«З пахмелля Радзівіл прыгаварыў Паца да смяротнага пакарання!» Ці заўсёды беларусы былі пітушчай нацыяй і як складвалася культура ўжывання алкаголю

Источник: Дар'я Спевак. Фото: valdovurumai.lt, myvimu.com, wikimedia.org
22 705
17 октября 2021 в 8:00

Мы працягваем цыкл публікацый аб побытавай гісторыі беларусаў. Сёння раскажам пра тое, якія стасункі нашы продкі мелі з алкаголем. Хто піў больш — сяляне ці шляхта? Ці часта на беларускіх землях людзі хварэлі на алкагалізм? І ці зашмат было «п’яных» надзвычайных здарэнняў?

Читать на Onlíner

Зазірнуць у чарку нашых продкаў ды распавесці пра іх звычкі з мінулых часоў нам дапамагае Дар’я Гардзейчык, стваральніца маладога інстаграм-праекта «Альтэрнатыўны Музей» з некананічным падыходам да гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.

Ці заўсёды беларусы лічыліся пітушчай нацыяй?

Не. Перш за ўсё сялянам бавіцца з алкаголем не было часу  яны выпівалі, толькі калі ездзілі на кірмаш, з нагоды знамянальных падзей: вяселля, памінак, куплі каровы, каня ды іншых.

— Людзі былі веруючымі і памяталі, што ўжыванне алкаголю — гэта грэх, і, адпаведна, такога сабе асабліва не дазвалялі. Вядома, адзінкавыя выпадкі здараліся, але ж масавага п’янства сярод сялян не было, — адзначае Дар’я.

Шкляная бутэлька XIX стагоддзя

Іншая справа — гараджане. Дзякуючы працэсу ўрбанізацыі шмат сялян перабіраліся ў гарады, і часам гэта выклікала ў іх стрэс. Ды звычайна да карчмы ў горадзе было рукой падаць, таму хто-ніхто заліваў сваю цяжкую долю алкаголем. Сяляне ж такога лёгкага доступу да яго не мелі.

А шляхта піла?

Яшчэ як! Да таго ж выраблялі ўсялякае бясчынства.

— Калі пачытаць біяграфію нашага Караля Станіслава Радзівіла, які піў увесь час, становіцца не зусім зразумела, чаму яго празвалі менавіта Пане Каханку! Здаецца, што за гэтай справай яму не было часу займацца сексам, — усміхаецца Дар’я. — Але ж выпадкаў алкагалізму мы асабліва не сустракаем, таму што людзі вельмі багата закусвалі. Такая была традыцыя, у адрозненне ад нашага часу, калі людзі ўчацвярых могуць закусваць пляшку гарэлкі адной карамелькай.

Таксама трэба адзначыць, што якасць алкаголю была лепшай, чым цяпер.

— Традыцыя не закусваць пачала складвацца ў гады Першай сусветнай вайны, калі гарэлку выкарыстоўвалі як лекі супраць страху і ў цэлым не хапала прадуктаў харчавання.

Калі ўвогуле нашы продкі пачалі піць?

Пілі спакон веку. Пра асаблівасці ўжывання піва і медавухі ў пісьмовых крыніцах ёсць згадкі аж ад ІХ стагоддзя.

— Існуе таксама гісторыя пра хрышчэнне Русі: калі князь Уладзімір абіраў новую рэлігію, ён спыніўся на хрысціянстве, таму што іслам не дазваляе піць, — распавядае Дар’я Гардзейчык. — Пілі ў асноўным медавуху (мёд, які быў разбаўлены вадою і перабрадзіў). Віно пачало распаўсюджвацца прыкладна ў XIII—XIV стагоддзях, пасля пашырэння хрысціянства, таму што гэты напой быў часткай таемства еўхарыстыі (прычашчэння. — Заўв. Onlíner). Дзякуючы спачатку цудоўнаму Міндоўгу, які прайшоў абрад хрышчэння, а затым Вітаўту і Ягайлу ў нас пачало распаўсюджвацца віно.

