«Каталіцкі змагар», старажытны «пэвэтэшнік» і сябар французскага караля. Распавядаем пра беларускага рэфарматара Мікалая Радзівіла Сіротку

Источник: Аўтар: Таццяна Ашуркевіч, Ілюстрацыі: Валерыя Седлюкоўская. Фото: Аляксандр Ружачка, Travel House
13 228
25 апреля 2021 в 10:00

Мікалай Радзівіл Сіротка ўвайшоў у гісторыю як мінімум дзвюма важнымі справамі: ён моцна паспрыяў перамозе каталіцызму на нашых землях і правярнуў адзін з самых грандыёзных гарадскіх эксперыментаў свайго часу. За сваё жыццё Сіротка паспеў зрабіць шмат: пабудаваў у Нясвіжы старажытны ПВТ, з’ездзіў пілігрымам у Іерусалім, рызыкнуў прывезці з сабой дзве сапраўдныя муміі і ледзьве не загінуў у моры. А яшчэ ён быў заўзятым гульцом у вялікую палітыку і стаў сябрам самога Генрыха Валуа. Onliner працягвае «Метадычку сапраўднага беларуса» і знаёміць чытачоў і слухачоў з нашай гісторыяй. І на гэты раз мы штонядзелю будзем распавядаць пра цікавых беларусаў, якія плённа шчыравалі на нашай ніве задоўга да таго, як гэта стала мэйнстрымам.

Читать на Onlíner

Сёння пра аднаго з нашых выбітных землякоў мы пагутарым з экскурсаводам і краязнаўцам, кіраўніком праекта «Набліжэнне» Цімафеем Акудовічам.


Слухаць падкаст у iTunes і «Яндэкс.Музыка»

А ніжэй мы прыводзім сціплую лекцыю пра Мікалая Радзівіла Сіротку.

Смешная мянушка — моцны характар

Мікалай Радзівіл Сіротка вылучаецца сярод іншых Радзівілаў сваёй крыху смешнай мянушкай. Захавалася легенда, якая распавядае, што, калі Мікола быў яшчэ зусім малы, яго бацькі патрапілі на вялікі баль з удзелам караля і пакінулі малога ў адным з пакояў палаца. Самі яны пайшлі забаўляцца. Так сталася, што іншая прыслуга таксама разышлася — малы хлопчык застаўся ў пакоі зусім адзін.

І вось так здарылася, што якраз у гэты час побач прагульваўся, стаміўшыся ад шматлікіх феерверкаў, кароль Жыгімонт Аўгуст. Ён убачыў малое дзіця і пачаў з ім гуляць, называючы яго «сіроткам». А пасля ў пакой прыйшлі самі Радзівілы і прыслуга. Усе разам яны вельмі смяяліся, што сына паважаных людзей так называюць.

Але гэтая мянушка моцна прыклеілася да маленькага Радзівіла. Мы не ведаем, ці шмат яго так клікалі пры жыцці, але ў гістарычных крыніцах ён заўсёды ўзгадваецца менавіта так. І відаць, што сам ён не крыўдаваў на людзей за гэтую мянушку — проста таму, што так яго называў сам кароль. А тое, што кажа кароль, адразу становіцца вельмі статусным.


Мікалай Радзівіл Сіротка ўвайшоў у гісторыю, нягледзячы на сваю смешную мянушку, як мінімум дзвюма вельмі важнымі справамі: па-першае, ён моцна паспрыяў перамозе каталіцызму над пратэстантызмам на нашых землях, а па-другое, правярнуў адзін з самых грандыёзных горадабудаўнічых эксперыментаў свайго часу пад назвай «Нясвіж».

Зрэшты, і біяграфію ён меў не сумную. Нарадзіўся Мікалай Радзівіл Сіротка 2 жніўня 1549 года. Яго бацька быў канцлерам Вялікага княства Літоўскага. Па сутнасці, другі чалавек у краіне, а ў пэўных момантах нават і першы. Бацьку Сіроткі звалі Мікалаем Радзівілам Чорным, бо ў яго быў стрыечны брат Мікалай Радзівіл Руды. Адпаведна, той быў Руды, гэты — Чорны, так іх і адрознівалі пры называнні. Вучыўся Сіротка спачатку ў пратэстанцкай гімназіі ў Нясвіжы, а пасля — у Страсбургу. Яго бацька быў пратэстантам і адправіў сына менавіта ў такую школу.

