Спецпроект

«А некалі ж Крапіва параіў яму біць камяні на дарозе, а не займацца літаратурай». Якім запомніўся Караткевіч блізкім і сябрам

Источник: Настасся Занько. Фото: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, karatkevich.ru, ілюстрацыі Валерыя Седлюкоўская
7631
24 декабря 2020 в 9:00

Шчыры і гасцінны, Уладзімір Караткевіч меў шмат сяброў. Іранічны ў дачыненні да сябе, Ладысь Сымонавіч умеў сябраваць, а значыць, мог і падтрымаць, і абараніць, і, калі трэба, увязацца ў прыгоды. Літаратурны крытык Адам Мальдзіс, вядомы навуковец Вячаслаў Рагойша, паэты Рыгор Барадулін і Максім Танк, пісьменнікі Васіль Быкаў і Янка Брыль і шмат-шмат іншых сяброў ды знаёмых — у душы Ладыся Сымонавіча знаходзілася месца для кожнага. Сёння разам з кампаніяй A1 глядзім на Уладзіміра Караткевіча вачыма ягоных сяброў і блізкіх.

Читать на Onlíner

«Род падстарасты Бабруйскага і Пінскага, захудалы да ўсёру»

«Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы, — успамінае Адам Мальдзіс у кнізе „Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча“. — У зборніку „Пра час і пра сябе“ ў адпаведным месцы дапісана чорным чарнілам: „Род падстарасты Бабруйскага і Пінскага, захудалы да ўсёру“».

Караткевіч у студэнцкі час. Тут яму 19 гадоў. 1949 год

Ганарыўся Караткевіч і сваім прадзедам па кудзелі (гэта значыцца, з боку маці) Тамашом Грыневічам. Той камандаваў атрадам падчас паўстання 1863 года і быў расстраляны па загаду Мураўёва.

«А яшчэ Уладзімір Караткевіч неяк сказаў, што ўсе з яго роду, з яго сям’і годна трымаліся ў 1937 годзе. Даносчыкаў сярод іх, на шчасце, не аказалася», — распавядаў Мальдзіс.

Бацькі пісьменніка былі аршанскімі інтэлігентамі: бацька — фінансавым работнікам, а маці — настаўніцай.

Бацька і маці Караткевіча

«Бацькі ўмелі стварыць атмасферу дабрыні, павагі, спакою. Кожны адчуваў сябе любімым, — апавядала старэйшая сястра пісьменніка, Наталля Кучкоўская. — Асабліва шкадавалі Валодзю, бо ён часта хварэў. Хворы, ён звычайна маляваў, разглядаў кніжкі, патроху вучыўся чытаць. Рос спакойным, задумлівым. Любіў заставацца адзін.

У тры гады Валодзя ведаў усе літары, а праз паўгода ўжо чытаў. Чытачом быў творчым, заўсёды нешта дадумваў і пераносіў у жыццё».

Уладзімір Караткевіч у дзяцінстве з маці Надзеяй Васільеўнай і сястрой Наталляй. Віцебская вобласць, Орша, 1937 год

Любімымі кніжкамі ў дзяцінстве Караткевіча сталі казкі Карнея Чукоўскага. Ён нават напісаў дзядзьку Карнею ліст, і той адказаў чытачу, праўда, адказ згарэў у вайну.

«Калі Валодзя стаў цікавіцца гісторыяй, бацькі падтрымалі і падагравалі гэты інтарэс. Куплялі яму гістарычныя выданні. Наогул, кнігі ў нашым доме любілі. Была свая бібліятэка: у асноўным руская класіка, з беларускай — Купала, Самуйлёнак і іншыя», — гаварыла сястра Караткевіча.

«Што нас асабліва ўразіла — з рознакаляровымі вачыма»

«Першае ўражанне рэдка памыляецца», — казаў Рыгор Барадулін. З Караткевічам яны пазнаёміліся на нарадзе маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах — вёсцы ў Мінскім раёне. Стаяў 1955 год. Барадуліну на той момант было 20, Караткевічу — 25.

