Існуе такая легенда: выхадцы з пэўных зямель змянялі гісторыю, дадавалі свае імёны ў летапіс вялікіх дасягненняў, але так і заставаліся не ўшанаванымі сваімі нашчадкамі. Ходзяць плёткі, так здаралася, бо хтосьці «выключыў» у гэтага народа здольнасць да гонару. І ў рэшце рэшт народ забыўся на сябе. Але хіба гэтая гаворка пра нас? Беларускія пісьмовыя крыніцы захавалі шмат гісторый пра асоб, забывацца на якія было б нелагічна і крыўдна: шчыравалі ж яны не для гэтага. А таму каб не мець дачынення да той самай легенды «не пра нас», Onliner распавядае пра выбітных навукоўцаў з беларускіх зямель, якія апярэдзілі свой час.
Читать на OnlínerНайбольш значным навукоўцам ВКЛ у XVII стагоддзі быў Казімір Семяновіч. Адкуль паходзіў гэты чалавек, дакладна невядома. Літоўскія гісторыкі лічаць, што ён нарадзіўся ў мястэчку Расейня на Жмудзі, польскія даследчыкі абмяжоўваюцца тым, што Семяновіч належаў да шляхты. Але беларусы выводзяць род Казіміра з горада Дуброўна, што на Віцебшчыне. Што вядома дакладна, Казімір стопрацэнтна быў падданым ВКЛ. Такім чынам, чаму мы вядзём гутарку пра гэтага чалавека? Па-першае, гэта ён выдаў еўрапейскі бестселер «Вялікае майстэрства артылерыі», па-другое, кажуць, на нашага інжынера ў сваіх працах спасылаўся нават Цыялкоўскі.
Семяновіч з дзяцінства ўвогуле захапляўся дакладнымі навукамі, вывучаў матэматыку, механіку, гідраўліку, архітэктуру і оптыку. Пасля таго як Казімір закончыў пазнаваць ваеннае мастацтва ў войску герцага Фрэдэрыка Аранскага ў Галандыі, ён вярнуўся ў Рэч Паспалітую. Затым надрукаваў у Галандыі сваю маштабную працу, што распрацоўшчыкамі ракет наступных стагоддзяў была абсалютна справядліва прызнана хітом. Там Семяновіч даў выдатныя характарыстыкі канструкцый ракет, апісаў ідэю рэактыўных снарадаў, а яшчэ — ракетных батарэй, шмаступеньчатых ракет і спосабаў стабілізацыі іх палёту. Нагадваем: пра ўсё гэта людзі маглі прачытаць ужо ў 1650 годзе. Як табе такое, Ілан Маск?
Гэтая выбітная асоба нарадзілася 15 студзеня 1850 года ў Маскве і стала адной з першых жанчын-прафесараў у Еўропе. Да таго ж яна спакойна давяла мясцовым скептыкам, што разумнымі навукоўцамі бываюць не толькі мужчыны (шах і мат, сексісты). Што да яе паходжання, род Корвін-Крукоўскіх з'яўляўся здаўна вядомым у ВКЛ і, мяркуецца, знаходзіўся ў сваяцтве са знакамітым родам князёў Глінскіх. Соня ж была другой дачкой у сям’і генерала Васіля Корвін-Крукоўскага і Лізаветы Фёдараўны (у дзявоцтве Шуберт).
А што тычыцца матэматыкі, магчыма, абудзіў дапытлівасць Соф'і да навукі адзін незвычайны выпадак. Пасля рамонту сядзібы для дзіцячага пакоя маленькай Соні не хапіла шпалер, і сцены вырашылі абклеіць паперай з лекцый знакамітага матэматыка Міхаіла Астраградскага. Дзяўчынка чытала гэтыя запісы і ўбірала веды, праяўляючы цікаўнасць і да саміх слоў. Бацька яе быў не ў захапленні ад інтарэсаў дачкі, ды і жанчыны ў Расійскай імперыі не мелі магчымасці паступаць ва ўніверсітэт. Таму выйсце існавала адно: паступаць у еўрапейскую ВНУ. Але ж лічылася, такія рашэнні дзяўчына не можа прымаць сама: для ад’езду патрабавалася згода яе бацькі ці мужа. Што зрабіла Кавалеўская? Не атрымаўшы згоды бацькі, які так і не змяніў свайго стаўлення на далейшую вучобу дачкі, Соф’я фіктыўна выйшла замуж. Яе мужам стаў малады навуковец Уладзімір Кавалеўскі. Нядоўга думаючы, маладыя людзі выехалі за мяжу.
