«Нашы продкі ваявалі з усімі сваімі суседзямі». Гісторык пра самыя знакамітыя бітвы часоў ВКЛ

Автор: Настасья Занько. Фото: Александр Ружечка, Serj Shkiper, wikipedia.org
36 462
22 июля 2018 в 8:00

У часы Вялікага Княства Літоўскага ніхто з суседзяў не назваў бы тамтэйшых жыхароў «памяркоўнымі». Нашы продкі вельмі часта хадзілі ў паходы і давалі жару ўсім: крыжакам і шведам, татара-манголам і маскавітам. Акрамя Альгерда, Вітаўта і Ягайлы, у той час гудзела слава пра такіх военачальнікаў, як Канстанцін Астрожскі, Ян Караль Хадкевіч і Міхаіл Глінскі. Успамінаем самыя маштабныя і паспяховыя бітвы таго часу.

Читать на Onlíner

Хто гэта?

Уладзімір Падалінскі, загадчык кафедры гісторыі Беларусі стражытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук.

Грунвальдская бітва. Адна з самых маштабных бітваў сярэднявечнай Еўропы

У студзені 1191 года Папа Рымскі Клімент І выдаў булу, якой заснаваў «Германскае брацтва Святой Марыі ў Іерусаліме», пасля яно пераўтварылася ў знакаміты Тэўтонскі ордэн. Афіцыйная задача якога была абарона нямецкіх рыцараў, лячэнне хворых і барацьба з ворагамі каталіцкай царквы.

Крыжакамі рыцараў Тэўтонскага ордэна называлі з-за таго, што іх шчыты былі адзначаны крыжом на белым фоне. Фота: warriors.wikia.com.

Аднак досыць хутка высакародныя лозунгі сталі проста словамі. Пад прыкрыццём барацьбы з язычнікамі ордэн заваёўваў тэрыторыі, багацеў за іх кошт, будаваў замкі і набіраў моц. На працягу двух стагоддзяў тэўтоны лічыліся непераможнымі. Для ВКЛ гэта былі прынцыповыя ворагі.

— З самага пачатку ХІІІ стагоддзя пачынаецца ўзброенае супрацьстаянне зямель Літвы і Беларусі і крыжакоў, — кажа Уладзімір Падалінскі. — У першую чаргу ад паходаў крыжакоў цярпелі землі Прыбалтыкі, Прусіі, сённяшняй Літвы і Латвіі. Пазней крыжакі сталі прыходзіць на землі Заходняй Беларусі ў басейн Нёмана — Гродна, Навагрудак, Ашмяны, Ліда. Рыцары Лівонскага ордэна (частка Тэўтонскага, якая дыслацыравалася ў Рызе) перыядычна спусташалі полацкія землі. У адказ ВКЛ ладзіла карныя паходы са знішчэннем крэпасцяў і захопам насельніцтва ў палон. Той жа вядомы Давыд Гарадзенскі вызначыўся тым, што арганізоўваў такія жорсткія паходы ўглыб валоданняў Тэўтонскага ордэна.

Тэўтонскі ордэн на прыбалтыйскіх землях. Фота: wikipedia.org.

— Адносіны з крыжакамі, дарэчы, складваліся па-рознаму, — працягвае гісторык. — Да прыкладу, заходні рэгіён Літвы, вядомы ў той час як Жамойць, пераходзіў то ў адны рукі, то ў другія. Калі Вітаўту ці Ягайле трэба было замірыцца з крыжакамі, яны падпісвалі дамову і аддавалі Жамойць крыжакам. Але калі сітуацыя мянялася, яны адразу ўспаміналі пра гэтыя землі і пачыналася барацьба.

Рэканструкцыя падзей пад Грунвальдам у Польшчы. Фота: grunwald1410.pl.

