Спецпроект

«„Лягалі“ твор усе, хто мог». Лёс Караткевіча-пісьменніка: заядалі цэнзары, не паспеў рэалізаваць задуманае

Источник: Дар'я Спевак. Фото: архіў Onliner, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, zviazda.by. Ілюстрацыя: Вольга Няснова
9130
18 декабря 2020 в 11:50

Вікіпедыйна распісваць творчасць Уладзіміра Караткевіча — сізіфава праца. Навукоўцы-караткевічазнаўцы даўно расклалі па паліцах і аналізавалі творчы здабытак пісьменніка. Цяжка знайсці беларуса, які б не чытаў хаця б адзін твор Караткевіча. «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя роспачы» — бадай, адны з самых папулярных твораў. Мы ведаем Уладзіміра Сямёнавіча як празаіка, паэта, драматурга, кінасцэнарыста, публіцыста, эсэіста, фалькларыста і нават казачніка — здаецца, няма такога кірунку, які б не паддаўся беларускаму генію. У новым праекце Onliner і A1, прысвечаным лёсу і творчасці выбітнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, мы расказваем, як складваўся яго творчы шлях, з якімі перашкодамі сутыкаўся Караткевіч, а таксама з якой смагай ён імкнуўся даследаваць і пісаць.

Читать на Onlíner

Творчасць. «Дзеля таго каб не паўтараліся таталітарныя дзяржавы, канцлагеры, генацыд, чалавек і бярэ ў рукі гістарычную кнігу»

Патрэбу пісаць Уладзімір Караткевіч адчуў вельмі рана. Чытаць ён пачаў у тры з паловаю гады, чытаць лацінкаю і пісаць — крыху пазней. Прыкладна з шасці гадоў стаў складаць вершы — спачатку ён іх гаварыў голасам і напяваў, а пасля і запісваў. Яму вельмі падабаліся ўсе народныя творы — «ад лірычных да грубых», любіў вывучаць гісторыю Беларусі і назіраць за з’явамі прыроды. Апошнія для яго былі цікавейшымі за любыя кнігі. Ён ведаў і наведаў амаль усе мясціны ў Беларусі, часта ездзіў у экспедыцыі, разам з жонкай Валянцінай збіраў фальклор. Уладзімір Сямёнавіч быў вельмі назіральным чалавекам і заўжды насіў з сабою кніжкі для запісаў — занатоўваў тое, што прываблівала вока і слых.

«Загадка Уладзіміра Караткевіча — гэта загадка бурштыну, — пісаў калісьці народны паэт Беларусі і сябра Караткевіча Рыгор Барадулін. — Колькі стагоддзяў жывіцы беларускага духу, беларускага клёку, беларускага слова трэба было згушчацца ў самы цёплы і самы светлы камень, каб пасля сагрэць стылыя руіны нашае гісторыі, каб асвятліць ноч нашага падняволення, які цяжар і ціск давялося вытрымаць жывіцы беларускай жывучасці, каб стаць самым лёгкім каменем, які хочацца на сэрцы насіць, бо ён гоіць душу. Мы маем нáскі, беларускі бурштын. Ён з беларускай жывіцы, з беларускага сонца. Ён трымае ўсмешку нашага сонца. У нас свой духоўны бурштын — Уладзімір Караткевіч, талісманны камень крывіцкае душы».

Караткевіча мы ведаем у першую чаргу як пісьменніка-гісторыка. Напачатку напісання сваіх твораў ён доўга прасядзеў у віленскіх архівах, каб захаваць дакладнасць апісваемых падзей. У адным з радыёінтэрв’ю пісьменнік распавёў пра важнасць ведання гісторыі так: для таго каб знайсці выхад з сітуацый і ведаць, куды ісці чалавеку, а таксама зразумець, што ж ён такое ў няпростым сучасным і будучым свеце, ён павінен вельмі добра ведаць мінулае.

«Тым больш мы ведаем <...>, што той, хто забыў мінулае, асуджаны перажыць яго ў другі раз. І харошае, і кепскае. То вось добрае людзі згодныя перажыць і ў другі, і ў дзясяты раз. Але, па-мойму, дзеля таго каб не паўтараліся на гэтай зямлі таталітарныя дзяржавы, канцлагеры, генацыд... Менавіта для гэтага чалавек і бярэ ў рукі гістарычную кнігу», — казаў Караткевіч.