Спярша яны пасяліліся ў Вене, аднак жыццё ў сталіцы было занадта дарагім для пары, і пасля яна пераехала ў нямецкі горад Гейдэльберг. Там Кавалеўская спрабуе паступіць ва ўніверсітэт. Але аказалася, нават у Еўропе жанчына мела цяжкасці з залічэннем у ВНУ. Соф'я Кавалеўская не губляецца: настоліва гутарыць з выкладчыкамі і даказвае, што яна вартая вучобы. Яе дапускаюць да заняткаў.
Праз некаторы час яна адпраўляецца ў Берлін, каб паступіць ва ўніверсітэт. І зноў — дэжавю: дзяўчыне замінае ўсё тая ж прадузятасць у адносінах да жанчын. Праўда, Карл Вейерштрас, знакаміты нямецкі матэматык, змог убачыць у дзяўчыне ці то талент, ці то прыгажосць і пагадзіўся даваць ёй прыватныя ўрокі. У 1874 годзе Соф'я ўжо была гатовая да абароны доктарскай дысертацыі. Пры падтрымцы свайго выкладчыка жанчына паспяхова абараніла яе і стала доктарам матэматыкі.
Здаецца, вось і бліскучая кар'ера. Але Кавалеўская марыла вярнуцца ў Расійскую імперыю і выкладаць. Толькі яна не ўлічыла, што тагачасная Еўропа і радзіма дзяўчыны мелі шмат адрозненняў. Дома лічылі, што месца жанчыны калі не на кухні, то дакладна не ў прафесарах-матэматыках. Яна адышла ад сваёй мары, засяродзілася на хатняй гаспадарцы і нарадзіла мужу дзіця. Калі апошні заграз у аферах, то больш за мужа Соф'ю пачала прыцягваць навука. Кавалеўская ні хвіліны не вагаецца і з'язджае ў Еўропу, дзе знаёміцца з лепшымі розумамі навукі.
У ад'ездзе яе заспяваюць сумныя звесткі: муж пакончыў з сабою. У раз'юшаным стане матэматык накіроўваецца ў Стакгольм, дзе дасягае вяршыні сваёй кар'еры і становіцца адной з першых жанчын-прафесараў у Еўропе. Больш за тое, у сталіцы Швецыі яна знаёміцца з Альфрэдам Нобелем. Дарэчы, кажуць, Нобелеўская прэмія па матэматыцы не ўручаецца менавіта таму, што Кавалеўская адпрэчыла заляцанні шведскага магната.
Соф'я Кавалеўская памерла ад пнеўманіі ў 1891 годзе і была пахавана ў Стакгольме. У гонар гэтай жанчыны названыя месяцовы кратэр і астэроід.
Гэты чалавек нарадзіўся 22 ліпеня 1895 года ў мястэчку Глыбокае ў беларускай сям'і. Бацька хлопчыка быў простым селянінам, што не перашкодзіла яму з ранняга дзяцінства праявіць выдатныя здольнасці і атрымаць адукацыю настаўніка. Павел ад бацькі не адставаў: рос вельмі здольным і дапытлівым. У 1900 годзе сям'я Сухіх пераязджае ў Гомель, а ў 1905-м Павел паступае ў Гомельскую мужчынскую гімназію. Настаўнікі шчыра хваляць хлопчыка і пастаянна адзначаюць яго поспехі ў матэматыцы і фізіцы, менш — у вывучэнні моў. У 1914 годзе Сухі са срэбным медалём заканчвае гімназію і паступае ў Маскоўскі ўніверсітэт. А цяпер — шок-кантэнт: пасля першага курса ён пакідае ВНУ і паступае ў Маскоўскае тэхнічнае вучылішча. Чаму? Усё проста. Сухі імкнуўся трапіць туды яшчэ спачатку: у гэтай установе вучні мелі магчымасць вывучаць лятальныя апараты. Павел жа марыў пра іх з дзяцінства.