Кульмінацыяй супрацьстаяння стала Вялікая вайна 1409–1411 гадоў. Яна пачалася з-за таго, што вясной 1409 года Жамойць падняла паўстанне супраць крыжакоў. Паўстанцаў падтрымаў вялікі князь літоўскі Вітаўт, а затым і польскі кароль Ягайла (што цікава, за некалькі гадоў да гэтага ў Жамойці ўспыхвала аналагічнае паўстанне, але тады Вітаўт дапамагаў крыжакам яго падаўляць).

Цікавы факт! Ранкам 15 ліпеня 1410 года кароль польскі Ягайла не спяшаўся аддаваць загад, каб ісці ў атаку. Ён маліўся ў паходнай капліцы, адстаяў дзве месы і, як піша гісторык Ян Длугаш, нават плакаў. Пасля ён пасвяціў у рыцары некалькі сотняў маладых воінаў. Калі кароль скончыў, ад Тэўтонскага ордэна прыбылі два гарольды — адзін са знакам Свяшчэннай Рымскай імперыі, другі — з гербам князёў Шчэцінскіх. Яны прывезлі два аголеныя мячы: ад вярхоўнага магістра ордэна Ульрыха фон Юнгінгена Ягайлу і ад грандмаршала Валенрода Вітаўту. На словах перадалі, што гэтыя мячы павінны былі дапамагчы польскаму і літоўскаму манархам у бітве. Гэта была абраза і правакацыя. Фота: wikipedia.org.

— Першымі распачалі бітву войскі Вітаўта і татары. Крыжакі адкінулі іх назад, цалкам магчыма, што гэта быў спецыяльны манёўр, каб парушыць шэрагі праціўніка, — кажа гісторык. — Бітва ішла фактычна цэлы дзень. Не адзін раз падавалася, што выйграюць крыжакі. Яны, дарэчы, увялі ў бой усе рэзервы і нават зайшлі ў тыл Ягайлы, але там іх акружылі і знішчылі.


Толькі пад вечар войскі ВКЛ і Польшчы пераламілі сітуацыю. Тэўтонскі ордэн згубіў дзве трэці войска забітымі, параненымі, узятымі ў палон. У бітве загінуў і вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген і яшчэ шмат якія ўплывовыя асобы ордэна.

— Пасля гэтай бітвы войскі Ягайлы і Вітаўта пайшлі на сталіцу Тэўтонскага ордэна Мальбарк. Два месяцы спрабавалі яго ўзяць штурмам, што не атрымалася, але ў выніку тэўтонаў вымусілі пайсці на Торуньскі мір, які быў падпісаны ў 1411 годзе, — адзначае Уладзімір. — Да ВКЛ адышла Жамойць, а да Польшчы — Дабжынская зямля.

Згодна з «Хронікай Быхаўца», паколькі крыжакі першымі прыйшлі на поле бітвы, у іх быў час падрыхтавацца. Яны вырылі «воўчыя пасткі», у якія патрапіла частка татараў, што ваявалі на баку Вітаўта. Аднак археалагічныя раскопкі на полі боя гэтыя факты не пацвердзілі. Мастак Ян Мацейка, 1878 год. Фота: wikipedia.org.

— Ёсць частае такое меркаванне, што Тэўтонскі ордэн разграмілі і ён пасля Грунвальдскай бітвы некуды знік. Аднак супрацьстаянне з ордэнам працягваліся яшчэ каля 50 гадоў. Значэнне гэтай бітвы было ў іншым. Аўтарытэт Тэўтонскага ордэна ў Еўропе быў падарваны. Ён перастаў атрымліваць палітычную і грашовую падтрымку, туды перасталі едзіць найміты. Фактычна гэтая бітва паклала пачатак канца ордэна, і паходаў крыжакоў станавілася ўсё менш і менш.

Пасля Грунвальдскай бітвы. Мастак: Альфонс Муха, 1924 год.  Фота: wikipedia.org.

Фактычна Грунвальдская бітва стала адной з самых маштабных бітваў сярэднявечнай Еўропы.