Darya Spevak · Караткевіч пра важнасць гісторыі

Таксама ён распавядаў, што чэрпае матэрыял не толькі з легенд і паданняў, хаця, вядома, ёсць і гэта. Напрыклад, пра гісторыю, якая апісана ў «Пароме на бурнай рацэ», ён ведаў сапраўды толькі з сямейных паданняў — і не болей. Аж пакуль у Кракаве літаратуразнаўца і ягоны блізкі сябра Адам Мальдзіс не знайшлі запісную кніжку расстралянага героя, да якога ў тую вераб’іную ноч спяшалася жонка.

«Так што, бачыце, паданні часам падмацоўваюцца таксама. Але ён мае рацыю, справа ў чым: што ставіць перад сабою пісьменнік? Хоча ён напісаць рэч дакументальна абгрунтаваную? ... Што датычыцца мяне, то <...> з’яўляюцца „Каласы пад сярпом тваім“ або выйдзе ў „Маладосці“ аповесць пад назвай „Зброя“ — там кожны ўчынак герояў можна дакументальна пацвердзіць», — казаў пісьменнік.

А часам гістарычны раманізм ставіць перад сабой зусім іншую задачу: пісьменнік стварае раман-прытчу. А што было б, каб...? Так Караткевіч падумаў, што б здарылася, каб людзі паверылі, што Юрась Братчык — сапраўды Хрыстос. Што ў такім выпадку зрабілі б сяляне, царква і тыя, хто мае ўладу над прыгоннымі людзьмі? Так нарадзіўся раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — з факталагічнага матэрыялу пра гэтую постаць удалося знайсці толькі некалькі старонак летапісу.

Darya Spevak · Караткевіч пра важнасць гісторыі

«З (Алесем) Загорскім яшчэ цяжэй (размова ідзе пра галоўнага героя „Каласоў...“. — Заўв. Onliner): гэта вобраз, які сабраў у сабе вельмі многае, таму што пісьменнік часам павінен быць у ролі гогалеўскай Агаф’і Ціханаўны (з п’есы „Жаніцьба“. — Заўв. Onliner). Колькі там было жаніхоў, пяць? Каб узяць саліднасць Івана Паўлавіча ды прыбавіць да яе субцільнасць Жывакіна, ды каб яшчэ носік таго-та, ды ўменне выражацца пад Калесіна, то вось тады быў бы жаніх, які трэба! — параўноўваў Караткевіч. — І пісьменнік сапраўды, калі яму патрэбны герой, паступае ў нечым так. Ён бярэ ўчынкі аднаго (які адпусціў сваіх сялян на волю), другога (які загінуў недзе ў сутычцы паўстанцаў з царскім войскам), бярэ трэцяга — і лепіць з іх вобраз. Так што Алеся Загорскага як такога не было. Але былі затое дзясяткі людзей, якія былі ў нечым падобныя да яго. Па-мойму, лепей, чым адзін, ідэальны герой, лепей чалавек пяцьдзясят проста дужа харошых людзей!»

Якім бы чынам ні ствараліся героі і сюжэты, безумоўным застаецца адно: Уладзімір Караткевіч быў прасякнуты кожным героем, кожным гістарычным сведчаннем, кожнай дробяззю. Уладзімір Арлоў згадвае, як даспявала і фарміравалася задумка «Каласоў пад сярпом тваім». Яна штодзень ператваралася ў пацеркавыя нізкі радкоў, пісаных чорнай тушшу, густа — ад зрэзу аркуша да зрэзу. Караткевіч засеў у віленскіх архівах над паперамі паўстання 1863 года і фаліянтамі «Следственного дела». Узрушаны і ўзнёслы вярнуўся з Вільні, зазваў да сябе — у двухпакаёвую кватэрку па Харужай. У той час дыктафонаў у пісьменнікаў не было, таму даслоўна запісаных размоў у Уладзіміра Арлова няма, але ж ён перадае маналогі Караткевіча блізка да зместу: «Я вывучаў „Дело“ Кастуся Каліноўскага. Што ўразіла: пракурорскі подпіс! Дакладней, як ён мяняўся. Першы подпіс на ордары — усяго на арышт Кастуся: шырокі, велічны, уладарны. Ідзе следства, пракурор ужо разумее, на што „цягне“ дзеянне кіраўніка паўстання, — і подпіс паступова мяняецца: больш няўпэўнены ўжо ён, карацейшы, без закрутулек… І вось урэшце — смяротны прысуд. Тут ужо не подпіс, а адна першая літара прозвішча з нейкай невыразнай закаручынай. Бы й не той самы чалавек падпісваў. <…> Хаця і кат, але ўсё ж цяжка адправіць на шыбеніцу чалавека, нялёгка даць загад удавіць маладога ў пятлі».

