«Я хачу, каб ты здох!» Ахвяры школьнага цкавання пра нянавісць аднагодкаў, нядбайнасць дарослых і жыццё пад уціскам

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Аляксандр Ружачка
06 сентября 2018 в 7:58

Шмат хто памятае таго хлопца са школьнага класа, які заўсёды быў падушкай для біцця — не фізічнага, дык маральнага. Калі атрымліваў не ад нас, то абавязкова — ад іншых. Прычыны для школьнага цкавання знаходзяцца розныя: не тая знешнасць, не такі розум, іншыя інтарэсы ці нават няпоўная сям’я. Дзеці пра праблему маўчаць, бацькі нічога не ведаюць, настаўнікі не заўважаюць ці не хочуць гэтага рабіць. Пра тое, як гэта — кожны дзень праходзіць праз здзекі і марыць аб пераходзе ў іншую школу, ахвяры цкавання распавялі Onliner.by. А яшчэ патлумачылі, чаму дзіцё становіцца ізгоем і што трэба рабіць, каб перажыць «незабыўныя школьныя гады».

Читать на Onlíner

Віка, 19 год

Віка сядзіць з намі на лаўцы ў парку, жвава адказвае на пытанні і пасміхаецца. Здаецца, гісторыя, якую яна распавядае, скончылася не два гады таму, а вельмі даўно. Дзяўчына тлумачыць: «Зараз я разумею, што гэта фігня, а тады...»

Гэтае «тады» пачалося ў пачатковай школе. Віка кажа, яна была поўненькім дзіцём, а ў малодшых класах гэта, як апынулася, прыгавор. Мянушкі дзяўчыне аднакласнікі давалі розныя: пачыналі звычайным «карова», а заканчвалі арыгінальным «Т-34». Віка зараз і сама шчыра смяецца, называе ўсё гэта «прыколамі». Такія жарты сапраўды можна было б апраўдаць дзіцячай гарэзлівасцю, калі б не адно «але» — Віка не памятае, каб яна хоць аднойчы вярталася дадому не заплаканая.

— Мяне пастаянна таўклі праз знешнасць, спрабавалі псіхалагічна зачапіць. Звычайна гэта рабілі хлопчыкі. Класны кіраўнік не ўмешвалася, хоць і бачыла ўсё. Да гэтага дадавалася яшчэ і тое, што адзін час маёй маме давялося працаваць дворнікам: нам былі патрэбны грошы — гэта давала магчымасць знайсці хоць якое-небудзь жыллё, таму абіраць не прыходзілася. Як вы разумееце, выдатная нагода, каб зноў пакпіць з мяне, — узгадвае Віка. — Матуля мяне гадавала адна, ёй было складана, і я нічога не распавядала, каб яшчэ і гэтым галаву не дурыць. У класе за мяне ніхто не заступаўся. Сядзець побач са мной не хацелі, гуляць тым больш. Камунікаваць я імкнулася, але праз гэта ўсё цалкам у сабе закрылася і да восьмага класа маўчала. Памятаю толькі, што адзін раз падышла да настаўніцы, а тая мне адказала: «А што ты хацела? Ты ж так выглядаеш».

Віка і цяпер, калі распытваем, што да чаго, робіць нам заўвагу: «Ну, па мне ж відаць, што я пухленькая, гэта зараз я ўжо схуднела». Заўважаем, што гэта надумана і што яна — дзяўчына з прыгожай фігурай. На гэта Віка адмахваецца. Маўляў, не трэба хлусіць.

— Я сама ўсё ведаю. Але тады мне было псіхалагічна складана. Цяпер я адкрыта кажу: школа да восьмага класа для мяне была пеклам. Потым я схуднела, ад мяне адсталі, — уздыхае дзяўчына і працягвае: — Але так атрымалася, што ў адзін момант усё жыццё кардынальна змянілася — я захварэла на анкалогію і наступны год правяла ў бальніцы.