Падарожжы, бунтарства падчас дэлегавання ў Парыж і сяброўства з французскім каралём

А пасля былі падарожжы па еўрапейскіх гарадах. Сіротка пабываў у Цюрыху, Падуі, Рыме, шмат пра што даведаўся і чаго ўбачыў. І верагодна, дзесьці тут адбыўся вельмі важны злом у яго свядомасці. Ён пачаў пераход з пратэстантызму ў каталіцызм. Яго бацька пра гэтую вельмі страшную для сябе навіну так і не даведаўся — ён памёр, калі Сіротка падарожнічаў па Еўропе.

Сіротка вярнуўся на радзіму ў 1569 годзе і адразу заняўся рознымі дзяржаўнымі справамі. Ён быў малады, амбітны, багаты. Пры складанні Люблінскай уніі Сіротка быў супраць яе падпісання, як усе літоўскія магнаты. Гэта відавочна, бо ўсе яны гублялі сваю ўладу і лічылі гэтую унію вялікай несправядлівасцю. Сіротка таксама ўдзельнічаў у Інфлянцкай вайне і ездзіў на розныя сеймы.

Варта адзначыць важны момант яго біяграфіі: у 1573 годзе ён быў адзіным прадстаўніком ВКЛ у дэлегацыі, якая паехала ў Парыж запрашаць Генрыха Валуа на трон Рэчы Паспалітай. На той момант памёр Жыгімонт Аўгуст — і наша шляхта разам з польскай вельмі доўга выбірала сабе караля. У выніку яны спыніліся на французскім прынцы і адправілі дэлегацыю якраз да Генрыха. І тады здарылася вельмі важная рэч: шляхта наказала Сіротку прадставіць нашу краіну асобна. Справа ў тым, што ўжо на той час існавала саюзная дзяржава Польшчы і ВКЛ, але шляхце ўсё ж трэба было абазначыць сваю асобнасць.

Пра гэта Сіротка распавёў іншым дэлегатам — аказалася, што палякі выступілі супраць. І гэта яны аргументавалі досыць лагічна: «Гэтыя французы і так не разумеюць, адкуль мы прыехалі, — нейкія варвары з незразумелай краіны. А тут яшчэ давядзецца тлумачыць, што існуе раздзяленне на палякаў і літоўцаў. Заблытаюцца». Аднак Сіротка ўсё ж вырашыў выканаць даручэнне сваіх суграмадзян, збег ад дэлегацыі і крыху раней прыехаў у Парыж. Прадставіўся будучаму каралю, пазначыўшы, што ён прадстаўнік «крыху асобнай часткі саюзнай дзяржавы».

У выніку ў верасні 1574 года ў Нотр-Дам-дэ-Пары адбылося першае прадстаўленне Генрыха Валуа як караля польскага і вялікага князя літоўскага. Калі Генрых Валуа ў наступным годзе прыехаў у Кракаў, адным з нешматлікіх яго сяброў стаў якраз Мікалай Радзівіл Сіротка. Яны былі аднаго году, з падобнай адукацыяй, поглядамі, адной рэлігіі. Генрыху Валуа было сапраўды цяжка ў халодным Кракаве. А Сіротка нейкімі забавамі, паляваннямі і балямі ратаваў яго ад гэтай нуды.

Менавіта таму ў наступным годзе Мікалая Радзівіла Сіротку адправілі ў Парыж упрошваць Генрыха Валуа, які да таго часу паспеў збегчы са свайго каралеўскага трона ў Рэчы Паспалітай у Францыю. Там вызваліўся французскі трон, які відавочна быў яму бліжэйшы. І вось Сіротка павінен быў упрасіць Генрыха Валуа застацца каралём на дзвюх пасадах. Сіротка ездзіў у Парыж двойчы, але ў яго нічога не атрымалася. Генрыху зусім не спадабаўся Кракаў і ўся Паўночная Зямля. У выніку ён так і не прыехаў.