«Упершыню ўбачыў я здзіўленавокага, нязвыкла даверлівага, амаль па-малечы цыблакаватага і разам з тым мажнога хлопца, у якога нечакана спалучалася вяскова-мястэчкавая беларуская шчырасць з урбаністычнай еўрапейскай шырынёй і ўзважанасцю», — пісаў пасля ён.

Барадулін і Караткевіч. Фота Сяргея Панізьніка, budzma.by

У Каралішчавічах якраз у той жа год з Караткевічам пазнаёміўся і ўжо досыць вядомы на той момант пісьменнік 38-гадовы Янка Брыль.

«Сустрэліся мы ў кнігарні, дзе ён здзівіў мяне і маладым, свабодна гучным беларускім голасам у размове з прадаўшчыцамі, і колькасцю купленых кніг, і сваім адметным выглядам высока-танклявага юнака, маладзейшага за свае, як потым стала мне вядома, дваццаць пяць», — распавядаў Брыль. Пасля Брыль прадставіў Караткевічу і Адама Мальдзіса.

Уладзімір Сямёнавіч і Янка Брыль у Каралішчэвічах, 1962 год

«Янка Брыль паклікаў мяне і прадставіў высокаму і плячыстаму мужчыну, амаль яшчэ юнаку. Ён прымружана і дапытліва глядзеў рознакаляровымі (адно шэраватае, а другое сіняватае) вачыма і шырока, крыху іранічна ўсміхаўся», — успамінаў Мальдзіс.

А вось як выглядала першая сустрэча Караткевіча і яшчэ студэнта, будучага навукоўца Вячаслава Рагойшы ў 1963 годзе:

«Нарэшце ў шырокіх дзвярах з'явіўся Уладзімір Караткевіч. Высокі, прыгожы, крыху, як нам падалося, сутулаваты, элегантна апрануты і, што нас асабліва ўразіла, — з рознакаляровымі вачыма».

Караткевічу тады было 32, а Рагойшы на 12 гадоў менш. Розніца ва ўзросце ніяк не перашкодзіла пасля ім стаць найлепшымі сябрамі.

«Ці няма ў вас маленькае мензурачкі? Я хачу маме шампанскага занесці»

Бацька Караткевіча памёр, калі сыну было 29. Далей Уладзімір разам з маці, Надзеяй Васільеўнай, пражыў усё астатняе жыццё: нават калі ажаніўся ў 41 год, Надзея Васільеўна жыла разам з маладой сямьёй.

«Выпускніца Марыінскай гімназіі, прыроджана панавітая і тонкая ў веданні людзей, яна была рэхам, адгалоссем былое годнасці і велічы старадаўняга беларускага роду. Яна была нейкім чынам прататыпам інтэлектуальна-велічных натур у творах сына. Недзе ў 60-я гады Павел Кабзарэўскі прывёз мне з Пецярбурга (тады Ленінграда) фотакартку свайго здымання Анны Ахматавай. Я быў уражаны, так бы мовіць, двайніковасцю. Шляхетнасць. Вялікасвецкасць. I вонкавае падабенства», — распавядаў Рыгор Барадулін і дадаваў, што яна выдатна ведала французскую мову, а таксама любіла дарагія, тонкага густу рэчы, фамільныя рэліквіі, што перадалося і Уладзіміру.

Атэстат аб заканчэнні Магілёўскай жаночай гімназіі, выданы Надзеі Васільеўне Грынкевіч (маці Уладзіміра Караткевіча).
25 мая 1911 года. Фота: archives.gov.by

 «Уладзімір любіў маці, ганарыўся ёю. Быў уважлівы і чулы, але без цялячасці, якой хварэлі мы пасля застолля. Было, што пілі ў нас дома. Адыходзячы, ці, можа, дакладней сказаць, адплываючы, Уладзімір тоненькім голасам (не раўнуючы як той воўк з казкі, якому каваль адцягнуў язык на тоненькую лісціначку, на дрыготкую шапаціначку) папрасіў: „Ці няма ў вас маленькае мензурачкі? Я хачу маме шампанскага занесці“», — расказваў Мальдзіс.