Віка распавядае, што дзявяты клас стаў для яе іспытам. Не столькі праз хваробу, колькі з-за намаганняў атрымаць адукацыю. Мама дзяўчыны хадзіла ў школу: хацела дамовіцца, каб з яе дачкой як-небудзь займаліся настаўнікі, пакуль ідзе лячэнне. На руках былі ўсе дакументы — Віку павінны былі перавесці на хатнюю адукацыю. Аднак нешта пайшло не так: дзяўчыне амаль кожны дзень тэлефанавалі дадому і намякалі, каб яна перайшла ў іншую школу. На той момант бацькі Вікі жылі разам, але тата дзяўчыны трапіў у бальніцу з інфарктам — перахваляваўся з-за хваробы дачкі. Віка кажа, разбірацца ў сітуацыі зноў давялося маме. На баку сям’і засталіся толькі два выкладчыкі. Адзіны варыянт, на які пагадзілася школа і маці Вікі, — каб дзяўчыне дасылалі хатнія заданні па пошце.

— Вы думаеце, так усё і было? Адну задачку на месяц дашлюць — і мяркуюць, што ўвесь гэты час я буду яе рашаць. Ім проста не хацелася гэтым займацца. У бальніцы былі, канешне, свае настаўніцы. Але гэта такія цёткі — яны цукерачку прынясуць і пойдуць, — распавядае Віка і пачынае ледзь пасміхацца. — Калі разумееш, што кожны дзень дзеці нешта атрымліваюць на ўроках, а ты літаральна тупееш, нельга не засмучацца. Прыйшлося наняць рэпетытара, хаця маёй маме і так было нясоладка. Я не ведаю, на якім узроўні развіцця я б зараз была без яго.

Увесь дзявяты клас дзяўчына правяла на лячэнні. Калі вярталася ў школу, чакала, што ўсё будзе як раней. І сапраўды, цкаванне працягнулася, толькі цяпер — з боку выкладчыкаў.

— Тая гісторыя, калі мая мама спрабавала дамагчыся, каб я атрымлівала хоць якія-небудзь веды, раз’юшыла маю дырэктрысу. Прыходзілі маладыя настаўнікі і спачатку ставілі адзнаку па прынцыпе «ведаеш — ацэньваю», а потым нешта змянялася, — працягвае Віка. — Я пачынаю ўдакладняць пэўныя пытанні — настаўнік бяжыць да класнага кіраўніка і кажа, што я настройваю супраць яго астатніх. Я не разумела, што адбываецца. Дзякуй богу, аднакласнікі мае нармальна ўсё ўспрымалі і здагадваліся, што нешта тут не так.

— Я прыйшла ў клас пасля хваробы, калі мае валасы яшчэ не адраслі і я была падобная да хлопчыка. Для мяне гэта была рэальная трагедыя. І тут яшчэ пачынаюць ціснуць невядома з-за чаго, — Віка апускае вочы і крыху заціхае.

Тады працягвае:

— У школе па-іншаму зусім ставіліся. У нас было два класы: я павінна была патрапіць у той, што са спрошчаным вучэбным планам. Але на фізмаце не хапала дзяцей, і маю маму ўгаварылі, што тут мяне хаця б класны кіраўнік падтрымае, а ў тым ніхто не захоча бачыць.

Так дзяўчыне прыйшлося вучыцца на фізмаце, дзе яна не магла цягнуць ні адзін, ні другі профільны прадмет. Прасіла, каб яе перавялі, — просьбы ігнаравалі. Тлумачэнняў яна таксама не атрымлівала.

— Я проста рыдала і маліла, каб мяне перавялі з другога паўгоддзя, бо цалкам ляцеў мой атэстат. Але мне пастаянна казалі, што я падвяду класнага кіраўніка, — расказвае Віка.

Пытаем, чаму не паспрабавала перавесціся ў іншую школу. Яна тлумачыць:

— Гэта не так проста. Трэба іх ведаць. У нашым раёне школы не самыя лепшыя — у адной вучні стулам у галаву запускалі. У такую ісці? Калі да цябе пастаянна па-асабліваму ставяцца, гэта вельмі складана. Але калі выбару няма, лепш ужо тут дапакутаваць, чым зноў рызыкаваць.

