выйсці яшчэ два гады таму. З-за пандэміі прэм'еру прыйшлося перанесці, затое зараз усе восем серый выйдуць у адзін дзень.

«Дагістарычная планета» (з 23 траўня на Apple TV+)

Новая серыя дакументальных фільмаў ад Джона Фаўро і прадзюсараў серыяла «Планета Зямля» пазнаёміць гледачоў з раней нябачанымі цудамі нашага свету. Нас вернуць на 66 мільёнаў гадоў таму, калі зямлю, акіяны і неба засялялі велічныя дыназаўры і мноства іншых незвычайных істот.

Стварэннем серыяла займаецца ВВС. У працэсе здымак выкарыстоўваліся самыя актуальныя палеанталагічныя дадзеныя, у тым ліку аб пёравым покрыве некаторых дыназаўраў. Камп'ютарных звяркоў намалявалі ў кампаніі Moving Picture Compan, якая ўжо адзначылася выдатным візуальным узроўнем у нядаўніх праектах Джона Фаўро «Кніга джунгляў» і «Кароль Леў». Музыку для праекта напісаў Ханс Цымер.

«Обі-Ван Кенобі» (з 27 траўня на Disney+)

Адзін з самых чаканых у гэтым годзе серыялаў. «Обі-Ван Кенобі» раскажа пра падзеі, якія здарыліся праз 10 гадоў пасля апісаных у фільме «Зорныя войны: Эпізод 3 — Помста сітхаў» і за 9 гадоў да «Новай надзеі». Мяркуючы па ўсім, асноўныя дзеянні будуць разгортвацца на Татуіне. Обі-Ван Кенобі хаваецца ад паляўнічых Імперыі і прыглядвае за юным Люкам Скайуокерам.

У серыяле здымаецца Юэн МакГрэгар, які і стане цэнтральным персанажам. Хэйдэн Крыстэнсэн з'явіцца ў вобразе Энакіна Скайуокера, які перайшоў на цёмны бок. Рэжысёрам праекта выступае Дэбара Чоу, знаёмая з сусветам «Зорных войнаў» дзякуючы працы над серыялам «Мандалорац».


Onlíner рекомендует
32" 1920x1080 (Full HD), частота матрицы 60 Гц, индекс динамичных сцен 1000, Smart TV (Samsung Tizen), Wi-Fi
Выбор покупателей
32" 1366x768 (HD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), Wi-Fi
Onlíner рекомендует
43" 3840x2160 (4K UHD), матрица IPS, частота матрицы 60 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR, Wi-Fi
Onlíner рекомендует
55" 3840x2160 (4K UHD), матрица OLED, частота матрицы 120 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR, Wi-Fi

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by