Таксама цікава, што Уладзімір Сямёнавіч не мог абыякава паставіцца да рэалізацыі сваіх кінасцэнарыяў ці п’ес. Так, для здымкаў фільма «Памяць» ён паехаў са здымачнай групай па лакацыях. І калі прыпыніліся ў Варнянах, убачыў там вежу, якую захацеў увесці ў кадр. Сам ганяў галінай буслоў, каб яны трапілі ў кадр і «прыўкрасілі» яго!

Але не ўсё было так гладка, як выглядае.

Цэнзура. «На чарговым абмеркаванні аўтар падняўся: „Выйду на хвілінку“. І мы Караткевіча не бачылі два месяцы»

Як распавядае ў сваім артыкуле ў газеце «Літаратура і мастацтва» даследчык Пятро Жаўняровіч, першыя сутыкненні Караткевіча з рэдактарамі адбыліся ўжо на пачатку творчага шляху. У 1957 годзе галоўны рэдактар аршанскай раёнкі адхіліў рэцэнзію пісьменніка на раман Уладзіміра Дудзінцава «Не хлебам адзіным». Мала таго, ён напісаў ліст сакратару ЦК КПБ і патрабаваў разабрацца з выданнямі, якія друкуюць вершы Караткевіча.

Аўтарскі твор заўсёды павінен быў прайсці праз цэнзуру Галоўліта — фактычна структуры аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. Даследаванне Пятра Жаўняровіча паказала, што найбольш часта траплялі пад нож фрагменты, датычныя захавання ў творах нацыянальна-культурнай карціны свету праз ужыванне слоў «Беларусь», «беларус», «беларускі». Напрыклад, назва краіны не называлася або замянялася словам «радзіма». Даследчык прыводзіць прыклады: «У прыжыццёвых выданнях няма вылучаных слоў або яны заменены сінонімамі: „„Беларус! Ільвяня!“ — пачуў я перарывісты голас Дубатоўка“; „Беларусь (Радзіма) мая! Гаротная маці! Плач!“ („Дзікае паляванне караля Стаха“); „„Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па беларусаў (такіх, як ты)“, — урэшце сказала яна“; „Ты зноў папаўся, беларус...“ („Ладдзя роспачы“)». Так савецкія цэнзары правілі творы Уладзіміра Сямёнавіча.

Паводле Жаўняровіча, такія праўкі разбуралі аўтарскую задуму, «якая выяўлялася ў настойлівым імкненні Караткевіча выпрацоўваць нацыянальную свядомасць беларусаў, паказваць, што яны мелі і сваіх мужыкоў, і сваю шляхту».

Нярэдка савецкія рэцэнзенты складалі крытычныя водгукі аб творах Уладзіміра Караткевіча. Яго сябры з літаратурнага асяродка казалі, што гэтыя рэцэнзіі выглядалі не як асабістае меркаванне, а як выкананне дырэктывы «зверху». Напрыклад, пасля прачытання «Дзікага палявання караля Стаха» рэцэнзент Я. Герцовіч назваў сюжэтную схему твора плагіятам.

«Нягледзячы, аднак, на рэцэнзію <...> „Дзікае паляванне...“ карысталася вялікай папулярнасцю сярод чытачоў, якім прыелася прэсная „вытворчая“ проза. Асабліва палюбілі аповесць падлеткі. Расказвалі пра выпадкі, калі, схаваўшы пад коўдру ліхтарык, хлапчук адолеў яе за адну ноч, калі за яе браліся школьнікі, вызваленыя ад вывучэння беларускай мовы (тады гэта рабілася модным), зусім не абазнаныя ёю», — згадваў пасля яго блізкі сябра Адам Мальдзіс.

У творах Караткевіча не праглядаецца спачувальнага замілавання «сялянскім духам»: галодныя бунтары, як у «Хрыстосе»; забітыя і сцішаныя, як у «Дзікім паляванні...», гвалтаўнікі, «барацьбіты» невядома за што ў «Легендзе…». Сам з роду асветнікаў, цягнуўся ён даследаваць шляхецтва — стаў першапраходцам гэтай тэмы ў беларускай літаратуры, распавядае ў сваёй кнізе Уладзімір Арлоў.