«Я ўсё блытаў пад’езд, ды мне дапамагалі зарыентавацца на кожным паверсе прымацаваныя да радыятараў крэслы. Апошнія гады Надзеі Васільеўне стала цяжка падымацца. Дык Уладзімір і зрабіў для маці палёгку», — апісваў Барадулін.

Караткевіч з жонкай і маці. Фота: karatkevich.ru

У 1976 годзе Надзея Васільеўна памерла. Яе смерць моцна падкасіла Караткевіча.

«Вось і запалілася каля маці свечка, што раней стаяла перад Каліноўскім», — сказаў Караткевіч сваім сябрам Мальдзісу, Кісялёву ды Рагойшы ў той змрочны дзень.

«Над труной Валодзя вымавіў толькі тры фразы: „Адхадзілі твае ножанькі“, „Адрабілі твае ручанькі“ і яшчэ нешта, цішэй, пра вочы. Потым стаяў над магілай з закрытымі вачыма і нешта шаптаў — ці то малітву, ці то сваё», — казалі ягоныя сябры.

«Вы могли бы рассуждать так, если бы писали, как Короткевич»

Са сваёй жонкай Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся ў Брэсце падчас сустрэчы са студэнтамі ў 1967 годзе.

«Уладзімір Сямёнавіч на той час быў ва ўзросце колішніх беларускіх шляхцічаў, якія, як мы жартавалі, ужо маглі жаніцца — амаль саракагадовы халасцяк. Мы ўсе чакалі ягонай жаніцьбы. Ды і ён сам ужо хацеў стаць чалавекам сямейным».

1950 год. Караткевічу 20

«... Вот вам мое слово, приеду в Латвию жениться. Ей-богу, надоело ходить так, хочется своего угла, хочется тепла, доброты, чтобы не мыкаться, как старой собаке, и не смотреть на чужие окна. Я уже перегорел, никаких мечтаний мне не надо. „На свете счастья нет, но есть покой и воля“. Был я влюблен трижды, и никогда это мне ничего не приносило, кроме горечи, разуверения во всем и боли — каждый раз сильнее. Теперь нужен мне хороший друг».

У 1962 годзе Караткевіч так апісваў сваю будучую жонку ў лісце свайму сябру па сумеснай вучобе ў Літінстытуце латышу Ераніму Стулпану: «Пусть будет добрая, хорошей души, хорошая хозяйка и хорошая мать моих детей. Красивой не надо, пусть будет женственная».

А праз пяць гадоў, калі яму было 37, ён пазнаёміўся з Валянцінай Нікіцінай. Знаёмства, па ўспамінах Вячаслава Рагойшы, надарылася асаблівым. На той момант яна працавала ў Брэсцкім педінстытуце, выкладала гісторыю КПСС. У вольны час яна захаплялася дэтэктывамі, у тым ліку любіла і «Дзікае паляванне караля Стаха». Другога лістапада 1967 года ва ўніверсітэце мелася быць сустрэча з Караткевічам. Аднак Валянціна пра яе не ведала, бо на той момант гэта не надта афішыравалі. Студэнты надта прасіліся адпусціць іх на сустрэчу, і выкладчыца пайшла з імі.

«Сустрэча закончылася. Караткевіч адказваў на пытанні і разважаў пра значэнне гістарычнай прозы: „Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не адбудзецца нацыя...“ Валянціна Браніславаўна, вострая на язычок, тут жа кінула рэпліку: „Вы могли бы рассуждать так, если бы писали, как Короткевич“. Зала грымнула смехам. Ёй растлумачылі, што на сцэне якраз Караткевіч...» — успамінае Рагойша.