Адважнасць у вайне, прагматыка і паломніцтва ў Іерусалім

Пасля гэтага, у 1579 годзе, Сіротка ўдзельнічаў у паходзе на Полацк. Новы кароль Стэфан Баторый сабраў вялікае войска, каб вызваліць Полацк ад Івана Грознага. Сіротка прывёў свой аддзел і вельмі мужна хадзіў у атаку, быў паранены падчас бітвы і нават атрымаў узнагароды ад караля: вызначыўся сваёй смеласцю. Атрымліваецца, з аднаго боку, Сіротка быў спешчаным франтам, які любіў балі, розныя забавы і Парыж, але з іншага — праявіў сябе вельмі смелым рыцарам таго часу.

Пры ўсім пры гэтым дзесьці ў другой палове 1570-х гадоў у жыцці Сіроткі пачалі адбывацца нейкія пераломныя моманты. У яго не ладзілася з гаспадаркай, згарэў касцёл, што ён будаваў у Клецку. Генрых Валуа, на якога ён так спадзяваўся, збег у Парыж. Дарэчы, магчыма, менавіта там, у Парыжы, Сіротка падхапіў такую непрыгожую хваробу, як сіфіліс. Яна была даволі распаўсюджанай у асяроддзі вышэйшай эліты. Гэта было хранічнае захворванне, якое паступова падрывала яго здароўе. Адчуваючы недарэчнасць свайго жыцця, разумеючы, што ён пакліканы на нешта большае, Сіротка захацеў прыдумаць сабе нейкі чэлендж, які б абнуліў яго жыццё і накіраваў у новае рэчышча.


У выніку ён вызначыў самую сур’ёзную задачу, якую мог бы прыдумаць жыхар ВКЛ. І гэта было, канешне, паломніцтва ў Іерусалім. Так у 1583 годзе Сіротка сабраў невялікую каманду, узяў пэўныя грошы і адправіўся ў вельмі сур’ёзнае падарожжа. Ён даехаў да Венецыі, адтуль перабраўся ў Дамаск, нарэшце, патрапіў у Іерусалім і пакланіўся Гробу Гасподняму. Там манахі-францысканцы прынялі яго ў Ордэн Труны Гасподняй. Калі вы зараз паглядзіце на любую выяву Сіроткі, ён будзе намаляваны абавязкова з чырвоным крыжыкам — менавіта гэта сімвал шляхецкага ордэна, члены якога неяк мусілі абараняць Труну Гасподнюю.

Пасля гэтага Сіротка пабываў у Яфе і перабраўся ў Егіпет, наведаў Каір і вельмі ўразіўся муміямі, якія прадаваліся на мясцовым кірмашы. Сіротка вырашыў прывезці дахаты такі «сувенірчык» — і купіў дзве муміі. Пасля гэтага ён перабраўся ў Александрыю і сеў на карабель, які мусіў давезці яго ў Італію. І тут здарыўся вялікі шторм. Большая частка карабля палічыла, што ў шторме вінаватыя менавіта тыя недарэчныя парэшткі, якія гэты дзівак з Літвы вёз з сабой. Было прынята рашэнне выкінуць іх у мора, каб небяспека адышла. Куды дзенешся? Муміі выкінулі, шторм скончыўся, а карабель дайшоў да свайго месца. Праз гэта, на жаль, мы не маем у Нясвіжы мумій. А так маглі б атрымаць іх яшчэ ў 16-м стагоддзі.

Праз два гады Сіротка вярнуўся на радзіму зусім іншым чалавекам, бо гэтае падарожжа было вельмі-вельмі складаным. Дарэчы, сябры і сваякі Сіроткі пасля яго вяртання сталі прасіць, каб ён апісаў свае прыгоды ў лістах. Відавочна, таму, што ён быў адзіным прадстаўніком свайго пакалення, які дайшоў да Гроба Гасподняга. Тады гэта было фантастычна. У выніку Сіротка напісаў цэлую кніжку — па сутнасці, першы падарожны даведнік па Егіпце і Іерусаліме, выдадзены на нашых землях у 16-м стагоддзі. І ён заставаўся ўнікальным творам да 19-га стагоддзя, разышоўся па ўсёй Еўропе і стаў сапраўдным бестселерам свайго часу.