Здаецца, вось ён, шанец жыцця, — бяры і вучыся. Але на шляху будучага канструктара ўзнікае праблема: пачынаецца Першая сусветная вайна, Паўла прызываюць у войска і адсылаюць на фронт, дзе ён служыць артылерыстам. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Сухі вяртаецца ў Маскву, але вучылішча аказваецца зачыненым. Гэта зразумела: у часы радыкальных змен сістэма адукацыі перанесла шмат складанасцей. Хлопец едзе ў Гомель, атрымлівае пасаду настаўніка матэматыкі ў Лунінцы і пераязджае на Палессе, дзе знаёміцца са сваёй будучай жонкай Соф'яй. А пасля накіроўваецца назад.
У 1920 годзе камуністычны ўрад вяртае студэнтаў у навучальныя ўстановы. Сухі адразу вырашае, што яму трэба быць на вучобе ў Маскве. Да таго ж ён працуе ў канструктарскім бюро, дзе распрацоўваюцца дырыжаблі. А ў 1925-м пачынаецца праца Сухога ў канструктарскім аддзеле Цэнтральнага аэрагідрадынамічнага інстытута і выклікае тут сапраўдны рух. Павел стварае мадэлі баявых самалётаў СУ-2 і СУ-4, якія выкарыстоўваліся падчас Другой сусветнай вайны. Скажам па праўдзе, яго знішчальнік СУ-7 хоць у пэўнай ступені і саступаў амерыканскім аналагам у хуткасці, але пераўзыходзіў еўрапейскія. Да таго ж папулярнасць СУ-12, СУ-15, СУ-24 і шмат якіх іншых самалётаў сама кажа пра здольнасці Сухога. Усяго ж талент навукоўца даў ваеннай сферы 50 самалётных мадэлей, многія яго вынаходкі здзяйснялі рэвалюцыю ў авіябудаванні. А даследча-канструктарскае бюро П. В. Сухога і да гэтага часу з'яўляецца адным з вядучых расійскіх канструктарскіх прадпрыемстваў.
Гэты таленавіты хімік нарадзіўся ў 1906 годзе ў сям'і магілёўскага краўца. У Берліне бацька Эрнста змог адкрыць уласную хімічную фабрыку, таму юны Чэйн не бедаваў і меў у зыходных дадзеных сямейную традыцыю заняткаў хіміяй. Вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: яшчэ ў дзяцінстве хлопчык пачаў цікавіцца сямейным рамяством.
Але ж падчас вучобы ён засяроджваецца не толькі на дакладных навуках — атрымлівае і ступень доктара філасофіі, захапляецца музыкай і марыць пра выдатную кар'еру. Праўда, набыць імя вялікага чалавека ў гэтым кірунку не атрымалася, затое ў галіне хіміі ўсё аказалася нашмат лепей.
Чэйн эмігрыруе з Германіі ў Англію ўжо ў 1933 годзе, калі нацысцкі рух толькі набіраў моц. У Лондане малады навуковец знаходзіць працу ў лабараторыі бальніцы ўніверсітэцкага каледжа, а хутка і зусім пераходзіць на пасаду ў Кембрыдж. Нягледзячы на паспяховую кар'еру, настойлівы Чэйн усё роўна думае над тым, каб прысвяціць сябе музыцы, і абмяркоўвае планы з прадстаўнікамі BBC.
У верасні 1935 года Чэйн прыязджае ў Оксфард, дзе яго чакае ўласная лабараторыя. Там ён пачынае працаваць над галоўнай задачай: разам з Ховардам Флоры вядзе актыўныя даследаванні нядаўна адкрытага Аляксандрам Флемінгам пеніцыліну. Справа ў тым, што гэтая субстанцыя яшчэ не падыходзіла для лячэння бактэрыяльных інфекцый. З яе трэба было вылучыць рэчыва, якое сапраўды пачало б працаваць. І гэта атрымалася зрабіць у двух калег. Пра тое, што гэта значыла для навукі, сведчыць атрыманая навукоўцамі ў 1945 годзе Нобелеўская прэмія. Яе падзялілі паміж сабой Флемінг, Чэйн і Флоры.