Шкляная бутэлька XVI стагоддзя

Гарэлка з’явілася ў Вялікім княстве Літоўскім у XV—XVI стагоддзях. Спачатку яе ўжывалі выключна з медыцынскімі мэтамі, але ж затым падумалі: чаму б і не?

— А ўжо бліжэй да XVIII стагоддзя пачалі з’яўляцца ўсялякія дарагія віды гарэлкі: з кмінам, карыцай, гваздзікай, апельсінам...

Ці былі нейкія цікавыя традыцыі распівання алкагольных напояў?

Так, і для сучасных каранавірусных часоў адна з традыцый увогуле небяспечная.

— Была тэндэнцыя ўсім гасцям і гаспадарам распіваць напой з аднаго кубка — гэта вельмі старажытная традыцыя, яшчэ з племянных часоў. Такім чынам заключаліся і замацоўваліся дамовы. Акрамя таго, раней часта выкарыстоўвалі рог для піцця, які зараз распаўсюджаны на Каўказе, — у нас піць з такой пасудзіны таксама было прынята.

А са з’яўленнем і пашырэннем хрысціянства гэта яшчэ пачало асацыіравацца з таемствам еўхарыстыі, калі ўсе п’юць з аднаго кубка.

— Такі звычай у побытавай культуры праіснаваў ажно да XIX стагоддзя. Ёсць звесткі, што яшчэ ў XVIII старыя шляцічы ў невялічкіх гарадах працягвалі гэтую традыцыю.

Келіх. Налібоцкая мануфактура, 1720—1730 гады

Пры апісанні вясельных, калядных ды іншых звычаяў сялян таго часу згадваецца гарэлка. Напрыклад, калядоўшчыкаў пасля іх выступаў абавязкова частавалі гэтым напоем.

Але ж прыкладна да другой паловы XIX стагоддзя распіванне алкаголю было выключна святочнай ці рытуальнай з’явай сярод сялян. Штодзённа людзі сталі піць толькі бліжэй да XX стагоддзя.

Жанчыны таксама пілі?

Так, яны не святыя, але ж мужчыны ўжывалі алкаголь больш і часцей. Чаму?

— У гістарычных крыніцах ёсць сведчанні, што гэта рабілі і жанчыны. Натуральна, мужчыны пілі болей як мінімум таму, што яны воіны, удзельнічалі ў баях і бітвах — ім пасля трэба было зняць стрэс і расслабіцца. А ў дзяўчат у тыя далёкія часы ўсё ж здаралася менш стрэсу, — адказвае Дар’я.

Келіх, 1703 год. Знойдзены ў палацы правіцеляў ВКЛ

Дзе продкі куплялі ці бралі алкаголь?

Наконт ужывання алкаголю сялянамі ёсць толькі даныя паводле фальклору, таму што дзяржава не вяла статыстыкі. Фіксавацца гэта пачало, толькі калі ўводзілася купля-продаж напояў, бо дзяржава ўжо была зацікаўлена ў падатках ад камерцыйнай дзейнасці.

— Першыя піваварныя катлы (бровары) пачалі з’яўляцца ажно ў XV стагоддзі. Яны размяшчаліся ў сядзібах, і там выраблялі слабаалкагольныя напоі. Першыя вінакурні адносяцца прыкладна да XV—XVI стагоддзяў — гэтыя навінкі таксама былі маёмасцю князёў. Гарэлку спачатку выраблялі з зерня пшаніцы, ячменю і жыта, а з XVI стагоддзя — з бульбы і бурака.

Папулярнымі для гараджан, як мы памятаем, з'яўляліся корчмы. Іх амаль цалкам утрымлівалі яўрэі. У корчмах гатавалі напоі, і людзі маглі іх шчодра ўжываць. Гэтыя ўстановы ўвогуле былі месцамі распусты і разбэшчанасці, дзе квітнелі крадзяжы і да т. п.