Старажытны «пэвэтэшнік» і піяршчык свайго роду

А яшчэ Сіротка зразумеў, што мусіць адысці ад палітычных спраў і заняцца ўмацаваннем свайго роду і тэрыторыі. І ён узяўся за Нясвіж. Найперш запрасіў з Італіі архітэктараў, якія пачалі ўзводзіць найлепшы па тых часах замак з навейшымі бастыённымі ўмацаваннямі — такіх на той момант у вялікім маштабе яшчэ не было. Сіротка дамогся таго, каб Нясвіж атрымаў Магдэбургскае права і моцна змяніў горад. У тыя часы была ідэя, што гарады трэба будаваць падобнымі да цела чалавека. Калі вы прыедзеце ў Нясвіж, вы і цяпер зможаце ўбачыць яго ў такім выглядзе. Замак — гэта галава, храм — сэрца. Спускаецеся ўніз і падыходзіце да ратушы — і быццам бачыце страўнік чалавека. Адпаведна, розныя вуліцы — гэта рукі і ногі. Карацей, Нясвіж стаў сапраўдным рэнесансным горадам 16-га стагоддзя.

Вельмі важна, што з усімі цяжкасцямі Сіротка запрасіў да сябе езуітаў і дамогся таго, каб яны пабудавалі ў горадзе калегіум. А тыя не хацелі. Справа ў тым, што Нясвіж — маленькі горад, езуіты ж будавалі калегіумы толькі ў вялікіх гарадах. І ўсё ж Сіротка настаяў. З аднаго боку, гэта было рэлігійнай экспансіяй. Але з другога, сацыяльнага — месцам, дзе давалі найлепшую адукацыю ў Еўропе. З калегіумам было звязана кнігабудаўніцтва і часам лекарская справа. Для Нясвіжа гэта быў вельмі круты аб’ект, які паспрыяў развіццю горада.


Можна сказаць, што Нясвіж стаў Паркам высокіх тэхналогій свайго часу ў тым сэнсе, што Сіротка захацеў на адным канкрэтным лапіку зямлі істотна палепшыць жыццё мясцовых жыхароў. Канешне, за гэтым стаялі яго амбіцыі. Яму было важна, каб яго род квітнеў і пасля яго смерці. Але ў 16-м стагоддзі такімі крытэрыямі кіраваліся ўсе шляхцічы і магнаты. На іх фоне Сіротка вылучаўся тым, што крыху больш думаў пра людзей, якія жылі ў яго горадзе.

Пры гэтым Сіротка не забываўся і на дзяржаўную дзейнасць. Ён быў адным з тых людзей, якія моцна паспрыялі заключэнню Берасцейскай уніі 1596 года. Яму было важна, каб усе жыхары ВКЛ сталі як мага бліжэй да каталіцызму. Але таксама ён фундаваў і некаторыя праваслаўныя храмы, бо разумеў, што такія рэчы не адбываюцца адразу. Карацей, падтрымліваў на сваіх землях розныя рэлігіі, апрача пратэстантызму. Да пратэстантаў у Сіроткі было рэзка негатыўнае стаўленне.

Сіротка таксама выступаў супраць паходаў на Маскву. У пачатку 17-га стагоддзя на нашых землях з’явілася ідэя пасадзіць на маскоўскі прастол Дзмітрыя. Наша шляхта вельмі захапілася гэтай ідэяй і некалькі разоў «хадзіла на Маскву». Сіротка папярэджваў, што гэта можа дрэнна скончыцца. У выніку праз 50 год гэта сапраўды скончылася страшным крывавым патопам, пасля якога наша дзяржава яшчэ доўга не магла прыйсці ў сябе.