Пасля сустрэчы яны пазнаёміліся, здарылася кава, і Караткевіч застаўся на некалькі дзён у Брэсце. А праз тыдзень ён прыехаў з Валянцінай на вяселле да Рагойшаў. Многія сябры Караткевіча напачатку не прынялі Валянціну. Па-першае, размаўляла яна выключна па-руску. Па-другое, «як тыповая „саветка“ Валянціна піла толькі гарэлку, ды нароўні з мужчынамі, у той час як „жанчыны-заходніцы“ тады па традыцыі не пілі, а толькі „цалавалі“ кілішкі, прычым не з гарэлкай, а з віном».

«Не адзін я тады падумаў: „Што ў ёй знайшоў Валодзя? Што разглядзеў?“» — расказвае Рагойша. Праз чатыры гады пасля знаёмства Уладзімір і Валянціна ажаніліся. І пасля яна выдатна вывучыла беларускую мову і гаварыла на ёй «лепей, чым тыя, хто яе папракаў». Таксама яна была апантаная беларускай культурай. Яны разам з Караткевічам нямала зрабілі для «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», аб'ездзілі ўсю краіну з экспедыцыямі, яна мела высокі аўтарытэт у Інстытуце мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Караткевіч з вучонымі Інстытута мастацтвазнаўства і этнаграфіі АН БССР падчас здымкаў памятнікаў архітэктуры. Браслаў, 1972 год

«З паэтаў — Барадулін, а з празаікаў — Караткевіч»

У нейкі момант сябры і знаёмыя Уладзіміра Сямёнавіча сталі зваць яго паўжартам «класік». Караткевіч не спыняў гэтага.

«Праз шмат гадоў пазней, калі ў адной прыватнай гутарцы я спытаў у яго: „Хто, па-твойму, найбольшы з сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў?“ — ён зусім сур'ёзна адказаў: „З паэтаў — Барадулін, а з празаікаў — Караткевіч“. Тады я ўважліва паглядзеў на Уладзіміра Сямёнавіча. Ці не прыме ён слова за жарт, ці не ўсміхнецца? Не ўсміхнуўся», — расказваў Вячаслаў Рагойша.

Уладзімір Караткевіч і Алесь Адамовіч у гарах Башкірыі

У 1978 годзе ў часопісе «Маладосць» выйшла аповесць «Чорны замак Альшанскі».

«Адразу вырас тыраж часопіса, выклікаў пагоню за ягонымі нумарамі, у бібліятэках устанавілася чарга чытачоў, каб пачытаць твор. На „чорным рынку“ цана аднаго асобніка „Маладосці“ з „Чорным замкам Альшанскім“ дасягнула неверагоднай цаны — 50 тагачасных рублёў», — расказваў Рагойша.

«А некалі ж Крапіва параіў яму біць камяні на дарозе, а не займацца літаратурай», — адзначаў ва ўспамінах пра Караткевіча Рыгор Барадулін.

Пры гэтым Караткевіч заўжды падкрэсліваў, што без чытачоў і беларускага народа яго б як пісьменніка проста не было б.

«Раніцай ванна з „Бадусанам“, потым спорная чарка, супешнік, кава па-турэцку, абавязкова з каймаком — з пенкаю»

«Ягоным рабочым інструментам была чарнільная ручка — ёю ён пісаў і маляваў. Дакладней, ручак у яго было шмат, усе прыгожыя і, відаць, дарагія і дыхтоўныя, з пазалочанымі пёрамі. І — чорнае чарніла. Ён не прызнаваў модных на той час шарыкавых ручак», — апісвае стол Вячаслаў Рагойша.

«Пісьмовы стол Уладзіміра Караткевіча — гэта стол-рамантык. Пасля кожнага чарговага падарожжа гаспадара на ім з’яўляюцца новыя і новыя дзівы: рэдкія каменьчыкі і засушаныя марскія зоркі, цагліны тысячагадовай даўнасці і ўпрыгожанні нашых продкаў, — расказвае Адам Мальдзіс. — Да стала прыхінулася старадаўняя разная прасніца. Аднак галоўнае на ім — наклеены на шэрае палатно велізарны партрэт Кастуся Каліноўскага. Тут жа — каваны ў жалезе свяцільнік. Нібы агромністая кропля крыві, чырванее ў ім падфарбаваны воск. Гаспадар запальвае свяцільнік толькі раз у год — 21 сакавіка, у гадавіну гераічнай смерці таго, хто стаў самай вялікай любоўю Уладзіміра Караткевіча, яго натхненнем і героем яго твораў».