Адрыян Браўэр. «Сялянскае застолле». Паміж 1606 і 1638 гадамі

— Да таго ж корчмы выступалі свайго роду гасцініцамі, бо там можна было і заначаваць. Таму пытання «як я п’яны вярнуся дадому?» у нашых продкаў не паўставала, — смяецца Дар’я.

Таксама менавіта ад уладальнікаў гэтых устаноў пайшла традыцыя закусваць піва нечым салёненькім.

— Хітрыя карчмары падавалі селядзец і іншую салёную рыбу наведвальнікам, каб выклікаць у тых смагу і каб яны замаўлялі больш піва.

Што наконт «п’яных» надзвычайных здарэнняў? Ці вычваралі продкі якія глупствы?

Шляхта піла заўсёды і шмат, кажа Дар’я. Здараліся выпадкі, калі шляхцічы, якія перапілі, выклікалі адзін аднаго на дуэль і «не вельмі інтэлігентна білі адзін другому пысы». Таксама ў корчмах здараліся спрэчкі кшталту «а ты мяне паважаеш?», нешта не маглі падзяліць між сабой і гэтак далей.

— Ёсць цікавая гісторыя пра Пане Каханку. Неяк ён тусіў у Нясвіжы ды заехаў да яго магнат па прозвішчы Пац з вядомага роду. Яны напіліся да чорцікаў, нешта не падзялілі, сталі спрачацца, і Пац выклікаў Радзівіла на дуэль. Уявіць, як яны маглі біцца, складана, бо абое былі вялізнымі ды поўнымі. Пане Каханку, нядоўга думаючы, загадаў сваім слугам узяць Паца пад арышт. А Радзівіл, дарэчы, тады быў ні больш ні менш маршалкам мінскага трыбунала (карацей кажучы, старшынёй суда). На наступную раніцу з моцнага пахмелля Пане Каханку вырашыў зладзіць суд над Пацам ды прыгаварыў яго да смяротнага пакарання! Паца апранулі ў смяротную кашулю, вывелі на сярэдзіну двара, дзе ўжо стаяў кат і куды прыйшоў ксёндз для споведзі. Пац імгненна ацверазіўся, кінуўся на калені перад Радзівілам і папрасіў прабачэння. Пане Каханку ўголас засмяяўся і сказаў, маўляў, во як я цябе напужаў, а ты мяне ўчора хацеў паядынкам настрашыць! І пайшлі яны далей піць, — з усмешкай распавядае Дар’я.

Пане Каханку

А ці былі ў нашых продкаў цікавыя застольныя прамовы?

Пераважалі тосты эратычнай тэматыкі. У фалькларыстаў засталіся сведчанні аб некалькіх такіх прыкладах.

Пройдуць годы,
звянуць грудзі,
і ён стаяць ужо не будзе.
Павісне, як у пеўня грэбень,
і нікаму ён не патрэбен.
Сябры, так вып’ем жа за то,
каб ён стаяў, як далато!

Гэты тост з ХІХ стагоддзя. А вось яшчэ адзін:

Каб жылі, багацелі
і спераду гарбацелі!

Вядома, былі і іншыя, на агульныя тэмы:

Дай Божа, каб было гожа.
А што нягожа, не прывядзі Божа!

А адкуль узяўся выраз пра «чарку і шкварку»?

— Такое адчуванне, што з ніадкуль. У ХХ стагоддзі расцягвалася «П’ю нашу родную чарку, ем нашу родную скварку». Я не думаю, што адсюль ідуць карані гэтага выразу, таму што чарка і скварка рыфмуюцца, ды і ўсё, — разважае Дар’я.


Купляйце каву выгадна ў Каталозе Onlíner

Onlíner рекомендует
зерновой, арабика 100%, средняя обжарка, интенсивность 5/10

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by