З важных рэчаў, якія зрабіў Сіротка, была, вядома, карта ВКЛ. Ён замовіў яе ў знанага спецыяліста Тамаша Макоўскага. Да гэтага часу талковых карт на нашых землях не было. З большага іх малявалі еўрапейцы і пра нашыя землі мелі цьмянае ўяўленне. Было меркаванне, што праз усю тэрыторыю Беларусі праходзіць вялікі горны хрыбет, таму дзесьці яны дамалёўвалі «мора Герадота», пра якое чулі і не ведалі, дзе яно. Таксама малявалі шмат мядзведзяў, якія быццам бы хадзілі па вуліцах нашых гарадоў. Тамаш Макоўскі зрабіў першую нармальную карту нашай тэрыторыі, дзе былі больш-менш добра адлюстраваны рэкі, а таксама больш за сто населеных пунктаў. Для Сіроткі гэта было накшталт піяр-ходу. Ён хацеў, каб у Еўропе даведваліся пра ВКЛ. Сам Сіротка заўсёды падкрэсліваў, што ён менавіта ліцвін, а не паляк. Яму было важна прарэкламаваць свой род як асноўных прадстаўнікоў Вялікага княства ў Еўропе — Радзівілаў.


Пры гэтым, напэўна, найважнейшая справа, якую ажыццявіў Радзівіл і якая моцна памяняла гісторыю ўсёй Беларусі, — гэта яго пераход з пратэстантызму ў каталіцызм і адданая вера ў Бога. Бацька ж Мікалая Радзівіла Сіроткі ў свой час прыняў пратэстантызм. У той час гэта была новая рэлігія ў Еўропе. Радзівіл палічыў яе вельмі перспектыўнай, пачаў будаваць на сваіх землях саборы, выдаваць шмат літаратуры і запрашаць святароў і ідэолагаў. Сама ідэя прываблівала мясцовую шляхту. У навуковай літаратуры ёсць згадка, што пры Мікалаю Радзівіле Чорным у пратэстантызм перайшло каля 600 шляхецкіх радоў — гэта вельмі шмат.

І тут прыйшоў яго сын, які ўсё зрабіў наадварот. Пасля смерці бацькі ён стаў каталіком, пазакрываў пратэстанцкія зборы і перарабіў іх у каталіцкія касцёлы. Як лічыцца, Сіротка спаліў кніжкі, выдадзеныя яго бацькам, і пачаў выдаваць каталіцкую літаратуру. Ён таксама павыганяў усіх пратэстанцкіх тэолагаў са сваіх зямель, у тым ліку і знакамітага Сымона Буднага. Па выніку, жывучы ў 21-м стагоддзі, мы можам сказаць, што калі б Сіротка застаўся пратэстантам і ўсю сваю энергію і веру ў Бога накіраваў менавіта на пашырэнне пратэстантызму, то гэтая рэлігія ў нас засталася б. І дакладна ўся гісторыя Беларусі пайшла б па-іншаму. Ад рашэння Сіроткі, як бачна, залежала вельмі шмат.

Сіротка памёр у 1616 годзе. Перад смерцю ён папрасіў, каб яго пахавалі не ў дарагіх даспехах, як гэта было прынята ў той час, а ў пілігрымскай вопратцы, у якой ён хадзіў у Іерусалім. Зараз мы мяркуем, што ў гэтым адлюстраваўся пэўны практычны падыход, што, магчыма, звязана з яго падарожжам па Егіпце. Ён бачыў, як у Каіры на кірмашы прадаюцца разрабаваныя рэчы з захаванняў фараонаў. І разумеў: чым багацейшым будзе пахаванне яго роду, тым хутчэй яго разрабуюць. Яго просьба пра недарагія пахаванні распаўсюджвалася не толькі на яго, але і на нашчадкаў. З іншага боку, для Сіроткі быў важны таксама маральны бок. Ён хацеў перадаць сваім дзецям, што пагоня за матэрыяльнымі каштоўнасцямі мусіць мець свой сэнс і абмежаванні: у труну з сабой усе рэчы не возьмеш. Менавіта падарожжа ў Іерусалім так моцна змяніла Сіротку і прымусіла перагледзець сваё жыццё.


Кава з дастаўкай на дом — папаўняйце свае запасы праз Каталог

Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
зерновой, арабика 100%, средняя обжарка, интенсивность 5/10
Onlíner рекомендует
капсулы Nespresso Original, бленд (арабика 95%), светло-средняя обжарка, интенсивность 5/13

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by