Пасля выпускнога Віку з мамай паклікалі ў кабінет псіхолага — там яны павінны былі падпісаць дакументы, у якіх значылася: школа дапамагала дзяўчыне спраўляцца з праблемамі. Праўда, сустрэч з псіхолагам, пра якія ішла гаворка, Віка не прыгадвае — дзе знаходзіцца яе кабінет, дзяўчына даведалася толькі цяпер. Затое выдатна памятае, як яе маме сказалі: «Вы ведаеце, што ў вашай дачкі ёсць хлопец? Яна непаўналетняя і інвалід. А ці мала што? Мы б маглі куды трэба далажыць. Але ж не робім гэтага. Спрабуем вам дапамагчы».

— Мяне даводзілі да істэрыкі тым, што не пераводзілі ў іншы клас, я не магла нармальна вучыцца. І тут гэтым дабіваюць, — тлумачыць Віка. — Я проста выйшла з кабінета, бо ніколі сябе так жудасна не адчувала.

Зараз дзяўчына вучыцца ва ўніверсітэце, у яе ўсё добра. Пра школу нават не ўзгадвае — «яе трэба забыць, як страшны сон». Калі пытаем, што б магло дапамагчы дзіцёнку пачувацца троху лепш падчас такіх выпрабаванняў, адказвае:

— Шмат што залежыць ад настаўнікаў. У пачатковай школе з мяне смяяліся ўсе дзеці, але гэта скончылася, хай толькі і ў восьмым класе. Тады да нас прыйшла новы класны кіраўнік і нейкім чынам усё павырашала. З гурта дзяцей, дзе адзін другога пастаянна грыз, мы зрабіліся цалкам спакойным і сяброўскім калектывам. Нас усюды разам вадзілі і намагаліся з’яднаць. І гэта атрымалася. А ў старэйшай школе выкладчыкі не ведалі, як сябе са мной паводзіць. Не разумелі, што рабіць з такой хваробай, бо не атрымлівалі ніякага інструктажу. Я не ведаю, ці могуць дапамагчы ў такой сітуацыі бацькі — дзеці часта маўчаць. Але калі дарослы бачыць, што нешта ў дзіцяці змянілася (няважна, настаўнік ты або сваяк), гэта нельга пакідаць без увагі.

Ксенія, 36 год

З Ксеніяй мы сустракаемся падчас абеду на яе працы. Жанчына займаецца гандлем, таму размаўляем мы побач з яе крамай — у суседняй кавярні.

— Зараз я пачуваюся выдатна, аб’ездзіла столькі краін! — кажа яна, калі мы знаёмімся, і робіць глыток латэ. — А быў час, з адным пакетам выйшла з дому і пераехала ў Мінск з Баранавічаў.

Ксенія абяцае распавесці нам і гэтую гісторыю, але зараз пачынае ўзгадваць сваё дзяцінства. У Баранавічах яна нарадзілася, скончыла школу. Бацькі разышліся, калі дзяўчына была падлеткам. Яе мама шмат працавала, каб забяспечыць нармальнае існаванне сям’і — бацька нічым не дапамагаў ні ёй, ні малодшай сястры.

— Самі разумееце, што нам было складана. Калі ў школе пачаліся нейкія пытанні, я нават не падумала пра тое, каб распавесці маме. Тым больш што вучылася я нармальна, мама ні пра што не пытала і не здагадвалася.

А пытаць сапраўды было пра што. У сёмым класе, калі дзяўчаты пачалі фарміравацца, Ксенія заставалася вельмі худой — «проста костачкі, абцягнутыя скурай», — са знешняга падабенства да дзяўчыны ў яе былі толькі доўгія валасы. Ёй далі мянушку «кашчэй бессмяротны» — і гэта было асноўнай прычынай, па якой яна замкнулася ў сабе.