«Раніцай ванна з „Бадусанам“, потым спорная чарка, супешнік (так гаспадар называў любое варыва), кава па-турэцку, абавязкова з каймаком — з пенкаю. I ў беласнежнай кашулі — за пісьмовы стол, дзе быў музейны парадак і акуратнасць.

Не адрываючы рукі гэтак старонак 10—15 уборыстым, да смачнага акруглым почыркам на фінскай паперы, вядома ж, залатым пяром пісалася за першы прыскок новая аповесць, новае эсэ, рэцэнзія, а то і проста ліст. Варта адзначыць, што з Караткевічавай старонкі ад рукі выходзіла болей за дзве старонкі перадруку», — расказваў Барадулін.

«Караткевіч маляваў на палях рукапісаў, у лістах, дзённіках і альбомах»

«Несумненна, шчодрая прырода надзяліла яго творчымі мажлівасцямі ледзь не ва ўсіх (а, мажліва, ва ўсіх) відах мастацтва, а не толькі ў галіне літаратуры, — расказваў Вячаслаў Рагойша. — Не раз пераконваўся ў ягонай фенаменальнай памяці: ён ведаў на памяць ледзь не ўсяго „Яўгенія Анегіна“ Аляксандра Пушкіна і „Новую зямлю“ Якуба Коласа, па памяці чытаў урыўкі з „Вайны і міру“ Льва Талстога, асобныя рускія і беларускія гістарычныя дакументы ў іх арыгінальным гучанні. Захапляўся яго густым прыгожым барытонам, упэўніўся ў яго абсалютным музычным слыху, веданні сусветнага меласу».

«Уладзімір Караткевіч ніколі не лічыў сябе мастаком-жывапісцам, ніколі і нідзе (у адрозненне, скажам, ад Васіля Быкава) не вучыўся маляваць, не займаўся спецыяльна маляваннем, тым больш не паказваў свае малюнкі шырокай аўдыторыі, — расказваў Рагойша. — Але маляванне было яго захапленнем змалку. Караткевіч маляваў на палях рукапісаў, у лістах, дзённіках і альбомах. Захаваліся сотні ягоных малюнкаў, якія досыць доўгі час заставаліся невядомымі».

Пасля ўжо ўкладальнікі збору твораў Караткевіча выдалі ў 18-м томе ягоныя малюнкі. Тут і ілюстрацыі да твораў, і сяброўскія шаржы, і проста эскізы.

«Караткевіча страшэнна абурала, калі хтосьці сцвярджаў, што раней у беларусаў, апрача каўтуна і лапцей, нічога не было»

«Калі гаворка заходзіла пра Беларусь, расказваў прытчу, што вось Бог, ствараючы нашу зямлю, даў ёй усё добрае: плодныя землі, звярыныя лясы, рыбныя рэкі, умераны клімат, але потым, спахапіўшыся, рашыў іх ураўнаважыць („каб не задаваліся, не пселі ў бяздзейнасці“) і дадаў самае дурное начальства. Праўда, калі беларусы заслужаць на гэта, Бог злітуецца і заменіць яго на лепшае... — гаварыў Барадулін. — Адносіны Караткевіча да нацыянальнай гісторыі былі заўсёды паслядоўныя: яна багатая і „нармалёвая“, толькі мала вывучаная, раздадзеная намі ж суседзям. Наша мінулае нельга маляваць толькі адной фарбай — белай або чорнай, бо былі ў ім і прымус, і жорсткасць, і здрада, але былі і светлыя праявы. Караткевіча страшэнна абурала, калі хтосьці сцвярджаў, што раней у беларусаў, апрача каўтуна і лапцей, нічога не было».