Пасля самай значнай узнагароды ў жыцці любога вучонага ў Чэйна было яшчэ шмат дасягненняў, да таго ж ён так і не кінуў свайго музычнага захаплення і часам іграў на піяніна па некалькі гадзін у дзень.
Навуковец памёр у 1979 годзе. Цяпер імя Аляксандра Флемінга неяк засланіла імя Эрнста Барыса Чэйна, хаця вядома, што Эрнст стварыў той самы лекавы пеніцылін, які, па некаторых ацэнках, выратаваў да 200 мільёнаў жыццяў.
Увага: статыстычнае апытанне. Колькі гадзін у дзень вы праводзіце ў інтэрнэтах? А між тым, як лічаць некаторыя гісторыкі, прастору, якой мы аддаём палову жыцця, стварыў выхадзец з Беларусі.
Пол Бэран нарадзіўся 26 (29) красавіка 1926 года ў Гродне ў яўрэйскай сям'і, а ў 1928-м сваякі перавезлі яго ў ЗША. У Філадэльфіі будучы вядомы навуковец навучаўся ва ўніверсітэце Дрэксела, у якім атрымаў спецыяльнасць электратэхніка. Пазней Бэран стаў супрацоўнікам кампаніі ЕМСС, што з'яўлялася піянерам камп'ютарных тэхналогій. Там навуковец працаваў над першым амерыканскім камп'ютарам UNIVAC. Кансоль кіравання гэтай мадэлі мела велізарную колькасць лямпачак і клавіш — уразіцца ёю можна і цяпер.
У 1959 годзе Бэран далучыўся да калектыву карпарацыі RAND і пачаў займацца стварэннем сістэмы сувязі, якая магла б функцыянаваць нават пасля ядзернага ўдару. Напачатку 60-х гадоў Пол Бэран прапанаваў выкарыстоўваць дэцэнтралізаваную сістэму звязаных паміж сабой камп'ютараў, у якой усе яны былі б раўнапраўнымі. Гэта давала магчымасць пры разбурэнні часткі сістэмы захаваць яе працаздольнасць. Меркавалася, што паведамленні будуць перадавацца ў лічбавым, а не ў аналагавым выглядзе. Само паведамленне прапаноўвалася разбіваць на невялікія часткі — «пакеты». А яны павінны былі дасылацца па розных каналах і аб'ядноўвацца ў канчатковым пункце. У сярэдзіне 60-х вучоны звярнуўся да амерыканскай кампаніі AT&T з прапановай стварыць сецiва, ідэя якога прыйшла яму ў галаву. Але, па ўспамінах вынаходніка, інжынеры фірмы з яго толькі пасмяяліся. Здаецца, ідэі Пола крыху апярэджвалі свой час.
Аднак у 1969 годзе пачалася актыўная праца па стварэнні сеткі пад назвай ARPANET, што фінансавалася Міністэрствам абароны ЗША. У аснове праекта ляжалі ідэі Пола Бэрана. 29 кастрычніка 1969 года паміж двума першымі вузламі сеткі, што знаходзіліся ў Каліфарнійскім універсітэце Лос-Анджэлеса (UCLA) і ў Стэнфардскім даследчым інстытуце (SRI), быў праведзены паспяховы сеанс сувязі. Гэты дзень лічыцца днём нараджэння інтэрнэту. У 1974 годзе ARPANET ужо злучала мноства пунктаў на тэрыторыі ЗША.
У наступныя гады Бэран актыўна прасоўваў высокія тэхналогіі. Яго кампанія Metricom Inc. адной з першых у ЗША стала распрацоўваць бесправадны публічны інтэрнэт.
У старасці Бэран быў заслужаным навукоўцам і нават атрымаў медаль ад Джорджа Буша малодшага. Памёр выбітны вынаходнік у 2011 годзе.
Чытайце таксама:
Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by