— А сапраўдныя здзекі пачаліся на той глебе, што ў мяне не было магчымасці апранацца гэтак жа добра, як іншыя, — працягвае жанчына. — Ніколі не забуду адзін дзень. Была зіма. У школе мы паміж урокамі пераходзілі з кабінета ў кабінет. На перапынку перад матэматыкай да мяне падляцеў адзін хлопец. Ён з асаблівым задавальненнем здзекаваўся з маёй знешнасці. У тую раніцу я надзела світар, які на n-ную колькасць памераў быў большы за мяне. Бо ён быў мамін. На жаль, іншага мы сабе дазволіць тады не маглі. І вось ён апынуўся ў сметніцы. Думаеце, хто-небудзь за мяне заступіўся? Ніхто. І ніводнага разу. Бо калі ты падтрымліваеш прыгнечанага, то становішся быццам на яго бок. Думаю, што калі хто-небудзь быў бы са мной заадно, у мяне было б больш упэўненасці ў сабе. Пра такія выпадкі цудоўна ведала класны кіраўнік, але яна нічога не рабіла. А ў мяне самой ніколі не хапала смеласці адказаць. Шмат хто кажа, што чалавеку трэба змаўчаць. Я так і рабіла. А зараз ведаю: адзін раз змаўчыш — і ты ўжо чалавек, якога можна біць.

Ксенія расказвае, што моманты здзекаў яна дакладна не забудзе. Крыўдна было настолькі, што аднойчы дзяўчына з гарачкі крыкнула аднакласніку: «Я хачу, каб ты здох!» Зараз жанчына ад гэтых слоў жахаецца, але ў той час жадала: хай з яго дзецьмі адбудзецца нешта падобнае — «каб ён даведаўся, наколькі гэта балюча, калі не ведаеш, што рабіць». Крыўдзіцель толькі смяяўся ў адказ.

— Апошні дзень у гэтай школе быў для мяне сапраўдным шчасцем. Я памятаю, як сядзела і лічыла, колькі часу засталося тут быць, каб хутчэй выскачыць за парог. Настаўнікі ў гэтым месцы нічога не рабілі — з боку дарослых я дакладна дапамогі не бачыла, — працягвае яна. — Калі дарослы заплюшчвае на такія дзеянні вочы, значыць, лічыць іх правільнымі. А правільнасць у тым, што кагосьці могуць ударыць з-за знешнасці?

Размова перапыняецца тэлефонным званком — Ксенію турбуюць па працы. З гутаркі разумеем: яна даволі заняты чалавек. Калі кладзе трубку, сама пачынае распавядаць:

— Зараз у мяне выдатныя калегі і праца, лепшы муж і дачка. Цяпер разумею, што ў школе былі дробязі. Калі ты дарослы чалавек, то перанясеш гэта без эмоцый, а дзіцёнка такія выпадкі могуць і да самагубства давесці.

— Цяпер вам не так балюча?

— Не, зараз гэта проста непрыемна, але ўзгадваю без эмоцый.

Праўда, ужо праз некалькі хвілін Ксенія абвяргае сказанае. Яна пачынае павольна распавядаць пра выпадак, які адбыўся паміж ёю і аднакласнікам ужо ў сталым узросце. І стараецца не плакаць:

— Калі я перайшла ў іншую школу, камунікацый з былымі аднакласнікамі ў мяне не было. А калі скончыла 11 класаў, то працавала ў краме ў тым жа раёне, дзе і жыла. І той, хто мяне абражаў, таксама туды прыходзіў. Праз столькі год падколкі ў мой адрас не зніклі, — распавядае Ксенія. — Ведала, што на той момант ён скончыў школу міліцыі. Дык які ж з цябе міліцыянт, калі праз столькі часу ты ўсё яшчэ кпіш з мяне? Потым я дазналася: яго даслалі на працоўнае заданне, а машына трапіла ў аварыю. Загінулі ўсе, акрамя яго. Ведаю, што ён ляжаў у рэанімацыі, некалькі месяцаў быў у коме. У цела яму паставілі жалезныя скобы — адзіная магчымасць хадзіць. На той момант у мяне не было літасці да яго: хай нават такім чынам, але ён зразумее, што ўсё вяртаецца бумерангам.