Такі ўплыў, піша ён, сябры і знаёмыя Караткевіча адчувалі ўвесь час. Арлоў — падчас здымкаў «Камедыянта», Яўген Глебаў — у працы над лібрэта балета «Выбранніца». Уладзімір Сямёнавіч перадаваў свайму цёзку размову ў ЦК:

«Прымушаюць мяне рабіць з Машэкі мала што не рэвалюцыянера. А ён жа — цёмны рабаўнік! Дзяўчына пакахала маладога пана — вядома ж: чысты, асветны, прыгожы, ды ён яе адным пахам парфумаў мог бы залучыць».

Цэнзары скарачалі гістарычныя факты, інтэрпрэтаваныя пісьменнікам, нематывавана змянялі загалоўкі, уносілі шмат суб’ектыўных моўна-стылістычных правак.

«У адным творы падбіраюць сінонім прыметніку „прыўкрасны“, у другім гэтае слова пакідаюць, „напой“ замяняюць на „напітак“, „палову“ — на „палавіну“, „застацца“ — на „астацца“, „вылекаваў“ — на „вылечыў“, „жораваў“ — на „журавоў“, „любові“ — на „любві“, „вачыма“ — на „вачамі“, „зарыва“ — на „зарава“, „нейчы“ — на „нечы“, „завішчэла“ — на „завішчала“, „запраграмаваны“ — на „запраграміраваны“ і інш. Таму надрукаваныя пры жыцці Караткевіча творы шмат у чым разыходзяцца з рукапісамі і машынапісамі, якія і з’яўляюцца адзінымі захавальнікамі апошняй аўтарскай волі», — робіць выснову Пятро Жаўняровіч, які стаў адным з рэдактараў новага, непадцэнзурнага 25-томніка твораў Уладзіміра Караткевіча.

Нялёгкія гісторыі здараліся і з перакладамі твораў Уладзіміра Сямёнавіча на рускую мову — мову ўсёй савецкай дзяржавы. Напрыклад, выдавецтва «Советский писатель» тройчы рэцэнзавала пераклад «Каласоў…». У адным з лістоў да перакладчыцы Валянціны Шчадрыной аўтар пісаў:

«Калі кожнае палажэнне кнігі, дзеля якой я працаваў у архівах 12 гадоў, трэба даказваць людзям, якія ў архівах і дня не пабывалі, — то гэта ўжо занадта. <…> Я паважаю рэдактараў, але, не менш, паважаю сябе. Я напісаў добрую кнігу, якую ў добрым перакладзе з задавальненнем прачытае і рускі чытач».

Дарэчы, пазней Уладзімір Караткевіч прыехаў у Маскву і дамогся, каб рэдактара перакладу змянілі. Рускамоўныя «Каласы…» ўсё ж такі дайшлі да чытача.

Пасля смерці пісьменніка ў адным са сваіх выступленняў Васіль Быкаў сказаў, што Уладзіміру Караткевічу было пры жыцці недададзена ўвагі.

«Мне ўяўляецца, што самым цяжкім перыядам у жыцці Караткевіча былі другая палова 60-х — пачатак 70-х гадоў, калі аўтар „Каласоў...“ сапраўды хадзіў у „чорным целе“, калі ў кожным яго радку шукалі крамолу», — каментуе словы Быкава Адам Мальдзіс і кажа, што віна за гэта ляжала на галоўным ідэолагу рэспублікі Пілатовічы — ён быў супраць выдання «Каласоў...» асобнай кніжкай. Любыя праявы патрыятызму тады расцэньваліся як нацыяналізм.

А барацьба пісьменніка з застойнымі парадкамі якраз найбольш выяўлялася ў адстойванні беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і зберажэнні прыроды. Аднойчы Караткевіч завітаў да Яўгена Глебава і Уладзіміра Арлова. Разгублены, нечым узрушаны. Спачатку маўчаў і неахвотна патыцкаў у талерку.

— Хлопцы, я сёння вырашыўся ўрэшце лёс майго рамана «Леаніды не вернуцца на Зямлю», — нечакана выпаліў ён.

Ведаючы, як да тае пары цяжка і марудна праходзіў твор праз інстанцыі, сябры Караткевіча толькі сабраліся яго павіншаваць, як той сумна дадаў:

— Сёння быў рассыпаны друкарскі набор рамана па загадзе...

Пасля гэтага Караткевіч назваў прозвішча аднаго з галоўных ідэолагаў БССР. А потым пайшлі чуткі, што забарона была звязана нават з назвай. «Леаніды» — гэта метэарытны паток, які бачыцца на Зямлі як падаючыя і згасаючыя зоркі. А ў той час Савецкім Саюзам кіраваў генсек Леанід Брэжнеў. Ці мала які падвох-шматзначнасць маглі разгледзець у адной толькі назве твора?