— У XIX стагоддзі з'явіўся міф пра тое, што крыжакі збіраліся захапіць славян, анямечыць і акаталічыць іх. Аднак ніякіх гістарычных сведчанняў пра гэта няма. Ішла звычайная барацьба за грошы, насельніцтва і землі, — адзначае гісторык.

Клецкая бітва. «Татары даходзілі да Мінска і Навагрудка, дабіраліся ледзь не да самой сталіцы»

Ад самага пачатку свайго існавання Вялікае Княства Літоўскае змагалася і з мангола-татарамі. Большая частка Русі і сам Кіеў на той момант плацілі даніну татара-манголам, яны здзяйснялі разбуральныя рабаўнічыя набегі на гэтыя землі, ад чаго пакутавалі людзі і эканоміка.

Пра саму бітву пад Сінімі Водамі звесткі ёсць толькі ў некаторых летапісах, але да гэтага часу не знайшлі канкрэтнага месца, дзе яна адбылася. Няма і археалагічных яе пацверджанняў, таму некаторыя гісторыкі ставяць пад сумненне, ці была яна ўвогуле, ці не фантазія гэта летапісца.
Палітычная карта Усходняй Еўропы ў 1340—1389 гадах. Аўтар: Юры Каравякоў. Фота: wikimedia.org.

Першай буйной пераможнай бітвай паміж татарамі і ВКЛ была бітва каля ракі Сінія Воды. Яна адбылася ў 1362 годзе паміж войскамі князя ВКЛ Альгерда разам з кіеўскім апалчэннем і аб'яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордамі.

Большая частка Русі і сам Кіеў на той момант плацілі даніну татара-манголам. Фота: wikimedia.org.

Пра саму бітву пад Сінімі Водамі звесткі ёсць толькі ў некаторых летапісах, але  да гэтага часу не знайшлі канкрэтнага месца, дзе яна адбылася. Няма і археалагічных яе пацверджанняў, таму некаторыя гісторыкі ставяць пад сумненне, ці была яна ўвогуле ці не фантазія гэта летапісца. Бо ні колькасці войска, ні нейкай канкрэтнай яе даты невядома.

— Пасля той бітвы цэнтральная і паўночная Украіна ўвайшла ў склад ВКЛ і збольшага тэрыторыя яе была вызвалена ад татара-манголаў, — адзначае гісторык. — Так, да Чорнага мора яшчэ не выйшлі, ды і Кіеў плаціў даніну татарам, але сітуацыя пачала мяняцца. Татара-манголы не ўяўлялі той небяспекі, як раней.

Князь Альгерд. Уяўны партрэт. Гравюра з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, 1578 год. Фота: wikipedia.org.

Дзякуючы гэтай бітве і таму, што ВКЛ стала больш актыўна праяўляць сябе на ўсходзе, усё больш і больш дробных княстваў — украінскіх, беларускіх, рускіх — пачалі далучацца да ВКЛ і сталі ісці ў саюзнікі.

— Яны бачылі, што Вільня і ВКЛ могуць абараніць іх ад татараў і гэта рэальная сіла. Да пачатку XV стагоддзя ВКЛ было безумоўным цэнтрам аб'яднання «рускіх», гэта значыць зямель былой Кіеўскай Русі, — дадае Уладзімір. — Так, Масква ўжо тады стала заяўляць свае правы на аб'яднанне «рускіх» земляў. Але на пачатку XV стагоддзя Вільня была безумоўным аўтарытэтам, таму што імкнулася аслабіць татараў і перацягнуць землі да сябе.

Пасля распаду Залатой Арды ў XV стагоддзі было створана Крымскае ханства. Што цікава, да гэтай падзеі прыклаў руку польскі кароль і вялікі князь літоўскі Казімір. Ён думаў, што крымскія татары будуць саюзнікамі ВКЛ і гэта дазволіць рукамі крымскіх татараў уплываць на рэшткі Залатой Арды. Не выйшла. Крымскае ханства трапіла ў залежнасць ад Асманскай імперыі.

