Саджалі на кол, чвартавалі і вазілі цела па горадзе. Як каралі ў ВКЛ

Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: krokapp.by, history-belarus.by
36 487
25 августа 2019 в 13:00
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Калі закранаюць судовую тэму ў Вялікім Княстве Літоўскім, то пра краіну кажуць так: якія ж гуманныя былі законы! Аднак чамусьці не гавораць, у чым дакладна гэты гуманізм праяўляўся. Насамрэч продкі — складальнікі асноўных законаў імкнуліся да роўных правоў усіх грамадзян, у тым ліку жадалі, каб каралі грамадзян таксама роўна. Згадаем самы вядомы прыклад: у ВКЛ існавала адказнасць за забойства шляхціцам простага чалавека, што было дзіўна для прадстаўнікоў іншых краін. Але роўнасць роўнасцю — астатняе павінна быць «як у людзей»: калі шляхціцу адсякалі галаву, то звычайнага селяніна маглі пасадзіць на кол — вось вам і пакутлівае смяротнае пакаранне. Дык як насамрэч выносілі прысуды ў ВКЛ? Пра ўсё — па парадку.

Читать на Onlíner

Статуты — галоўныя законы

Да XVI ст. асноўнай крыніцай права быў Судзебнік Казіміра Ягелончыка. Але потым з судовай сістэмай ВКЛ здарыліся Статуты, напісаныя на старабеларускай мове, — і галоўнымі заканадаўчымі дакументамі краіны сталі яны. Хто іх склаў? Аўтары былі з магутных родаў зямель будучай Беларусі, звалі іх Астафей Валовіч і Леў Сапега.


Гэта праўда, што Статуты прадугледжвалі пэўныя гуманныя правы, таму на фоне сярэднявечнай Еўропы яны выглядалі сапраўды гуманістычнымі. Па меншай меры, зрабіць іх такімі было асноўнай мэтай аўтараў. Але ж нароўні выкарыстоўвалася і старажытнае рымскае права, прадпісанні каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Калі казаць сціпла, Статут 1588 года дапускаў верагоднасць выкарыстання іншых прававых актаў і не прэтэндаваў на лідарства.

У якім узросце наступала адказнасць за злачынствы і пры якіх умовах давалі амністыю?

Згодна з Судзебнікам Казіміра Ягелончыка за злачынствы пачыналі караць ужо з сямі гадоў. Паводле ж Статуту 1588 года адказнасць маглі абмежаваць, калі злачынцу было менш за 16 гадоў. Псіхічна хворыя людзі ўвогуле вызваляліся ад адказнасці і маглі спакойна шпацыраваць па вуліцах. Вядома, так магло адбыцца, калі іх хвароба была даказаная.

Дарэчы, у тыя часы ў судах ВКЛ ужо працавалі адвакаты — ну, сапраўдная ж сістэма для людзей. А ўдовам, сіротам і бедным людзям адвакат прызначаўся бясплатна.


Мы былі наперадзе планеты ўсёй, такія прагрэсіўныя?

Падобна да таго, хоць згаданыя палажэнні час ад часу і спалучаліся з сярэдневяковымі метадамі дазнання. Катаванні ўжываліся шырока, але не штораз: усё залежала ад дазнаўцаў і тых, каго дапытвалі. Па меншай меры, у чалавека заўсёды была магчымасць прызнацца самастойна. А самі катаванні былі досыць разнастайнымі: продкі выкарыстоўвалі дыбу ці палілі цела агнём. Часам ім трапляліся сапраўдныя стоікі, якія, нягледзячы нават на пакуты, не казалі тое, чаго ад іх чакалі. У гэтым выпадку вялікую ролю іграла клятва падазраванага: ён быў вымушаны давесці, што не вінаваты.


Што наконт смяротнага пакарання? Ці было яно?

Так, такія метады выкарыстоўваліся ў нашым сярэдневякоўі. Дазвол на выкананне смяротных пакаранняў і наяўнасць свайго кáта гарады атрымлівалі з Магдэбургскім правам. Да прыкладу, існуе гравюра Мацея Цюндта. На ёй адлюстравана тагачасная рабочая пляцоўка гарадзенскага кáта — адмысловая шыбеніца ў форме шасцікутніка. На гэтай канструкцыі, дарэчы, можна было размясціць адразу некалькіх чалавек. Для чаго гэта рабілася? Каб застрашыць патэнцыйных правапарушальнікаў — візуальны страх павінен быў дзейнічаць хутчэй.


У якім выпадку чалавека каралі смерцю?

Смяротнае пакаранне прадугледжвалася найперш за забойства і абразу царквы. Аднак тут праводзілася ледзь бачная мяжа паміж шляхціцам і звычайным чалавекам. Першага, вядома, чакала менш цяжкая доля.

Паказальны ў гэтым сэнсе выпадак вядомага берасцейскага мысляра Казіміра Лышчынскага. За трактат «Аб неіснаванні Бога» 30 сакавіка 1689 года яму адсеклі галаву, а цела спалілі. Праўда, па іншых дадзеных, яго ўсё ж спачатку катавалі на плошчы і спалілі толькі потым. Як адрэагавала шляхта? Яна была ў шоку: гэты інцыдэнт палічылі проста драконаўскім — вось такое сур’ёзнае выключэнне з правілаў. Калі б на месцы шляхціца апынуўся просты чалавек, яго катаванні не выклікалі б пытанняў.