«Уладзіміру Караткевічу, як сапраўднаму патрыёту, пісьменніку гістарычнай тэматыкі, заўсёды імпанаваў герб сярэдневяковай Беларусі, тагачаснай асноўнай часткі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага — Пагоня. Зразумела, „Літоўскую Пагоню“ набыць тады было немагчыма. Аднак элемент гэтага герба ён бачыў нават у выявах звычайнага каня, таму з вялікім задавальненнем дарыў гэтыя выявы сваім знаёмым і сябрам», — пісаў Рагойша. Дарэчы, Караткевіч маляваў адзенне з выявай «Пагоні» да таго, як гэта стала мэйнстрымам.

«Выразна адчувалася адсутнасць дзяцей у яго самога»

Караткевіч вельмі любіў дзяцей і жывёл. Часта бавіўся з дзеткамі Вячаслава Рагойшы ды называў мальдзісяняткамі дзяцей Адама Мальдзіса.

«Дзяцей Уладзімір любіў, пісаў для іх казкі, усяляк прывячаў. Заўсёды, калі прыходзіў да нас, прыносіў дзецям нейкія цацкі, цукеркі. Выразна адчувалася адсутнасць дзяцей у яго самога. Праўда, аднойчы сказаў мне: „Недзе па Карла Маркса бегае і мой сын...“ Бачачы, што я не паверыў, не стаў працягваць гэтую тэму, — успамінаў Вячаслаў Паўлавіч. — Затое неяк прыставаў да нас з Таццянай: „Аддайце мне Петруся! Вы не ўмееце гадаваць дзяцей, не закаляеце іх, таму хварэюць часта. Мы будзем з Петрусём раніцаю босымі нагамі бегаць па сцюдзёнай расе...“»

Адной з самых любімых кніжак у Караткевіча была «Жыццё жывёл» Брэма. Ён разбіраўся ў назвах птушак ды звяроў і вельмі іх любіў.

«Уладзімір хадзіў у унтах. Сабакі, чуючы дух сваіх братоў, на першых часінах брахалі на ногі добрага чалавека, які частаваў іх самым смачным. Пра любімых нашых сабак нават склалі былі вершык: „Сук Дазор і сучка Джэры жралі суп і сок з фужэра“. Ці яшчэ такі, парадыруючы заклічную паэзію: „Гэй, да сонца, гэй, да зор, з намі Джэры і Дазор!“ — успамінаў Рыгор Барадулін. — Каб пачаставаць сабак, пасля працы часцяком ехалі мы з Уладзімірам у „Мінск“, у рэстаран, названы ў гонар сталіцы. Уладзімір заказваў абавязкова куранятка табака, каб костачкі завезці брахлівым любімцам».

А аднойчы ў ягонай кватэры насамрэч пасяліліся мядзведзі. У той час якраз на «Беларусьфільме» здымалася беларуска-чэшская стужка «Пушчык едзе ў Прагу».

«Яго галоўнага „героя“, маладога мядзведзя Пушчыка, кінаработнікі неяк прывялі да Караткевіча, выкупалі ў ванне, а потым паклалі спаць на тахце і селі абедаць, — расказвае Адам Мальдзіс. — Тады ж быў зроблены і фотаздымак: Караткевіч гуляе з мядзведзем. Гэты здымак трапіў у газету „Ніва“, што выдаецца ў Польшчы, у Беластоку, на беларускай мове. І там яго ў 1965 годзе апублікавалі з прыкладна такім подпісам: „Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч вельмі любіць жывёл; на гэтым здымку вы бачыце яго з уласным мядзведзем, з якім ён любіць прагульвацца...“ Пасля той публікацыі не было адбою ад званкоў: а калі можна прыйсці, каб яго паглядзець, а дзе ты яго трымаеш, а чым корміш?»

Гэтая гісторыя стала асновай для вядомага апавядання Уладзіміра Караткевіча «Былі ў мяне мядзведзі».