— З канца XV стагоддзя крымскія татары сталі амаль штогод здзяйсняць апусташальныя набегі на землі ВКЛ. Перш за ўсё на ўкраінскія, але даходзілі і да беларускіх — да Мінска, Навагрудка, ледзьве не пад самую Вільню падыходзілі, — дадае гісторык. — Гэта была вельмі сур'ёзная праблема, бо яны вельмі мабільныя, мелі лёгкую конніцу і маглі вельмі хутка праходзіць тэрыторыю краіны і вяртацца назад. Настолькі хутка, што ВКЛ не паспявала нават сабраць войска і адрэагаваць. Пры гэтым мангола-татары рабавалі землі і вывозілі людзей у палон. Страты былі велізарныя.

Мангола-татары. Фота: youtube.com.

Спыніла такія спусташальныя набегі Клецкая бітва. Яна адбылася 5 жніўня 1506 года. Войскі ВКЛ на той момант узначальваў князь Міхаіл Глінскі.

— Выбітная асоба па тым часе. Нашчадак татарскага роду (ёсць версіі, што з роду Мамаеў), быў пры дварах у Заходняй Еўропе, атрымаў там прыдворную і вайсковую адукацыю, — адзначае Уладзімір. — У ВКЛ такіх людзей было мала. У яго былі рыцарскія паводзіны, адукацыя, выпраўка, баявы вопыт сучасны еўрапейскі. На той момант ён быў чалавекам новага часу, не такім, як усе.

Міхаіл Глінскі ў палоне ў Маскоўскім княстве. Фота: wikipedia.org.

Войска з 7 тысяч сабралася даволі хутка і пайшло на лагер татар пад Клецкам. Фактычна Глінскі вымусіў татар уступіць у бойку, бо, як правіла, яны стараліся ўхіляцца ад такіх бітваў. З боку татараў на той момант было 4 тысячы чалавек.

— Войска ўдалося разграміць дзякуючы тактыцы і таленту Глінскага, — адзначае гісторык. — Ён вельмі ўдала выкарыстаў артылерыю і гарматы — гэта на той момант былі заходнееўрапейскія павевы. Войска татараў удалося раздзяліць і ўзяць у абцугі і разбіць. Быў адбіты велізарны палон — каля 40 тысяч нявольнікаў, іх татары збіраліся весці ў Крым. Для параўнання, у самым вялікім горадзе ВКЛ, Вільні, на той момант жыло каля 50 тысяч чалавек, у Полацку — адным з найбуйнейшых беларускіх гарадоў — каля 15 тысяч. У палон захапілі каля 2—3 тысяч татараў.

Схематычны план Клецкай бітвы. Фота: vklby.com.

Пасля разгрому татараў войска ВКЛ стаяла каля лагера яшчэ некалькі дзён і знішчала тыя атрады, што вярталіся з рабавання, нічога не ведаючы.

— Пасля гэтай бітвы на доўгі час так далёка на тэрыторыю Беларусі татары не заходзілі. Напады на ўкраінскія землі яшчэ былі, а вось да нашых не дабіраліся, — заключае гісторык.

Клецкая бітва. Гравюра. Фота: wikimedia.org.

Аршанская бітва. «У дакументах ВКЛ князя маскоўскага называлі „дзедзічным непрыяцелем“»

— Вядома, ВКЛ, як і іншыя краіны Еўропы, ваявала з усімі сваімі суседзямі, — адзначае гісторык. — Аднак Маскоўскае княства было асаблівым. Нават у дакументах ВКЛ і летапісах адзначалася, што маскоўскі князь — гэта «дзедзічны непрыяцель», што значыць спадчынны.