Амаль нічога з напісанага Караткевічам у той час не друкавалася, адзначае Арлоў. Рукапісы асядалі ў тых, каму давяраў: магчыма, баяўся іх канфіскацыі. Таксама яны ляжалі ў рэдакцыйных шуфлядах. Нямала твораў пісьменніка будзе яшчэ выходзіць з пазнакай «публікуецца ўпершыню»…

А фільм «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ўвогуле быў экранізаваны толькі ў 2008 годзе — праз 22 гады пасля запланаванай даты выхаду.

«Караткевіч у сцэнарыі паспрабаваў паказаць, як змяняе чалавека ўлада. Яго «Хрыстос...» выказвае думкі, блізкія камуністычным пастулатам. А ці ж гэта дрэнна? У згаворы рэжысёра са сцэнарыстам свяцілася ідэя: што б здарылася з нашым краем, калі б адбыўся другі прыход сапраўднага Хрыста?» — пісаў Адам Мальдзіс.

Здаваць фільм вазілі ў Маскву, згадвае Уладзімір Арлоў. Кожны раз у новым, перакроеным выглядзе — 12 разоў! Але з самага пачатку было ясна адно: немагчыма змяніць галоўную думку, што заклаў у сцэнарый Караткевіч.

«„Лягалі“ твор усе, хто мог», — казаў з уздыхам аператар Анатоль Забалоцкі.

А кінарэжысёр Юрый Цвяткоў адзначаў, што Уладзімір Караткевіч надта балюча ўспрымаў скажэнне ягонай задумкі. І калі зразумеў, што абараніць або захаваць тэкст не можа, адышоў ад праекта — стаў пісаць раман.

— На чарговым абмеркаванні аўтар падняўся: «Выйду на хвілінку». І мы Караткевіча не бачылі два месяцы, — сказаў старшыня камітэта па кінематаграфіі Барыс Паўлёнак.

Сябра Караткевіча Адам Мальдзіс лічыў, што перажыванні з-за цяжкіх умоў для публікацыі твораў наблізілі смерць Уладзіміра Сямёнавіча.

«Ён абвострана, пакутліва ўспрымаў усе нягоды і бядоты, якія выпадалі ў сталінскія і застойныя часы на долю беларускай літаратуры і беларускага народа. А колькі горкіх крыўдаў і зняваг давялося праглынуць яму моўчкі, амаль без слёз. Яны не праходзілі бясследна. Яны таксама набліжалі канец», — лічыць Мальдзіс.

Нерэалізаванае. «Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі»

Уладзімір Караткевіч выношваў думку стварыць цыкл кніг пра жыццё свайго народа на працягу значнага прамежку часу. У адной з папак хатняга архіва, піша даследчык Анатоль Верабей, пісьменнік захаваў ліст паперы ў лінейку, дзе ён склаў план кніг, якія марыў напісаць і якія маглі б скласці 78 (!) тамоў. Выглядаў гэты план так:

  • 1—2 — Вершы,
  • 3 — Легенды,
  • 4—5 — Паэмы,
  • 6 — Раман у вершах,
  • 7—8 — Апавяданні,
  • 9—10 — Аповесці,
  • 11—15 — Раманы гістарычныя,
  • 16—20 — Раманы сучасныя,
  • 21—35 — Серыя «Век»,
  • 36—37 — Казкі і літаратура для дзяцей — у стылі Х. К. Андэрсэна,
  • 38—39 — Фантастычнае,
  • 40—43 — П’есы,
  • 44—45 — Запісы фальклору,
  • 46—47 — Мемуары,
  • 48—49 — Шляхі (дарожныя нататкі),
  • 50 — Малая спадарожная кніжыца,
  • 51—52 — Крытыка,
  • 53—56 — Гісторыя беларускага мастацтва (архітэктура, жывапіс, музыка, скульптура),
  • 57—58 — Біяграфіі,
  • 59—61 — Гісторыя Белай Русі,
  • 62—64 — Пераклады,
  • 65—67 — Ліставанне,
  • 68 — Пегас дыбкі («Пегас», «Пегас б’е задам», «Утаймаваны Пегас», «Перакітаіць кітайцаў»),
  • 69 — Паляўнічае,
  • 70 — Гісторыя беларускай літаратуры,
  • 71—72 — Кінасцэнарыі, лібрэта,
  • 73—75 — Публіцыстыка. Навука,
  • 76 — Вы, беларусы (прызыў да іх вярнуцца),
  • 77 — Абарона мовы беларускай,
  • 78 — Кніга пра працу пісьменніка (тэорыя літаратуры).