Караткевіч у 1950 годзе

«У нас, беларусаў, — згубная, так бы мовіць, флегматычнасць»

«Па сваім характары Уладзімір Караткевіч быў чалавекам памяркоўным, хоць, як вядома, з выразнай грамадзянскай пазіцыяй. Ні з кім не задзіраўся. Калі ў ягонай кватэры некаторыя з наведнікаў пачыналі ганіць іншых, хоць бы яго „заклятага друга“ Якава Герцовіча, ён адразу абрываў размову: „У маёй кватэры блага пра іншых гаварыць нельга. А то — вунь Бог і вунь парог“», — гаварыў Рагойша.

«Трэба знаходзіць тое, што яднае людзей, а не наадварот. Бо ў кожным народзе ёсць і благое, і добрае. У нас, беларусаў, — згубная, так бы мовіць, флегматычнасць. Ведаеце анекдатычную гісторыю? У мужыка разам з ураджаем згарэла гумно. Ляснуў увесь гадавы запас неабмалочанага збожжа. Як сям’ю пракарміць — аднаму пану Богу вядома. І тут да мужыка прыходзіць такое ма-аленькае суцяшэнне: „Але ж затое колькі мышэй ляснула!“ Беларусы ўсе ў гэтым анекдоце...» — прыводзіць словы Караткевіча Адам Мальдзіс.

«Караткевіч наогул ніколі не паказваў кукіш у кішэні. Яму нічога не значыла падысці да сакратара ЦК Кузьміна і прапанаваць яму пігулкі, якія адбіваюць пах алкаголю. Ні на якія кампрамісы ніколі не ішоў», — піша ў сваіх успамінах Барадулін.

«Караткевіч не насіўся з сваёй персонай, як дурань са ступай. Ведаў сабе цану. Ведаў, што і тыя, у каго ёсць галава на плячах, ведаюць яму цану. Не гуляў у літаратуру, у генія, бо тварыў літаратуру, бо геніем быў. I калі ў адной паездцы з начлегам у стозе я запытаўся: „Наша моц і гордасць, што ж твой лёс цяжкі — на каленях «торбы», пад вачмі мяшкі?“ — толькі засмяяўся тым смехам, якім смяюцца людзі, што любяць жыццё, людзі дужыя і глыбока мудрыя. Уладзімір Караткевіч казаў жыццю: любі мяне такога, які я ёсць, увесь, адкрыты, непрыхаваны. I жыццё любіла жыццялюба», — пісаў Барадулін.

Караткевіч у Кактыбелі. Крым, 1973 год

«Гарэлка адбірала ў яго не толькі час, новыя творы, але і галоўнае — здароўе»

«Колькі клопатаў было ў яе змаганні з „хранічнай хваробай“ мужа! — расказвае Рагойша. — Якія сродкі яна не ўжывала пры гэтым! Звярталася да сяброў: „Памажыце!“ Да яе далучалася і мая Таццяна Вячаславаўна. Яна не раз папракала мяне: „Што вы за сябры, калі не можаце адвадзіць Валодзю ад «зялёнага змія»? Вунь нават Грыша Барадулін «завязаў», не п'е зусім... Кажуць, яго прыстрашылі: будзеш піць — памрэш...“

Уладзімір Караткевіч з рэжысёрам Арловым, кампазітарам Глебавым і траюраднай сястрой кампазітара. Мінск, 1960 год

Аднойчы з дзецьмі я гуляў у двары нашага дома. Бачу — з пад'езда выйшаў Уладзімір з сумкай, поўнай пустых пляшак. „Куды?“ — „Здаваць“. Тут я адважыўся на самае страшнае: „Валодзя, трэба табе спыніцца, бо ўсё можа скончыцца блага, нават смерцю...“ — „А я і хачу памерці!“ Я збянтэжыўся: „Што ты гаворыш?! Табе трэба жыць і жыць!“ — „А для чаго? У цябе ёсць для чаго і для каго — вунь дзеці... А мне для чаго жыць?“ — „Як для чаго? А творчасць, а літаратура...“ — „Хай другія столькі напішуць, колькі я“. Зноў застыў я ашаломлены і зніякавелы: „Па колькасці і больш напішуць, чым ты, але так, як ты, ніхто не напіша...“ Ён узгарэўся: „Ты бачыў мае шуфляды ў шафах? Яны ўсе запоўненыя рукапісамі твораў, якія ніхто не хоча публікаваць. А ты «пішы», «пішы»... Ат!“ Ён рэзка махнуў рукой і пашыбаваў праз арку дома на вуліцу.