Войнаў з Маскоўскім княствам у ВКЛ на працягу гісторыі было шмат, прычым развязаць іх мог любы бок (хаця часцей за ўсё іх ініцыятарамі выступалі маскоўскія князі). Нарыклад, з 1492 па 1537 год паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай адбылося 5 войн, агульнай працягласцю ў 24 гады!

Самая вядомая бітва таго часу — Аршанская. Гэта найбуйнейшая бітва вайны паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам 1512—1522 гадоў. Яна прайшла на рацэ Крапіўне каля Оршы.

— Вельмі часта можна ўбачыць завышаную колькасць удзельнікаў. Пішуць, што з боку ВКЛ было каля 30 тысяч, а з боку Масквы — ледзь не 80 тысяч. Гэта, вядома, перабольшванне, — адзначае Уладзімір. — Рэальныя лічбы — іншыя: дзесьці 25 тысяч было з боку ВКЛ і дзесьці 35—40 тысяч з боку Маскоўскай дзяржавы.

На досвітку маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. Канстанцін Астрожскі звярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай прамовай: «Мужныя рыцары! Няхай доблесць і мужнасць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..» Карціна невядомага аўтара, каля 1530-х гадоў. Фота: wikipedia.org.

Войскі ўзначаліў Канстанцін Астрожскі. Гэта быў адзін з самых таленавітых военачальнікаў ВКЛ. Ён адзначыўся ў бітвах з татарамі, па легендзе Канстанцін Астрожскі ўдзельнічаў у 60 бітвах, з якіх выходзіў пераможцам. Аднак падчас войнаў ВКЛ і Масквы ў 1500—1503 годах Канстанціна Астрожскага ўзялі ў палон. Яго прымусілі прысягнуць князю Васілю ІІІ — бацьку Івана Грознага. Ён так і зрабіў, аднак праз год збег назад у ВКЛ. Там яго прынялі і зноў прызначылі гетманам.

Канстанцін Астрожскі на палатне «Бітва пад Оршай». Фота: wikimedia.org.

Бітва адбылася раніцай 8 верасня. Войскі Маскоўскага княства ўзначальвалі ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца.

— Бітва была праведзена вельмі ўдала, зноў-такі з добрым выкарыстаннем артылерыі. Ёсць меркаванне, што частку маскоўскага войска заманілі на пазіцыі артылерыі і проста расстралялі, — адзначае Уладзімір. — Гэта мог бы быць адзін з фактараў, дзякуючы якому ўдалося перамагчы і ўзяць у палон некалькі дзясяткаў маскавітаў.

Як пісаў рускі гісторык Карамзін, «Ліцьвіны ніколі не атрымоўвалі такой славутай перамогі над маскавітамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Оршай і Дуброўнай… адным словам, яны поўнасцю адпомсцілі нам за Ведраскую бітву». Фота: wikimedia.org.

— Аднак вынікі бітвы таксама часам перабольшваюць. Сітуацыя ў самой вайне не асабліва змянілася. Так, быў маштабны паход углыб ВКЛ, які планаваўся, і яго сарвалі. Але Смаленск, які захапіла Маскоўскае княства, так на той момант і застаўся ў яго складзе. Але на міжнародныя адносіны ВКЛ гэтая перамога паўплывала вельмі моцна. Справа ў тым, што маскоўскі князь планаваў заключыць саюз са Свяшчэннай Рымскай імперыяй супраць Польшчы і ВКЛ, — дадае гісторык.

— Быў у яго такі план антыягелонскай кааліцыі. Актыўна ішлі перамовы. А ў Свяшчэннай Рымскай імперыі была дынастыя Габсбургаў, якая не вельмі добра глядзела на дынастыю Ягелонаў. Таму яны, у прынцыпе, разглядалі план аб'яднання з Масквой, каб такім чынам аслабіць Ягелонаў. У выніку перамогі пад Оршай гэтыя планы былі сарваны, а Габсбургі пасля гэтага нармалізавалі ўзаемаадносіны з Ягелонамі і сталі з імі добрымі прыяцелямі.