Дарэчы, тут самы час згадаць легенды пра ведзьм і іх спальванне. Памятаеце? Дык вось на тэрыторыі сучаснай Беларусі актыўных арганізацый, што займаліся б гэтым пытаннем, не было і «ведзьм» масава не палілі. А па некаторых іншых справах аб вядзьмарстве ў ВКЛ былі вынесеныя апраўдальныя прысуды. Так што да іспанскай інквізіцыі нам было далёка. Але ж не будзем хлусіць: выпадкі з жорсткім пакараннем чарадзеяў час ад часу здараліся і ў нас.


Напрыклад, у Гародні ў XVII ст. судзілі знакамітага тады чараўніка Максіма Знака. Працаваў ён кавалём, і за «чарадзейства» быў прыгавораны да спалення.

А яшчэ, здаралася, хтосьці мог забіць гаспадара маёнтка. Было гэта не рэдкасцю, і тады на карысць сям’і забітага з маёмасці вінаватага рабілі спецыяльнае спагнанне — галаўшчызну. Забойцу чакала смерць на пласе. А калі слуга забіваў пана, то дакладна мусіў быць чвартаваны. Тут, аднак, усё залежала ад азначэнняў: калі гаспадар атрымліваў толькі раненні, слугу маглі пашкадаваць — абмяжоўваліся толькі пазбаўленнем яго рукі.

Да смерці маглі прысудзіць нават за шлюбную здраду. Вядома, тычылася гэта таго, хто здраджваў. А вось мужу спакойна дазвалялася пазбаўляць палюбоўніка жонкі жыцця — маўляў, заслужыў. Увогуле ў Статуце 1588 года за забойства мужа, жонкі і бацькоў прадугледжвалася наступная кара: чалавека вазілі па горадзе і ірвалі цела абцугамі, потым зашывалі ў мех са змяёю, катом, сабакам ды курыцай i тапілі. І гэтыя людзі яшчэ мелі нешта супраць «ведзьм»?

Былі таксама іншыя варыянты, якія дазвалялі асудзіць чалавека на смерць. Артыкул у Статуце 1588 года, што змяшчаў радкі пра пакаранне за згвалтаванне дзяўчыны, называўся «О кгвалтованье девки и невесты». Для таго каб дзяўчына магла падаць скаргу ў суд, ёй трэба было знайсці сведкаў. Напэўна, нашы продкі лічылі неяк так: сведкі прыбягуць і ўбачаць знакі злачынства. Далей дзяўчына павінна была прыйсці з імі ў суд і паклясціся, што яе сапраўды згвалцілі — ніякай маны.


Няцяжка здагадацца, што такое наўрад ці магло быць — і таму шанцаў нешта даказаць у пацярпелай было мала. Адпаведна, і спраў аб згвалтаванні было вобмаль. Але што магло чакаць гвалтаўніка? Усё банальна: суд, абвінавачанне і смерць. Зрэшты, усё тады спрабавалі вырашыць мірна і дыпламатычна. Да прыкладу, зладзіць шлюб. Калі ахвяра на гэта пагаджалася, усе спакойна разыходзіліся.

XVIII cт. — гэта эпоха асветы. Здаецца, пакаранні павінны былі стаць мякчэй, аднак усё атрымалася наадварот: злачынцу маглі калесаваць, чвартаваць ці пасадзіць на кол. Апошняе — самая жорсткая кара, якую толькі можна было ўявіць. На кале можна было правесці больш за тры дні, а цела ў гэты час паступова асядала ўсё ніжэй. Калі ж суддзі вырашалі быць «літасцівымі», то пакідалі злачынцам распаўсюджаную кару — павешанне.


Распавядзём пра яшчэ адзін выпадак, які б здаўся нам цяпер сапраўды вар’яцкім. І на нашых землях калісьці ўжывалі дзікае пакаранне: яўрэяў за забойства секлі на кавалкі, паліваючы смалой. Праўда, ім давалі выбар: можна памерці так ці прыняць хрысціянства і сысці ў іншы свет больш літасціва — пасля адсячэння галавы. Але і тады асабістыя прынцыпы бралі верх: змяніць веру продкаў пагаджаліся не ўсе.

Калі браць не такія значныя злачынствы, за што яшчэ маглі пакараць?

Трэба падзяляць колішнія парушэнні на дробныя і сур’ёзныя — тады да першых мы дакладна аднясём крадзеж. Аднак і тут у нашых продкаў усё было не так проста: за дзеянні, якія нам цяпер здаюцца неістотнымі, раней чалавек мог атрымаць сур’ёзны наганяй.

Спынімся на гэтых дробных свавольствах. Уявім звычайную побытавую сітуацыю: чалавек штосьці скраў. Калі суд пачынае разглядаць справу, першапачаткова ён вызначае, які кошт мела скрадзеная рэч. Ад гэта залежала суровасць прыгавору: грашовая кампенсацыя, цялесныя пакаранні пугай, адрэзанае вуха ці шыбеніца.


Што тычыцца апошняга, то час ад часу вінаватага ўсё ж прабачалі, і тады яму трэба было толькі кампенсаваць шкоду і панесці асобныя цялесныя пакаранні. Вядома, зараз для нас такая «літасць» — па-за межамі ўсякіх уяўленняў, а тады ж лічылася па-іншаму: не заб’юць — і добра. Асабліва строга ў судзе ставіліся да рэцыдываў: калі чалавеку даюць шанец апраўдацца, а яму ўсё роўна, то ён мог не спадзявацца на чарговае прабачэнне — усё будзе дарма.

За што такое каралі ў нас, але прабачалі ў Еўропе?

Што сапраўды здавалася неверагодным для замежжа таго часу, гэта пакаранне за знішчэнне прыроды. Калі б чалавек зруйнаваў сакалінае гняздо, з яго б спагналі значны штраф.


За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу дзякуем гісторыку Яўгену Аснарэўскаму.

Чытайце таксама:

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by