Уладзімір Караткевіч у 1984 годзе. Незадоўга да смерці

Гарэлка адбірала ў яго не толькі час, новыя творы, але і галоўнае — здароўе. Аднак пры ўсім тым я хачу запярэчыць асобным „відавочцам“, якія „ничтоже сумняшеся“ папракаюць Караткевіча ў „непрабудным п'янстве“. Маўляў, сказаць, што Караткевіч піў, — гэта нічога не сказаць... Так, ён піў. Але заўсёды, у любой сітуацыі заставаўся рыцарам. Прычым да „чорных рыз“ не напіваўся. Лішняе перабраў — ішоў паляжаць, паспаць. Піў па звычцы, каб пераадолець некаторую сярмяжлівасць (а яна ў яго, ведаю, была!), каб менш бачыць кепскага вакол сябе, каб заглушыць боль ад страты блізкіх людзей... І не раўнуючы анестэзіяй — прыглушыць боль уласнага цела».

Пасля смерці жонкі стараўся ўсімі сіламі трымацца і не ўжываць алкаголю. У канцы лютага 1984 года з дыягназам «цыроз печані, пячоначная кома» яго паклалі ў рэанімацыю Лечкамісіі. Пасля была рэабілітацыя ў «Аксакаўшчыне». Потым Рагойшы спрабавалі запрасіць яго да сябе ў Ракаў, аднак Караткевіч вырашыў з'ездзіць у свой любімы Кіеў, а пасля адправіцца паплаваць на плыце па Прыпяці. Тым летам да Рагойшаў якраз прыязджаў рэжысёр Сяргей Бадроў — старэйшы з жонкай і сынам Сяргеем, тым самым, што потым здымецца ў фільмах «Брат 1», «Брат 2» і іншых. Рагойшы вельмі хацелі пазнаёміць іх з Караткевічам. Не выйшла.


«Падказкі Караткевіча» — працяг сумеснага праекта А1 i Onliner, які падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Да 90-гадовага юбілею пісьменніка беларускія майстры тэатральнай сцэны агучылі малавядомы пласт творчасці славутага пісьменніка — казкі для дзяцей. Акрамя таго, напярэдадні Каляд і Новага года А1 выпусціў серыю мастацкіх паштовак з цытатамі з твораў Уладзіміра Караткевіча і малюнкамі мастачкі Нікі Сандрас. Праект носіць назву «ПаштоўкА1» і пашырае кампанію #Караткевіч90.


Пятую падказку чытае акцёр Раман Падаляка. Кажа, што ўпершыню пазнаёміўся з казкамі Караткевіча. І праект стаў для яго сапраўдным адкрыццём.

— Такіх маленькіх казак у Караткевіча я не чытаў, ды і яны не асноўныя былі ў ягонай творчасці — гэта было міні-адкрыццём, — расказвае акцёр. — Мне падабаецца містыцызм Караткевіча, ён такі казачнік у добрым сэнсе гэтага слова. Творы Караткевіча заўсёды прасякнуты такой мовай і гучаннем, патрыятызмам у добрым сэнсе гэтага слова. Любоў, якую ён меў да сваёй зямлі, да роднага краю, ён перадавай праз свае творы. Безумоўна, гэта чалавек еўрапейскай культуры, еўрапейскага кшталту, які адчуваў і разумеў, што беларусы пачаліся не 100 гадоў таму, а значна-значна раней.

Акаўнт Уладзіміра Караткевіча ў Instagram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by