Іх сустрэча адбылася праз восем месяцаў. Мужчына ішоў з палачкай, на твары ў яго быў шнар. Калі ён падышоў да Ксеніі, неспадзявана папрасіў прабачэння: «Магчыма, ты ніколі не зможаш мне дараваць, але мне шкада, што я такое ўчыніў. Мяне не апраўдвае тое, што я быў дзіцём, але ведаю, што абыходзіўся з табой вельмі жорстка».

Ксенія спрабуе стрымацца і не заплакаць, праз хвіліну працягвае аповед:

— Тады я была сапраўды рада, што да яго дайшло, наколькі гэта можа быць цяжка. Ён хацеў, каб я сказала яму, што ўсё прабачыла. Я гэтага не зрабіла, бо тады б моцна схлусіла. Адзінае — папрасіла, каб ён ніколі да мяне больш не падыходзіў. І ён стрымаў сваё слова. Год таму я зразумела, што ў мяне больш няма на яго ані крыўды, ані злосці. Толькі каб прабачыць яго, мне спатрэбілася 23 гады.

У Ксеніі ёсць дачка, якая неўзабаве пойдзе ў школу. Жанчына ўпэўнена, што ў яе дзіцяці ў галаве ніколі не ўзнікнуць думкі пакрыўдзіць каго-небудзь:

— Спроба здзекавацца з іншага і злосць — гэта вынік таго, што дома ў дзіцяці не ўсё добра. Хлопчык альбо дзяўчынка не могуць кантраляваць свае эмоцыі і вымяшчаюць ўсё на тым, хто слабейшы. Бацькі павінны тлумачыць дзецям, што можна рабіць, а што не. Калі мая дачка нешта ўчыніць не так, я заўсёды зраблю ёй заўвагу. Хай не на першы, а на соты раз, але дзеці дакладна запомняць. Калі пра гэта не гаварыць, будуць праблемы. І гэты цяжар з дзяцінства чалавек перанясе ў дарослае жыццё. Думаеце, ён зможа нармальна існаваць?

Ксенія лічыць, што псіхолаг у школе патрэбны ў большасці выпадкаў бацькам:

— Яны даходліва данясуць свайму дзіцяці, што не варта рабіць. Ёсць неадэкватныя бацькі, якія да апошняга будуць абараняць сваё дзіцё, але нават калі і такія даведаюцца, што яно робіць у класе, ёсць верагоднасць нейкіх зменаў. Увогуле, усё ідзе ад таго, што дзіцяці альбо ўсё дазволена, альбо яго, наадварот, недалюбілі. І гэты хлопчык злуецца на ўсіх і прыгнятае слабейшых. Калі ты маленькі і адзін супраць усяго класа, ты не можаш даць адпор і пастаяць за сябе. А калі і дарослы калектыў заплюшчвае вочы на тое, што адбываецца, то чаго чакаць? Настаўнікі турбуюцца за прэстыж і статус школы і ніяк не рэагуюць. Калі дарослыя патураюць такім паводзінам, то якім будзе будучае пакаленне, якое ўсё гэта бачыць?

Калі мы завяршаем размову, Ксенія дадае, што зараз яна цалкам змяніла атачэнне. Некалі ўвогуле прыехала ў Мінск з адным пакетам рэчаў у руцэ. Яна і тады разумела: робіць усё правільна, бо ў жыцці трэба змяняць тое, што цябе не задавальняе. Запэўнівае: і камунікаваць трэба толькі з тымі людзьмі, каму ёсць што сказаць:

— Я сябрую з аднакласнікамі са старэйшай школы. Там у нас склаліся сапраўды добрыя стасункі. Хай мы і рэдка сустракаемся, але я ведаю, што мы адзін аднаму цікавыя. А пра тое, што адбывалася да дзявятага класа, я не ўзгадваю — хай яно і застаецца ва ўспамінах. Заўсёды трэба верыць, што наперадзе будзе нешта лепшае. А яно часцей так і бывае.

Дзіцячыя сталы і парты ў каталозе Onliner.by

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by