Бітва пад Кірхгольмам. «Бліскуча, але да пералому ў вайне не прывяла»

Гэтая бітва стала адной з буйнейшых у першай вайне паміж Рэччу Паспалітай і Шведскім каралеўствам 1600—1629 гадоў за кантроль над Лівоніяй (вобласць на тэрыторыі сучасных Латвіі і Эстоніі).

— Жыгімонт ІІІ Ваза быў каралём Рэчы Паспалітай і спадчыннікам шведскага караля. Пасля смерці ягонага бацькі Швецыя, па ідэі, павінна была аб'яднацца з Рэччу Паспалітай праз персанальную унію. Бо ў дзвюх дзяржавах быў бы адзін кіраўнік, — адзначае Уладзімір.

Жыгімонт ІІІ Ваза. Фота: wikipedia.org.

— Жыгімонт Ваза з'ездзіў у Стакгольм, там была праведзена каранацыя. Аднак праз некаторы час у Швецыі адбылося паўстанне супраць Жыгімонта. Узначальваў яго Карл — дзядзька новага караля. Жыгімонт накіраваўся туды, каб яго падавіць, і трапіў у палон. Караля вызвалілі, але прыхільнікі ягонага дзязькі правялі «дэтранізацыю», заявілі, што Жыгімонт не іх кароль, і прызналі каралём Карла.

І вось у 1600 годзе пачалася вайна паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай. Зачэпка была ў тым, што якраз у гэтым годзе Жыгімонт далучыў землі Эстоніі да Рэчы Паспалітай. Выбару асаблівага ў яго не было: перад выбраннем на трон Рэчы Паспалітай ён абяцаў гэта зрабіць. Жыгімонт марудзіў на працягу больш 10 гадоў, аднак вымушаны быў стрымаць слова.

Кароль Швецыі Карл. Фота: wikipedia.org.

— Фармальна вайна распачалася якраз з-за гэтага, шведы не хацелі аддаваць гэтыя землі, — кажа гісторык. — Аднак рэальна Жыгімонт ваяваў не столькі за землі, колькі за тытул караля Швецыі.

Пераломны момант надарыўся ў 1605 годзе. Шведы якраз узялі ў асаду Рыгу. Калі б яны перамаглі ў гэтай асадзе, то змаглі б спакойна заняць Інфлянты цалкам.

Пітэр Снаерс «Бітва под Кірхгольмам», 1630 год. Фота: wikipedia.org.

25 верасня чатырохтысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з вялікім гетманам Янам Каралем Хадкевічам ішло да Рыгі, каб зняць асаду.

— 26 верасня шведскі кароль Карл даведаўся пра падыход войска Рэчы Паспалітай і і павёў сваё 7-тысячнае войска ім насустрач. Дзякуючы ваеннаму таленту Яна Караля Хадкевіча ўдалося выманіць шведаў са зручных пазіцый і нанесці вырашальны ўдар, — тлумачыць Уладзімір.

Доўгі час лічылася, што род Хадкевічаў бярэ свае карані з Кіеўшчыны. Аднак нядаўна літоўская даследчыца спадарыня Кіркене даказала, што ён з Гродзеншчыны. Ян Караль Хадкевіч. Мастак Леон Капліньскі, XIX стагоддзе. Фота: wikipedia.org.

Арміі сустрэліся 27 верасня пад невялікім гарадком Кірхгольмам — гэта сучасны горад Саласпілс у Латвіі. Аднак становішча ў шведаў было складаным, іх выматаў паход і моцны дождж. Між тым войскі княства якраз паспелі адпачыць.