На гэтым лісце, дарэчы, ёсць паметка: 11 гадоў 75 дзён пры катаржнай нагрузцы.

План выглядае нерэальным для простага чалавека. Дарэчы, часта гаворыцца пра тое, што Уладзімір Караткевіч пісаў лёгка і ледзь не адразу начыста. Але ж сам пісьменнік у свой час абвяргаў гэта. Ён распавядаў, што спачатку з’яўляюцца запісныя кніжкі, якія ўтрымліваюць думкі, назіранні і выпіскі. Пасля нараджаецца кароткі план. Паміж яго радкамі пісьменнік упісваў усё новыя і новыя кавалкі, а калі не хапала месца, браў чысты ліст і перапісваў усё занава. Такі план звычайна перапісваўся разоў па пяць. А пасля, калі ўжо ўсё адшліфавалася і адстаялася ў галаве, перапісваў начыста — лёгка і амаль без правак.

Празаічныя творы, дарэчы, у Караткевіча пачыналіся з настрою, які нараджаў пэўную думку. Разам узятыя, «яны і давалі той ключ, у якім будзеш весці апавяданне, якім „адамкнеш“ тэму». А верш у пісьменніка звычайна пачынаўся з радка або двух-трох.

«Вядома, радок немагчымы без думкі. Радок нясе зерне думкі. Напрыклад, верш «Паўлюк Багрым» пачаўся з радкоў «Нельга верыць у Бога, калі ён такое дазволіў...». Потым усё астатняе «падганялася» пад гэтыя радкі. Праўда, часам бывае наадварот — калі ідзеш ад агульнай ідэі. Але гэта — рэдка», — распавядаў Уладзімір Сямёнавіч у інтэрв’ю Адаму Мальдзісу ў 1967 годзе.

План празаічнага твора ў Караткевіча часам складаў большую частку працы і займаў больш месца на паперы, чым само апавяданне. Часта пісьменнік працаваў па начах, у дарозе, ды дзе заўгодна. Падчас свайго творчага росквіту ён разважаў аб сваіх планах:

«Калі б мне ўдалося пасля „Каласоў...“ напісаць некалькі раманаў і аповесцей і давесці дзею да нашых дзён, я б лічыў, што справа жыцця зроблена. Але да гэтага так далёка! Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца».

Гэтыя словы Уладзімір Караткевіч напісаў у эсэ «Дарога, якую я прайшоў» у 1964 годзе. І стрымаў іх.


«Падказкі Караткевіча» — працяг сумеснага праекта А1 i Onliner, які падкрэслівае пераемнасць пакаленняў і багацце нацыянальнай мовы і культуры. Да 90-гадовага юбілею пісьменніка беларускія майстры тэатральнай сцэны агучылі малавядомы пласт творчасці славутага пісьменніка — казкі для дзяцей. Акрамя таго, напярэдадні Каляд і Новага года А1 выпусціў серыю мастацкіх паштовак з цытатамі з твораў Уладзіміра Караткевіча і малюнкамі мастачкі Нікі Сандрас. Праект носіць назву «ПаштоўкА1» і пашырае кампанію #Караткевіч90.


Чацвёртую казку прачытала заслужаная артыстка Беларусі Алена Сідарава. Яна распавяла, што Уладзімір Караткевіч з’яўляецца адным з яе самых любімых аўтараў.

— Першы твор Караткевіча, з якім я пазнаёмілася ў сваім жыцці, — гэта «Дзікае паляванне караля Стаха». Я тады была студэнткай, і ў мяне быў шок ад чытання. Гэта той літаратурны твор, які немагчыма перастаць чытаць, пакуль не дачытаеш да апошняй старонкі, — кажа Алена Сідарава. — А потым я пачала праглядаць і іншыя творы Караткевіча. Бадай, прачытала ўсе яго апавяданні, аповесці і, вядома, раман «Каласы пад сярпом тваім». Але я не ведала, што ў яго ёсць казкі. Для мяне было нават вельмі дзіўным, калі мне прапанавалі прачытаць казку Караткевіча. Калі я яе запісвала, гэта было маё першае знаёмства з творчасцю Караткевіча як казачніка.

Акаўнт Уладзіміра Караткевіча ў Instagram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by