— Гэта была бліскучая перамога. Войскі Карла былі разгромлены — амаль 6 тысяч шведаў патрапілі ў палон, а з боку ВКЛ загінулі толькі 100 чалавек, — кажа Уладзімір. — Кароль Карл быў паранены і ледзьве не трапіў у палон. Гэтая бітва была славутай у плане вайсковага майстэрства. Але вось вынікі перамогі не былі выкарыстаны, і пералому ў вайне не атрымалася... Лічыце, была бітва згубленых магчымасцяў. Ужо тады сталі праяўляцца унутраныя праблемы Рэчы Паспалітай, якія дайшлі да бунтаў супраць караля. Баявыя дзеянні былі прыпыненыя, і гэта дало магчымасць шведам аднавіць сілы і праз некаторы час зноў пачаць барацьбу. Ініцыятыва перайшла да шведаў, і больш такіх славутых бітваў у гісторыі той вайны не было.

Помнік бітве пад Кірхгольмам. Фота: wikipedia.org.

Хацінская бітва. Два месяцы змагання і 70 000 супраць 210 000

Хацінская бітва — гэта бітва войскаў Рэчы Паспалітай і Асманскай імперыі. Яна цягнулася два месяцы: верасень і кастрычнік 1621 года. Хацін — гэта даволі славуты замак на тэрыторыі сучаснай Украіны, які меў стратэгічнае размяшчэнне.

— Асманская імперыя, пачаўшы вайну з Рэччу Паспалітай, сабрала войска каля 150 тысяч сваіх воінаў, яшчэ 60 тысяч сабрала Крымскае ханства, — кажа Уладзімір Падалінскі. — Каля 210 тысяч чалавек увайшлі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, і пачалася гэтая вайна.

Ян Караль Хадкевіч падчас Хацінскай бітвы. Мастак Юзеф Брандт. Фота: wikipedia.org.

Войска ад ВКЛ і Польшчы склала 30 тысяч чалавек, пасля да іх далучылася 40 тысяч казакаў. Войскі Рэчы Паспалітай узначаліў знакаміты Ян Караль Хадкевіч.

— Войскі саюзнікаў прыйшлі ў замак Хацін і размясцілі каля яго вайсковы лагер, — расказвае гісторык. — Два месяцы туркі і татары вялі штурм лагера войскаў Рэчы Паспалітай з мэтай разбіць іх. Ім тады адкрываўся б свабодны шлях у Рэч Паспалітую, а таксама далей у Еўропу. Зразумела, што іх бы ніхто пасля не спыніў. Два месяцы яны ваявалі. Дзякуючы Яну Каралю Хадкевічу, ягонаму таленту, асманы пацярпелі паражэнне.

Ян Караль Хадкевіч памёр падчас гэтай бітвы ў вайсковым лагеры. Туркі, даведаўшыся пра гэта, хацелі захапіць лагер, але войскі ВКЛ яго адбілі. Апошнюю ў сваім жыцці бітву Ян Караль выйграў — вайна з Асманскай імперыяй была скончаная. Фота: wikipedia.org.

— Імя Яна Караля Хадкевіча ў нас не вельмі часта ўспамінаецца, хаця гэта адзін з самых таленавітых военачальнікаў ВКЛ. У выніку гэтых баёў туркі і татары згубілі каля 80 тысяч чалавек і вымушаны былі пайсці на падпісанне міра фактычна на ўмовах Рэчы Паспалітай, — дадае эксперт.

Падпісанне мірнай дамовы. Фота: wikimedia.org.

— Для ВКЛ і для жыхроў ВКЛ, як на мой погляд, гэта бітва больш значная, чым славутая Венская бітва, калі Ян Сабескі, кароль Рэчы Паспалітай, разграміў 110-тысячнае войска туркаў пад Венай. Тады Яна ІІІ Сабескага называлі выратавальнікам Еўропы. Але вось войска ВКЛ у той бітве нават не ўдзельнічала. Таму нашага ўкладу там не было, цяжка яе залічыць як старонку нашай вайсковай славы. Хацінская бітва — яна сапраўды такая значная і славутая для нас, — заключае Уладзімір Падалінскі.

Электронныя кнігі ў каталозе Onliner.by

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by